80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Сярод касцістых рыб я адзначыў губанаў, якія водзяцца звычайна ў гэтых, марах; споргаў; паласатых змеегаловаў даўжынёй адзін метр, з целам, нібыта размаляваным палосамі, якія цягнуцца ў выглядзе кропак і плям і на плаўніках; залатую макрэль прыгожага залацістага колеру з сіняватым адценнем; палтусаў, або флетан, з вачыма на правым баку; ромбаў, якія належаць да таго-ж сямейства, што і палтусы, але з вачыма і шырокім ротам ужо на левым баку; мноства дробных бекасавых рыб з трубчатым лычам, афарбаваных у бледна-чырвоны колер на спіне і ў срабрысты на жываце; розных прадстаўнікоў сямейства сёмгі і г. д.
Уначы фасфарасцэнцыя вод Гальфштрэма спаборнічала з электрычным святлом нашага пражэктара. Асаблівай яркасці гэтае свячэнне дасягала напярэдадні навальніцы.
Восьмага траўня мы былі яшчэ на траверзе мыса Гатэраса, на шыраце Паўночнай Караліны. Шырыня Гальфштрэма мае тут семдзесят пяць міль, а глыбіня — дзвесце метраў. «Наўтылус» па-ранейшаму ішоў абы куды. Усе перасцярогі, здавалася, былі пакінуты. Пры гэтых умовах уцяканне здавалася нам зусім магчымым. І сапраўды: заселеныя берагі ўсюды забяспечвалі прытулак; па моры хадзіла шмат параходаў, якія курсіравалі паміж Бостанам і Нью-Ёркам або Мексіканскай затокай; дзень і ноч плылі маленькія нагружаныя шхуны, дастаўляўшыя груз у розныя пункты амерыканскага берагу. Мы маглі спадзявацца, што нас падбяруць. Наогул гэта быў той самы доўгачаканы «зручны выпадак», не гледзячы на тое, што ад берагоў Злучаных штатаў нас аддзялялі цэлых трыста міль.
Але адна прыкрая акалічнасць перашкаджала ажыццяўленню планаў канадца: было дужа дрэннае надвор’е. Мы набліжаліся да месцаў, дзе заўсёды бушуюць навальніцы, — тут была сапраўдная радзіма смерчаў і цыклонаў, якіх выклікае Гальфштрэм. Пусціцца ў дарогу на крохкай шлюпцы ў буру — значыла ісці на верную гібель. Нэд Лэнд разумеў гэта і, скрыгаючы зубамі ад бяссільнай злосці, адкладаў уцёкі з аднаго дня на другі, ён нарэшце захварэў страшэнным сумам па радзіме, і толькі вызваленне магло яго вылечыць.
— Спадар прафесар, — гаварыў ён мне. — Трэба пакончыць з гэтым! Ваш Нэма аддаляецца ад заселеных зямель і ідзе на поўнач. Але я ўжо казаў вам, што з мяне хопіць паўднёвага полюса, мне няма чаго рабіць на паўночным.
— Што-ж рабіць, Нэд, калі ўцяканне ў гэты момант немагчыма?
— Я вяртаюся да сваёй прапановы. Трэба пагаварыць з капітанам. Вы маўчалі, калі мы плылі ўздоўж берагоў вашай радзімы. Цяпер мы плывём ля берагоў маёй, — і я не магу маўчаць! Калі я думаю, што праз некалькі дзён «Наўтылус» будзе каля Новай Шатландыі і што там ля Ньюфаўндленда ёсць шырокая бухта, што ў гэтую бухту ўпадае рака святога Лаўрэнція, і што рака святога Лаўрэнція — мая родная рака, рака горада Квэбека, майго роднага горада, — калі я ўспамінаю ўсё гэта, я трасуся ад шаленства! спадар прафесар, я не магу болей, я кінуся ў мора! Я не застануся тут. Я задушуся!
Канадзец, відаць, страціў апошнія рэшткі цярпення. Яго дужая натура не магла прымірыцца з гэтым бясконцым замкненнем. Яго твар з кожным днём рабіўся ўсё больш суровым. Я добра разумеў яго пакуты, бо сам захварэў сумам па радзіме.
Мінула ўжо сем месяцаў, як мы згубілі ўсякую сувязь з зямлёй. Ды апрача таго замкнёнасць капітана Нэма, другі настрой пасля бойкі са спрутамі, яго маўклівасць — усё гэта прымушала бачыць рэчы ў другім святле. Я не адчуваў больш энтузіязма першых дзён. Трэба было быць фламандцам, як Кансель, каб згаджацца з гэтым жыццём, зусім адпаведным для кітоў і іншых насельнікаў мора, але не для людзей. Сапраўды-ж, каб гэты добры дзяцюк меў жабры замест лёгкіх, ён быў-бы вельмі паважанай рыбай.
— Дык як-жа, спадар прафесар? — запытаўся Нэд Лэнд, бачачы, што я не адказваю яму.
— Значыцца, Нэд Лэнд, вы хочаце, каб я даведаўся ў капітана Нэма, якія ў яго планы наконт нас?
— Так, прафесар.
— І вы настойваеце, не гледзячы на тое, што адзін раз ён ужо выказаў іх?
— Так. Я хачу высветліць усё ў апошні раз. Кажыце пра мяне, толькі пра мяне аднаго, калі хочаце.
— Але я амаль не бачу яго. Ён уцякае ад мяне.
— Тым больш падстаў яго ўбачыць!
— Добра, я запытаюся, Нэд.
— Калі? — настойваў канадзец.
— Калі яго сустрэну.
— Спадар Аранакс, хочаце, я сам пайду знайду капітана?
— Не, не, пакіньце гэта мне. Заўтра…
— Сёння, — сказаў Нэд Лэнд.
— Добра. Я ўбачу яго сёння, — адказаў я канадцу, баючыся, што ён сапсуе ўсю справу, калі возьмецца за яе сам.
Я застаўся адзін. Паабяцаўшы высветліць усё, я рашыў зрабіць гэта безадкладна. Я заўсёды лічыў за лепшае прыкрую сапраўднасць, чымся нудную невядомасць.
Я вярнуўся ў свой пакой. За сцяной пачуліся крокі капітана Нэма. Нельга было прапускаць такі добры выпадак. Я пастукаў у яго дзверы. Ніякага адказу. Я зноў пастукаў, потым пакруціў ручку дзвярэй. Дзверы расчыніліся.
Я ўвайшоў. Капітан быў у сваім пакоі. Сагнуўшыся над сваім рабочым сталом, ён нешта пісаў. Ён не пачуў маіх крокаў. Парашыўшы не выходзіць, не пагаварыўшы з ім, я падышоў да яго. Ён рэзкім рухам падняў галаву, насупіў бровы і запытаўся ў мяне даволі груба:
— Вы тут? Што вам ад мяне трэба?
— Гаварыць з вамі, капітан.
— Але я заняты, васпане, я працую. Я пакінуў вам поўнае права быць адным, — ці думаеце вы, што я пазбаўлены гэтага права?
Гэты прыём даваў мала надзей на паспяховы вынік перагавораў. Але ўсё-ж я рашыў давесці справу да канца.
— Спадар, — сказаў я холадна, — я павінен гаварыць з вамі аб безадкладнай справе.
— Аб якой-жа, прафесар? — запытаўся ён насмешліва. — Вам пашчасціла зрабіць якую-небудзь вынаходку, якой не заўважыў я? Мора расказала вам якую-небудзь новую тайну?
Перш чым я паспеў адказаць, ён паказаў мне на аркушы рукапіса, якія ляжалі ў яго на стале, і дадаў больш сур’ёзным тонам:
— Вось, спадар Аранакс, рукапіс, напісаны на некалькіх мовах. Ён змяшчае ў сабе вынікі маіх навуковых доследаў у моры, і я спадзяюся, што ён не загіне разам са мной. Гэты рукапіс, падпісаны маім імем і папоўнены гісторыяй майго жыцця, будзе паложаны ў маленькі плывучы апарат. Апошні, хто застанецца ў жывых на «Наўтылусе», кіне апарат у мора, і хвалі панясуць яго.
Імя гэтага чалавека! Яго гісторыя, напісаная ім самім! Значыцца, тайна яго калі-небудзь будзе адкрыта?
Але пакуль што ў гэтым паведамленні я ўбачыў магчымасць перайсці да патрэбнай мне тэмы.
— Капітан, — сказаў я, — я магу толькі адобрыць ідэю, якую вы збіраецеся ажыццявіць. Было-б вар’яцтвам, каб вынікі вашай працы загінулі. Але спосаб, вынайдзены вамі, здаецца мне занадта прымітыўным. Хто ведае, куды вецер занясе гэтую прыладу і ў якія рукі яна трапіць? Ці нельга прыдумаць што-небудзь больш пэўнае? Можа вы самі або адзін з вашых таварышаў…
— Ніколі, спадар! — жвава спыніў мяне капітан.
— У такім разе я і мае спадарожнікі, мы гатовы хаваць гэты рукапіс, і калі вы вернеце нам волю…
— Волю? — сказаў капітан Нэма, падымаючыся.
— Так, капітан, гэта тое, аб чым я хацеў гаварыць з вамі. Вось ужо сем месяцаў, як мы знаходзімся на вашым караблі, і я хачу запытаць вас сёння ад свайго імя і ад імя сваіх таварышаў, ці маеце вы намер трымаць нас тут усё жыццё?
— Спадар Аранакс, я адкажу вам тое-ж, што адказаў сем месяцаў назад: хто трапіў на «Наўтылус», той ніколі больш яго не пакіне!