ЖАНРЫ

Адысея наваградскай лекаркі. Саламея Русецкая

Грыцкевіч Валянцін Пятровіч

Шрифт:

У адрозненне ад іх Русецкая ўваходзіла ў палацы з чорнага, а не з параднага ўвахода. Ёй, чалавеку нешляхетнага паходжання і рамяства, былі адчыненыя дзверы не ў залы і гасцёўні, а ў людскія, дзіцячыя і спальный пакоі — туды, дзе знаходзіліся хворыя. Прадстаўніца трэцяга саслоўя, яна апісвае не шыкоўнае жыццё маёмасных людзей, а клопаты пра кавалак хлеба для сябе і сваіх дзяцей. Відаць, гэтая «проза жыцця» і надае каштоўнасць запіскам лекаркі.

Падарожніца адзначала і тое, што бачыла сама, і тое, што гаварылі вакол. Часам яна называе імёны тых, ад каго пачула тую ці іншую гісторыю. Ад шляхціча Якубоўскага, напрыклад, даведалася пра Мазепу, ад кіеўскага каменданта Касцюрына, генералаў Харвата і Глебава [54] гісторыю пеўчага, апасля графа Кірылы Разумоўскага.

54

I. Касцюрын пазней быў генерал-аншэфам, обер-камендантам Пецярбурга і сенатарам. I. С. Харват-Аткурціч быў адным з ініцыятараў перасялення аўстрыйскіх сербаў у 1751 годзе на тэрыторыю так званай Новай Сербіі (цяпер у складзе Кіраваградскай вобласці). Генерал-маёр артылерыі Глебаў у 1752 годзе межаваў землі для рассялення там сербаў.

У сваіх меркаваннях аб Расіі, як і аб іншых краінах, Русецкая абапіралася на звесткі, набытыя пры двары манарха і ў дамах магнатаў, што надае яе запіскам пэўную абмежаванасць. Так, малюючы эпізоды прыдворнага жыцця, расказваючы аб змене імператараў у Расіі, аб прыходзе да ўлады Анны Іванаўны, а пазней Лізаветы Пятроўны, аб магутным уплыве фаварытаў Бірона і Разумоўскага, Саламея трактуе падзеі з пазіцый, прынятых пры царскім двары. 3 дакументаў вядома, што ў Пецярбурзе «спакой для добрых людзей хадзіць і ездзіць» захоўваўся зусім не так, як піша Русецкая. Менавіта ў часы валадарання царыцы Анны Іванаўны паліцыі і арміі давялося ўзмацніць сваю дзейнасць, каб навесці парадак у сталіцы — настолькі пачасціліся выпадкі рабавання.

Разам з тым лекарка не замоўчвае ўласцівых імператрыцы жорсткасці, нецярпімасці, самавольства. Яна расказвае пра жудасны «Ледзяны дом» на Няве, куды для пакарання быў змешчаны князь Галіцын, пра спаленне рускага афіцэра, якога абвінавацілі ў вераадступніцтве [55] .

У Русецкай была перавага іншаземкі: яна фіксавала нярэдка тое, што тутэйшаму чалавеку здаецца агульнавядомым і нявартым увагі. Мноства побытавых дэталяў, яркі эмацыянальны аповяд пра асабістыя прыгоды, пра жорсткае абыходжанне туркаў і нагайцаў з іншымі народамі прыдунайскіх краін надаюць дзённіку асаблівую прыцягальнасць. Запісы прасякнуты шчырасцю і зычлівасцю да розных народаў. У Саламеі няма праяў нацыянальнай высакамернасці, яна хваліць шырыню натуры рускіх і туркаў, норавы якіх у каталіцкай Рэчы Паспалітай было прынята крытыкаваць.

55

Гаворка ідзе пра капітан-лейтэнанта Вазніцына, імя якога Саламея Русецкая не называе.

Апісанне падзей, нораваў людзей іншых краін для аўтаркі не самамэта, а фон для выкладу ўласных перажыванняў. Саламея, бясспрэчна, магла апусціць некаторыя падрабязнасці свайго жыцця (напрыклад, сувязь з «амаратам»), але ўсё ж расказвае пра гэта, магчыма, з разлікам на спачуванне чытачак дзённіка.

Саламея вызначалася рашучасцю і смеласцю. Яна не баялася прабірацца праз тэатр ваенных дзеянняў, цераз раёны, што кішэлі разбойнікамі. Не баялася лячыць запушчаныя хваробы, хоць загадзя ведала, што няўдача можа каштаваць ёй жыцця.

3 дзённіка прасочваецца заўсёднае імкненне аўтаркі ўзбагачаць свае веды. Саламея назапашвала прыёмы лекавання яшчэ змалку ў вёсцы, вучылася ля свайго першага мужа, урача па спецыяльнасці, у «вавілонскага» лекара, урача-італьянца — усюды, дзе толькі магла. Ёсць згадкі, што Русецкая збіралася абагульніць свой вопыт у кнізе і выдаць яе, але пакуль даследчыкі не натрапілі на яе след. Паказальна, што бурнае, насычанае жыццё правёў не мужчына-афіцэр, шукальнік прыгод, а жанчына, якая змагла набыць спецыяльнасць і займала пэўнае грамадскае становішча на той час, калі жанчыны не мелі ніякіх сацыяльных правоў, асабліва на Усходзе.

Поделиться с друзьями: