Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
Шрифт:
Крыжацкая пагроза для Полацка ішла непасрэдна з боку Лівонскага ордэна, паміж якім, з аднаго боку, і з рыжскім архібіскупам і магістратам Рыгі, з другога, ужо доўгі час існавала ўзаемная варожасць. Гэтую акалічнасць і выкарыстаў Гедзімін: ён стаў на бок Рыгі, што дыктавалася інтарэсамі Полацка, для якога выгадна было трымаць гандлёвыя сувязі з Рыгай. Немалаважным было і тое, што гэта намнога аслабляла пазіцыю Лівонскага ордэна і змушала яго на заключэнне міру, што найперш ішло на карысць таксама Полацка.
Апроч таго, Гедзімін імкнуўся выклікаць з еўрапейскіх краін у сваю дзяржаву каланістаў, найперш рознага роду рамеснікаў, якія б пашыралі сваё высокае майстэрства і культуру сярод насельніцтва ВКЛ. Трэба зазначыць, што тут Гедзімін браў прыклад з Полацка, які ўжо з даўніх часоў меў цесныя сувязі з Захадам, заключаў з Рыгаю гандлёвыя ўмовы. У выніку ў галоўным горадзе крывічоў і ў іншых цэнтрах яго зямлі жыло нямала выхадцаў з заходніх краін, што садзейнічала больш высокаму ўзроўню яго культуры ў параўнанні з іншымі землямі ВКЛ. Усё гэта не магло застацца па-за ўвагаю Гедзіміна. У 1323 г. ён накіраваў некалькі пасланняў да жыхароў заходніх гарадоў з запрашэннем пераязджаць у яго дзяржаву, дзе ім будуць забяспечаны выгадныя ўмовы. Рыжскі магістрат паспрыяў вялікаму князю, падрадзіўшыся рассылаць гэтыя пасланні па гарадах, куды яны былі адрасаваныя, і паручыўшыся за іх сапраўднасць. Як бачым, саюз з Рыгай даваў Вялікаму княству значныя выгоды.
Пра што пасведчыў летапіс пад 1326 г.
Палітыка Гедзіміна ў адносінах да Рыгі і Ордэна і прывяла да заключэння ў 1326 г. міру, адначасова і з немцамі, і з Ноўгарадам. Аб гэтым у летапісе зроблены такі запіс: «того же лета приехаша послы из Литвы брат Гедиминов князя литовского воин Полоцкий Василий Менский князь Федор Святославич и доконаша мир с Новгородци и с Немци». Хаця гэты запіс, як мы бачым, вельмі лаканічны і таму ў многім таямнічы, аднак ён захоўвае важную для нас інфармацыю. Мы ў свой час ужо разглядалі гэты запіс у сувязі з высвятленнем прыналежнасці названых тут гістарычных асобаў і прыйшлі да высновы, што гаворка ідзе тут не пра трох, як гэта сцвярджалася некаторымі даследчыкамі, а пра двух чалавек: пра полацкага валадара, княжацкае імя якога было Воін, а хрысціянскае — Васілій, і пра менскага князя Фёдара Святалавіча.
Што ж да таго, ці быў Воін-Васілій братам Гедзіміна, як аб гэтым сказана ў летапісе, то адзначым, што ў некаторых іншых крыніцах (летапіс Аўраамкі, Сафійскі I, Ніканаўскі, Васкрасенскі і інш.) аб гэтых асобах сказана не «брат», а «братня», гэта значыць, што не толькі Воін-Васілій, але і Фёдар Святаславіч быў братам Гедзіміна. Апошні факт прымушае сумнявацца, ці былі яны абодва братамі Гедзіміна. Як ужо намі адзначалася, у князёў быў звычай называць адзін аднаго братам нават пры адсутнасці сваяцтва. Усё гэта дае важкія падставы сумнявацца ў тым, што Воін-Васілій, а тым болей Фёдар Святаславіч, былі братамі Гедзіміна.
Але найбольшую цікавасць у высвятленні асобы Воіна ўяўляе тое, што адзначанае летапіснае паведамленне — адзінае сведчанне пра гэтага князя. I тут паўстае пытанне: калі ён пачаў княжыць у Полацку? У свой час В. Данілевіч меркаваў, што Воін мог стаць полацкім князем толькі пасля смерці Віценя, які, маўляў, у 1307 г. захапіў Полацк і, далучыўшы яго да сваіх уладанняў, не даў яму асобнага князя, пра што нібыта сведчыць грамата епіскапа Якава. Мы ўжо казалі пра выдуманасць полацкіх падзей, якія нібыта адбываліся ў 1307 г. Віцень не мог заваёўваць Полацк, бо ў гэтым не было патрэбы, паколькі Полацкая зямля ўвайшла ў склад BKЛ яшчэ ў 60-х гг. XIII ст. пры Войшалку. Тое, што Полацкая грамата была пасланая ў Рыгу ад імя епіскапа, яшчэ не гаворыць аб адсутнасці ў Полацку князя. Епіскап падпісваў граматы і тады, калі ў Полацку быў князь, як гэта мы бачым у 1328 г. Такім чынам, час пачатку княжання Воіна ў Полацку для нас застаецца зацемненым, але імя яго яскрава сведчыць, што ён належаў да полацкай дынастыі, якая, як бачна, прадаўжала панаваць у сваёй спадчыннай зямлі, у той час як ва ўсёй дзяржаве панавала яе віленскае адгалінаванне.
Паказальна таксама і ўпамінанне менскага князя. На працягу амаль 170 гадоў з часу, калі ён вёў міжусобную барацьбу з Полацкам, у 50–60-х гг. XII ст., Менск быў знік з нашых летапісаў, і мы нічога не ведаем аб яго гісторыі ў гэты час. I вось, як выяўляецца, Менск не толькі не заняпаў у сваім развіцці, але і захаваў свой удзел, а гэта значыць, што ён меў значную палітычную вагу ў дзяржаве, да якой належаў. Пра гэта сведчыць і важнае дзяржаўнае даручэнне, што выконваў менскі князь.
Менавіта пасольская місія полацкага і менскага князёў уяўляе для нас найбольшую цікавасць. Вядома ж, такое даручэнне гэтым князям не было выпадковым. Па-першае, мы маем яскравае сведчанне таго, хто выконваў дыпламатычныя даручэнні Гедзіміна — прадстаўнікі беларускіх земляў. Па-другое, гэта адначасова сведчыць, што ў міры з Ноўгарадам і немцамі былі найперш зацікаўлены Полацкая і Менская землі. Мір падпісваўся адначасова з двума праціўнікамі, і гэта забяспечвала на пэўны час знешнюю бяспеку.
І хрысціянства, i язычніцтва
У гістарычнай літаратуры пануе думка, што BKЛ да Крэўскай уніі было язычніцкай дзяржавай і што, натуральна, яе ўзначальвалі вялікія князі-язычнікі. Аднак такое сцверджанне, як і шэраг іншых, што датычыць гісторыі гэтай дзяржавы, з’яўляецца вынікам тэндэнцыйнасці даследчыкаў, якія наўмысна не ўлічвалі відавочныя гістарычныя факты.
Як можна гаварыць аб BKЛ як язычніцкай дзяржаве, прынамсі, да Крэўскай уніі, калі ўжо першай яе сталіцаю стаў праваслаўна-хрысціянскі Новагародак, а яе першы вялікі князь Міндоўг, перш чым заняць свой пасад, павінен быў у 1246 г. разам са сваімі баярамі прыняць «веру Христову от Востока» (г. зн. праваслаўе). У 1252 г. ён з палітычных мэт прымае каталіцкую веру і каралеўскую карону ад рымскага папы. Другі вялікі князь Войшалк — сын Міндоўга — быў, як вядома, настолькі адданы праваслаўю, што прыняў манаскі чын і заснаваў манастыр. Свой велікакняскі пасад Войшалк перадаў праваслаўнаму Шварну — сыну Данілы Галіцкага. Не мог быць язычнікам і наступны вялікі князь Трайдзень, хаця ён такім і характарызуецца ў Галіцка-Валынскім летапісе, а адсюль і ў гістарычнай літаратуры. Як мы ўжо зазначалі, ён не мог быць язычнікам і тым больш літоўцам, бо меў славянскае імя, як, дарэчы, і яго чатыры браты, што, паводле таго ж Галіцка-Валынскага летапісу, з’яўляліся хрысціянамі. У той час існавала завядзёнка называць бязбожнікамі, паганымі, язычнікамі ўсіх сваіх ворагаў незалежна ад веравызнання. Яскравы прыклад — Трайдзень, які зацята ваяваў з галіцка-валынскімі князямі і атрымаў ад іхняга летапісца адпаведную характарыстыку. Ды зноў-такі праваслаўны Новагародак, асабліва калі ўлічыць, што перад гэтым тут княжыў надзвычай шчыры праваслаўны Войшалк, не пацярпеў бы на сваім пасадзе язычніка. А ці мог Віцень, будучы язычнікам, увесці дзяржаўны герб — «Пагоню», дзе на шчыце «збройнага» рыцара была выява крыжа? Невыпадкова таксама ж тое, што полацкі епіскап Якаў называў Віценя «сынам сваім».
Пасля прыведзеных відавочных фактаў наўрад ці можна гаварыць, што Гедзімін быў язычнікам і што ён быў «першым з літоўскіх вялікіх князёў, якія зразумелі неабходнасць прыняцця хрысціянства». Аднак менавіта ў сувязі з Гедзімінам і найбольш сцвярджаецца аб перавазе язычніцтва ў BKЛ. Што ж з’явілася падставай для такога погляду? Гэтаму садзейнічала некалькі акалічнасцяў. Найперш успрыняцце Княства як краіны, дзе дамінавала язычніцтва, што ішло з Ордэна і Рыгі, паколькі яны межаваліся з Жамойціяй, якая сапраўды была язычніцкай. Дзякуючы гэтаму і стваралася ўражанне, нібыта язычніцтва пануе ва ўсім BKЛ, а Гедзімін — кароль язычнікаў, што і знайшло адбіццё ў нямецкіх хроніках.
Аднак гэта зусім не адпавядае сапраўднасці. Жамойція і іншыя балцка-літоўскія землі складалі ў дзяржаве значна меншую частку абшару ў параўнанні з беларускімі, якія дамінавалі ў ёй і насельніцтва ў якіх было ў цэлым хрысціянска-праваслаўным. I таму паўстае пытанне: ці магло яно падначальвацца вялікаму князю-язычніку?
Але найбольш важным аргументам на карысць перавагі язычніцтва ў BKЛ з’яўляецца шэраг дакументаў 1322–1324 гг., якія нібыта сведчаць аб намеры Гедзіміна ахрысціць сваю дзяржаву ў каталіцкую веру. I сапраўды аб гэтым сведчыць пасланне Гедзіміна рымскаму папу Іаану XXII у 1322 г. Аднак дэталёвы разгляд гэтага і іншых, звязаных з ім, дакументаў наводзіць на думку, што гаворка ішла не столькі аб хрышчэнні язычнікаў, колькі аб перахрышчэнні праваслаўных у католікаў. Так, у лісце стража прускіх мінарэтаў Мікалая да вернікаў ад 25 лістапада 1323 г. гаворыцца аб Гедзіміне, што ён «жадае з усімі прыбліжанымі і з усім каралеўствам ахрысціцца». Зразумела, што ўсе «прыбліжаныя» Гедзіміна і ўсё яго каралеўства не складалася толькі з язычнікаў. Можа, гэта непраўдзівае сведчанне? Але вось у буле Іаана XXII ад 1 чэрвеня 1324 г., якая павінна была служыць інструкцыяй і адначасова пацвярджаць паўнамоцтвы легатаў, якія накіроўваліся да Гедзіміна з мэтаю хрышчэння, увесь час гаворыцца аб «схізматыках», якія павінны будуць прызнаць уладу папы рымскага, а пра літоўскіх язычнікаў у ёй прама не ўпамінаецца, і нават сам Гедзімін лічыцца, як відаць, схізматыкам. Такім чынам, папскае пасольства ехала да Гедзіміна з яснай мэтай: перавесці праваслаўнае насельніцтва (у тым ліку і самога Гедзіміна), г. зн. «схізматыкаў», у каталіцкую веру. Прычына такога намеру Гедзіміна ясная: ён хацеў тым самым пазбавіцца ад нападаў крыжакоў. Яго пасланне да папы перапоўнена скаргамі на крыжакоў і шматлікімі фактамі разбурэнняў і рабаўніцтваў, што чыніліся крыжакамі. Магчыма, прыняцце каталіцтва пазбавіла б, на ягоную думку, крыжакоў аднаго з іх заўсёдных і галоўных апраўданняў, што, маўляў, усё рабілася пад знакам пашырэння веры Хрыстовай, і менавіта — каталіцкай. Аднак рэч у тым, што, калі пасольства прыбыло ў Вільню і перайшло непасрэдна да клопатаў аб хрышчэнні, Гедзімін адмовіўся ад ранейшага намеру, сказаўшы, што ён гэтага не прасіў пісаць у сваім пасланні і што яго словы пра хрышчэнне самахоць напісаў яго сакратар манах Бертольд.
Але ўсё-такі калі меркаваць, што Гедзімін меў сапраўды намер правесці хрышчэнне ў каталіцкую веру (а гэта пацвердзіў яго перакладчык), дык што прымусіла яго адмовіцца? Адказ далі папскія легаты. Яны даведаліся, што супроць хрышчэння выступілі жамойты, але не па сваёй ініцыятыве, а па нагаворы прускіх крыжакоў, ад якіх яны атрымлівалі багатыя дары. Што ж, гэта цалкам зразумела, бо ў выпадку хросту існаванне прускага Ордэна страціла б усялякі сэнс, паколькі ён меў сваім галоўным абавязкам пашыраць хрысціянства сярод язычнікаў, у тым ліку і сярод жамойтаў.
Варта таксама падкрэсліць: хрышчэнне ў каталіцкую веру сарвалася не толькі па віне падкупленых жамойтаў, але і ў выніку пазіцыі праваслаўнага насельніцтва, што таксама адзначана ў згаданым раней дакуменце. Якраз другая прычына і была галоўнаю, бо праваслаўныя складалі ў краіне большасць. Апроч таго, сталіца дзяржавы Вільня таксама была пераважна славянскім горадам і моцным асяродкам праваслаўя. Гедзімін не мог з усім гэтым не лічыцца, што, па сутнасці, і закрэсліла захады па прыняцці каталіцтва.