Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларускі тэатр

Аляхновіч Францішак

Шрифт:

Падбіраючы для драмы інтэрмэдыі, часам стараліся захоўваць нейкую, хаця-бы навет і далёкую, паўзьбежнасьць зьместу. Гэтак напр. гісторыя блуднага сына перапляталася з сьмяхотнай гісторыяй селяніна, зрабіўшагася «каралём». Блудны сын выяжджае з бацькаўскага дому; селянін едзе ў горад, там напіваецца і, варочаючыся назад, падае ды засынае пры дарозе. Праходзіўшыя міма жаўнеры хочуць пажартаваць з яго і апранаюць яго ў каралеўскую адзежу. Блудны сын гуляе са сваімі прыяцелямі і пасьля п'яны засынае. Селянін прачхнуўшыся бачыць, што ён кароль: жаўнеры ўслугоўваюць яму, запарожаскае пасольства прыносіць яму дар — мёд і гарэлку; ён напіваецца п'яны ды йзноў засынае. Блудны сын прачхнуўшыся бачыць, што прыяцелі яго абакралі, — селянін прачыхаецца ў сваёй старой сьвітцы і таксама разачарованы бачыць, што ён ужо не кароль, а бедны мужык… і г. п. [19] .

19

Drama de Filio prodigo et Metamorfosis rustici in regem.

Гэта інтэрмэдыя ёсьць свабоднай пераробкай на беларускі лад камэдый Пётры Барыкі «Z chlopa kr'ol» [20] і мае два варыянты. Другі варыянт вядомы пад загалаўкам Ludus Fortunae, vera olim, nunc in scenam data historia і цікаўны яшчэ з таго боку, што мы ў ім знаходзім адрыўкі народных песьняў.

На сцэну выходзіць, апіраючыся на цалку, п'яны селянін і пяе:

Сядзіць сава на каліне, сычык на другой, Азірнемся, аглянемся ажно на чужой…

20

«Z chlopa kr'ol», komedja dworska, od Piotra Baryki napisana i na dworze im. Pana A. L. wyprawiona. (1637).

(гаворыць): Сяргей! эй, Сяргей! за што ты мяне папіхаеш, ня йдзеш? Сяргей!.. (ізноў пяе):

Быў, быў Сямён баяр, Сем год яшчэ ня стар, Сам ляжыць на печы, Ногі на паліцы…

(гаворыць): Хмель! о, хмель! Куды ты мяне вядзеш, куды, хмяльнічаньку? Дай-жа пакой пакінь мяне!.. (падае). А я казаў, што так будзе!.. Дылі-дылі-дынь дынь!.. Максім, а, Максім! падлажы што пад галаву, сынку, Максім!.. (Засынае. Прыходзяць гарадзкія старажы, апранаюць яго ў панскую вопратку і пасьля будзяць):

— Mo'sci dobrodzieju! go's'c do wa'cpana'c przychodzi, wsta'n wa'cpan! Jegomo's'c pan Baro chce wa'cpanu sie llania'c.

— Максім, эй, Максім! дай пакой, спать хачу.

— Ale wsta'n wa'cpan, bo do wa'cpana pilny interes.

— Максім, ужо я табе кажу, дай пакой!

— Nie Maksim, ale jegomo's'c pan Baro chce wa'cpanu pokloni'c.

— Які баран? Я-ж учора зарэзаў… (прачыхаецца, крэсьціцца). Што гэта? ці людзі, ці чэрці? толькі штось і крыжа не баяцца…

Старажы стараюцца пераканаць яго, што ён пан, а яны яго «покоювцы», вучаць яго гаварыць папольску, даюць яму віно. Ен п'е, паўтараючы адзіную польскую фразу, якую навучыўся: «Pokoj'owcy! wina!». Пасьля засынае, прачыхаецца даўнішнім мужыком і надта дзівуецца, ня бачачы ані віна, ані слуг [21] .

Іншы раз гэткія сьмяхотныя сцэнкі замянялі сабой пролёг і эпілёг п'есы. У камэдыі аб Іосіфе (Comoedia de Jacob et Joseph Patriarchis) спэктакль пачынаецца ад таго, што ў школьную салю ўваходзіць селянін (rusticus) — беларус Іван і, пабачыўшы шмат публікі, зьдзіўлены пытаецца школьных старажоў:

21

П. О. Морозовъ. Исторія руского театра. Томъ I. С.-Петербургъ. 1889 г.

Панове, што за дзела будуць тут дзелаці, Ці ня свадзьбу на месцы сём будуць скакаці?

Стораж (aulicus) адказвае яму папольску:

Ja wiem, lecz tobie darmo nie powiem, Iwanie.

Іван:

Прашу цябе, скажы мне, міласьцівы пане!

Aulicus задае Івану розныя пытаньні, на якія той яму адказвае, а ў канцы aulicus у кароткіх словах аб'ясьняе зьмест п'есы. Іван пытаецца:

— А ці будзець-жа чорт з рагамі?

— Bedzie i ten… — адказвае яму aulicus і ў той-жа мамэнт выскаквае з-за куліс Чорт ды пачынае чапляцца да Івана і ганяцца за ім (як і ў сярэднявечных камэдыях чорт часам забягае са сцэны да публікі):

— А вось я бес, сызматыцкі сын!

Іван:

— Ідзі-ж, чорце, ад мяне да беса.

Чорт:

— Я цябе люблю.

Іван:

— Ды я цябе ня люблю [22] .

Трэба думаць, што клопат мужыка — schysmaticus'а, якому трудна адчапіцца ад прыстаўшага да яго Daemon'а, вельмі падабаўся сучаснай публіцы і выклікаў бурныя ўзрывы сьмеху.

22

Морозовъ. Исторія русск. театра.

Пасьля гэтага пачынаецца самая «камэдыя», ў часе каторай Іван, седзячы між публікай, голасна робіць свае ўвагі [23] , якія разьвесяляюць слухачоў, каторым мабыць дужа нявесела глядзець на нудную ад majorem Dei gloriam напісаную [24] лацінскую драму з моральнай тэндэнцыяй, можа й не для ўсіх зразумелую.

Пасьля п'есы йдзе замест эпілёгу другая інтэрмэдыя Intermedium de Schysmatico et Unito Catholico, напісаная прозай. Стораж — уніят пачынае параконваць праваслаўнага Івана, каб той перайшоў на уніяцтва.

23

Гэта ёсьць адна з самых старых інтэрмэдый, якія дайшлі да нашага часу, з рукапісу 1651 г. езуіта Эўст. Пылінскага з Горадна. (Е. . Карскій. — Блорусы. Томъ III. Петроград. 1921 г.).

24

Звычайна на езуіцкіх творах быў напіс: Ad majorem Dei gloriam beatissimaeque Virginis Mariae sempiternam laudem, omniumque sanctorum piam venerationem. (Для вялікшай славы Божай, вечнай хвалы Дзевы Марыі і чэсьці ўсіх сьвятых).

Вельмі цікаўна спрэчка, якую яны вядуць на гэту тэму. Мужык адказвае:

— Добра наша вера «усьмітыцкая» (схізматыцкая), ды такі, праўду мовячы, лепша ляцкая ды й «воняцкая», бо што лях, або «вонят», то й панок, а што «усьмятык», то мужык лядашчо. Ды што-ж, такі й добра: па Сеньку шапка. Мужыком — добрая мужыцкая вера, сабака зьесьць і бяз солі. Старая наша вера, праўда, ды й сьвет не малады…

Пасьля на сцэну зьяўляецца другі стораж і таксама стараецца пераканаць мужыка:

— Вельмі цябе люблю, мой мілы суседзе, як гарчыца мёд, хачу, каб ты быў у небе, гдзе ласно, гдзе хораша, гдзе мудра; а так «зостань» воніятам, бо воніяцкая вера сьветлая глыбокая, харошая…

Але гэтыя аргумэнты не пераконваюць мужыка:

— Што гаворыш — адказвае — як казёл у ваду гледзячы, калі ваша вера і высока і глыбока — ці хрэн-жа яе дасягнець? Калі гэта вера сьветлая, то нам грэшным да яе і не прыступіць.

— Што сяк выскепаўся на вру сьвятую? зараз цябе пачну кіем цесаці і так саб'ю, як горкая яблыка. Не пляці Гаўрыла-дурніла! вера наша добра, бо Богу любая, людзём спасенная.

Але й гэты аргумэнт з пэрспэктывай «кіем цесаці на горкае яблыка» яшчэ не прамаўляе да розуму «дурнілы», бо ён адказвае:

— Няхай будзе Богу хвала, чорту трасца, я «вонятам» ня буду, бо бацькі мае ня былі, а також хлеб ядалі, півцо вівалі з (без?) карчмы не бывалі, — што-ж мне гэтая прынясець вера?

Прапаведнік уніі пачынае злавацца і пужаць непаддаваўшагася мужыка пякельнымі мукамі:

— Стой, пастой, суседзе, прыйдзе на цябе суд Божы, прыйдзе з мёртвых паўстаньне, будзеш ня раз верашчаці, крычаці, кленаці… есьлі схізмы не пакінеш!

— Што-ж — адказвае прастадушна мужык — ды й у пекле я туды-ж пажыўлюся: вадзіцы прынясу, дравец нарубаю, так-такі хлебцам сыт буду [25]

25

Морозовъ. Ист. рус. театра. Правапіс ува ўсіх цітатах мы даем сучасны. — Аўтор.

Поделиться с друзьями: