Бары-бэры
Шрифт:
– Не ўславіў! А чаму?..
– Бо паляк, - сказаў Бялінскі.
– Не рускі.
Міцкевіча гэта зачапіла.
– Пры чым тут: паляк, не рускі?..
– упершыню падаў ён голас.
– Пры мне чыгункі не было.
– А пры ім не было беларусаў!
– нахіліўся Бялінскі да нябожчыка.
– Але ж ён напісаў! Прадбачыў! Геній!..
– і павярнуўся да Міцкевіча.
– А ты не прадбачыў.
3 апошніх слоў вынікала, што Міцкевіч не геній, і той ускрыўдаваў.
– Як гэта беларусаў не было?.. Я сам беларус!
Бялінскі скрывіўся:
– Ведаем, які ты беларус...
– Самы натуральны!
– усхапіўся з канапы Міцкевіч.
– Нальшанскі! 3 Наваградку!..
– Без юдафобіі!
– стаў паміж імі Дабралюбаў.
– Абрыдла!..
– і кінуў Міцкевічу.
– Быў бы беларусам, пісаў бы па-руску! Як Пушкін.
Апошніх слоў Дабралюбава Сяўко не зразумеў. Міцкевіч, падобна, таксама. Відаць было, як ён шукаў, што адказаць Дабралюбаву, але не знайшоў і зноў сеў на канапу, пасунуўшы нябожчыка.
– А-а-а!
– узняў палец угору Дабралюбаў.
– Я ж казаў!
Што ён казаў?..
– Пра беларусаў мала пішуць, - скрушна прамовіў нябожчык. І, памаўчаўшы, дадаў.
– Я напісаў два радкі - і столькі шуму.
Усе заківалі галовамі: маўляў, так, зусім мала пішуць пра беларусаў, і ўсе глядзелі на Сяўко, нібы нечага чакаючы, а ён глядзеў на ўсіх: чаго?
– Падыдзі і дзякуй скажы, - штурхнуў яго ў бок Дабралюбаў.
– Падыдзі і скажы!..
Сказаць, канечне, можна, толькі за што ён павінен дзякаваць? Не ягоны ж працоўны подзвіг нябожчык уславіў, дый не было за Сяўко ніякіх подзвігаў, не лічыць жа подзвігам завалены мост, але, паколькі сітуацыя і без таго напружвалася, ён вырашыў яе не абвастраць. Падышоў і падзякаваў.
– Няма за што...
– сказаў нябожчык, і Міцкевіч буркнуў: «Сапраўды...», - чаго нябожчык не пачуў ці не захацеў пачуць, спытаўшы Сяўко.
– А вы не маглі б маскоўскага мэра вярнуць? Ну, калі не самі, дык праз некага?
Як ён маскоўскага мэра верне?.. Праз каго?.. Ён і мінскага не вярнуў бы, калі б таго пагналі. Вунь ён Зусману напісаў, бо дырэктар інстытута папрасіў, каб той вярнуўся - Зусман не адказаў нават. А дырэктар, дазнаўшыся, што Зусман нават не адказаў, яшчэ й кпіны строіў: “Не пава-а-жае вас Зусман.” І па плячы паляпваў.
Усё жыццё нехта па плячы паляпвае.
Нябожчык уздыхнуў, нібы ведаў, што гэта такое, калі цябе ўсё жыццё паляпваюць па плячы, і ўзяў карты са століка.
– Зусмана мы можам вярнуць. Згуляем? Ваш выбар: брыдж, покер, прэферанс? Выйграеце - ваш Зусман.
На якую халеру яму Зусман? І як яны могуць вярнуць яго? А калі й могуць, дык няхай з дырэктарам гуляюць. Гэта дырэктара без Зусмана, бо маставікоў зусім не засталося, з інстытута пагнаць могуць. Як мэра з Масквы.
– Я табе пагуляю! Я табе рукі павырываю!
– накінулася на нябожчыка, нібы забіць яго хацела, худая і змораная жанчына, ніякая не сядзелка, бо якая сядзелка гэтак накінецца, толькі жонка.
– Усё спусціў, пахаваць няма за што!
– А нашто яго хаваць?
– рассмяяўся Міцкевіч.
– Ён і так добра ляжыць.
Не падобна было, што ён сядзіць каля ложа Някрасава па-сяброўску. Калі б Някрасаў быў жывы, дык можна было б падумаць, што Міцкевіч чакае, пакуль той сканае.
Нябожчык не пакрыўдзіўся.
– Ведаеш, чаму я захаваўся, як новы?
– весела спытаў ён Міцкевіча.
– Бо памёр пад Новы год! У Расіі! У люты мароз!
– Дык і я, здаецца, не летам...
– паспрабаваў успомніць, калі ён памёр, Міцкевіч, а Дабралюбаў пырхнуў, як на марозе:
– Ага, у Візантыі! Калі ў той Візантыі лютая зіма была?..
Гэтых рускіх паслухаць, дык Візантыя горшая за Расію, бо там цёпла. І не замерзнеш, калі памрэш. Хоць звягаюцца яны з палякам, канечне, не праз тое... Не надта яны, падобна, адзін аднаго любяць. Дый калі рускія любілі палякаў? Ці палякі рускіх?..
– Памёр, а ўсё тое самае!
– не супакойвалася худая і змораная.
– Дык гэтакі жывы - яшчэ туды-сюды, а гэтакі мёртвы мне нашто? Сыду - і сам сябе хаваць будзеш!
– Мяне народ пахавае, - падміргнуў Някрасаў разгубленаму Сяўко.
– Пахавае мяне беларускі народ?
– Пахавае, - сказаў Сяўко, каб худая да нябожчыка не чаплялася.
– Беларускі народ каго хочаш пахавае. Хоць самога сябе.
Някрасаў склаў на грудзях рукі з картамі, уздыхнуў:
– Самога сябе пахаваць нельга. Трэба, каб нехта дапамог.
– Палякі дапамогуць, - паглядзеў Бялінскі на Міцкевіча, які буркнуў: “Ага, як вы нам...” - а худая зноў накінулася на нябожчыка: “І чаго ты ў Мінск мяне прыпёр, калі памёр?!.”
Вось чаго яна да вялікага рускага паэта прычапілася?.. Ну, памёр, але ж не кінуў... Гэтак Люба на Кашына накідвалася, калі той загульваў, і
Сяўко падумаў, што вось людзі ў кватэры Кашыных зусім іншыя, рускія літаратары, адзін нават польскі паэт, а жыццё тое самае. Значыць, ад таго, што мяняюцца людзі, яно, жыццё, не мяняецца? Якім было да рускіх літаратараў і польскіх паэтаў, такім і пасля іх застанецца?..
І пасля яго?.. І пасля Кашына?.. І дарма нехта думае, што ён такі... ну, не гэтакі, як іншыя?.. Не, дудкі, гэткі самы, і Кашын праўду на сходзе сказаў, што ўсе вартыя толькі прыбіральні прыдарожныя праектаваць - і то на адно ачко.
А якія прыдарожныя прыбіральні ў Ізраілі?..
– У ачко!
– падумаўшы пра прыбіральні ў Ізраілі, нечакана для самога сябе рашуча сказаў Сяўко.
– Калі гуляем, дык у ачко!
– Чаму ў ачко?..
– спытаў, бо Кашына на сходзе не чуў, Міцкевіч, а худая, падняўшы карту, якая выпала з калоды, калі Някрасаў рукі складваў, амаль узмалілася: «Не гуляйце вы з імі!.. Круцялі яны! Махляры!..»
– Фёкла праўду кажа!
– пачаў мяшаць карты нябожчык.
– Ведаеце, які я махляр! Які круцель! Ды большага за мяне круцяля і махляра ва ўсёй рускай літаратуры не было! І гэта мой, калі хочаце ведаць, найвялікшы гонар! А не нейкія там два радкі пра беларуса... Вы, дарэчы, беларус?
Не так даўно быў перапіс насельніцтва, і паненцы, якая прыйшла яго перапісваць, Сяўко сказаў, што ён беларус. Збіраўся сказаць, што рускі, а сказаў, што беларус, сам не разумеючы, чаму... Можа быць, паненка гэтак выглядала, што ёй нельга было сказаць: я рускі.
– Беларус.
– Волосом рус, видишь, стоит, изможден лихорадкою, высокорослый, больной белорус: губы бескровные, веки упавшие, язвы на тощих руках, вечно в воде по колено стоявшие ноги опухли, колтун в волосах!
– прадэкламаваў Бялінскі.
– Геніяльна!.. Ліхарадка, язвы, калтун!..
– і прапанаваў Сяўко.
– Вы сядайце на маё крэсла, я ў ачко не гуляю.