ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

He атрымаўшы чаканых вынікаў ад дапамогі Альгерда, цвярскі князь Міхаіл Аляксандравіч звярнуўся да Арды. Выправіўшыся туды, ён атрымаў ярлык на валоданне Уладзімірскім княствам. 3 гэтага відаць, што Арда таксама баялася ўмацавання Масквы і таму падтрымлівала яе барацьбу з Цвер’ю за саперніцтва ў аб'яднанні рускіх земляў. Між тым, Дзмітрый Іванавіч, даведаўшыся пра ўчынак ардынскага хана, сам паехаў да яго, залагодзіў татарскага ўладара і ягоных жонак шчодрымі падарункамі і дабіўся сабе ярлыка на Уладзімірскае княства. Таму для цвярскога князя зноў заставалася толькі адно: звярнуцца па дапамогу да Альгерда, які не адмовіў яму ў гэтым. У 1372 г. яго войска пад началам Кейстута, Вітаўта, Андрэя Полацкага і іншых князёў было пасланае на дапамогу Цверы. Дарэчы, звернем увагу на тое, што Кейстут і яго сын Вітаўт, якія баранілі заходнія землі дзяржавы ад шматлікіх крыжацкіх рэйзаў, павіны былі ўдзельнічаць у вайсковых справах усходняй часткі Княства. Гэта зноў такі паказвае, наколькі дамінавалі ў дзяржаве яе беларускія інтарэсы, калі дзеля іх адцягваліся сілы з захаду, дзе была найбольшая знешняя пагроза.

Пасланыя войскі ўварваліся ў межы маскоўскіх уладанняў, нанеслі адчувальны ўдар па гарадах Пераяслаўлю і Кашыну. Хоць Міхаілу Аляксандравічу ўдалося завалодаць і іншымі гарадамі (Углічам, Бежацкам, Дзмітраўскам, Кастрамою, Таржком і інш.), аднак гэты поспех быў непрацяглым. Насустрач войску Міхаіла і Альгерда са смаленцамі і бранцамі выйшла маскоўскае войска Дзмітрыя. Сустрэўшыся ў раёне Любуцка, дзве сілы не адважыліся ўступіць у бой адна з другой. Паміж Альгердам і Дзмітрыем Іванавічам было заключана перамір’е, умовы якога з’яўляліся вельмі цяжкімі для цвярскога князя Міхаіла, які быў вымушаны прызнаць сваю поўную залежнасць ад Дзмітрыя Іванавіча, а Альгерд у выпадку новай вайны Цверы з Масквой не павінен быў дапамагаць Міхаілу.

У 1374–1375 гг. Міхаіл Аляксандравіч зрабіў яшчэ адну спробу барацьбы з Масквой. Зноў здабыўшы ў Ардзе ярлык на Уладзімірскае княства і заручыўшыся падмогаю Альгерда, ён аб’явіў вайну свайму даўняму праціўніку. Аднак Дзмітрый Іванавіч, сабраўшы сваё войска і дружыны падуладных яму князёў, заняў усё Цвярское княства. Міхаіл Аляксандравіч павінен быў на працягу сямі тыдняў абараняцца. На дапамогу яму ішоў атрад, пасланы з BKЛ, але ён, убачыўшы вялікую маскоўскую сілу, вырашыў не ўступаць у бой і павярнуў назад. Зразумеўшы безнадзейнасць свайго супраціўлення, Міхаіл Аляксандравіч вымушаны быў прасіць міру ў Дзмітрыя Іванавіча, вынікам чаго і з’явілася поўная залежнасць Цверы ад Масквы.

Як бачым, вынікі Альгердавай «маскоўскай» палітыкі былі неаднолькавыя. Хоць ён і не атрымаў перамогі ў Пскове і Ноўгарадзе і не змог забяспечыць перавагі Цверы над Масквой, затое Смаленск апынуўся у поўнай залежнасці ад BKЛ, а Бранск разам з усёй Севершчынай перайшоў пад уладу Альгерда.

3 усходу на поўдзень

Хаця найбольшая ўвага Альгерда была скіравана на адносіны з паўночнымі і ўсходнімі суседзямі, што найбольш адпавядала полацкай частцы дзяржавы, тым не менш з яго поля зроку не выпадалі і інтарэсы літоўскай, нёманскай, часткі дзяржавы, у якой знаходзілася яе першая сталіца — Новагародак. Нам ужо вядома аб складаных узаемаадносінах паміж Новагародскай зямлёй і яе паўднёвымі суседзямі — Галіцка-Валынскімі князямі. Быў час (ён прыпадае ў асноўным на 1-ю палову XIII ст.), калі Новагародак павінен быў выконваць іх волю. Вызваліўшыся ад залежнасці ў 1258 г., а пасля і стаўшы сталіцаю новай дзяржавы, Новагародак неаднаразова адбіваў напады на яго галіцка-валынскіх князёў, якія фактычна з’яўляліся яго галоўнымі знешнімі ворагамі. Нават яшчэ ў 1289 г. князі Будзікід і Будзівід вымушаны былі аддаць валынскаму князю Ваўкавыск, каб толькі захаваць з імі мір.

Але ў выніку татара-мангольскай навалы і міжусобнага саперніцтва Галіцка-Валынская зямля траціць палітычнае адзінства і, як вынік гэтага, слабее і сама становіцца аб’ектам саперніцтва суседніх дзяржаў за ўладу над ёю. Каля 1325 г. валынскім князсм становіцца Гедзімінаў сын Любарт, а гэта азначала, што Валынь стала часткаю BKЛ. I, вядома ж, гэта было найперш перамогаю для Новагародскай зямлі.

Аднак валоданне Валынню для ВКЛ было нялёгкай справай, паколькі сапернікам яго стала Польшча, якая таксама лічыла сябе законнай спадкаемніцай Галіцка-Валынскай зямлі. У выніку барацьба Любарта, якому дапамагаў і Альгерд, з польскім каралём Казімірам і мазавецкім князем Земавітам у 1347 г. было заключана перамір’е, паводле якога Львоўская зямля заставалася за Польшчай, а ўсе астатнія (Уладзімірская, Луцкая, Холмская, Бельская і Берасцейская) — за Вялікім Княствам, якое такім чынам атрымала значную перавагу. Гэта не магло задавальняць Польшчу. Таму па заключэнні перамір’я ў 1349 г. Казімір зноў распачаў вайну. У выніку імклівых дзеянняў ён захапіў Холмскую і Бельскую землі, а таксама ўсю Валынь і Берасцейскую зямлю, якая яшчэ пры Гедзіміне знаходзілася ў складзе Вялікага княства. Самому ж Любарту ён прапанаваў толькі Луцкую зямлю і то у якасці леннага валодання.

У сваю чаргу Любарт з дапамогай Кейстута ў наступным 1350 г. адваяваў Валынь, выгнаўшы адтуль польскія гарнізоны і разбурыўшы крэпасці, якія пачалі ўзводзіць палякі, а пасля перайшлі ў далейшы наступ, заваяваўшы Львоўшчыну, а таксама і сумежныя землі — Сандамірскую, Радамскую і Лукаўскую. Казімір, апынуўшыся ў цяжкім становішчы, вымушаны быў шукаць падтрымкі. Асабліва характэрны яго зварот да рымскага папы Клімента VI. 3 мэтаю напалохаць святы пасад ён прадставіў становішча так, нібыта яго землямі завалодалі язычнікі. Але ўжо тое, што на Валыні князем быў праваслаўны Любарт, яшчэ раз красамоўна абвяргае ўяўленне аб ВКЛ як язычніцкай дзяржаве. I ўсё ж менавіта такі погляд на гэтую дзяржаву і выкарыстоўваўся для дасягнення вайскова-палітычных мэтаў супроць яе. У дадзеным выпадку гэта мела свае вынікі: Клімент VI дазволіў польскім біскупам аб’явіць крыжовы паход супраць Вялікага Княства і адначасова даў Казіміру дазвол выдаткоўваць дзесятую частку царкоўных даходаў на барацьбу з язычнікамі. Істотнай падтрымкаю для Казіміра быў і яго саюз з венгерскім каралём Людовікам.

3 свайго боку і Альгерд знайшоў сабе саюзнікаў у асобе татараў, якія валодалі Падоллем. Як бачна, у вайну былі ўцягнутыя значныя сілы, таму яна і доўжылася яшчэ пяць гадоў. Спачатку поспех быў за палякамі, якія зноў захапілі Валынь, і нават палонілі Кейстута, які, праўда, у хуткім часе здолеў уцячы.

Узяты ў Луцку ў аблогу, Любарт таксама мог трапіць у палон, але змог выбрацца з варожага кола. Перамена ў вайсковых дзеяннях на карысць ВКЛ адбылася тады, калі на дапамогу сваім братам прыйшоў з войскам Альгерд. Іх аб’яднаныя палкі робяць набегі на Польшчу і Мазовію, выганяюць польскія гарнізоны з гарадоў Валыні і робяць спробу захапіць Галіцкую зямлю. Любарт нават быў захапіў Галіч, аднак, не ўтрымаўшы яго, вымушаны быў адступіць, разбурыўшы замкі і захапіўшы вялікую здабычу. Відаць, на гэтым у 1356 г. і закончылася вайна паміж Польшчаю і Вялікім княствам. На жаль, умовы міру не захаваліся. Дайшла толькі да нас асобная дамова, заключаная паміж Кейстутам (ад імя Альгерда і іншых князёў), з аднаго боку, і Мазовіяй — з другога. Яна найперш цікавая тым, што, паводле яе, Берасцейская зямля зноў пераходіць да Кейстута, г. зн. становіцца часткаю ВКЛ. I хоць барацьба за Валынь не скончылася, гэтым разам зыход яе быў, па ўсім відаць, на карысць Вялікага княства, што Альгерд выкарыстаў для далейшага пашырэння абшару сваёй дзяржавы ў паўдыёвым накірунку.

Праўда, гэта адбылося не адразу, бо, як ужо адзначалася, з 1357 г. пачалося ўмяшанне Альгерда ва ўзаемаадносіны паміж Маскоўскім і Цвярскім княствамі. Тым не менш у 1362 г. Альгерд ажыццявіў свой імклівы рэйд на Падолле. Яно у той час знаходзілася пад татарскаю ўладай, але ўжо было незалежным ад Залатой Арды, якая знаходзілася ў стане распаду. Мы ўжо ведаем, што ў 1356 г. падольскія татары былі на баку Альгерда, гэтак жа як і ў 1351 г. Прычынаю такіх дружалюбных адносін з’яўлялася тое, што Польшча прэтэндавала не толькі на Галіцыю, але і на Падолле. I гэта, вядома, рабіла татарскіх уладароў саюзнікамі Альгерда. Аднак у 1356 г. Казімір пачаў перамовы з татарскімі князямі Падолля, задобрыў іх багатымі дарункамі, і гэта дало свае вынікі: сем татарскіх уладароў Падолля перайшлі на бок Польшчы супроць Альгерда. Такая рэзкая змена ў пазіцыі татараў і дала Альгерду падставу таксама змяніць адносіны да іх, што і выявілі падзеі 1362 г. На жаль, гэтая важная падзея вельмі скупа, а то і заблытана (як у «Хроніцы Быхаўца») пададзена ў крыніцах. Больш поўнае і дэталёвае яе асвятленне мы знаходзім у «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай».

У шэрагу крыніцаў сказана толькі, што Альгерд у гэтым паходзе атрымаў вырашальную перамогу на р. Сінія Воды над трыма татарскімі князямі Падолля: Кутлубугам, Хаджыбегам і Дзмітрыем (незразумела, чаму гэты апошні насіў хрысціянскае імя; магчыма, зразумеў, што над хрысціянамі лягчэй будзе ўладарыць, перайшоўшы ў іх веру). У «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай» гэтая падзея перададзена так: «Ольгерд… выправился против татаров в Поля Дикие; тягнули теж з ними и чотыри его сыновци Кормятовичи: Александр, Константин, Юрий, Феодор — Кормята, князя новгородского сынове. А гды пришли до Синей Воды, минувши Канев и Черкасы, указалася им в полю великая орда з трома цариками на три обозы разделеныи, то есть Котлубая, Катибея, Бекера и Дмитра солтана. То обачивши, Ольгерд, же до войны готовы татаре, разшиковал войско свое на шесть гуфов закривленных з боков и на чоло розсадивши, абы их татаре танцами звыклыми огорнути и стрелами шкодити не могли. А потом з великою запалчивостю татаре град железный з луков на литву густо пустили, але им стрэлбою не зашкодили, для порядного ушиковання и прудкого розступеня. Литва зас з русю скочила зараз з копиями и шаблями, потыкаючися, чоло им перервали и танцы помешали, другие зас з куш белтами, а звлаша новогорожане з Корнятовичами и валили их з коней, напираючи на них з боков, летали не иначе як снопы от гвалтовного ветру татаре разбурены, а не могучи болш литве на чоль вытрвати, почали мешатися и утекати по широких полях. Там же цариков их трох: Котлбая, Катибея, Бекера — забито, от Мурзов и уланов побито велми много, трупов тежь татарских полны поля и реки были, стад килкадесят, верблюдов, обозы их, в которых всю маетность звыкли свою татаре з пши на пашу возити…»

Мы падалі гэтую вытрымку з летапісу, бо яна найбольш поўна і праўдзіва сведчыць аб выдатнай падзеі нашай гісторыі. Апрача таго, яна дае нам дэталёвае апісанне бітвы, тактыкі бою як Альгерда, так і татараў, што можа мець вялікую цікавасць для гісторыкаў вайсковай справы. Характэрна і тое, што тут татарскія ўладары называюцца царыкамі, што вельмі добра адлюстроўвае мізэрнасць абсягаў іхняе ўлады.

Але для нас асабліва важна звярнуць увагу на тое, што ў паходзе ўдзельнічалі новагародскія князі Карыятавічы — Аляксандр, Юрый, Канстанцін і Фёдар. У «Хроніцы Быхаўца» таксама паведамляецца аб гэтым, але вельмі заблытана. Паводле гэтай крыніцы, Альгерд узяў толькі трох Карыятавічаў, а чацвёрты, Фёдар, з’явіўся ў Падоллі толькі пасля смерці трох сваіх братоў, але быў выгнаны князем Альгердам. Аднак у сапраўднасці ў паходзе разам з Альгердам бралі ўдзел усе Карыятавічы. I самае важнае, што яны складалі галоўную апору Альгерда і адыгралі галоўную ролю ў перамозе. Таму становіцца зразумелым, чаму Альгерд, вяртаючыся дадому з часткаю войска, «другю часть в Подолю оставил, под которым войском приложил сыновцов своих князей новгородских Корнятовичей Александра, Константина, Юрия и Феодора, и все крины Русские с Подолем поручил им и дал в панованне». Усё паказвае, што названы паход, як і барацьба за Валынь, быў найперш у інтарэсах Новагародка, і таму ў ім удзельнічалі новагародскія князі са сваім войскам, якім і былі аддадзены ва ўладанне ўсе заваяваныя землі. Такім чынам, хаця Новагародак і страціў сваё сталічнае становішча, аднак ён не страціў дзяржаўнай значнасці. Нездарма ж і цяпер прызначэнне князя на новагародскі пасад суправаджалася яго каранаваннем, як гэта было з Карыятам у 1327 г. Новагародак, як і Полацк, дыктаваў сваю палітыку вярхоўнай уладзе, вынікам чаго і з’явіўся паход Альгерда ў Падолле.

Дарэчы, і тут летапіс паказвае, што пад назваю «Літва» хаваецца не сучасная Літва, а Новагародчына. Гэта добра бачна з таго што Карыятавічы адначасова называюцца і новагародскімі, і літоўскімі князямі — як, напрыклад, там, дзе гаворыцца пра будаўніцтва ў Падоллі замкаў.

Заваяванне Падолля вызначыла і лёс Кіеўскага княства. Акружанае з усіх бакоў уладаннямі Альгерда, і яно, натуральна, павінна было перайсці пад яго ўладу, што і адбылося без барацьбы. Аб гэтай падзеі гаворыцца вельмі коратка і то толькі ў Густынскім летапісе: «Сей Ольгерд и иншия Русские державы во свою власть принят, и Киев под Фёдором князем взят, и посади в нем Володимера сына своего, и начина сим владета». Заваяванне Альгердам Кіеўшчыны было адначасова і вызваленнем яе, як і Падолля, ад татарскай няволі. Летапіс паведамляе пра тое, што Альгерд гэтым землям «от татаров вольность учинил». Менавіта князь Фёдар, якога замяніў Альгердаў сын Уладзімір, быў фактычна падручным хана Залатой Арды. Аднак тая ўжо занепадала, таму і не зрабіла ніякіх захадаў у адказ на тое, што Альгерд адабраў ад яе «ўлусы». Гэта добра сведчыць, наколькі прадбачлівым палітыкам быў Альгерд, наколькі ўдала ён мог выбраць момант для дзеянняў.

Поделиться с друзьями: