Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Бары-бэры

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Нябожчык, хоць Бялінскі і пахваліў ягоныя вершы, насупіўся.

– Геніяльна... Гэта цяпер - геніяльна! А як было, нагадаць? «Думкі пра аўтара зборніка «Мары і гукі» зводзяцца да аднаго: пасрэднасць у вершах невыносная». Такое пра мяне, пра маю кнігу!.. Я скупіў, спаліў увесь на­клад! Колькі грошай згарэла... А ён яшчэ ў ачко не гуляе! Чаму?

Бялінскі не стаў вінаваціцца ў колішніх грахах.

– Бо ачко - гульня жулікаў.

Фёкла, худая і змораная жонка нябожчыка, падбачэнілася.

– А вы хто?.. Жулікі і ёсць.

Нябожчык жэстам запрасіў Сяўко сесці на месца Бялінскага.

– Вось я жонку з вёскі ўзяў. У горад вывез. І што? Дзе ўдзячнасць? Хай бы там і сядзела... Яна ў мяне другая, першая гарадская была, блакітная кроў. Са шляхты, - зняважліва зірнуў ён на Міцкевіча.
– Дарма я з ёй развёўся, хоць мы і не вянчаліся. Рэўнасць заела!..
– і ён прадэкламаваў нібы назло Фёкле: «Мы разошлись на полпути, мы разлучились до раз­луки и думали: не будет муки в последнем роковом «прости». Но даже плакать нету силы. Пиши - прошу я одного. Мне эти письма будут милы, и святы, как цветы с могилы, с могилы сердца моего!»

– Геніяльна!
– усклікнуў Бялінскі.
– Мука! Разлука! Магіла!..
– болей ён, падобна, не ведаў, што сказаць, а пакрыўджаны Міцкевіч пракінуў пагардліва, як палякі ўмеюць: “Вы б лепей оду вешальніку прачыталі!” Гэта не спадабалася ні Някрасаву, ні Бялінскаму, ні Дабралюбаву, які хоць і прамаўчаў, але паглядзеў на Міцкевіча як на чалавека, якога нельга запрашаць у кампанію, дзе нябожчыкі вершы чытаюць.

– Жулікі.
– доўжыла сваё, нібы не чула ніякіх вершаў, Фёкла. Во кватэру гэтую выжулілі. І дзе тут карціну вешаць?
– Ты скажы мне, Коля: мы тут, у правінцыі, жыць збіраемся?

Нябожчык задумаўся, нібы ўспамінаючы нешта, пасля прадэкламаваў:

– Мятеж прошёл, крамола ляжет, в Литве и Жмуди мир взойдёт...
– і рукой махнуў.
– Нідзе я не збіраюся жыць! Толькі паміраць. Так лепей, усе шкадуюць.

Сяўко ў яго ўперыўся.

– Вы выйгралі гэтую кватэру ў карты? У Кашына?

– Выйграў. А ў Кашына, не ў Кашына... Хто ён такі, каб помніць?

Гэта Сяўко спадабалася больш, чым вершы. А то гонару ў Кашыне шмат: маставік незаменны!

Ніхто не іншы, не інакшы. Усе аднолькавыя.

Усё залежыць ад таго, як карта пакладзецца. Да каго якая. А гэта ў залежнасці ад таго, на якім месцы сядзіш.

Сесці на месца Бялінскага - адна карта, на іншае - іншая.

Дастаткова дзве карты, каб вярнуць кватэру Кашыну - і хай сабе ён хоць памірае, хоць не! Калі ўгадаць, дзе сесці, дык Кашын будзе Сяўко паўкватэры вінен, а не Сяўко яму!

– Гуляем з умовай, - сказаў Сяўко нябожчыку.
– Карціна супраць кватэры.

Ён перакананы быў, што ці нябожчык, ці нехта іншы з рускіх літаратараў пачне спрачацца, стане пярэчыць, але ніхто ні спрачацца, ні пярэчыць не стаў. Толькі Дабралюбаў здзівіўся:

– Навошта вам гэты катух? Вунь грошай колькі ў банку! Сапраўдных, яшчэ царскіх!

У кучы асігнацый царскія чырвонцы ды кацярынкі былі перамешаныя з беларускімі рублямі. Кашын, мусібыць, не толькі кватэру прайграў. Але гэта ўжо ягоная праблема.

Чамусьці не хацелася Сяўко на крэсла сядаць. Хоць месца гэтае было найлепшае. А вось не хацелася сядаць на яго - і ўсё.

– Можна я на ваш зэдлік сяду?
– спытаў ён Дабралюбава.
– А вы на маё крэсла.

– Крэсла маё!
– падскочыў да яго Бялінскі.
– Тое, што я прапанаваў вам на яго сесці, не азначае, што яно ваша! А тым больш Дабралюбава!

Выглядала на тое, што і гэтыя адзін аднаго не надта любяць, хоць абодва рускія.

І палякі адзін аднаго любяць не надта. Быў Сяўко ў Польшчы.

Нелюбові ў людзей няма толькі да тых, каго няма.

Вось не было беларусаў - іх любілі. А з’явіліся...

Для чаго з’явіліся беларусы?.. І Сяўко раптам падумаў, што беларусы з’явіліся, каб рускім і палякам было каго любіць.

Думка гэтая незвычайна яго ўразіла. Ён увогуле ніколі, калі не лічыць выпадка пры перапісе насельніцтва, пра сябе як пра беларуса не думаў. Не да галавы было. І вось падумаў. Прычым не пра сябе аднаго, а як бы пра сябе разам з усімі. Пра сябе як пра беларуса, прыналежнага да іншых беларусаў. Да таго ж Кашына...

Чаму?

Бо штукары гэтыя ўлезлі ў кашынскую кватэру - вось чаму! Яны тут не гаспадары, а ўлезлі! Ды яшчэ ўказваюць, дзе яму сядаць! У Расіі сваёй указвайце! У Польшчы!

– Ніхто вам нічога не ўказвае, - не згадзіўся з ягонымі думкамі ня­божчык.
– Хочаце на зэдлік - сядайце на зэдлік. «Паміж Польшчай і Расіяй бульба беларуская!..» - раптам заспяваў ён, відавочна павесялеўшы і нібы забыўшыся, што памёр.

«Паперці б іх...
– падумаў Сяўко.
– Дык гуляць не будзе з кім. Ні прайграць, ні выйграць...» І ён сеў на зэдлік паміж Дабралюбавым, які заняў крэсла, і Міцкевічам, які застаўся на канапе ў нагах нябожчыка. Паміж Расіяй і Польшчай сеў. На сваё гістарычнае месца.

– Як заўсёды...
– сказаў, дамяшаўшы калоду, нябожчык, даў Міцкевічу зняць і пачаў здаваць.

– Вы не падсеклі!
– перахапіў ягоную руку Дабралюбаў.

– Падсек!

– Не падсеклі!
– падтрымаў Дабралюбава Міцкевіч, і нябожчык перастаў спрачацца, сабраў карты і ўздыхнуў вінавата.
– Круцель я, махляр! І зрабіць з сабой не магу нічога. Рускі... Давайце вып’ем.

«Падпаіць хоча, - падумаў Сяўко.
– Каб не заўважалі, як махлярыць. Ну, жулік...»

– А вось і не!
– узяў штоф і наліў кілішкі нябожчык.
– Што жулік

– згодны, а выпіць хачу проста так. Проста хачу выпіць.
І ён падняў кілішак, але Міцкевіч проста так выпіць яму не даў, ускочыў са сваім кілішкам:

Бокал заздравный поднимая,

Ещё раз выпить нам пора

Здоровье миротворца края...

Так много ж лет ему.. Ура!

– і кінуў кілішак, зрабіўшы выгляд, што той з рукі выслізнуў, на падлогу, а Някрасаў сказаў услед Фёкле, якая аскепкі сабрала і на кухню панесла: “Вось бачыш, Фёкла, я оду напісаў Мураўёву, які беларусаў і палякаў вешаў, дык палякі мяне не любяць”, - і чокнуўся з Сяўко: “За Расійскую Імперыю!”

Сяўко выпіў - нічога з ім з таго кілішка, калі, канечне, нябожчык нечага не падсыпаў, не станецца - а пасля падумаў: «За якую імперыю? Няма ж ніякай імперыі. Была, калі Мураўёў беларусаў і палякаў вешаў, а цяпер няма...»

– Няма дык няма, - паставіў нябожчык кілішак.
– Але ж выпілі.

Міцкевіч глядзеў на Сяўко здзіўлена.

– Выходзіць, беларусы тых, хто іх вешаў, любяць?.. Вы чаму выпілі за імперыю?

– Бо выпіць захацеў!
– сунуў нябожчык Міцкевічу калоду, каб зняў.

Поделиться с друзьями: