Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

На працягу некалькіх дзён «Наўтылус» трымаўся воддалі ад амерыканскага берагу. Капітан Нэма не хацеў, відаць, заплываць ні ў Мексіканскую затоку, ні ў воды, амываючыя Антыльскія астравы. Прычынай гэтага не магло быць мелкаводдзе, бо сярэдняя глыбіня гэтых мораў складае тысячу восемсот метраў. Хутчэй за ўсё, гэтыя воды з безліччу астравоў і параходаў проста не падабаліся капітану Нэма.

Шаснаццатага красавіка, на адлегласці амаль у трыццаць міль, мы ўбачылі астравы Мартыніку і Гвадэлупу. Я разгледзеў здалёк грэбні іхніх гор.

Канадзец, які спадзяваўся выканаць тут свае планы — дабрацца да зямлі або да аднаго з шматлікіх суднаў, што плаваюць між астравамі, — быў зусім расчараваны. Уцячы было-б зусім магчыма, каб Нэд Лэнду ўдалося захапіць шлюпку без ведама капітана. Але ў адкрытым моры не было чаго і думаць аб гэтым.

Мы з Нэдам Лэндам і Канселем усебакова абмеркавалі наша становішча. Цэлых шэсць месяцаў мы былі палоннікамі на борце «Наўтылуса». Мы праплылі семнаццаць тысяч лье — шэсцьдзесят восем тысяч кіламетраў — і, як казаў Нэд Лэнд, не было ніякіх падстаў думаць, што плаванне калі-небудзь скончыцца. Таму канадзец прапанаваў мне паспрабаваць прымусіць капітана Нэма адказаць проста, ці збіраецца ён усё жыццё трымаць нас на сваім караблі.

Такая спроба мне не падабалася. На маю думку, яна была зусім непатрэбная. Мы-ж даўно пераканаліся, што нам няма чаго спадзявацца на капітана Нэма, тым больш, што з некаторага часу капітан зрабіўся больш пахмурным, больш маўклівым, больш суровым, чым калі раней. Здавалася, ён унікаў мяне. Я бачыў яго толькі праз вялікія прамежкі часу. Калісьці ён пацяшаўся тым, што паказваў мне розныя падводныя цуды; цяпер ён не прыходзіў больш у салон. Якая перамена зрабілася з ім? І чаму? Я ні ў чым не мог пераканаць сябе. Можа наша прысутнасць абрыдала яму? Так або інакш, я не спадзяваўся, што гэты чалавек калі-небудзь верне нам волю.

Я папрасіў Нэда даць мне памеркаваць, раней чым прадпрыняць што-небудзь. Калі гэта спроба не будзе мець поспеху, то яна толькі абудзіць падазронасць капітана Нэма, пашкодзіць планам канадца. Наша знаходжанне тут зробіцца яшчэ больш нязносным.

Я павінен сказаць, што ніхто з нас ніякім чынам не мог скардзіцца на стан свайго здароўя. Калі не лічыць пакут, якія мы перанеслі ў ільдах паўднёвага полюса, мы ніколі яшчэ не адчувалі сябе так добра — ні Нэд, ні Кансель, ні я. Здаровае харчаванне, свежае паветра, акуратнае жыццё, заўсёды роўная тэмпература — усё гэта аніяк не спрыяла захворванню. Я разумеў, што капітана Нэма, які ані трохі не шкадаваў зямлі і ўсюды быў як і ў сябе дома, такое жыццё зусім задавальняла. Але мы не цураліся чалавецтва і не хацелі ўцякаць ад яго. Я, напрыклад, не меў ніякага жадання пахаваць з сабою свае цікавыя падводныя назіранні.

Цяпер я меў бясспрэчнае права напісаць кнігу аб таямніцах марскога дна, і, вядома, я хацеў, каб гэтая кніга рана ці позна ўбачыла свет! Ды хоць-бы тут, у гэтых водах, амываючых Антыльскія астравы, на дзесяць метраў ніжэй паверхні акіяна, колькі цікавых назіранняў я кожны дзень запісваў у свой дзённік!

Тут сустракаліся чароўныя на выгляд мядузы, пякучыя, як крапіва, і вылучаючыя едкую вадкасць. З членістаногіх тут былі кольчатыя анеліды даўжынёю паўтара метры, з ружовым хобатам і тысячай сямістамі органамі руху. Яны выкручваліся пад вадой, раскідваючы вакол сябе снапы праменняў усіх колераў спектра. З храшчавых рыб там былі велізарныя скаты, даўжынёю дзесяць футаў і вагаю шэсцьсот фунтаў, з трыкутнымі груднымі плаўнікамі, з пукатасцю пасярэдзіне спіны і з вачыма, выступаючымі па краях пярэдняй часткі галавы. Яны плавалі, нібы нейкія адломкі крушэння, прыліпаючы да нашых акон, як шчыльная акяніца. Тут былі амерыканскія спінарогі, якім прырода вылучыла толькі два колеры — белы і чорны; макрэль даўжынёй у паўтара метры з кароткімі і вострымі зубамі.

Далей цэлымі зграямі плылі султанкі, спаласаваныя з галавы да хваста залацістымі паяскамі, з надзвычай прыгожымі плаўнікамі. Гэтыя рыбы — прыгажэйшыя стварэнні прыроды — калісьці прысвячаліся багіні Дыяне, і асабліва каштоўнымі іх лічылі багатыя рымляне. Аб іх нават складалася прыказка: «Не тыя ядуць султанак, хто іх ловіць». Нарэшце, залацістыя манахі з сямейства рыфавых рыб, нібы апранутыя ў аксаміт і шаўкі, праплывалі перад нашымі вачыма, як важныя сеньёры з карціны Веронэзэ [55] , Маленькія, рухавыя спары хутка разбягаліся ва ўсе бакі пры іхнім набліжэнні. Галоўлі рассякалі ваду сваімі моцнымі мясістымі хвастамі. Срэбныя луны-рыбы, вартыя сваёй назвы, плавалі ў вадзе, як сапраўдныя луны на небе, адбіваючы белыя водбліскі вакол сябе.

55

Веронэзэ Паоло (1528–1598) — славуты італьянскі мастак.

Колькі яшчэ цудоўных і новых разнавіднасцей я мог-бы ўбачыць, каб «Наўтылус» не апусціўся ў больш глыбокія пласты! Нахіленыя гарызантальна стырны пацягнулі яго на дзве, тры і тры з паловай тысячы метраў у глыбіню. Тут жывёльнае жыццё было прадстаўлена толькі марскімі зоркамі, медузамі і некаторымі малюскамі.

Дваццатага сакавіка мы плылі на глыбіні, прыкладна, паўтары тысячы метраў. Бліжэйшымі да нас былі Багамскія астравы, параскіданыя, як група каменняў, на паверхні акіяна. Там падымаліся высокія падводныя скалы, стромкія сцены якіх былі адшліфаваныя вадой. Між іх ззялі чорныя шчыліны, якіх не мог асвятліць нават электрычны пражэктар.

Скалы гэтыя былі пакрыты высокімі травамі, гіганцкімі водарасцямі і фукусам, — сапраўды гэта быў марскі сад, варты свету тытанаў.

Ад размовы аб гэтых велічэзных раслінах мы з Канселем і Нэдам, вядома, перайшлі да пералічэння гіганцкіх марскіх жывёлін. Адны з іх, пэўна, павінны былі служыць стравай для другіх. Аднак скрозь вокны нерухомага «Наўтылуса» я бачыў на даўгіх падводных галінах толькі некаторых прадстаўнікоў сямейства ракавідных — буйных фіялетавых крабаў з даўгімі клюшнямі.

Было ўжо адзінаццаць гадзін, калі Нэд Лэнд звярнуў маю ўвагу на тое, што ў высокіх водарасцях нешта дзеецца.

— Гэта вельмі добрае месца для спрутоў, — сказаў я, — і я ніколькі не здзівіўся-б, каб убачыў тут парачку гэтых страшыдлаў. Але дружа Нэд, відаць, памыліўся, бо я не бачу тут нічога падазронага.

— Шкада, — сказаў Кансель. — Я не адмовіўся-б разглядзець як след аднаго з гэтых спрутоў, якія, як я чакаў, здольны пацягнуць за сабой цэлы карабель у глыбіню марскога бяздоння. Гэтыя пачвары завуцца крак…

— Крак — і ўсё тут, — іранічна перапыніў яго канадзец.

— Кракенамі, — спакойна закончыў Кансель, не звярнуўшы ўвагі на кпіны свайго таварыша.

— Ніколі я не паверу, — сказаў Нэд Лэнд, — што такія страшыдлы існуюць на свеце.

— Чаму-ж? — адказаў Кансель. — Верылі-ж мы ў існаванне нарвала.

— І мы памыліліся, Кансель!

— Пэўна! Але іншыя і цяпер вераць у яго.

— Магчыма, Кансель, але што тычыцца мяне, дык я паверу ў існаванне гэтых пачвар толькі тады, калі буду анатамаваць іх уласнымі рукамі, — сказаў я.

— Значыцца, — сказаў Кансель, — гаспадар не верыць у гіганцкіх спрутаў?

— А хто-ж, чорт вазьмі, верыў у іх? — ускрыкнуў Нэд Лэнд.

— Шмат людзей, дружа Нэд.

— Толькі не рыбакі! Вучоныя — магчыма.

— Прашу прабачэння, Нэд, — і рыбакі, і вучоныя, і нават я, я сам, — сказаў Кансель з самым сур’ёзным выглядам. Я сваімі ўласнымі вачыма бачыў вялізнае судна, якое цягнулі ў бяздонне шчупальцы галаваногага.

— Вы гэта бачылі? — запытаў канадзец.

— Так, Нэд.

Поделиться с друзьями: