Бары-бэры
Шрифт:
– Вось...
– шмыгнуўшы носам, сказаў адзін з іх, той, які ў акулярах.
– Пакінуў нас... А мы спадзяваліся...
І той, які ў акулярах, і той, які з бародкай, і той, які з бакенбардамі - усе яны разам з нябожчыкам некага нагадвалі, Сяўко іх зусім нядаўна недзе бачыў, але дзе? «Хто яны, што ж гэта такое?..» - напружваўся, каб успомніць, Сяўко, азіраючы таксама нібы незнаёмы, абстаўлены старадаўняй і, пэўна ж, ой, якой не таннай мэбляй, пакой, а тут сядзелка штурхнула яго ў спіну: «Ды развязвайце, паказвайце...» - і Сяўко хіснуўся, ледзь не ўпаў, але не праз тое, што яго сядзелка штурхнула, праз іншае: гэта ж Някрасаў! А побач з ім Дабралюбаў з Бялінскім! І Міцкевіч! Вось што гэта такое! Усё, як на карціне, толькі не на той, якую ён прынёс, загарнуўшы ў газеты і перавязаўшы шпагатам, а на той, якая была ў ягонай галаве - і ажыла ў кватэры Кашыных! Бялінскі не быў бюстам, а Міцкевіч з Дабралюбавым не былі партрэтамі! Міцкевіч сядзеў на канапе ў нагах Някрасава, Дабралюбаў - каля канапы на зэдліку, Бялінскі - каля століка на крэсле. На гэтакім венскім, з гнутай спінкай...
Злева на століку, каля якога сядзеў Бялінскі, стаяў, чаго не было на карціне Крамскога, бо партрэты і бюсты не п’юць, дзьмуты штоф з кілішкамі. Літаратары выпівалі. Гулялі. Справа на століку ляжалі карты, пасярэдзіне - куча асігнацый.
А ім труну няма за што купіць...
Можна было б падумаць, што ён, Аляксей Сяўко, звар’яцеў, але, калі б яно было так, дык наўрад ці ён так бы думаў, бо вар’яты пра тое, што яны вар’яты, не думаюць, - гэта Сяўко вычытаў некалі ў некага з рускіх літаратараў. Тады што з ім?..
– Паказвайце, паказвайце...
– казаў, дапамагаючы развязаць шпагат, бо ў Сяўко трэсліся рукі, той, які быў у акулярах. Мусібыць, Дабралюбаў. Ці, можа, Бялінскі, Сяўко са школы іх блытаў.
– Пабачым, як Іван Мікалаевіч справіўся з кампазіцыяй. У яго з гэтым, між намі кажучы, не надта. Партрэтыст-та ён партрэтыст, а вось што да кампазіцыі...
– Няпраўда!
– горача перапыніў, мусібыць, Дабралюбава той, які быў з бародкай. Мусібыць, Бялінскі.
– Іван Мікалаевіч геній кампазіцыі!
– Пабачым, пабачым...
– не стаў спрачацца з, мусібыць, Бялінскім, мусібыць, Дабралюбаў, і Сяўко падумаў, што такія культурныя людзі маглі б і назвацца, калі б не былі гэткімі ганарлівымі і не думалі, што іх і без таго ўсе ведаюць. Ну, у школе, можа, і ведалі, але калі тое было... А цяпер, калі й разбярэшся, хто з іх хто, дык не ўспомніш, як каго зваць. Нават гэтага з бакенбардамі. Мусібыць, Міцкевіча.
– Вось, калі ласка!
– развязаўшы шпагат і садраўшы газеты, якімі абгорнутая была карціна, пераможна ўсклікнуў Дабралюбаў.
– І дзе вы бачыце тут генія кампазіцыі?
Дабралюбаў, сеўшы на зэдлік і прысланіўшы карціну да канапы, на якой ляжаў нябожчык, звярнуўся чамусьці не да Бялінскага, які з ім спрачаўся, а да Сяўко, які маўчаў, усё глыбей усведамляючы тое, што бачыў, і ўсё болей не разумеючы таго, што ўсведамляў: гэтыя людзі ўсе, а не адзін Някрасаў, павінны былі памерці, бо яны даўным-даўно, яшчэ пра царызме, нарадзіліся! І на табе: жывыя, сядзяць у кватэры Кашына. А дзе Кашын, куды Кашын падзеўся?
Трэба шукаць Кашына. Выбірацца адсюль трэба, пакуль сам жывы. І шэдэўр, карціну забраць, хоць яна так сабе па кампазіцыі...
– Карціну вам не забраць, - прачытаў ягоныя думкі Бялінскі.
– Бо яна не ваша.
Тое, што Бялінскі прачытаў ягоныя думкі, Сяўко, канечне, здзівіла, але не так, каб пакінуць нейкім штукарам карціну, якую нёс ён Кашыну.
– Яна мая!
– цвёрда сказаў ён і Бялінскаму, і ўсім астатнім, падобным да рускіх літаратараў і польскага паэта ілюзіяністам, штукарам, якія, невядома скуль узяўшыся, пасяліліся ў кашынскай кватэры.
– Яе мая жонка ў Піцеры купіла!
Бялінскі паківаўся на венскім крэсле.
– Цікава... І што яна рабіла ў Піцеры?
– Да брата ездзіла. Да стрыечнага. Ён у Эрмітажы...
Сяўко асёкся. Не расказваць жа, што стрыечнік Алёны скраў карціну з Эрмітажу.
– І не расказвайце, - неяк гадзенька ўсміхнуўся Бялінскі.
– Карціну стрыечнік вашай жонкі не краў, бо не мог яе ўкрасці, працуючы электрыкам у Эрмітажы. Гэтая карціна з Трацякоўскай галерэі.
Логіка ў Бялінскага была дзіўная: чаму гэта электрык з Эрмітажу не можа ўкрасці карціну ў Трацякоўскай галерэі? Няхай нават тая галерэя ў Маскве, а не ў Піцеры - гэта Сяўко ведаў. Але тады выходзіць (і праз тое, мусіць, Бялінскі і ўсміхаецца гадзенька), што Алёна ездзіла не ў Піцер? У Маскву - і не да стрыечніка? І карціна - не ад яго?..
Бялінскі паскубаў бародку.
– Цікавы ў вас кірунак думак... Ды карціна ў любым выпадку не ваша.
– А чыя?
– Нічыя, - не расплюшчыўшы вачэй, ціха сказаў нябожчык.
– Яна ў банку.
Тое, што нябожчык хоць і ціха, але загаварыў, нікога не ўразіла. Нават Сяўко не ўразіўся, бо не зразумеў:
– У якім банку?
Нябожчык, ледзь прыпадняўшы руку, паказаў на кучу асігнацый і карты.
– У гэтым. У вас жа, апроч карціны, няма чаго ў банк паставіць... Згуляем?
Сяўко не гуляў у карты, ён ні ў што не гуляў, нават у лато, і збіраўся сказаць, што ні ў што не гуляе, але не паспеў.
– Не адмаўляйцеся!
– падхапіўшыся з крэсла, парывіста абняў яго Бялінскі і зашаптаў на вуха.
– Нечаканка ў Маскве! Раптам мэра пагналі! Казіно ўсе пазачынялі!
– Куды пагналі?..
– паспрабаваў Сяўко адштурхнуць няўрымслівага Вісарыёна (во, успомніў: яго Вісарыёнам завуць! Ніколі б не падумаў, калі б не ўспомніў!), а той павіс на ім:
– У Лондан! Як Герцана! Дык мы да вас! Вы не ўяўляеце, чаго нам гэта каштавала! Колькі здароўя адняло ва ўсіх, асабліва ў Някрасава!..
– Якое здароўе, калі памёр...
– ледзь выкруціўся Сяўко з парывістых абдымкаў Бялінскага, каб адразу патрапіць у палымяныя абдымкі Дабралюбава, які ўскочыў са свайго зэдліка.
– У нейкім сэнсе памёр! Толькі ў нейкім сэнсе, бо ён геній! А геніі несмяротныя!
Нябожчык, як здалося Сяўко, слязу пусціў.
– Любоў да цябе асвяжыла маё сэрца!.. Як шкада, што ты памёр раней за мяне, ах, як шкада!
– працягнуў ён рукі да Дабралюбава, які спытаў Сяўко:
– Вы чыталі «Апошнія песні»?
Апошніх песень Сяўко не чытаў. Някрасава ён ведаў толькі таму, што той - гэта Сяўко са школы помніў - уславіў працоўны подзвіг простага беларуса на будаўніцтве чыгункі.
– І-мен-на!
– усклікнуў Дабралюбаў, прачытаўшы ягоныя думкі. Яны ўсе ўмелі думкі чытаць, так што незразумела, навошта кнігі пісалі.
– А хто яшчэ ва ўсёй сусветнай паэзіі ўславіў працоўны подзвіг простага беларуса на будаўніцтве чыгункі? Вось ён уславіў?
– ткнуў Дабралюбаў пальцам у, мусібыць, Міцкевіча, які сядзеў у нагах нябожчыка і маўчаў.