Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Аднак выразны падзел дзяржаўных абавязкаў Альгерда і Кейстута не азначаў іх поўнай незацікаўленасці ў «чужых» справах. Факты сведчаць, што князі неаднаразова прыходзілі на дапамогу адзін аднаму, як раней, да ўступлення Альгерда на велікакняскі пасад, так і пасля гэтага.

Які ж лёс напаткаў Яўнута? 3-пад варты яму ўдалося збегчы, і ён уцёк спачатку ў Смаленск, а пасля — у Маскву, да вялікага князя Сімяона Іванавіча. Там як быццам быў ахрышчаны (хутчэй перахрышчаны, бо цяжка ўявіць, каб сын Евы, якая вызначалася адданасцю праваслаўю, быў нехрышчоны) і атрымаў імя Іван. Але праз два гады Яўнут вярнуўся на радзіму, памірыўся з братамі і атрымаў ва ўладанне Ізяслаўскі ўдзел.

Больш складана зразумець, чым была выкліканая незадаволенасць Нарымонта. Магчыма, тым, што Альгерд сагнаў яго з полацкага пасада, каб замяніць сваім сынам Андрэем. Нарымонт нават апынуўся ў Ардзе. Але, не атрымаўшы там дапамогі, таксама вярнуўся на радзіму, прымаў актыўны ўдзел у барацьбе з крыжакамі і загінуў у 1348 г.

Ужо адзначалася, што адной з найважнейшых прычын, якія паскорылі ўсталяванне моцнай вярхоўнай улады ў BKЛ, была пагроза крыжацкай агрэсіі. I сапраўды, у пачатку 1345 г. крыжакі ўступілі на Жамойцкую зямлю. Аднак войскі Вялікага княства, зрабіўшы некалькі падманных манеўраў, змаглі нанесці сакрушальны ўдар па Лівоніі і тым самым ліквідавалі грозную небяспеку. Гэта быў першы станоўчы вынік умацавання вярхоўнай дзяржаўнай улады ў Вялікім княстве. Уся віна за вайсковую няўдачу крыжакоў была ўзвалена на магістра Людольфа Кінга, у выніку чаго ён быў адхілены ад пасады.

Вядома ж, крыжакі не маглі змірыцца з паражэннем і імкнуліся адпомсціць за яго. У 1348 г. крыжацкае войска ўварвалася ў Троцкую зямлю. Насустрач яму ішло войска Вялікага княства і яны сустрэліся на р. Стрэве, дзе і адбылася бітва. Яна была жорсткая і крывавая і закончылася паражэннем Вялікага княства (тут загінуў вядомы ўжо нам Глеб-Нарымонт). Праўда, яго страты ў нямецкіх хроніках вельмі перабольшаныя: ад 10 да 40 тысяч забітых. Перамога ў Стрэўскай бітве дорага абышлася і крыжакам — інакш яны пасля сваёй перамогі пайшлі б зноў у глыб краіны. I ўсё ж той поспех не мог закрэсліць для крыжакоў страшэнных вынікаў іх паражэння ў 1345 г. Галоўным вынікам гэтага стала карэнная змена тактыкі крыжацкага наступлення. Убачыўшы марнасць спадзяванняў на хуткую перамогу вялікай вайсковай сілай, крыжакі вырашылі перайсці да доўгатэрміновай аблогі шляхам нападу на Вялікае княства дробных крыжацкіх атрадаў. Гэтымі набегамі, ці, як яны называліся, рэйзамі, і меркавалася знясіліць і ў канчатковым выніку заваяваць Княства.

Ажыццяўленне новай тактыкі расцягнулася на дзесяцігоддзі. 3 1345 па 1377 г. было зроблена каля 100 рэйзаў прускіх і лівонскіх крыжакоў. Аднак мы разглядаць іх не будзем, паколькі яны ў зусім рэдкіх выпадках закраналі беларускія землі, а ў асноўным былі накіраваны супроць балцкіх. Скажам толькі, што змаганне з крыжацкімі рэйзамі поўнасцю паглынала сілы балцкага насельніцтва, што, зразумела, зусім не спрыяла таму, каб балты занялі ў дзяржаве дамінуючае становішча, як часам сцвярджаецца ў гістарычнай літаратуры насуперак неабвержным фактам.

Пскоўскія i наўгародскія справы Альгерда

Але звернемся да дзейнасці Альгерда, якая ў цэлым была звязана з Беларуссю. У той час, калі заходнія, найперш балцкія, землі на чале з Кейстутам былі занятыя ўпартай абаронаю ад шматлікіх крыжацкіх нападаў і таму не маглі пашыраць тэрыторыю дзяржавы на захад, на ўсходніх беларускіх землях мы бачым зусім іншае. Ужо адзначалася, што, з’яднаныя ў асноўнай сваёй масе ў адзінай дзяржаве, яны тым самым сталі ядром прыцягнення для суседніх земляў, якія яшчэ заставаліся непадначаленымі ні BKЛ, ні Маскве. Усё гэта і забяспечыла Альгерду свабоду дзеяння, якой спрыяла і тое, што ён, за выключэннем рэдкіх выпадкаў, не быў звязаны з абаронаю заходняга абшару Княства.

Ужо будучы віцебскім князем, ён прадаўжаў пачатую яшчэ Гедзімінам даўнюю полацкую палітыку ў адносінах да Пскова і Ноўгарада, а таксама да Смаленска. Падзеі 1345 г. прыпынілі на нейкі час яго дзейнасць у гэтым кірунку. Але, стаўшы вялікім князем і абапёршыся на ўсю моц дзяржавы, Альгерд накіроўвае намаганні на пашырэнне межаў Княства, што і прынесла яму надзвычай вялікія поспехі.

Праўда, яны не ўсюды былі аднолькавыя па сваіх выніках. У першую чаргу гэта адносіцца да Пскова. Мы ўжо ведаем, што ў час падзей 1342–1345 гг. тут пачаў князяваць сын Альгерда Андрэй. Аднак у хуткім часе ён стаў полацкім князем, а ў Пскове пакінуў сваіх намеснікаў, што і выклікала незадаволенасць яго жыхароў, якія хацелі мець поўнаўладнага князя. Тут, вядома, адыграла сваю ролю палітыка балансавання Пскова паміж Полацкам і Ноўгарадам, бо, адмаўляючыся ад улады Андрэя, пскоўцы адразу ж аднавілі саюз з Ноўгарадам. Зазначым, што гэтая падзея ў крыніцах храналагічна заблытана: у Пскоўскім I летапісе яна паказана пад 1343 г., а ў Пскоўскім II — пад 1349 г. Відаць, другая дата больш правільная. В. Антановіч абазначыў яе 1348 г.

Зразумела, учынак пскоўцаў не мог не выклікаць незадаволенасці як у Андрэя, які вельмі разгневаўся, так і ў Альгерда, які, з аднаго боку, папракнуў жыхароў горада ў няўдзячнасці за тыя вялікія ахвяры, якія панесла яго войска, дапамагаючы ім у барацьбе з крыжакамі, а з другога боку — зрабіў рашучыя захады супроць пскоўскіх купцоў, што знаходзіліся ў Вялікім княстве, загадаўшы затрымаць іх і канфіскаваць іх маёмасць. Толькі пазней яны былі адпушчаныя за вялікі выкуп.

Андрэй у 1350 г. зрабіў набег на Вараноўскую воласць Пскоўскай зямлі. Па ўсім відаць, паміж Полацкай і Пскоўскай землямі разгарэлася жорсткая барацьба, бо ў 1358 г. пскоўскі князь Астафій з войскам хадзіў да Полацка і парабаваў яго воласці. Мабыць, такія ўзаемныя паходы былі б часцейшыя, каб не паморкі, якія ахоплівалі Пскоўскую зямлю ў 1352 і 1360 гг. Не выключана, што ад гэтага пацярпела і Полацкая зямля. Як бачым, барацьба Полацка за свой уплыў у Пскове не была паспяховай, аднак тым не менш яна, не заціхаючы на доўгі час, зноў і зноў аднаўлялася.

Зразумела, што, праводзячы актыўную супроцьпскоўскую палітыку, Альгерд ужо толькі гэтым не мог не закрануць і Ноўгарад, што, як і Пскоў, знаходзячыся ў сферы полацкіх інтарэсаў, меў з ім шэраг агульных рысаў. Як Пскоў, абараняючы сваю самастойнасць, балансаваў у сваёй палітыцы паміж Полацкам і Ноўгарадам, так і Ноўгарад, забяспечваючы сваю незалежнасць, балансаваў паміж BKЛ і Масквой. Як у Пскове існавалі полацкія і наўгародскія партыі, ад кожнай з якіх залежаў саюз з тым ці іншым процілеглым бокам, так і ў Ноўгарадзе існавалі так званыя літоўскія і маскоўскія партыі, перамогі якіх ва ўзаемнай барацьбе таксама вызначалі кірунак палітыкі ў гэтай зямлі.

Менавіта ўзаемная барацьба названых наўгародскіх партый і вызначала дзеянні Альгерда ў адносінах да Ноўгарада. Пасля таго як у 1346 г. маскоўскі князь Сімяон Іванавіч (нагадаем, што ён быў жанаты з дачкою Гедзіміна Анастасіяй, што зусім не перашкаджала яго антылітоўскай палітыцы) на просьбу наўгародскага ўладыкі Васіля прыйшоў у Ноўгарад, дзе тры тыдні «седе на столе своем», пасля вярнуўся ў Маскву і паставіў сваіх намеснікаў, стала відавочнай перамога маскоўскай партыі і паражэнне «літоўскай». Дайшло да таго, што наўгародскі пасаднік Астафій Дваранішчаў назваў Альгерда «псом». Падрыў пазіцыі ВКЛ у Ноўгарадзе занепакоіў Альгерда: маглі пайсці марна шматвяковыя намаганні. I таму Альгерд пасля адыходу Сімяона адразу ж пачаў вайсковыя дзеянні супроць Ноўгарада, заявіўшы перад гэтым у сваім пасланні: «Хачу битися с вами». Яго войска пачало спусташаць наўгародскія землі па Шалоні і Лузе і ўзяло выкуп з Порхава і Апочкі. Наўгародцы, хаця і пайшлі ў бок Лугі, аднак, не ўступіўшы ў бой, вярнуліся назад. Сабранае ў гэты час веча віноўнікам усіх бедаў абвясціла пасадніка Астафія Дваранішчава, які тут жа і быў забіты за тое, што наклікаў вайну. Як бачым, перамога «літоўскай» партыі, як раней і маскоўскай, абумоўлівалася ўмяшаннем адпаведнай знешняй сілы. I хаця ў наступным годзе быў заключаны мір ВКЛ з Ноўгарадам, гэта з’явілася толькі чарговай вяхой у складаных узаемасувязях ВКЛ з Ноўгарадам.

З поўначы на ўсход

Такі ж самы характар, як «пскоўская» і «наўгародская», мела і «смаленская» палітыка Альгерда, аднак яна была больш паспяховай. I гэта зразумела. Ва ўмовах, калі ўтварыліся два цэнтры сцягвання ўсходнеславянскіх земляў у дзве ўзаемнаварожыя дзяржавы — Літоўска-Полацкую і Маскоўскую, Смаленск, гэтак жа як Пскоў і Ноўгарад, апынуўся на мяжы інтарэсаў новых палітычных утварэнняў. Таму, каб захаваць сваю самастойнасць, ён таксама павінен быў праводзіць палітыку лавіравання.

Альгерд быў выразнікам інтарэсаў беларускіх земляў і найперш Полацкай, што на працягу стагоддзяў вяла актыўную палітыку падначалення сабе Смаленска. Усведамляючы даўнюю полацкую палітычную традыцыю і разумеючы значэнне падначалення Смаленскай зямлі сваёй уладзе ў супроцьдзеянні аб’яднаўчай палітыцы Масквы, Альгерд надаваў гэтаму вялікую ўвагу, яшчэ не будучы вялікім князем. Нам ужо вядома, што ўжо ў 1341 г. ён выступаў на баку Смаленска ў барацьбе за адабраны Масквою Мажайск.

Аб далейшым збліжэнні Смаленска з Літоўска-Полацкай дзяржавай сведчыць удзел смаленцаў у бітве з крыжакамі на р. Стрэве ў 1348 г. I ўжо сапраўдным абаронцам Смаленска выступае Альгерд у 1352 г., калі маскоўскі князь Сімяон Іванавіч з вялікім войскам пайшоў у напрамку да гэтага крывіцкага горада. Аднак на мяжы Смаленскай зямлі яго сустрэла пасольства ад Альгерда. Вынікам перамоваў было спыненне далейшага прасоўвання маскоўскага войска, якое было распушчана. А трохі пазней Сімяон Іванавіч даў Смаленскай зямлі мір, сустрэўшыся з яе пасольствам на р. Угры. Аднак, пазбавіўшыся пагрозы Масквы, смаленскі князь Іван Аляксандравіч не мог не бачыць пагрозы падначалення Альгерду, што і прывяло да ўзаемных варожых дзеянняў. У 1355 г. Альгерд пад выглядам дапамогі Смаленскай зямлі захапіў горад Ржэў, які ляжаў на мяжы з Цвярскім і Маскоўскім княствамі, ад якіх вялікі літоўскі князь нібыта і бараніў суседзяў-смаленцаў.

Поделиться с друзьями: