Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларускі тэатр

Аляхновіч Францішак

Шрифт:
Ішлі, ішлі валачобнікі Ува цёмный ночы ды па гразнай гразі, Валачыліся ды й абмачыліся, Шаталіся і баўталіся, К багатаму дому пыталіся. [13]

Але гэта ўжо не прафэсыяналы — пявуны, гэта людзі, якія зьбіраюцца ў грамаду часова, якія зьбіраюцца ў грамаду часова, толькі ў пэўную пару году. Бяднейшыя сяляне зьббіраюцца ў грамаду ад 3 да 6 чалавек, а часам балей, падбіраюць галасы і йдуць славіць сьвята па вёсках, мястэчках, сялянскіх хатах. Наперад ідзе механоша і нясе ў руках або на плячы даўгую палку, на якой тырчыць уваткнуты кусок сала. Падайшоўшы да двара, яны пачынаюць за пачынальнікам пяяць асобыя народныя вялікодныя песьні, у канцы якіх славяць гаспадара і гаспадыню (гэтак і скамарохі), атрымоўваюць сьвяточныя падарункі ды йдуць далей [14] ).

13

Шейнъ. Блор. народ. псни.

14

П. Безсоновъ. Калки перехожіе. Часть II. Выпуск 4.

Калядоўшчыкі — гэта тое самае, што й валачобнікі, але атрымоўваюць новы назоў ад сьвята Каляды. Ходзяць гуртом хлопцы з дзяўчатамі, мужчыны, жанчыны — але бяднейшыя, бязхатнія або безьзямельныя. Калядоўшчыкі аднак — гэта не жабракі, ня старцы, яны ня просяць, а вымагаюць дароў ад сьвятога стала: гэта ім належыцца, гэта іхняе права, гэта сьвяточная ахвяра. І ім ахвотна даюць. Ясна, што гэта быўшыя некалі жрацы, а цяпер як-ні-як слугі сьвята, прадстаўнікі душы яго, самае істоты Каляды [15] .

15

П. Безсоновъ. Калки перехожіе. Часть II. Выпуск 4.

Цытаваны тут намі няраз П. Бязсонаў так апісвае гэты абразок з народнага быту:

…«Ад вакна да вакна нясецца харавое пяяньне, там рэзкі мужчынскі голас, там дзіцячы звонкі; то сьцелецца па вёсцы, дзе яна скучана, то сярод раскінутых хат і фальваркаў, між надзеламі і палямі, садамі ды гаямі; замоўкне тут, загудзе ў іным кутку; уся ваколіца ажыла і жыве; слухае ціхая і сьвежая сівая, белаватая ноч беларуская слухае і кліча прыслухоўвацца да гэтых урачыстых часін Каляды»… [16] .

16

П. Безсоновъ. Блорускія псни.

II

У канцы XV сталецьця ў заходня-эўрапэйскай літэратуры зьяўляецца новая форма драматычнай творчасьці, выкліканая асобымі абставінамі тагачаснага інтэлектуальнага жыцьця і разьвіваўшаяся выключна ў школьных мурох, дзеля чаго яна й атрымала назоў школьнай драмы.

Першая мэта школьнай драмы была чыста практычная: ішло аб тое, каб навучыць моладзь лацінскае мовы, прывучыць казаць у публічных мясцох лацінскія прамовы, вырабіць сьмеласьць і чыстату дыкцыі, навучыць жэстаў і патрэбнай для прамоўцы мімікі.

Спэктаклі ў школах ўсё больш ды больш уваходзяць у звычай, а пасьля робяцца навет абавязковымі. Езуіты ў старой Польшчы амаль цалком, апанавалі школьнае выхаваньне, пакрыўшы ўсю старонку сеткай сваіх кольлегій, і школьныя спэктаклі былі тут аднэй з важнейшых праяваў драматычнай літэратуры.

Як ува ўсім, гэтак сама й у драматычным мастацтве, езуіты хацелі быць першымі. І, дзякуючы захвату ў свае рукі школьнай справы, дзякуючы ўплыву на душы моладзі, якую выхоўвалі ў сваіх кольлегіях, акадэміях, мелі за сабой шмат людзей набожных, якія ня умелі адрозьніць рэлігіі ад езуітаў. Але, ня гледзячы на ўсю сваю хітрасьць і вялікі ўплыў, ня мелі доступу да сэрца народу.

Гісторыя езуіцкага тэатру абыймае больш за два сталецьці ад 1571 году да 1773. Яна цесна зьвязана з гісторыяй езуіцкай школьнай справы і яе разьвіцьцём.

Езуіты сарганізавалі ў Польшчы агулам каля 29 тэатраў: у XVI сталецьці было чатыры школьныя тэатры, у XVII сталецьці паявілася 16 новых, у XVIII — яшчэ дзевяць. У гэтым ліку ў Вільні арганізуюцца школьныя спэктаклі ад 1574 г., у Пінску — ад 1662 г., у Наваградку — ад 1681 г., у Менску — ад 1692 г., у Слуцку — ад 1715 г., у Несьвіжы — ад 1723 г., у Полацку — ад 1723 г., у Віцебску — ад 1766 г., у Слоніме — ад 1769 г. [17] . У Польшчы, як ведама, побач з мовай польскай была абавязкова лацінская і вось тут школьны тэатр, таксама як і ўсюды, меў на мэце добра навучыць моладзь штучна прышчапляўшайся да жыцьця клясычнай мовы. Каб дайсьці да гэтае мэты езуіцкія кольлегіі падгатаўлялі вучыцялёў, якія, пішучы лацінскія драмы, прышчаплялі моладзі мёртвую мову.

17

Stanislaw Windakiewicz. — Teatr kollegj'ow jezuickich w dawnej Polsce. Krak'ow. 1922.

Пісаліся п'есы вельмі адна да аднэй падобныя. Характэрнай адзнакай гэтай творчасьці была тэндэнцыйнасьць, напрамак уморальняючы, шмат там было альлегорычнасьці, а мала мастацкага знаёмства з жыцьцём і чалавекам. Езуіцкі тэатр мае свой уласны рэлігійна-моральны тон.

Школьнаа драма дала ўсё, што толькі даць яна магла, не зьмяняючы сваей істоты. Тут мы бачым усялякія мэтаморфозы, землятрасеньні, буры на моры; на сцэну зьяўляюцца драконы, духі, пекла з чартамі, Олімп з усімі багамі, усялякія алегорычныя фігуры і г. п. Гэткім чынам езуіцкая школьная сцэна ёсьць надта цікаўны матэрыял для гісторыі наагул тэатральнай тэхнікі і дэкаратыўнага мастацтва. Але матэрыял, які дагэтуль удалося знайсьці, ня надта багаты. Пасьля пажару ў Любліне ў 1758 г., у каторым згарэў касьцёл і люблінскія школы разам з іхнім студэнцкім тэатрам, засталося апісаньне гэтай падзеі, дзе аўтор падрабязна апісвае тэхнічнае ўстройства гэтага школьнага тэатру. Сцэна асьвятлялася згары: падлога была з нахілам у бок публікі (як і ў сучасных тэатрах); замест бакавых куліс ужываліся шэсьць пабудаваных з рам чатырохвугольных стаўпоў (па тры з кожнага боку сцэны), каторых кожная сьценка была пакрыта іншай дэкарацыяй — то відам лесу, то дамоў, то сьцен палацаў, то агню або хмар. Гэтыя стаўпы паварачваліся на сваіх восях і гэткім чынам давалі глядзельнікам уражэньне лесу, або вуліцы, або палацу, або пекла ці неба і г. п. Між гэтымі стаўпамі былі праходы, праз якія артысты ўваходзілі на сцэну. Задняя дэкарацыя дапасованая сваім рысункам да бакавых, складалася з дзьвёх палавін, якія разсоўваліся ўлева і ўправа. Апрача таго ў памянёным апісаньні гаворыцца, што тэатральная саля была мураваная і мела восем вакон, а сцэна была драўляная, аддзеленая ад публікі разсоўвываўшыміся параванамі, якія замянялі цяперашнія заслоны [18] .

18

Windakiewicz. Teatr koll. jez. w dawn. Polsce.

Сюжэт камэдыі бываў выдумляны або браўся са сьвятой гісторыі, легэндаў, жыцьця сьвятых, або гісторыі сьвецкай (галоўным чынам грэцкай або рымскай). Гэткім чынам школьная драма часта мела многа супольнага з даўнішнімі містэрыямі.

Характэрнай ад'знакай усіх гэтых п'ес быў значны лік выступаўшых асоб, што не давала аўтору магчымасьці акуратнай характэрыстыкі і было перашкодай у мастацкай композіцыі. Але няма што казаць аб мастацтве ў школьнай драме. Калі часам і здарыцца якая сьмялейшая спроба, мастацкі парыў, дык яны расплываюцца ў шэрым моры бяздарнасьці. Але гэты тэатр (як мы ўжо казалі) быў выкліканы да жыцьця чыста практычнымі мэтамі. Тут ішло аб тое, каб усе вучні былі ў п'есе заняты, і, чым больш іх было ў даннай кольлегіі, тым балей дзеячых асоб было ў пісаўшыхся для іх п'есах. Былі п'есы, ў якіх лік асоб даходзіў да 200, а часам навет і балей.

Самая п'еса пісалася на лацінскай мове, іншыя-жа часткі яе — пролёгі, хоры, эпілёгі — на мове народнай. Апрача таго на народнай мове пісаліся інтэрмэдыі або інтэрлюдыі.

Шмат глядзельнікаў не разумела мовы, на якой была напісана п'еса, а сачыла за ходам дзеі па пісаным або друкаваным праграмам, раздаваўшымся публіцы. Каб даць магчымасьць публіцы, зморанай нуднай школьнай драмай, крыху пасьмяяцца і адпачыць душой, а з другога боку, каб даць час айцам дэкаратарам, якія, падкасаўшы свае сутаны, ў поце чала разам з сваімі выхаванцамі перастаўлялі дэкарацыі і прыгатаўлялі замыславаты рэквізіт для чарговага акту, — між актамі п'есы ставіліся інтэрмэдыі.

Інтэрмэдыі — гэта невялічкія жывыя сцэнкі, якія маюць у гісторыі школьнай драмы вельмі важнае значэньне. Зьмест гэтых вясёлых сцэн браўся са сьмяхотных гісторый, розных фатэцый, народных анэкдотаў і наагул з народнага быту. Тут дзеячымі асобамі былі ўжо не багі, не каралі, не сьвятыя і не антычныя героі, а — сяляне, цыганы, жыды, жаўнеры ды іншыя прадстаўнікі гарадзкога або вясковага пралетарыяту. Інтэрмэдыі рана зьяўляюцца неабходным дадаткам да школьнай драмы. У Нямеччыне ўжо ў пачатку XVI сталецьця сьмяхотныя сцэнкі на нямецкай мове ўстаўляліся ў лацінскі тэкст школьных п'ес. Езуіты, якія спачатку не пазвалялі рабіць гэткія ўстаўкі на народнай мове, пасьля ня толькі дапусьцілі іх, але навет узаконілі ў сваіх падручніках і пакінулі пасьля сябе шмат ітэрмэдыйнай літэратуры.

Дзеля таго, што мовай нашага «паспалітага люду» была мова беларуская, дык і інтэрмэдыі, якія ставіліся ў нашым краі, пісаліся галоўным чынам пабеларуску. Тут людзі ніжэйшага стану, як напр. селянін, жыд, цыган, гаварылі заўсёды пабеларуску, але ролі вартаўнікоў, старажоў і г. п. асоб, якія мелі стычнасьць з вышэйшымі клясамі і ўжо пасьпелі годзі апалячыцца, пісаліся, згодна з жыцьцёвай праўдай, папольску. Гэтак сама папольску вельмі часта праўмаляў і чорт, як прадстаўнік пэрсонажаў з больш шырокім сьветапаглядам, больш эдукаваных, а знакам тым таксама ўжо апалячаных.

Поделиться с друзьями: