Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Бэзавы попел

Сямёнава Ала

Шрифт:

Не памятаю, ці пісаў табе (а больш, здаецца, каму?), што мая малодшая дарослая дачка пачала мне пісаць апошнім часам i нават прыслала свае вершы. Што яна піша, я ведаў i раней, а тут пабачыў на ўласныя вочы. Здаецца, нешта ёсць (кажу гэта аб'ектыўна). Але больш мяне суцяшае яе сур'ёз, неблагая філалагічная адукацыя, наогул, па-мойму, даволі мізэрная ў наш час у дзяўчатак (i не толькі) яе ўзросту. Я напісаў „адукацыю”, а трэба было — пісьменнасць: адчуванне стылю, што мне асабліва даспадобы. Я гэта ўсё да таго, што хацеў бы, каб ты неяк пазнаёмілася з ёй i ўзялася кіраваць хоць збольшага юнай душой: я гэта не ўмею ды i баюся адчужэння пэўнага — у жанчын узаемапаразуменне, можа, прасцей. Я прасіў Вераніку пазваніць табе (даруй, што без твайго дазволу, бо, дарэчы, прасіў даведацца, чаму вашэці маўчыць), прасіў, а званіла яна ці не, не ведаю, бо ты нічога не пішаш, а яна не адпісала пакуль.

Прыгарні, калі пазвоніць, да сябе дзіцё: мне, дальбог, хочацца, каб нехта меў на яе харошы жаночы ўплыў — інтэлектуальны i псіхалагічны.

Што ты думаеш пра ўсё гэта, напішы, але ведай, што мне хочацца настойваць на сваім хаценні.

Вершы „дитё” піша чамусьці па-руску, а варта было б скіраваць на што іншае, тым больш, што i вучыцца ў універсітэце на бел[арускім] аддзяленні. Вядома, я скажу пра ўсё гэта ёй i сам, толькі не ў лісце, можа, i не адразу. Не адразу, бо хачу, пабачыўшы пасля году адсутнасці, уцяміць, што i як. А ты зачапі яе як-небудзь цяпер — зразумей толькі мяне правільна: я, можа, бянтэжуся трохі сваёй ролі i таму прашу ў цябе дапамогі, але не толькі таму. Галоўнае — ў маёй упэўненасці, што твой уплыў можа быць найбольш дзейсным. Ты, можа, пасмяешся з маіх гэтых старанняў; але ж мне ў глыбіні душы ўсё ж нешта лесціць, што ў малой прысутнічае-такі філалагічная жылка i што яна можа аслабнуць без пэўнай увагі, бо вучыцца малая на вячэрнім (а мо цяпер i завочным?) адзял[енні], а дзе там літаратурнае асяроддзе i г.д.?

Пра маю ўяўную чытацкую дасведчанасць ты, здаецца, трохі перамяніла думку,бо сапраўды — якое тут у мяне было чытанне? Канечне, я не чытаў тут, як не чытаю наогул, розную выпадковасць, лухту. Тое-сёе цікавае для сябе я i тут прачытаў, але вось навінкі?! A навінкі ўсе ў цябе, ды яшчэ вунь якія! Якраз усё тое, што трэба мне. Я чытаў з таго, што ты згадваеш, толькі Ресэ — i „Воўка”, i „Гульню ў бісер”.

Фільмы, вядома, не бачыў. „Амаркорд” асабліва хацеў бы паглядзець. Феліні чамусьці мой любімы рэжысёр. „Хрысціянскі” пачатак у ім цаню, адсутнасць бяздумнай жорсткасці i чалавечнасць i адухоўленасць сімволікі. Наіў, можа, пры гэтым. Наогул наіў у мастацтве люблю — гэта нешта накшталт супермастацтва, ці што.

Але — даволі. Бібліятэку я перадаю, але — марудна, ты пакуль мне пішы. Зразумела? Калі прыйдзе час „закругляцца” — вестку падам.

Не журыся, а я буду думаць пра сустрэчу.

Міхась.

27.ІХ.82”.

З Веранікай мы сустрэліся пазней. А той парой яна акуратна патэлефанавала мне, сціпла-інтэлігентным голасам спытала пра здароўе. Але бацьку — як згадвала пазней яна сама — паспавядала добра. І ён тлумачыў нашы стасункі: мы сябры, „маю права на такую раскошу”. Вераніка паказвала мне гэты ліст бацькі ў першы дзень нараджэння Міхася Лявонцьевіча пасля яго смерці, 14 лютага 1988 года. Пасля могілак мы з Веранікай паехалі да мяне i доўга гаварылі. Пра яе, пра яе бацьку...

A пазнаёміліся мы ў тых жа Каралішчавічах. Быў семінар маладых. У 1984 годзе. У снежні. У Веранікі з'явілася некалькі цікавых рэцэнзій у друку. На семінары ix высока ацаніў такі сур'ёзны літаратуразнаўца, як Алесь Яскевіч. Прыемна было сказаць сваё слова i мне. І не таму, што пра гэта прасіў некалі бацька. Таму што сапраўды падаваў надзею тонкі крытык — крытык паэзіі. Вершаў сваіх на семінар яна не давала. Вельмі прыгожая — класічная, арыстакратычная прыгажосць — яна трымалася з годнасцю, трошкі адстаронена. Я таксама не стала парушаць „дэмаркацыйнай лініі”.

Сапраўднае наша знаёмства адбылося, калі я прыйшла рабіць у „Нёман”. У тое цяжкое лета 1987 года, у бараўлянскія, апошнія тры месяцы Міхася Стральцова, мы часта сустракаліся, тэлефанавалі адна да адной — i ўранку, i ўвечары... Захавалі добрыя адносіны, i калі яго не стала. „Дамы-патранэсы” з мяне, праўда, не атрымалася. Па роз­ных прычынах. Ды, мабыць, апекаванне — не мая роля. Я заўсёды не хацела быць назолай. Не любіла i не ўмела настойваць на нейкіх сваіх высновах. Заказвала Вераніцы некалькі рэцэнзій, як прыйшла ў „Нё­ман”. На кнігу Веры Вярбы яна зрабіла прафесійны, з настроем, матэрыял. Нешта не напісала. Часта заходзіла да бацькі — мы рабілі разам з ім ca снежня 1986 года да таго, як ён лёг у канцы мая 1987-га ў шпіталь. Тады i пазначыліся нейкія прыязныя нашы адносіны з ёю. Пры жыцці Міхася Лявонцьевіча — i калі яго ўжо не было побач з намі. Натура тонкая, выбуховая — Вераніка то з'явіцца нечакана ў навагоднюю ноч, як снягурка, з вялізным пакункам апельсінаў, то дашле на дзень нараджэння мілую, натхнёную тэлеграму...

А тым часам, у 1982 годзе, было яшчэ некалькі лістоў, у якіх Міхась, упадабаўшы ролю рамантычнага скептыка, дакараў маю сумотную шэрасць i папракаў у квакерстве, фарысействе i розных іншых смяротных грахах. Можа, i не варта было б цытаваць адзін з яго апошніх лістоў, але ж у ім так відаць той самы „талант общения”, які ён сам у сябе адмаўляе. Талент, так бы мовіць, маналагічнага дыялогу. Toe, чаго няма ў яго творах, i тое, што, можа, не заўсёды было заўважнае ў жыцці — ён быў негаваркі, больш моўчкі назіраў, пасміхаўся, даваў раптам нечаканую характарыстыку.

„Даражэнькая! Ала!

Сіберны твой скразнячок прасвістаў маю істоту навылёт. Bo i цяпер нешта казыча пад лапаткамі, але я абтросся ад дрыжыкаў i мушу ўсё ж сказаць, што нешта не падабаешся ты мне сёння, дара­жэнькая! Дарэчы, вось я заўважыў, што i „даражэнькім” ты мяне хрысціш, як не ў гуморы. Буду плаціць табе тым жа i я, даражэнькая.

А цяпер скажы, на якое ліха мне Ar. (добра хоць не У.), навошта S.S. — нават ён, душу i розум якога я сапраўды цаню, — навошта мне яны, калі мне трэба нешта, што абарочвалася б табой, крупінкай тваёй увагі ды нейкай няхай прыхамацінкай, бо няўжо ты не зразумела, што я стаў тут капрызлівы — не на чытанне, — не, не на яго, а на чалавечае слова i жэст, i мне сапраўды крыўдна, калі ты адмерваеш нейкую „дыстанцыю”, якая табе магла прымроіцца толькі тады, калі ты пра сябе ці пра мяне падумала блага — а можа, i пра абодвух. Не падабаецца мне, што ты рядишься в этакую просвирню или сваху от

Александра Серг[еевича], а мне от него оставляешь каких-то А.П. [Анну Пятроўну Керн], Е.К. [Елізавету Ксавер'еўну Варанцову], — по­чему бы еще и не Собаньскую! Последнюю A.C. любил, может, правда, в известном смысле. Ну что, получила? „Секс-бомбочки” под меня подкладываешь? А? А сама захінулася У.-каўскай хусткай-канаплянкай i перастарэкаеш! А сама ўсміхаешся сабе хітранька i думаеш: ухопіць тую бомбу ці не?

Халера яго ведае, за якую „бомбачку” я, прыехаўшы, ухаплюся i які „бікфордавы шнур” падпалю! Вось панаглядаеш, але наперад ска­жу, што ва ўсім толькі ты будзеш вінаватая, бо жорсткім сэрцам ды яшчэ i супрацьжонкавых ірвоў вакол сябе накапала, „ежей”, аж чарнее i курчыцца ўвачавідкі любы бедны лісток надзеі! Хіба можна так?

Ты як-небудзь у вольную хвіліну ўсё гэта вазьмі вось i разваж, значыцца, так: ты не крыўдуеш на мяне за „адповедзь”, як я на цябе за „сівер” — згода? а „чтиво” якое-небудзь часопіснае i нечасопіснае падбяры, спагані ca сваіх знаёмых даўгі. Я што прачытаю, што хоць вокам пракіну, „веласіпедна”, як пісаў некалі Гершэнзон, кажучы пра чытанне „пехам” i пра тое, што завецца „галопам”, a ў яго, бы, — „веласіпеднае”! У яго ёсць увогуле „пешак” чытання на прыкладзе „Оне­гина” — многа дробязей, але цікава, праўда.

Не сварыся, даражэнькая, калі ласка, са мной, умягчайся ду­шой, думай часам не толькі пра каралішчавіцкіх сабачак [я яму апісвала гісторыю разумніцы Пальмы], але i пра тое, што i чалавекі іншым часам бываюць удзячныя i верныя нават — хаця б у дружбе.

Выдавецкія навіны мяне чамусьці мала кранулі, хоць я i рады за [прызначэнне] В. Ён хлопец, здаецца, сур'ёзны i не амбітны, i не хварэе, здаецца, на D.-скія комплексы абойдзеннага ды пакрыўджанага — а это уже последнее дело для литератора и первая проба для чи­новника от литературы. D., к сожалению, чиновник, и его беда в том, что боится признаться себе в этом. С такой половинчатостью карьеру делать трудно, a D. надо делать карьеру, пока не поздно — последние часы окончательного решения прошли! Прошляпит, боюсь. И обозлит­ся еще больше. А так можно стать понеприятнее и Е. Вот видишь, как я бываю зол. И не такой уж я паинька.

Поделиться с друзьями: