80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
— Вашымі ўласнымі вачыма?
— Так, дружа Нэд.
— Дзе, хацеў-бы я ведаць?
— У Сен-Мало, — спакойна адказаў Кансель.
— У порце? — насмешліва запытаўся Нэд.
— Не, у царкве, — адказаў Кансель.
— У царкве? — здзіўлена крыкнуў канадзец.
— Так, дружа Нэд. Гэта была карціна, на якой быў намаляваны акурат такі спрут, аб якім мы гаварылі.
— Ах, вось як! — сказаў Нэд Лэнд і пырснуў ад смеху, — Кансель здзекуецца з мяне!
— А Кансель-жа гаворыць праўду, — сказаў я. — Я чуў аб гэтай карціне. Сюжэт яе ўзяты з легенды, а вы ведаеце, як трэба адносіцца да легенд з галіны прыродазнаўства, асабліва калі справа ідзе аб пачварах… Тут ужо фантазія не ведае мяжы. Людзі не задавальняюцца апавяданнямі аб спрутах, здольных пацягнуць на дно мора цэлы карабель. Нехта Мікола Магнус сцвярджае, што ён бачыў спрута даўжынёй у цэлую мілю і больш падобнага на востраў, чым на жывую істоту. Другі «вачавідзец» паведамляе, што аднойчы біскуп Нідроскі пабудаваў алтар на вялізнай скале. Калі ён скончыў, скала кранулася і паплыла ў мора. Аказалася, што гэта быў спрут.
— Гэта ўсё? — запытаўся канадзец.
— Не, — адказаў я. — Другі біскуп, Пантапідан з Бергена, паведаміў аб спруце, на якім зусім вольна мог манеўраваць цэлы кавалерыйскі полк!
— Якія, аднак, брахуны былі гэтыя біскупы ў ранейшыя часы! — сказаў Нэд.
— І нарэшце старадаўнія прыродазнаўцы казалі аб страшыдлах, у якіх пасць была як затока, і якія былі такой велічыні, што не маглі праплысці праз Гібралтарскую пратоку.
— Вось гэта дык велічыня! — сказаў канадзец.
— Але якая частка праўды ва ўсіх гэтых апавяданнях? — запытаўся Кансель.
— Ніякай, сябры мае. Тут няма і цені праўды. Але для фантазіі апавядальнікаў патрэбна калі не прычына, дык прынамсі повад. Нельга адмаўляць, што існуюць спруты і кальмары велізарных размераў, але ўсё-ж меншыя за кітападобных. Арыстотэль, напрыклад, сцвярджаў, што бываюць кальмары даўжынёю ў пяць лакцей, гэта значыць тры метры дзесяць сантыметраў. Нашы рыбакі часта сустракалі кальмараў амаль два метры даўжыні. Па вылічэннях натуралістаў галаваногае — кальмар або спрут — даўжынёю толькі ў шэсць футаў мае шчупальцы даўжынёю ў цэлых дваццаць сем футаў. Гэтага зусім дастаткова, каб мець выгляд страшэннай пачвары!
— Іх ловяць і цяпер? — запытаўся канадзец.
— Не ведаю, ловяць іх ці не, але маракі ў кожным разе сустракаюць іх. Адзін з маіх прыяцеляў, капітан Поль Бос з Гаўра, сцвярджаў, што ў Індыйскім акіяне яму сустрэўся аднойчы вялізны спрут. Але самы дзіўны факт, які не пакідае больш сумненняў у існаванні гэтых гіганцкіх жывёл, здарыўся ў 1861 годзе.
— Што-ж гэта за факт? — запытаўся Нэд Лэнд.
— Зараз раскажу. У 1861 годзе на паўночны ўсход ад Тэнерыфа, амаль на той-жа шыраце, на якой мы знаходзімся цяпер, каманда пасыльнага судна «Алектон» заўважыла страшэннага кальмара. Камандзір судна, Бугэ, наблізіўся да жывёліны і атакаваў яе гарпунамі і кулямі, але без ніякага поспеху, бо кулі і гарпуны праходзілі ў яго мяккае цела, як ў жэле. Нарэшце, пасля доўгіх і бескарысных спроб, удалося накінуць пятлю на тулава малюска. Вузел слізнуў да хваставога плаўніка і там спыніўся. Паспрабавалі былі ўцягнуць страшыдла на борт судна, але цяжар яго быў настолькі вялікі, што вяроўка разрэзала яго напалам, хвост адарваўся, і вызваленая ад гэтай аздобы пачвара знікла ў хвалях.
— І гэта факт? — спытаў Нэд.
— Бясспрэчны факт, дружа Нэд. Гэтага кальмара прапанавалі назваць кальмарам Бугэ.
— А якой ён быў даўжыні?
— Метраў шэсць, ці не праўда? — сказаў Кансель, стоячы ля акна і разглядаючы шчыліны ў падводных скалах.
— Зусім правільна, — адказаў я.
— Ці не была яго галава аздоблена васьмю шчупальцамі, якія выкручваліся ў вадзе, як гняздо вужакаў.
— Акурат так.
— І яго вочы, якія знаходзіліся на макушцы галавы, былі дужа развітыя?
— Так, Кансель.
— І рот у яго нагадваў дзюбу папугая, толькі гіганцкі павялічаную?
— Зусім правільна.
— Цудоўна! З дазволу гаспадара, — спакойна сказаў Кансель, — вось ён, гэты самы кальмар Бугэ, або прынамсі адзін з яго бліжэйшых родзічаў.
Я са здзіўленнем паглядзеў на Канселя. Нэд Лэнд падышоў да акна.
— Жудаснае страшыдла! — ускрыкнуў ён.
Я зірнуў у акно і не мог стрымаць агіднай міны. Перад маімі вачыма было страшыдла, не лепшае за тых, аб якіх гаворыцца ў самых жудасных легендах. Гэта быў кальмар велізарных размераў, метраў восем велічынёю. Ён з вялікай хуткасцю плыў да «Наўтылуса», утаропіўшы ў нас свае вялізныя зеленавата-сінія вочы. Яго восем шчупальцаў, або ног, якія раслі проста з галавы, — што і прымусіла назваць жывёл гэтага тыпу галаваногімі, — двойчы павялічвалі яго тулава і выкручваліся, як валасы фурыі [56] . Можна было выразна бачыць усе дзвесце пяцьдзесят прысоскаў на ўнутраным баку шчупальцаў у выглядзе паўсферычных капсуль. Часамі гэтыя шчупальцы нібы прыліпалі да акна салона. Пасць страшыдлы — рогавая і загнутая, як дзюба папугая, — адчынялася і зачынялася вертыкальна. Яго язык, таксама з нейкага рогавага матэрыялу, меў многа радоў вострых зубоў і, уздрыгваючы, высоўваўся з-за гэтых страшэнных абцугоў. Які капрыз прыроды! Птушыная дзюба ў малюска! Яго верацянопадобнае, раздутае пасярэдзіне цела складалася з мясістай масы, якая павінна была важыць прынамсі дваццаць або дваццаць пяць тысяч кілаграмаў. Колер яго быў нясталы, ён безупынна мяняўся ў залежнасці ад ступені злосці жывёлы, пераходзячы паслядоўна ад попельна-шэрага да карычнева-чырванаватага колеру. Што злавала гэтага малюска? Без сумнення прысутнасць «Наўтылуса», яшчэ больш страшэннага, чым ён сам, страшыдла, на якога яго шчупальцы-прысоскі і жудасныя сківіцы не рабілі ніякага дзеяння.
56
Фурыі — у старагрэцкіх міфах злыя багіні са змеямі ў валасах.
Якія страхатлівыя гэтыя спруты, якую незвычайную жыццёвую сілу дала ім прырода, колькі магутнасці ў іхніх рухах! Нездарма-ж яны маюць тры сэрцы.
Выпадак звёў нас з кальмарам, і я не хацеў прапусціць адзіную магчымасць дакладна вывучыць гэты ўзор галаваногага. Я перасіліў свой жах і агіду, узяў аловак і пачаў замалёўваць яго.
— Можа гэта той самы спрут, якога давіў «Алектон»? — сказаў Кансель.
— Не, — адказаў канадзец, — ён-жа зусім цэлы, а той згубіў свой хвост!
— Гэта не доказ, — сказаў я. — Шчупальцы і хвост гэтых жывёлін маюць уласцівасць аднаўляцца, і за сем гадоў хвост кальмара Бугэ меў даволі часу, каб падрасці.
— Ну, — сказаў Нэд, — калі гэта не кальмар Бугэ, то можа ён тут, сярод гэтых?
Сапраўды, яшчэ некалькі спрутаў з’явіліся каля акна штырборта. Я налічыў іх сем. Яны стваралі нібы дружыну вакол «Наўтылуса», і я чуў скрогат іхніх дзюб аб жалезную абшыўку судна. Надзвычайны выпадак для назіранняў! Я працягваў сваю працу. Страшыдлы не адыходзілі ад нас ні на крок, яны здаваліся нерухомымі, — я мог-бы пры жаданні вычарціць іхнія контуры на шкле, тым больш, што мы ішлі з нязначнай хуткасцю.
Раптам «Наўтылус» спыніўся. Рэзкі штуршок прымусіў уздрыгануцца ўвесь корпус судна.
— Мы наскочылі на нешта? — спытаўся я.
— У кожным разе гэтая перашкода ўжо знікла, бо мы зноў плывём, — адказаў канадзец.
Але «Наўтылус» толькі спрабаваў плысці, а не рухаўся з месца. Лопасці яго вінта не рассякалі больш хваляў. Прайшла хвіліна. Капітан Нэма са сваім памочнікам увайшлі ў салон.
Я не бачыў капітана даволі доўга, ён здаўся мне вельмі хмурым. Не звяртаючы на нас ніякай увагі, а можа і не бачачы нас, ён падышоў да акна, паглядзеў на спрутаў і сказаў некалькі слоў свайму памочніку.
Той выйшаў. Неўзабаве акяніцы зачыніліся, столь салона асвяцілася.
Я падышоў да капітана.
— Цікавая калекцыя спрутаў, — сказаў я з паказной нядбайнасцю.
— Яно так, спадар натураліст, і мы пазмагаемся з імі не на жыццё, а на смерць!
Я з неўразуменнем паглядзеў на капітана. Мне здалося, што я недачуў.
— Не на жыццё, а на смерць? — паўтарыў я.
— Так, прафесар. Вінт спыніўся. Я думаю, што рогавыя сківіцы аднаго з гэтых спрутаў застралі ў лопасцях. Гэта перашкаджае нам рухацца.
— І што-ж вы збіраецеся рабіць?
— Падняцца на паверхню і знішчыць усіх гэтых гадаў.
— Цяжкая задача.
— Я думаю. Электрычныя кулі бяссільныя супраць гэтых мяккіх мас: яны не сустракаюць у іх супраціўлення і таму не могуць узарвацца. Прыйдзецца напасці на іх з сякерамі.
— І з гарпуном, капітан, калі вы не адмовіцеся ад маёй дапамогі, — сказаў канадзец.
— Я прымаю яе, містэр Нэд Лэнд.
— Мы пойдзем з вамі, — сказаў я капітану Нэма.
Мы вышлі з салона і накіраваліся да лесвіцы.