Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларускі тэатр

Аляхновіч Францішак

Шрифт:

Батлейка была самай распаўсюджанай сьвяточнай забавай на рэлігійным грунце ня толькі для дзяцей, але навет і для сталых, асабліва ў сялянскім быце.

Батлейка, як народная асыміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмэдыямі, у бытавой сваёй частцы вельмі жыва паказвае нам штодзеннае жыцьцё народу з розных бакоў, інтэльлектуальнае разьвіцьцё яго, ягоныя сымпатыі і антыпатыі. Астаючыся у мурох школы, беларуская драматычная літэратура пры ўсёй сваёй увазе да народнага жыцьця ніколі не магла да гэтага жыцьця падыйсьці так блізка, гэтак безпасрэдна аднесьціся да яго, як батлейкавая п'еса, прадукт народнай творчасьці. Вось чаму батлейка здабыла сабе гэтакую папулярнасьць і гэтак доўга трымалася ў народзе, як яго любімая сьвяточная гульня.

Беларуская батлейка гэта ёсьць невялічкая скрынка або домік, разьдзелены на два повері, з каторых верхні назначаны для паважнай дзеі, а ніжні для інтэрмэдыяў. За задняй сьценкай гэтага доміку працуе схаваўшыся «рэжысэр» спэктаклю, які водзіць лялькі і фігуры на дроціках па дарожках, прарэзаных у падлозе сцэны, і гаворыць за іх рознымі галасамі, у залежнасьці да ролі дзеячай асобы. Разам з батлейкай носяць звычайна і зьвязду. Гэта ёсьць ліхтарня з таўстой нацёртай тлустасьцяй паперы, ад якой ідуць у розныя бакі шэсьць рагоў або праменьняў. Гэтая ліхтарня трымаецца на вялікай палцы непарушна, а праменьні пры помачы блёку і працягнутай да яго вяроўкі круцяцца навокал восі. З аднаго боку ліхтарні нарысаваны круглы чалавечы твар або сонца, а з другога пакланеньне трох каралёў або нешта іншае. У сярэдзіне ўстаўлена сьвечка, якая асьвятляе гэтыя фігуры і ўсю ліхтарню. Хлопцы, якія носяць «зьвязду» і батлейку пяюць колядкі і кантычкі, каторыя служаць пралёгам спэктаклю. У самай п'есе галоўнай аснаўной сцэнай ёсьць сьмерць Ірада; перад ёй ідуць сцэны пакланеньня пастухоў і трох каралёў.

Беларуская батлейка мае шмат супольнага з украінскай у першай, г. зн. у паважнай сваёй частцы і розьніцца ад яе толькі камічнымі бытавымі сцэнамі другога акту. Гэтыя бытавыя сцэны маюць чыста мясцовы характар.

Да апошняга польскага паўстаньня (1863 г.) — піша расейскі вучоны П. Бязсонаў [41] ня было на Беларуси кутка, дзе-бы ня бачылі гэтага вандроўнага балаганчыка, скрыначкі, старой, пераходзіўшай з рук у рукі, папраўленай, або з большымі клопатамі на нова зробленай. Ня было месца, асабліва на вёсцы або на сяле, дзе-бы хаця адзін раз на Каляду не было гэткага прадстаўленьня, і толькі безперарыўнае ваеннае палажэньне апошніх гадоў — (пісана ў 1871 г.) — спыняе гэту свайго роду народную роскаш. Самы любімы зьмест гэтых сцэн, паскольку яны захаваліся, — гэта мужык, селянін ува ўсякіх сваіх відах, галоўным чынам у трагікамічных адносінах да пана, да жыда, з каторым распраўляецца па свойму за ашуканства або зезаплочаны свой доўг, да доктара і вучыцеля, каторыя выглядаюць дурнямі перад простай непапсаванай натурай селяніна, да жонкі, якую ён карае за здраду або яна яго за карчму; далей жыдоўскі шабас, штукі цыгана з канём і г. п.

41

Безсоновъ. Блорусскія псни.

Гэтых дыалёгаў чыста народнага характару ня толькі ніхто не друкаваў, але навет ніхто й не сабіраў. А гэта-ж зачаткі народнага тэатру, як і ўсюдых у Эуропе ў сярэднія вякі, зачаткі, якія нарадзілі італьянскую камэдыю і навет, можна сказаць, Шэксьпіра.

Расейскі вучоны П. Бязсонаў, якога цытаты мы тут часта-густа зьмяшчаем, піша аб значэньні, якое мелі гэткія спэктаклі для разьвіцьця расейскага тэатру.

Друкуем тут даслоўна тое, што ён піша аб гэтым:

«Плодотворны оказались у насъ (ў Расеі — Ф. А.) заносныя представленія, когда, благодаря Полоцкимъ и подобнымъ пришельцамъ, проникли ко двору прі Алексе, Софіи, и Петр: представлявшіяся въ нихъ, по происхожденію Блорусскія, извстныя Мистеріи, не смотря на серіозное содержаніе, называвшіяся иногда Комедіями (напр. о Страшномъ Суд), дали начало нашему публичному театру, а вскор, по вліянію Двора, примкнувшее содйствіе иностранцевъ создало изъ этихъ начатковъ постепенно художественный театръ»…

Раманаў акуратна [42] апісвае батлейку, купленую у 1898 г. для Магілёўскага губэрнскага музэю ў вёсцы Бычы, Быхаўскага пав., Магілёўскай губ.:

Батлейка — гэта пераносная двохпаверхная скрынка, разьдзеленая на дзьве часткі. Праз прарэзы ў падлозе батлейшчык варушыць фігуры-лялькі, прымацованыя на дроціках або тонкіх палачках. Падлога на сцэнах пакрыта заячымі скуркамі, каб глядзельнік ня бачыў прарэзаў, па якіх ходзяць фігуркі.

Кожная сцэна мае тры аддзелы: цантральны вялікі, дзе адбываецца прадстаўленьне, і бакавыя меншыя для ўваходаў і выхадаў. Сцэна верхняга паверху прадстаўляе месца, дзе радзіўся Хрыстос. Тут ёсьць ясьлі, сена, каровы, авечкі. Абставіны ўбогія. Толькі над батлейкай наклеены тры зоркі з каляровай паперы. Цемра, вакон няма.

42

Е. Р. Романовъ. Блорусскіе тексты вертепнаго дйства. Могилевъ. 1898 г.

Сцэна ніжняга паверху сьветлая і абстаўлена багацей. У сярэднім аддзеле залочаны трон Ірада пад балдахінам. Гэта ёсьць рэзыдэнцыя Ірада і сцэна для жанравых прадстаўленьняў [43] .

Рэпэртуар батлейкі: 1) цар Ірад і 2) жанравыя сцэны.

Мы ў скарочаньні даем паводле Раманава зьмест гэтага батлеечнага спэктаклю.

Прадстаўленьне пачынаецца на сцэне верхняга паверху. Уваходзяць два пастухі, апранутыя ў беларускія сялянскія вопраткі, падходзяць да калыскі, кланяюцца навароджанаму Хрысту. Хор пяе «кантычкі».

43

Велічыня батлейкі, якую апісвае Раманаў была гэткая: вышыня 1 арш. 14 вярш., шырыня 1 арш. 2 вяр., глыбіня 9 вяршкоў.

Пасьля гэтага дзея пераходзіць у ніжні паверх. На сцэне стаіць трон, абіты чырвоным сукном або залочаны, і ходзяць па сцэне тры жаўнеры. Уваходзіць Ірад апрануты ў чырвоную вопратку, з каронай на галаве, і сядае на трон. Праз увесь гэты час пяе хор, аб'ясьняючы значэньне таго, што дзеецца на сцэне.

Дзея ізноў пераносіцца на верхні паверх, дзе сьв. Язэп і Маці Божая з дзіцянём. Прыходзяць тры каралі. Зьяўляецца ангел. Хор пяе, аб'ясьняючы значэньне сцэны. У часе гэтага пяяньня дзеячыя асобы выконваюць жэсты, адпаведныя да зьместу песьні. Пасьля праз сцэну праходзіць сьв. Язэп, за ім едзе на асьле Маці Божая з дзіцянём на руках. Яны спатыкаюцца з ангелам, які вітае іх і неразборліва ехаць у Эгіпэт.

Далей дзея разыгрываецца ў ніжнім паверху. Ірад загадвае жаўнерам паклікаць чорнакніжніка і пытаецца ў яго, дзе радзіўся Хрыстос. Чорнакніжнік адказвае, што ў Батляеме. Ірад пасылае вояў паперабіваць там усіх дзяцёнкаў. Воі выходзяць, пасьля варочаюцца і «кажуць», што пазабівалі чатырнаццаць тысячаў і толькі адна Рахіля не дала забіць сваё дзіця і ідзе сюды прасіць літасьці.

Уваходзіць Рахіля, апранутая як бедная беларуска з дзіцянём на руках. Ірад загадвае забіць дзіця. Рахіля у роспачы бегае па сцэне і плача. Хор пяе: «ня плач, Рахіль!» супакойваючы яе, што дзіця пайшло на неба, а Ірад пайдзе да пекла.

Рахіль:

Ірад ты пракляты! Пойдзеш ты аж да аду К Люцыпару на параду. У вагні табе гарэць, У смале табе кіпець.

Воі па загаду Ірада выганяюць Рахілю. Зьяўляецца Чорнакніжнік і прадсказвае Іраду сьмерць.

Ірад кліча жаўнераў: «вы пры парозе станьце… сьмерці да мяне не дапушчайце!..»

Убягае на сцэну Ксёндз: о, пшэнжэ, о пэнжэ, о бэмбуе, протобэмбуе! Сьвента панна Марэя! О, Іродзе, окрутніку, спокайся! За твое велькія злосьці прыдуць зараз дзяблі і вэзьмуць твою душу з косьцю ад таковэго пана нешляхэтнэю, на векі веком, амэн!

Жаўнеры Ксяндза праганяюць. Урываецца на сцэну Сьмерць у постаці шкілета з касою ў руках. Жаўнеры ўцякаюць.

Сьмерць:

О, ты, Ірадзе нясыты! О, ты, Ірадзе пракляты! Што ты тут лаеш? Ці ты мяне ня знаеш, Што вояў сьцерагчы застаўляеш, Убіць мяне павеляваеш? Я, васпане, усяму сьвету манархіня, Усіх цароў глаўнейшая І ў баі сільнейшая. Ну-жа з трону падымайся, Пад касу маю падстаўляйся, Табе востраю касою зрублю галаву

Ірад пагражае сьмерці, а яна адказвае:

Ці ня ты мае косьці будзеш жэч, Ці ня ты попел мой будзеш месьць? —

і кліча чарта на падмогу.

Зьяўляецца Чорт. Сьмерць адрубае Іраду касой галаву і чэзьне. Чорт (з хвастом, з рагамі і кіпцямі) трымае труп Ірада датуль, пакуль хор ня кончыць хаўтурную песьню:

Чалавеча бедны, Успомні час пасьледні! ………………… Сьмерць дзержыць у прымеце Усякага, Ня ўступіць манархам, Ані патрыярхам. Нікому. Із келій манахаў І дваран бяз страху Бярэ сьмерць. ………………… Чалавеча бедны Не правазнасіся… і г. д.
Поделиться с друзьями: