Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

Прыгожая была гэта шэрая, вельмі жыццёвая, натуральная прастата, гэтая яшчэ ўсё не растрачаная сіла, якую i не высушылі, i не прыглушылі дзевяць дзесяткаў больш катаржных, чым радасных, гадоў. Прыгожы быў позірк светла-блакітных вачэй пад густымі, сівымі брывамі, вачэй адкрытых i чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера. Прыгожы быў, урэшце, увесь гэты звычайны, будзённы малюнак: вялікая чорная лодка на вадзяной пустыні, у лодцы — шэры дзед i светленькая ўнучка, а за кармой, на буксіры, — доўгае сасновае бервяно i яшчэ даўжэйшы трохкутнік растрывожанай вады.

— …I скавалі яны, унучачка, дзеда ланцугамі i пагналі ажно ў Вільню. I пачалі яны там, у нейкім склепе, скабліць мяне бізунамі, ліць мне ў нос ваду з газай…

— А навошта?

— Каб балела, унучачка. «Ты, кажуць, камуніст пракляты, бязбожнік, бунтаўшчык!» Які камуніст? Увесь народ пакрыўджаны, усе нашы паберажане падняліся!.. Не хочам мы, каб вы ў нас возера пад казну адбіралі! «Мільч, кажуць, хаме! Мы ў цябе, кажуць, не толькі возера, мы ў цябе i здароўе можам адабраць!..» Але ж не адабралі, унучачка, хоць i я пабываў на тых самых Лукішках…

— А на якіх гэта лукішках?

— Смяешся, дурненькая. Гэта турма такая, куды паны замыкалі нашага брата.

— А навошта?

— Каб ён там гніў, унучачка. Каб ён супраць ix не ішоў. А як ты не пойдзеш? Бяда цябе сама падгоніць. Як той казаў: не для Пана Езуса, а для хлеба куса. Колькі людзей ішло за нашу мазольную праўду! I моладзь, i старыя. Нават i дзеўкі, i бабы. А ён мне кажа: «Ты камуніст!..» I ў турму цябе. Каб дома, унучачка, сям'я твая слязьмі крывавымі аблівалася.

— А бабуля твая аблівалася?

Ганначка ведае толькі сваю бабулю — маміну маму, якая сядытады прыязджае да ix з тае вёскі, дзе зусім няма возера. Другая бабуля, пра якую ёй часта расказвае дзед, — істота амаль казачная, бо была яна даўно, i была, відаць, толькі дзедава.

— Аблівалася, унучачка, яшчэ як!

— А тата абліваўся?

— Хапала i яму. I яму, i цётцы Надзі, i тым тваім дзядзькам, што на вайне пагінулі. Тата твой быў тады ўжо сапраўдны работнік.

— А мама?

— Яна, унучачка, жыла тады яшчэ ў свае мамы, у Вераб'ях.

— А яна аблівалася?

— Не ведаю, колькі ёй там прыйшлося. Бо было яно, унучачка, так: каму — па каму, а каму — дык адразу два.

— Дзядуля?!

— Ну?

— А я вазьму цяпер ды з лодкі — скок!

— Я табе скокну, дурненькая! Скокнеш, дык i не выскачыш.

— I выскачу! Выскачу на палена, што лодка яго валачэ, а тады пабягу, пабягу, пабягу па палене!.. А потым па вадзе i далёкадалёка-далёка! Вунь туды, дзе лес, або яшчэ далячэй — туды, дзе сонца. Залезу ў хмарку i — скок!

Дзед ужо не адказвае на гэта мілае, як жаўрукова ў небе, шчабятанне. Ён ціха, бязгучна рагоча, падняўшы вёслы, адкінуўшыся галавою назад. Вось тут i раскажы ёй!.. Людзі жылі, колькі страху, колькі бяды, колькі пакуты ўсякай было, а яно цяпер i слухаць не хоча. Як тую казку на печы: цікава — вочак не зводзіць, а не — не хачу. I няхай сабе! То ж дваццаць год прайшло з таго часу, як мы тут, беднякі, бунтаваліся…

Дзед i ўнучка маўчаць. I ўсё навокал маўчыць — i вада, i неба. Па дарозе з Нівішчаў у мястэчка — дзеду ўжо добра відаць — ідуць час ад часу машыны. То з сенам, то са снапамі, то пустыя. Аднак ідуць яны моўчкі. Не чуваць таксама i цокату жняяркі, якая вунь дзе, на жоўтым полі, махае крыллямі… I чайкі амаль зусім не лётаюць. I рыба ўжо не жыруе. Адзін толькі белы матыль ляціць насустрач лодцы. О, мінае! З Нівішчаў у Падвалоку. Малое, а не баіцца. Сядзеў бы недзе, дурань, на сваёй капусце! Нябось намахаешся — блізкі свет… Маўчыць, не аказваецца i блясна на доўга адпушчанай дарожцы, дошчачку якое дзед падлажыў пад сябе. Сяды-тады ён патузвае жылку, правярае, хоць i не вельмі верыцца, што ў такую глухату які-небудзь вар'ят схопіць. Няхай сабе цягнецца… Пры немцах адзін партызан расказваў, што ў іхняй Арлоўскай губерні, ідучы калісьці ў царкву, мужык браў з сабою аброць: мо трапіцца каняжына якая па дарозе, дык пад'едзем!..

Потым стары ўспамінае пра сваё ранішняе здарэнне. Спазніўся вось толькі дарма, выбраўся з дому ў свіныя галасы… Ён доўга маўчыць. А Ганначка перагнулася тым часам цераз левы борт i пялёхтаецца ручкамі ў вадзе.

— Сядзь, дурненькая. Не дай божа чаго, дык я не вельмі нырну за табою. Такі шчупак з мяне, што абое — на дно. Сядзь хораша, як сядзела.

Кажучы гэта, дзед не спыняецца думаць пра сваё. Думаць — мала, трэба i падзяліцца думкай з добрым чалавекам.

— Жыве другі,— пачаў ён, — i сам не ведае, на якім ён свеце. Такі лес, унучачка, што душа радуецца. Над самым возерам, сасна ў сасну! А тут узялі ды зрабілі падсочку!..

— А што гэта?

— Смалу пускаюць з сасны.

— А навошта?

— Лес гэты думаюць секчы. Крапівою б каторага, каб ты сесці паўгода не мог!.. Хто дзе ўздумае, як уздумае, так i кладзе гэты лес… Хадзіў я днямі ў раён. А па дарозе зайшоў да Васіля Раманавіча, таму што мы з ім, унучачка, часта любім пагаварыць. Вунь туды!..

Ён кіўнуў барадою ў той бок, дзе — за шасцю-сямю кіламетрамі гладкай вады — віднелася новая дача. Ганначка вельмі пільна паглядзела ў той бок і, нічога, апроч светлай плямкі ў сіне-зялёнай смузе лесу, не ўбачыўшы, сказала:

— У ix ёсць хлопчык Ігар.

— Ёсць, унучачка. Я ж табе пра яго гаварыў. I сам Васіль Раманавіч таксама чалавек харошы. Акадэмік. «Мы, кажа ён мне, дабяромся да ix, Астап Іванавіч, да такіх лесарубаў!..» Вось, думаю, такога б нам начальніка ў раён!.. A ўчора гэта, унучачка, іду я зноў каля дачы, заходжу, а той Васіль Раманавіч як не ехаў у Мінск, так i не едзе. Няўжо ж вы, кажу яму, чакаеце, пакуль замест Пярэймаўскага бору адны пеньчукі застануцца? А ён смяецца, седзячы ў цяньку, у такім, унучачка, крэсле, што ўсё гайдаецца сюды-туды. «Зробіцца, Астап Іванавіч. Не будзьце, кажа… пісімілістам». Хлопец ты, думаю я пра яго, таксама не маладзён — казаў, што шэсцьдзесят год, — але няўжо ж ты i праўда так ужо знябыўся ды здарожыўся?! Само ж яно не зробіцца. Сабе ты нябось не чакаў, пакуль яно зробіцца само — кубаметраў са сто на дачу спляжыў. Яшчэ i так лесу — гектараў са два — прыгарадзіў. Каб нават i па грыбок не выйсці з-за плота!..

Ганначка ўжо не перапытвае. Яна сядзіць зусім спакойна, глядзіць на дзеда i на ўсё зусім ціхенька… I дзед здагадваецца, у чым тут справа.

— Зараз, унучачка, даграбёмся. Каб не гэтая дзеравяка, дык мы б з табою… А во! Бачылі вы?..

Ён пусціў вёслы i выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі.

— Aгa! I добры, відаць! Ты толькі, унучачка, сядзі! А я яго… Каб яго Бог памножыў!..

Стары стаяў у лодцы на ўвесь свой высокі рост i, з тварам па-маладому радасна напружаным, туга наматваў дарожку на дошчачку.

— Пахадзі! Пазухуй! Калі ўжо ты, дурніца, учапіўся ў такую пару, дык я цябе… Ага!..

Над вадой паказалася раскрытая ў смяртэльным жаху зяпа драпежніка…

Убачыўшы такія чалеснікі, такую браму, пераважная большасць спінінгістаў крычыць звычайна: «Кілаграмаў, брат, з дзесяць!» — i перабольшваюць, вядома, разоў так у тры ці ў чатыры. Дзед Вячэра ўжо аж надта прывык да гэтай куплі на вока: ён памыляўся толькі на грамы. A ўсё ж i ён хваляваўся цяпер, як малады. Наструнены надзеўнаю жылкай шчупак, як аўсяны жарэбчык на кордзе, казырыўся не вельмі доўга. Стары то папускаў яму, то зноў напінаў дарожку, а потым, адчуўшы момант, павалок без усякага лішняга спосабу. Прыгнуўшыся, ён узяў з-пад ног вялікі падсак, спрытна падвёў яго пад шчупака i папусціў дарожку. Насмерць перапалоханы дурань адчаянна, слепа нырнуў у вялікую сецістую торбу i вось ужо закалыхаўся ў ёй над паверхняй вады, вось ужо, вызвалены з падсака, пляснуўся на дно лодкі.

Поделиться с друзьями: