Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Бэзавы попел

Сямёнава Ала

Шрифт:

Янка Брыль вёў рэй i ўлетку, у ліпені 1986 года, калі быў вечар Міхася Стральцова. I пазней, на вечарыне ў дзень юбілею ў доме Міхася Лявонцьевіча i Алены Дзімтраўны за хатнім багатым сталом. Знешне нішто, дарэчы, не нагадвала пра „падводныя плыні” ў ix сямейным жыцці. Было гасцінна, утульна, смачна. Было весела i цёпла. Праўда, дарослых дачок ад першага шлюбу — Вікторыі i Веранікі — не было.

У 1987 годзе Міхась Стральцоў — гэтаму вельмі спрыяў Рыгор Барадулін — наладжваў некалькі вечароў. У сакавіку — у Доме літаратора, пазней — у Гародні, недзе яшчэ. Тады многім здавалася: мнагавата. Нават i мне. Хаця ў Доме літаратара, напрыканцы красавіка, я таксама брала чынны ўдзел. Здаецца, крыху больш удалы, як у тэлевізійнай перадачы.

Міхась Стральцоў ціха-здаволена згаджаўся на ўсе вечары. Ці та­му, што ўсё гэта было пацвярджэннем ягонага вяртання ў літаратуру i літаратурны свет, ці таму, што прадчуваў — ужо апошнія месяцы жыцця. Так ці інакш — добра, што былі вечары, што ён зноў адчуў сябе прызнаным, слынным літаратарам.

Між іншым, калі Стральцоў вярнуўся з Мазыра, як сведчыў у гаворцы са мной згаданы ўжо Вечаслаў Івашчанка (ён на тую пару заходзіў да Міхася Лявонцьевіча, што якраз супала з нашай працай над кнігай Івашчанкі), быў той замкнёна-разгублены, пачуваў сябе адстаронена i адчужана ад звычнага літаратурнага атачэння. I тут нельга перадаць увагі ўчынкам Рыгора Барадуліна i Анатоля Кудраўца. Ры­гор Барадулін, як мог, спрыяў заказам на нейкія пераклады, уключэнню ў план яго кніг, тэлефанаваў Міхасю i ўранку, i ўвечары, нават, як гаварыў сам Стральцоў, купляў яму месячны білет для праезду ў менскім транспарце.

Анатоль Кудравец, галоўны рэдактар часопіса „Нёман”, вядомы празаік, не збаяўся папярэджанняў адміністрацыйных асоб: што, Стральцова на сталую працу? А было гэта ў гады, калі за складам рэдакцый пільна сачыла не адна ўстанова. Міхась Лявонцьевіч быў узрадаваны i ўражаны — пазваніў! запрасіў! сам галоўны радактар! Праца ў аддзеле крытыкі — спачатку літсупрацоўнікам, потым рэдактарам (загадчыкам) аддзела — вярнула яму яго грамадскае рэнамэ. Не творчае — гэта ў яго ніхто не мог забраць, a менавіта літаратурна-грамадскае. Ён вярнуўся ў пэўнае кола. Не толькі як таленавіты твор­ца, але i як чалавек, што здольны выконваць службовыя абавязкі. Ча­лавек, што адпавядаў пэўным нормам. Для таленту нават i супрацьпаказанае — норма, але для вяртання „на круги своя” патрэбны ўчынак. Міхась Лявонцьевіч адчуў грунт пад нагамі. Ды i з грашмі стала лягчэй. З'явіўся невялікі, але сталы заробак.

Ці не пярэчу я сабе? то сцвярджала, што Міхасю Стрельцову пат­рэбны быў маёнтак, рэнта — i раптам... Як мне здаецца, на той момант, калі ён пасля ўсіх пярэкрутаў лёсу вярнуўся ў Менск, сталая праца, служба былі яму неабходны. Як неабходныя былі стасункі з Янкам Брылём, Васілём Віткам, Алесем Адамовічам... З сябрамі: i толькі што згаданымі, i з Віктарам Карамазавым, Анатолем Грачанікавым, Васілём Зуёнкам, Таццянай Арловай, Міхасём Тычынам, Аляксеем Гардзіцкім, Аляксандрам Станютам... Яму былі неабходныя прыязнасць i разуменне Алеся Разанава, Генадзя Шупенькі, Варлена Бечыка, Анатоля Сідарэвіча... Пільная ўвага маладых: Леаніда Дранько-Майсюка, Сяргея Дубаўца, Уладзіміра Арлова, Адама Глобуса, Алеся Асташонка...

Міхась Стральцоў збіраўся вызваліцца ад службы, зноў вярнуцца выключна да творчай працы. Гэта ўжо пад час хваробы. У шпіталі.

Як адбылося б, каб Бог i Лёс адшкадавалі яму яшчэ добрую рэшту жыцця — цяжка згадваць...

Прадчуванне канца — ці было яно ў яго? Мне здаецца, калі i было, падсвядомае, інтуітыўнае. Не выслоўленае. Не выяўленае канкрэтна. У маі i красавіку 1987 года ён пару разоў прыходзіў на працу страшэнна бледны. Тлумачыў — нешта з сэрцам. Гэта, мабыць, i радыяцыйны боль (у яго быў рак стрававода). Потым нечакана лёг у бальніцу. Нікому нічога не сказаўшы. Ляжаў у 2-ім шпіталі. Калі мы з Тамарай Аляксееўнай Нікіфаровіч (карэктаркай „Нёмана”) наведалі яго, быў знерваваны, раздражнёны. Хаця неяк пасвятлеў, палагаднеў, кажучы: „Бачу адсюль тваю хату, Томік” (да Тамары Аляксееўны). Выпісаўся таксама нечакана. I знік. Яго жонка з дачкой Алесяй былі тым часам на курорце.

У ліпені Міхась лёг у анкалагічную клініку ў Бараўлянах. Ездзіла да яго — ён ужо мала што еў; везла арбуз, чарніцы, чарэшню. Нейкім разам мы сышліся ў яго выпадкова: Карлас Шэрман, Анатоль Сідарэвіч i я. Карлас Шэрман зрабіў слайды i пазней аддаў ix Сідарэвічу, у часопіс „Крыніца”, там, дзе мы ўдваіх з Міхасём Стральцовым, — падараваў мне. Дзе Сідарэвічавы — не ведаю, адзін давала „Крыніца”, мой раптоўна знік пасля таго, як я паказвала яго навагоднім вечарам разам з маімі італьянскімі слайдамі. Я перавярнула дагары нагамі ўвесь дом — няма, хоць плач. Няма.

Перад аперацыяй я ўвечары прыходзіла да Міхася Лявонцьевіча, ён пагладзіў кветкі, паглядзеў на чарэшню... Быў супакоены, лагодны. Спадзяваўся на дактароў. Папрасіў, каб Алена Дзмітраўна — яна была ў яго — праводзіла мяне. Мы абедзве супакойвалі Міхася, спасылаючыся на ўсе шчаслівыя выпадкі.

17 ліпеня Міхасю Стральцову зрабілі аперацыю. I з рэанімацыйнага адзялення ён ужо не выйшаў... 6 жніўня, калі яму стала лепш, прыехалі да яго ўсе: ужо згаданыя. У апошнія дні прыходзіў да яго Дранько-Майсюк.

Усё лета я тэлефанавала Вераніцы, Рыгору Барадуліну, Карласу Шэрману. Яны — мне. Ніхто не ад'язджаў далёка ад Менска.

Вестка пра смерць Міхася Стральцова заспела мяне на Іслачы — той Іслачы, пра якую пісаў Міхась Лявонцьевіч. У Дом творчасці (ён толькі адчыніўся) Стральцоў так i не паспеў прыехаць. Я ж апынулася там з прычыны рамонту: у маёй хаце яго распачалі яшчэ ў траўні, калі Стральцоў быў, здавалася, здаровы — ўзяла адпачынак, Так i ездзіла адтуль на працу. Трэба было весці аддзел. За абодвух.

Пасля таго як усе мы, яго сябры, праводзілі Міхася Стральцова ў апошні яго шлях, лёсу было заўгодна кінуць мяне паводле лепшых традыцый усадебной культуры (ўжо згадвалася — Міхась любіў яе) — за мяжу. У Італію. Можа, дзеля таго, каб там, дзе на кожным камяні — адзнака тысячагоддзяў, згадаць аб ratio vivendy. Зірнуць на свет sub specie aeterni. А можа, каб проста парадавацца жыццю. I за яго таксама... За Стральцова... „Небо Італии, небо Торквата. Прах поэти­ческий древнего Рима...” Баратынскі...

Каго працытаваў бы тут Стральцоў? Што „загадаў” бы паглядзець?

Працытаваў... Загадаў... Непапраўны прошлы час... Мінулы...

„I ўспомніць душа святло...”

Загадка Стральцова... Ён панёс яе з сабой. Пакінуўшы нам класічныя ўзоры майстэрства. Многа ці мала? Як вымераць радкамі высокае мастацтва?

Ён быў супраць слотнай няўклюдзіцы слоў. Супраць цягамотных, раскілзаных сюжэтаў, супраць бясконцых аповедаў пра некага, пра нешта, дзеля нечага... Ён спавядаў лірычна-філасофскі водгук на жыццё, на такое перажыванне светапарадку, што мела б на ўвазе i надзейнасць класічных арсеналаў, векавых канонаў — i пазалагічна-мантажныя выяўленні ўражанняў i падзей: не разумовае бязладдзе, але ўменне знайсці новыя пошукава-некананічныя ўстаноўкі.

Я зноў перачытваю невялічкае эсэ, шэсць слупкоў тэксту, непрэстыжны падпольчык літгазетаўскай (маскоўскай) паласы (гэтая газета, дарэчы, ніколі не адшкадавала цэлай паласы ні Івану Мележу, ні Янку Брылю, ні Максіму Танку, ні нават Янку Купалу ці Максіму Багдановічу). Сціплы такі на выгляд артыкульчык. Аднак i цяпер, праз некалькі год, калі столькі пісалася i друкавалася — забойнага, сенсацыйнага, разумнага — радкі Стральцова выдаюць спакойнай прадуманасцю, глыбінёю думкі, дыстынктоўнасцю стылю.

Поделиться с друзьями: