80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Першымі вымаўленымі мною словамі былі словы падзякі маім спадарожнікам і верным таварышам. Нэд Лэнд і Кансель выратавалі мне жыццё, калі ў мяне пачалася агонія. Ніякімі словамі нельга было аддзякаваць за гэтую паслугу.
— Хопіць, спадар прафесар, — спыніў мяне Нэд Лэнд, — аб гэтым не варта гаварыць. У нас-жа і заслугі ніякай няма. Гэта было чыста матэматычнае пытанне — ваша жыццё даражэй за наша, значыцца, яго і трэба было захаваць у першую чаргу!
— Не, Нэд, яно не даражэй за ваша! Нічыё жыццё не можа быць каштоўней жыцця добрага і благароднага чалавека, а вы і добры і благародны!
— Добра, добра! — прамармытаў засаромлены канадзец.
— А ты, мой дарагі Кансель, ты дужа пакутаваў?
— Мне не хапала некалькі глыткоў свежага паветра, але я думаю, што хутка прызвычаіўся-б дыхаць і гэткім. Акрамя таго, калі я бачыў, як корчыцца ў муках гаспадар, мне і дыхаць не хацелася. Як гаворыцца ў такіх выпадках, у мяне дыханне сціскала ў…
Засаромлены Кансель змоўк, так і не скончыўшы фразы.
— Сябры мае, — расчулена адказаў я, — перажытыя гадзіны злучылі нас назаўсёды непарушанай дружбай, і вы маеце права патрабаваць ад мяне…
— І патрабуем! — спыніў мяне канадзец.
— Што? — запытаў Кансель.
— Каб спадар прафесар пайшоў за намі, калі мы будзем уцякаць з гэтага праклятага «Наўтылуса».
— Дарэчы, — запытаў Кансель, — куды накіроўваецца «Наўтылус»? Ці ідзём мы на поўнач?
— Вядома, — адказаў я, — мы-ж ідзём насустрач сонцу, а ў гэтых месцах сонца — гэта поўнач.
— Але цяпер застаецца даведацца, ці накіроўваемся мы ў Атлантычны або Ціхі акіян, гэта значыць у людныя ці ў пустынныя моры, — сказаў канадзец.
На гэтае пытанне я не мог даць адказу. Але я баяўся, што капітан Нэма павядзе свой карабель у той вялізны акіян, які амывае берагі Азіі і Амерыкі. Такім чынам ён закончыць сваё кругасветнае падарожжа і вернецца ў тую частку свету, дзе «Наўтылус» карыстаўся найбольшай воляй.
Але як ажыццявіць план Нэда Лэнда, калі мы зноў апынёмся ў пустынных водах Ціхага акіяна, далёка ад заселеных зямель?
Адказ на гэтае важнае пытанне мы павінны былі атрымаць у самым хуткім часе. «Наўтылус» плыў з вялікай шпаркасцю. Мы хутка мінулі палярны круг і ўзялі курс на мыс Горн.
Трыццаць першага сакавіка каля сямі гадзін увечары мы былі ўжо на траверзе гэтага крайняга пункта амерыканскага сухазем’я.
Да гэтага часу перажытыя пакуты пачалі ўжо забывацца. Страцілі сваю прыкрасць і ўспаміны аб днях няволі ў ільдах Мы думалі толькі аб будучым. Капітан Нэма не паказваўся ні ў салоне, ні на палубе.
Адзнакі, якія штодзённа наносіў на карту памочнік капітана, паказвалі мне курс нашага карабля. У гэты вечар стала відаць, што мы ідзем у Атлантычны акіян.
Я паведаміў Канселю і Нэду Лэнду вынікі сваіх назіранняў.
— Гэта радасная вестка, — сказаў канадзец. — Але куды ідзе «Наўтылус»?
— Пакуль не магу вам сказаць гэтага, Нэд.
— Можа ваш капітан хоча пасля паўднёвага полюса адкрыць паўночны і адтуль прайсці ў Ціхі акіян славутым Паўночна-заходнім праходам?
— Мы-ж у кожным разе не будзем падбухторваць яго! — сказаў Кансель.
— Але мы пастараемся пазбавіць яго нашай прысутнасці раней, чым ён прывядзе ў выкананне свой план, — адказаў канадзец.
— Як-бы там ні было, — заявіў Кансель, — ён малайчына, гэты капітан Нэма, і я на буду шкадаваць аб тым, што пазнаёміўся з ім.
— Асабліва пасля таго, як развітаецеся з ім, — іранічна дадаў канадзец.
На другі дзень, 1 красавіка, калі «Наўтылус» за некалькі хвілін да поўдня падняўся на паверхню мора, мы апынуліся каля нейкага берагу. Гэта была Вогненная Зямля, якая атрымала гэтую назву ад першых даследчых з-за шматлікіх дымкоў, якія курыліся над стрэхамі тубыльскіх халуп.
Вогненная зямля — гэта архіпелаг, які прасціраецца на сто дваццаць кіламетраў у даўжыню і трыста дваццаць у шырыню паміж 53° і 56° паўднёвай шыраты і 67°50' і 77°15' заходняй даўгаты. Бераг бліжэйшага да нас вострава быў нізкі, але на кругавідзе відаць былі высокія горы. Я, здаецца, пазнаў гару Сарміента, якая падымаецца на дзве тысячы семдзесят метраў над узроўнем мора. Стромкая вяршыня гэтай гары праракае маракам добрае або дрэннае надвор’е, у залежнасці ад таго, ці вольная яна ад воблакаў, ці ахутана туманам. Так сказаў мне Нэд Лэнд.
— І што-ж, Нэд, барометр аказваецца верным? — спытаў я.
— Надзвычайна верным, спадар прафесар, — адказаў канадзец. — Ён ні разу не ашукаў нас, калі мы ішлі Магеланавай пратокай.
Вяршыня гары ў гэтую хвіліну рэзка вызначалася на сінім фоне неба. Гэта праракала добрае надвор’е.
Апусціўшыся зноў у ваду, «Наўтылус» з вялікай хуткасцю паплыў далей на поўнач.
Увечары мы падышлі да Фалклендскіх астравоў, і калі досвіткам наступнага дня мы ўсплылі на паверхню акіяна, я ўбачыў суровыя вяршыні гор.
Акіян тут быў неглыбокі. Гэта навяло мяне на думку, што абодва галоўных востравы архіпелага і ўсе прылягаючыя да іх маленькія астраўкі ў даўнейшыя часы складалі частку Магеланавай зямлі.
Фалклендскія астравы былі, відаць, адкрыты славутым Джонам Дэвісам, які даў ім назву Дэвісавых паўднёвых астравоў. Значна пазней Рычард Гаўкінс назваў іх астравамі святой Дзевы. У пачатку XVIII стагоддзя маракі з Сен-Мало назвалі гэтыя астравы Малуінскімі ў гонар свайго роднага горада, і, нарэшце, англічане, якім гэтыя астравы належаць і зараз, назвалі іх Фалклендскімі астравамі.
Дзікія гусі і качкі зграямі кружыліся над палубай, і шмат каму з іх прыйшлося ў гэты дзень аздобіць наш абедзены стол. З рыб я звярнуў увагу на касцістых членаў сямейства коўбневых, у асаблівасці на бычкоў-коўбняў даўжынёй у дваццаць сантыметраў, скрозь усеяных бураватымі і жоўтымі плямамі.
Калі зніклі з віду апошнія вяршыні гор Фалклендскіх астравоў, «Наўтылус» апусціўся ў ваду і на глыбіні дваццаці-дваццаці пяці метраў паплыў уздоўж амерыканскіх берагоў.
Капітан Нэма па-ранейшаму не паказваўся.
Да 3 красавіка мы плылі ў патагонскіх водах, то апускаючыся ў акіян, то ўсплываючы на яго паверхню. 4 красавіка «Наўтылус» абмінуў шырокі ліман, створаны дэльтай Ла Платы, і апынуўся на траверзе Уругвая, але за пяцьдзесят міль ад берагу. Ён па-ранейшаму трымаў кірунак на поўнач, ідучы за ўсімі звілінамі берага амерыканскага кантынента. З моманту нашага ўступлення на борт падводнага карабля, у Японскім моры, ён зрабіў шаснаццаць тысяч лье, або шэсцьдзесят чатыры тысячы кіламетраў.
Каля адзінаццаці гадзін раніцы мы перасеклі тропік Казерога на трыццаць сёмым мерыдыяне. Відаць, капітану Нэма, на вялікую непрыемнасць Нэду Лэнду, не падабалася суседства гэтых заселеных месцаў Бразіліі, і ён вёў свой карабель з галавакружальнай хуткасцю. Ніводная рыбіна, ніводная птушка, якімі хуткімі яны ні былі, не маглі ўгнацца за «Наўтылусам», і таму мы не мелі магчымасці назіраць фауну гэтых мораў.