Бары-бэры
Шрифт:
– Дастаў ты мяне з гэтай одай, Адам! Амаль як Герцэн.
– І спытаў не Міцкевіча, а Сяўко.
– Вы як да Герцэна?.. Любіце?
Сяўко не ведаў, як ён да Герцэна. За што яго любіць? Ён што: маставік?
– Ён якраз думае, што маставік, - падсек калоду Някрасаў.
– Будуе мост з Еўропай.
Пра Герцэна, які мост з Еўропай будуе, Някрасаў загаварыў, мусібыць, для таго, каб Міцкевіч ад Сяўко адчапіўся, але той не адчапляўся.
– Вас вешаў Сувораў, вешаў Мураўеў, - а вы.
Сяўко адчуў сябе няёмка. Не праз тое, што Сувораў з Мураўёвым беларусаў вешалі, а ён за імперыю выпіў, гэта ён машынальна, а што схапіўся за кілішак гэтак сквапна, нібы не піў ніколі. Лыкнуў чужое, як свайго няма.
– І не пераймайцеся!
– здаў па першай карце нябожчык.
– Халява заўсёды смачнейшая. Палякі таксама халяўшчыкі, толькі з пыхай.
Міцкевічу і Сяўко ён паклаў карты на канапу, Дабралюбаву і сабе - на столік. Сяўко падняў першую карту - бубновы туз! Вось што значыць сесці на сваё гістарычнае месца! На мост з Еўропай! Божа, пашлі да туза дзясятку!
– Гэта вы дарэмна, - паківаў галавой нябожчык.
– Бог у карты не гуляе.
Ну, як з імі гуляць? Калі яны ўсё, што падумаеш, ведаюць...
– А вы не думайце, - прапанаваў Дабралюбаў, і Сяўко, павярнуўшыся да яго, паспеў заўважыць, што Дабралюбаву таксама прыйшоў туз. І таксама бубновы. Як гэта: у адной калодзе два бубновыя тузы?
– А вы як хацелі?
– спытаў нябожчык.
– Каб быў адзін?.. Тады выкіньце вашага.
Туза выкінуць?.. Знайшлі дурня. Да туза няхай не дзясятка, а дзявятка, васьмёрка - і ўжо гульня.
– Чаму я павінен свайго выкінуць? Няхай Дабралюбаў свайго выкіне.
Дабралюбаў, ці, мусібыць, Дабралюбаў адсунуўся ў крэсле і паглядзеў на Сяўко непрыязна.
– Скуль вы выдаеце, што я Дабралюбаў?
– А!..
– падскочыў нябожчык.
– Дабралюбаў, не Дабралюбаў! Сувораў, Мураўёў!.. Вы падглядваеце адзін у аднаго! А яшчэ мяне круцялём называеце!
Хто яго круцялём называе? Ён сам сябе круцялём назваў.
Падскочыўшы, нябожчык махнуў прасцінай і перавярнуў сваю карту на крайку стала: бубновы туз!
– У мяне таксама, - паказаў бубновага туза Міцкевіч. Чацвёртага ў калодзе.
Нябожчык развёў рукамі
– Вось бачыце... Ва ўсіх тузы. А то круцель, махляр... Нічыя!
– Як нічыя?
– не згадзіўся Сяўко.
– Гэта ж не шахматы. І не шашкі.
Дабралюбаў зноў у яго ўчапіўся з той жа непрыязнасцю.
– Скуль вы ведаеце, што не шахматы і не шашкі? Карты выпадкова карты. Карты маглі быць шахматамі. Ці шашкамі. А шахматы ці шашкі - картамі.
«Яны ўсе тут заадно!» - падумаў Сяўко, не зразумеўшы таго, што сказаў Дабралюбаў, і запатрабаваў, паклаўшы руку на свайго бубновага туза:
– Яшчэ!
Імгнення не прамарудзіўшы, нябожчык кінуў яму карту на канапу:
– Калі ласка!
Сяўко падняў карту: бубновы туз! Ачко!
– Якое ачко?
– насунуўся на яго нябожчык.
– У вас дваццаць два! Пе-ра-бор!
Дзе ж перабор, калі ў такім выпадку туз ідзе за дзясятку?
– Які перабор...
– пачаў Сяўко, а нябожчык кінуў калоду:
– Якая дзясятка? Туз гэта туз! Адзінаццаць плюс адзінаццаць! Дваццаць два! І ўвогуле: скуль у вас другі бубновы туз? 3 другой калоды падклалі? У палякаў прыхапілі?
– падняў і, паглядзеўшы, паклаў ён карту Міцкевіча.
– Ведаў бы, што беларусы стануць такімі махлярамі, радка б пра вас не напісаў!
– І нябожчык заклікаў у сведкі Дабралюбава з Міцкевічам.
– Вось глядзіце: у нас па адным бубновым тузе, а ў яго два! Як такое можа быць? Круцель! Вон круцяля! Як можа быць такое?
«Сапраўды...» - падумаў Сяўко, адчуваючы, што яму мазгі закліньвае, і павярнуўся да Міцкевіча, каб разам з ім выкрыць гэтых рускіх, а Міцкевіч адпстрыкнуў сваю карту, паказваючы, што гульня скончаная, і Сяўко раптам зразумеў, што і палякі ў змове з рускімі супраць беларусаў, а яму, дурню, здалося, што палякі змовіліся з рускімі беларусаў любіць...
– Я ж вам казала...
– увайшла і паставіла на столік паднос з гарбатай і цукеркамі жонка нябожчыка.
– Я ж вам казала...
Што яна казала?..
– Дык хто выйграў?..
– спытаў Сяўко ва ўсіх, і ўсе ад яго адвярнуліся, хто куды.
– Чыя кватэра?.. Чыя карціна?..
Не гледзячы на яго, яму азваўся Міцкевіч.
– Нічые. Усё ў гэтым свеце нічыё. Вы яшчэ не зразумелі?
– Фёкла, правядзі госця, - лёг на падушкі нябожчык.
– Стаміўся я.
Стаміўся ён... Памёр і стаміўся.
Трэба йсці, калі выпраўляюць. Не чакаць жа, пакуль у каршэнь папруць. Вунь іх, мужыкоў, хоць і нябожчыкаў, чацвёра ды яшчэ гэтая баба худая. Яна нібыта й не за іх, але не надта й за яго...
Сяўко падняўся і на аслаблых нагах, якія да ўсяго, як яму падалося, скрывелі, бо чапляліся адна за адну, падаўся да дзвярэй, у якіх успомніў, што не ўзяў карціну. Не пакідаць жа, калі нічыя...
Ён вярнуўся. У пакоі, дзе толькі што яго дурылі рускія літаратары з польскім паэтам, стаяла канапа, на якой ляжаў Кашын. У ягоных нагах сядзеў на канапе Каржакевіч, на венскім крэсле ў галаве Кашына - Маслюк, а збоку на зэдліку - Зусман. Увесь аддзел маставікоў іх праектнага інстытута - і ўсе яны, павярнуўшыся ў адзін бок, глядзелі на Любу, якая наводзіла на іх вочка фотаапарата.
– Во якраз і Сяўко, - падняўся з зэдліка Зусман, якога тыя махляры, якія толькі што тут былі, невядома як, але вярнулі з Ізраіля.
– Я каля Маслюка стану, а ты сядай на маё месца. Паміж Польшчай і Расіяй!
Гэта ён намякаў на тое, што Каржакевіч - паляк, а Маслюк - рускі. Знайшоў з кім прапанаваць сесці... Ведаў бы гэты Зусман, які заўсёды бліжэй да начальства месца выбіраў, таму і ў Ізраіль з’ехаў, побач з кім ён, Сяўко, толькі што сядзеў!
– Ну і што?..
– спытала Люба.
– Гэтакі ўжо гонар побач з нейкімі старасвецкімі паэтамі пасядзець! Хто іх зараз чытае, усе тэлевізар глядзяць...
– і яна нацэліла фотаапарат.
– Ты карціну адсунь, замінае.
Не, Люба не жанчына культуры, добра, што ён з ёй не ажаніўся. Яна карціну мастака І. А. Крамскога «М. А. Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» ні за 130, ні за 85 рублёў не купіла б! Задушылася б яна за 130 рублёў, гэта табе не Алёна...
Не пытаючыся, скуль Люба пра ягоныя пасядзелкі са старасвецкімі паэтамі ведае (мусібыць, Зусман, які не толькі да начальства бліжэй ладзіцца, але і ў кожную шчылінку зазірнуць не праміне, прабалбатаўся), Сяўко пажадаў гаспадару папраўляцца, забраў карціну і рушыў з кватэры, якую Кашын прагуляў Някрасаву ў карты, але пасля, падобна, у нешта адгуляў. Толькі не ў карты, бо Кашын нават у дурня гуляць не ўмее. Хоць, калі паглядзець на ўсё з іншага боку, дык як сказаць...