ЖАНРЫ

Адысея наваградскай лекаркі. Саламея Русецкая

Грыцкевіч Валянцін Пятровіч

Шрифт:

Тут Саламея паўтарыла распаўсюджаныя тады чуткі пра подкуп Зекендорфа. Золата сапраўды мела вялікую цану для гэтага «скупога рыцара», які, між іншым, пазбягаў раскошы. На самой справе Ніш здаў туркам не Зекендорф, а іншы генерал — Нікалаус Даксат дэ Марэз. Шэсць тысяч аўстрыйцаў пад яго камандаваннем былі абложаныя шматлікім турэцкім войскам. Даксат прасіў Зекендорфа аб дапамозе, але, так і не дачакаўшыся яе, мусіў здаць цытадэль: неставала правіянту і людскіх сіл. За здачу Ніша аўстрыйскія ўлады пакаралі Даксата смерцю. Зекендорфа арыштавалі і адправілі ў Вену. Прыдворная рада прыцягнула яго да судовай адказнасці, але генерал быў апраўданы.

Пра вынікі паўстання сербаў і балгараў Саламея піша: «Тым часам прыйшоў зноў новы загад ад турэцкага двара, каб за тое паўстанне, якое яго ўласныя падданыя ўчынілі супраць свайго валадара, туркі іх тры дні і тры ночы рэзалі, пачынаючы ад хлопцаў, якім 18 гадоў, да мужчын, якім пяцьдзесят гадоў, а каму шэсцьдзесят або семдзесят, або восемдзесят, каб таго не знішчалі, гэтаксама як і хлопчыкаў ад году да 18 гадоў не чапалі, толькі ў няволю бралі, і жанчын, і дзяўчат, і ўсіх старых жанчын.

I так сталася, што туркі выразалі хрысціян тры дні і тры ночы ў палях, у лясах, у дамах, дзе толькі ні спатыкалі, і мой паша меў той загад ад турэцкага цара, што ён хоча ведаць: ці шмат яго падданых у гэтай крывавай вайне загінула, і таму мой паша загадаў туркам толькі хрысціянскія галовы звозіць у Сафію для падліку, колькі іх забітых, і турэцкаму цару пра тое паведаміць.

I такую бачыла я кару божую на бедных хрысціян, такая была гара чалавечых хрысціянскіх галоў, нібы велізарная карчма; наверх па галовах патрэбна была лесвіца, і кожная хрысціянская галава лічылася пашою ў адну адзінку.

I так туркі па палях і лясах ездзілі з вялізнымі кашамі і галовы забітых хрысціян адразалі, і іх прывезлі да сябе і пасля гэтых трох дзён старым і дзецям малым можна было шукаць бацькоў і братоў сваіх, як і бацькам можна было шукаць галовы сыноў сваіх; ах, мой божа, што я тым часам за жальбу і страх мела, калі была у тым горадзе… Быў там чалавек высокай годнасці, святар праваслаўны ці епіскап, бо праваслаўныя ўладыкам яго называлі, і яго ў той жудаснай сечы павесілі».

Русецкая прызнаецца, што была ашаломлена страшэнным відовішчам расправы над блізкім ёй славянскім народам і вырашыла пакінуць службу ў пашы. Пераапрануўшыся для бяспекі ў адзенне янычара, лекарка ўзяла з сабою дачку і слуг і накіравалася ў Відзін.

У Відзіне сканцэнтраваліся асноўныя сілы асманскіх войск. Яны размяшчаліся ў крэпасці Баба Віда, збудаванай на падмурках колішняга рымскага ўмацавання. Чатыры квадратныя вежы стаялі па кутах цытадэлі, што велічна ўзвышалася над Дунаем. Яе атуляў глыбокі роў з вадою. Ужо колькі разоў аўстрыйцы спрабавалі ўзяць Відзін, але без поспеху.

Значныя страты аўстрыйцам туркі нанеслі пад горадам Краёвай (на паўднёвым захадзе цяперашняй Румыніі), захапіўшы шмат палонных. Саламея бачыла, як вялі закаваных у ланцугі аўстрыйскіх салдат і афіцэраў, шэрагамі па дзвесце чалавек, а ў кожным турэцкім доме знаходзіліся аўстрыйскія нявольнікі або нявольніцы.

Лекарка выкупіла ў турэцкага палкоўніка Мехмет-агі Кул-улу чатырох палонных афіцэраў: паручнікаў Карла Яравіну, Тэадора Котнера, Антона Ермянціну і прапаршчыка Фартуната-Ежэфа Піхельштэйна, а таксама жонку аднаго аўстрыйскага паручніка. Яна пасяліла іх у сваім доме і дамовілася з Кул-улу, што той даб'ецца ў відзінскага пашы Хайваза Мехмет-пашы дазволу напісаць палоннікам лісты дадому, сваім родным, каб тыя прыслалі выкуп за іх. Кур'ер адвёз лісты ў Вену, і неўзабаве ў Відзін прыйшлі грошы. Толькі за Фартуната Піхельштэйна ніхто нічога не прыслаў. Трое паручнікаў растлумачылі Саламеі, што Піхельштэйн жыве далёка ад Вены, пошта да яго сваякоў павінна ісці цераз гарады Грац і Лайбах (па-славенску Градзец і Любляна) у мястэчка Піхельштэйн. Там жылі яго бацькі, да якіх ліст яшчэ, відаць, не дайшоў. Саламея адпусціла палонных паручнікаў і жанчыну, а прапаршчыку давялося суправаджаць лекарку далей у яе вандроўках. Тады яна яшчэ не ведала, што гэты змушаны спадарожнік стане яе другім мужам.

Знаходжанне ў зоне ваенных дзеянняў для маладой жанчыны было справаю небяспечнай і рызыкоўнай. Яна вылечыла па загадзе Хайваза Мехмет-пашы трансільванскага князя Йожэфа Ракачы (ён прыехаў у Відзін у сакавіку 1738 года), кандыдатуру якога на венгерскі трон падтрымліваў вялікі везір [18] Асманскай імперыі Еген Махамед-паша. Князь спрабаваў заляцацца да маладой прывабнай жанчыны, але безвынікова, тады ён абвінаваціў лекарку ў шпіёнстве на карысць аўстрыйцаў. «А тым часам крывавыя войны ішлі, — піша Русецкая, — і мноства зусім невінаватых людзей паша загадаў пакараць жорсткаю смерцю за шпіёнства».

18

Вялікі везір — кіраўнік урада ў тагачаснай Тўрыі.

Не ўзяўшы пашпарт у пашы, лекарка разам з дачкою, слугамі і палоннікам адплыла з Відзіна ўніз па Дунаі ў горад Рушчук (па-балгарску Русе), дзе стаяла магутная турэцкая крэпасць. Тут Саламею арыштавалі. Ад смерці яе зноў уратавалі залатыя рукі — яна паспяхова вылечыла сына султанскага скарбніка. Здарылася так, што ў ноч, калі арыштавалі лекарку, вельмі кепска стала дваццацідвухгадоваму сыну скарбніка: цяжкі ацёк павек, твару, языка. Трое русенскіх дактароў нічым не маглі дапамагчы хвораму. За лячэнне ўзялася Саламея, і на трэці дзень малады чалавек змог расплюшчыць вочы, а праз сорак дзён быў абсалютна здаровы.

Лекарка атрымала дазвол ехаць у Расію; на гэты раз мэтай яе падарожжа было вызваленне двух турэцкіх афіцэраў з Русе, што трапілі ў рускі палон пад Азовам.

ПАДАРОЖЖА Ў ПЕЦЯРБУРГ

Шлюб з былым нявольнікам * З Нясвіжа да берагоў Нявы * Дапамога брыгадзіра Караулава * Уражанні ад паўночнай сталіцы * Удалае лячэнне — шлях да царскага двара

Па дарозе ў Расію, на Украіне, Саламея і выратаваны ёю прапаршчык павянчаліся і сталі мужам і жонкаю. Там Піхельштэйн паступіў на службу да вялікага літоўскага гетмана [19] князя Міхаіла Радзівіла, па мянушцы Рыбанька — так ён звычайна звяртаўся да іншых людзей. Князь вяртаецца ў Нясвіж і бярэ з сабою маладых, прызначыўшы Фартуната харужым, а Саламею «доктаркаю». Неўзабаве Саламея пакідае маленькую дачку ў бенедыкцінскім кляштары ў Нясвіжы і накіроўваецца ў Пецярбург. Яна забяспечыла сябе рзкамендацыйнымі лістамі рускага генерала Лівена, які быў тады ў ВКЛ, і жонкі магната Дуніна, уроджанай рускай князёўны Трубяцкой (яе цётка была замужам за князем Чаркаскім, кабінет-міністрам імператрыцы Анны Іванаўны).

19

Галоўнакамандуючы войскамі Вялікага княства Літоўскага.

У Рызе, якую лекарка назвала «дзівосным горадам», яна звярнулася да ліфляндскага генерал-губернатара Людольфа-Аўгуста Бісмарка. Гэта быў сваяк Эрнэста Бірона, усемагутнага фаварыта рускай імператрыцы. Бісмарк дазволіў Саламеі пабачыцца з турэцкімі палоннымі, якія знаходзіліся ў гарадской турме. Ад іх лекарка даведалася, дзе знаходзяцца русенскія туркі, пра вызваленне якіх збіралася паклапаціцца.

3 Рыгі шлях лекаркі ляжаў у Нарву. Як узнагароду за добрае лячэнне тут яна атрымала ад жонкі каменданта Шацілава Мар'і Юр'еўны ліст-рэкамендацыю ў Пецярбург да яе брата брыгадзіра [20] С. Ю. Караулава.

20

Афіцэрскі чын у рускай арміі ў 1722–1799 гадах, прамежкавы паміж палкоўнікам і генерал-маёрам.

У тых, хто ўязджаў у маладую рускую сталіцу, старанна правяралі дакументы: такі быў указ імператрыцы Анны Іванаўны, што царавала ўжо дзевяты год. За горадам (а канчаўся ён на рацэ Фантанцы) пачасціліся выпадкі рабавання. У лясах за рэчкаю, уздоўж Перспектыўнага шляху ў кірунку да Аляксандра-Неўскага манастыра [21] , на Нарвскай дарозе ўладальнікам лясных дзялянак загадала ссекчы дрэвы на трыццаць сажняў, «каб немагчыма было рабаўнікам рабіць нечаканыя драпежныя налёты».

21

Цяпер Неўскі праспект да плошчы Паўстання, вуліцы Ганчарная і Цялежная.

Паперы Русецкай былі ў парадку. Ля каравульні, недалёка ад пад'ёмнага моста цераз Фантанку, вартавы пільна агледзеў падарожную, выдадзеную нарвскім камендантам на свабодны праезд. Ланцуговы мост са скрыпам апусціўся, і вазок падарожніцы павольна пакаціўся па вуліцах Пецярбурга.

Госця з цікавасцю разглядала незнаёмы горад: прыгожыя будынкі, акуратныя ўпарадкаваныя сады, вялікія плошчы, шырокія роўныя вуліцы. Уязджаючы на мост праз Вялікую Няву, Саламея вымушана была заплаціць за праезд. Адзіны пакуль што мост цераз гэтую раку пачынаўся ля Ісакіеўскай плошчы [22] . Яго зрабілі з баржаў-плашкоўтаў, пастаўленых на якары. Кожную вясну мост наводзілі, а ўвосень разбіралі. Для праходу суднаў мост разводзілі пасярэдзіне.

22

Цяпер плошча Дзекабрыстаў.

Поделиться с друзьями: