Беларускі тэатр
Шрифт:
Штогодняя зьмена вучняў не дапускала, каб у езуіцкіх кольлегіях утварылася нешта накшталт драматычнай студыі. Езуіцкія школы мелі заўсёдныя тэатры, але ня мелі на мэце ані выхоўваць драматычных аўтораў, ані актораў-прафэсыяналаў. Навука лацінскай мовы ды пэдагогічныя мэты не давалі разьвіцца духу мастацкай ініцыятывы [35] .
Мобілізацыя да спэктаклю ўсіх вучнёўскіх сіл, не разьбіраючыся, ці мае хто з іх сцэнічны талянт, ці ня мае, — не магла — рэч зразумелая — даць спэктакль закончаны з мастацкага боку. Ды й самі «акторы», мусіць, глядзелі на сваю «творчасьць» больш як на частку праграмы вучэньня, як на школьную прынуку, чымсь на мастацкую працу. Вуйціцкі [36] апісвае забаўнае здарэньне, якое было ў Полацку на езуіцкай сцэне ў часе спэктаклю «Sciecie 'sw. Jana». Вучань, які прадстаўляў тулавішча сьвятога Яна і ляжаў на сцэне з пакрытай галавой, заснуў і пачаў храпсьці. У гэты час другі, які быў загрыміраваны на сьв. Яна і сядзеў пад сцэнай, высунуўшы толькі праз дзіру ў падлозе сваю галаву, прадстаўляючы гэткім чынам адсечаную галаву мучальніка, пачуўшы храпеньне свайго таварыша, пачаў голасна сьмяяцца. Ведама, публіка, пабачыўшы шчырую вясёласьць адсечанай галавы сьвятога. ня менш шчыра разьвесялілася.
35
Windakiewicz. Teatr koll.jez.
36
Kazimierz W'ojcicki. Teatr starozytny w Polsce. Warszawa. 1841.
Але выступленьні ў інтэрмэдыях, дзе патрэбны быў меншы лік дзеячых асоб і дзеля гэтага лягчэй можна было падабраць адпаведны з прыродным юмарам акторскі матэрыял, маглі адзначацца большай мастацкай стараннасьцю. Ды й жывая народная мова, жывы, вырваны з жыцця сюжэт, просты шчыры юмар інтэрмэдыі большы, мусіць, мелі пасьпех у вясёлых жакаў і больш мелі ахвочых да выкананьня ролі мужыка, чарта ці цыгана, чымсь да няцікаўнай ролі тулавішча сьвятога Яна.
Вышэй сказана, што некаторыя інтэрмэдыі разыкрываліся на салі пасярод публікі. Дзеля таго, што ў той час, як разыгрывалася інтэрмэдыя, сцэна была занята перестаноўкай дэкарацыі для чарговага акту, трэба думаць, што інтэрмэдыі амаль што заўсёды разыгрываліся перад заслонай на авансцэне. Гэтая дагадка мае сваю падставу яшчэ й дзеля таго, што таксама і некаторыя алегарычныя фігуры — як адзначана ў рукапісах — прамаўляюць «ante proscenium» [37] .
37
Глядзі: Windakiewicz. Teatr koll. jez.
Узяты з народнага штодзеннага жыцьця зьмест інтэрмэдый, іх чыста народная мова і юмар рабілі з іх папулярныя спэктаклі і былі прычынай іх шырокага распаўсюджаньня. Школьнікі, зьявіўшыся на вакацыі ў свае родныя сёлы і вёскі, хацелі паказаць сваё здабытае ў школьных мурох «мастацтва» і часта ладзілі спэктаклі, карыстаючыся тым рэпэртуарам, які яны вынесьлі са школы і, бязумоўна, перад вясковымі глядзельнікамі гулялі не лацінскія драмы з незразумелымі для народу клясычнымі героямі, пэрсонажамі грэцкай або рымскай міфалёгіі або здарэньнямі з жыцьця сьвятых, — але беларускія інтэрмэдыі.
І школьнікі, жакі, разносілі новую творчасьць па ўсяму народу, гуртом і паасобку, у хаты і на вясковыя пляцы. Адным словам, яны занялі месца старадаўніх народных скамарохаў, вясёлых людзей.
У гэтых просьценькіх сцэнках школьная драма мела стычнасьць з жыватворнымі элемэнтамі народнага жыцьця і паэзыі. Як процілежнасьць схолястычнай адарванай ад жыцьця дзеі драмы, інтэрмэдыя адбівала ў сабе жывое запраўднае жыцьцё. У лёгкай сьмяхотнай форме яна паказвала народны быт з усімі ягонымі асаблівасьцямі, часта пранікаючыся рэлігійнымі і палітычнымі інтарэсамі масы. Аддаляючыся ад школы, уваходзячы на шлях асаблівага самастойнага разьвіцьця, інтэрмэдыя прытарноўвалася да смаку сваей публікі, прыцягвала яе сваім одклічам на сучаснасьць і рабілася усё балей ды балей падобнай да старадаўніх сярэднявечных фарсаў. Выведзеныя ў ёй тыпы захоўвалі ўсе асаблівасьці свайго характэрнага аблічча. А дзеля таго, што адным з самых звычайных тыпаў звяўляецца chlop, rusticus, беларускі селянін, які гаворыць на сваёй роднай мове, дык сьмела, ня гледзячы на тое, што гэтыя п'ескі выйшлі з польскай школы, можам у іх бачыць першыя прымернікі беларускае драматычнае літэратуры [38] .
38
Безсоновъ. Блор. псни.
Школьная інтэрмэдыя, як бачым на прыкладзе камэдыі Морашэўскага, мала-па-малу пачала ўжо разьвівацца ў цэлую камэдыю. Але далейшае разьвіцьцё яе ўстрымалася ў сваім зародышы. Езуіцкія кольлегіі, сыграўшая гэткую ролю ў гісторыі тэатру ў межах Рэчыпаспалітай наогул, а ў гісторыі беларускага тэатру асабліва, кончылі сваё жыцьцё і ўжо ніхто не працягваў далей распачатай працы. У пачатку XIX ст. у час расьцьвету романтызму польскія паэты зямлі Беларускай няраз бралі сабе натхненьне і тэму з беларускай песьні або з беларускага народнага быту, самі навет часам складалі беларускія вершы (Чэчот), але ня важыліся вялікшы твор свайго духа апрануць у словы «простай» сялянскай мовы. Гэтак напр. А. Міцкевіч, які, прыехаўшы з Наваградку ў Вільню, яшчэ ня зусім добра ўладаў літэратурнай польскай мовай, у творах каторага шмат «prowincjonalizm»'аў, пісаўшы сваю драматычную паэму «Dziady» — твор, для якога канвой паслужыў стары абрад беларускага люду, дзе цэлыя сцэны быццам жыўцом вырваны з беларускага быту, — мовы беларускае ўжо ўжыць не важыўся. І толькі ў палове мінулага сталецьця пачынае зьвязывацца разарваўшаяся на працягу амаль што ня цэлага сталецьця нітка беларускай драматычнай творчасьці і кладзе фундамэнты пад беларускую драму.
Па прыкладу езуіцкіх кольлегій у некаторых праваслаўных школах таксама паявіўся звычай прадстаўляць камэдыі, каторыя пісаліся таксама вучыцялямі рыторыкі. З XVIII сталецьця захаваліся дзьве зьявы гэткай «камэдыі». У абодвых выступае беларускі селянін, які па свайму характэру і стылю надта падобны да сялян, якія выводзяцца ў езуіцкіх інтэрмэдыях.
У першай сцэне селянін, падвыпіўшы, зайшоўся ў касьцёл і тут, пачуўшы касьцёльную музыку, пачынае скакаць. Сюжэт гэты ўзяты з жывых анэкдотаў, якія хадзілі між беларусамі. Монолёг селяніна пачынаецца гэтак:
— Охці мне, ці ведаець то гэта мая баба, што я ў гэта ліха папаўся і гэтым бяздзельлем абчыпаўся, калі-б ужо і на сьвеце не было!.. А ўсё яна, як вужа віламі, так мяне: «ін ідзі ды ідзі ў Любавічы, ці не пападзіцца чаго гуляючы; і Богу памаліся і з сваімі павідзіся. А вось такі й ці пападзецца чаго купіць», — а ўсё калі-б мужыка з двора збыць. Праўда, я стары, а яна бабёнка ў сіле. Ох, калі-б яе калом у зямлю! Ну вот, праўды яе і паслухайся ды й падзісь!..
Пасьля ён спатыкаецца з кумам, яны выпілі гарэлкі ды пайшлі ў касьцёл.
— Ажно там і сталі бразгаць, панашаму то к абедні, а па іх к «замшы»; вот я й падзісь у іх касьцёлу, ажно там як зайграюць: хто ў дудачкі, хто ў сьвісьцёлачкі, а хто ў тарарычкі. Вот я, праўда, ня быўшы ліх, ды й падзісь скакаць…
Далей выступаюць сын яго і Паляк. Сцэнка канчаецца бойкай, што наогул часта спатыкаецца і ў іншых інтэрмэдыях [39] .
У другой сцэне дыялёг двох дурных мужыкоў Сьвірыда і Зьмітрока, у якім Сьвірыд разсказвае аб сваёй першай споведзі, а Зьмітрок аб малітве сваіх бацькоў.
39
Карскій. Блорусы. Том III.
…«Яны маліваліся па прастацкаму, а не па пісьмянаму… Слава цябе, Госпадзі, сушчую, часнейшую, ізбраны ваявода, радуйся нявеста, усі чыны манашаскія, сьвятая трапеза… і кала, і двара, і скацінкі, і шарсьцінкі, алілуй нас да канца века Амінь. І шарпні, Госпадзі, па душы і па целу, па жонцы і па дзеткам, сьвятое сягоньня, сьвятое і заўтра…»
Увесь гэты дыалёг робіць уражэньне надта карыкатурнае, але аднак малітва Зьмітрока, як сьведчаць запіскі этнографаў XIX ст., дзе пападаюцца падобныя «малітвы», магла быць сьпісана з натуры [40] .
40
Карскій. Блорусы. Т. III.
III
У манастырох у каляднае сьвята наладжывалася багата аздобленая калыска, у каторай ляжала фігурка, прадстаўляўшая новароджанае дзіця, а па бакох стаялі Маці Божая і сьв. Язэп. Адбываліся розныя абрады і пяяліся «кантычкі». Яшчэ большым посьпехам карысталася батлейка, шопка, польскія jaselka. Гэта быў пераносны балаганчык або вялізная скрынка для прадстаўленьня. Наладжывалася гэта вельмі багата ў манастырох пры ўчасьці вучоных кольлегіяў і паказывалася народу ад абеду да вечару. Зьмест гэтага спэктаклю быў самы блізкі сьвяту: ражство Хрыста, пакланеньне трох каралёў, Ірад і г. п., а таксама і сцэны старой сьвятой гісторыі — Адам і Эва, Абрагам і інш. Сюды устаўляліся і сцэны народныя, старыя і ўсім ведамыя, але аднак для ўсіх глядзельнікаў цікаўныя: тут выступалі пэрсонажы з народу, разыгрываліся любоўныя сцэны, былі скокі, карчма з яе п'янымі сцэнамі і з шынкаркай, жыд у розных падзеях, каторага ўрэшце забірае чорт і г. п. Рэчытатывы або лібрэтто будзілі ў слухачоў, у народзе, гэткія ўзрывы сьмеха ды радасьці, што іншы раз слугам касьцёльным прыходзілася разганяць надта разыйшоўшыхся. Біскупы ўрэшце былі прымушаны забараніць гэтакі тэатр. Новіціяты і жакі, ведама, разьнесьлі паасобныя сцэны па корчмах, вёсках, хатах. Прадпрыемства было надта выгоднае і знайшлося шмат «антрэпрэнэраў», хадзіўшых з пераносным тэатрам і са сваімі згоднымі, бо няжывымі акторамі.
Шмат прасьцей і выгадней было замяніць жывых актораў лялькамі, выступаўшымі на сцэне пераноснага тэатру-батлейкі. Тутка лік пэрсонажаў мог быць павялічаны да якой хочаш цыфры, а для кіраваньня гэткім тэатрам хапала двох чалавекаў. Апрача таго, маючы лялькі, ня трэба было ані касьцюмаў, ані грыму, дзеля таго што ўсё было ўжо загадзя раз назаўсёды наладжана. Магчыма, што гэткія вось практычныя думкі прычыніліся да разьвіцьця батлеечнага тэатру.
Бацькаўшчынай батлейкі трэба лічыць Нямеччыну з яе вядомымі сярэднявечнымі містэрыямі. Адсюль батлейка перайшла ў Польшчу, далей у Вільню, у Кіеў, а пасьля пры старанным учасьці манастыроў і царкоўных брацтваў распаўсюджылася па ўсей Беларусі.