Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Бэзавы попел

Сямёнава Ала

Шрифт:

Скажу табе што-небудзь харошае ў другім лісце, калі твой, праўда, не будзе надта сіберным.

Бывай пакуль.

Міхась.

2.XII.82”.

Гэта быў апошні ліст. Міхась Стральцоў вярнуўся ў Менск.

Я знайшла запіс у сваім дзённіку ў студзені 1982 года: званіў Міхась. А гаворку я памятаю. Гаворка была звычайнай. Пра нейкія навінкі ў часопісах. Пра выданні Пераверзева (літаратуразнаўцы), што толькі што з'явіліся. Яшчэ пра нейкія літаратурныя i калялітаратурныя навіны.

Пры ўрачыстым святле дня

Сустрэліся мы, канечне ж, выпадкова. Я спяшалася да хаты з Дома кнігі, пасля чарговай ночы з „хуткімі дапамогамі”, без сну, зусім „не в лице”, i пабачыла спачатку нейкі недарэчны руды калматы каўнер ca штучнага футра на шэрым паліто, а потым за каўняром згледзела знаёмую ўсмешку: Міхась. I ён быў заняты нейкімі сваімі думкамі, сваім клопатам. Неяк гмыкнуў іранічна: „Ну,вось — сустрэліся”. Таксама, мабыць, згадаў „урачыстае святло дня” i „сталёвы пярсцёнак”.

Пазней прынёс Айзэнрайха i маленечкаую драўляную скульпту­ру: жанчына, з палец, у стылі ўлюбёнага ім прымітывізму. Сапраўды я збірала яму чытаць нейкія часопісы, ён прыносіў мне толькі што набытыя ў кнігарні кнігі.

Стасункі нашыя набылі ранейшы, звычны прыязна-дыстанцыйны кшталт, з інтэрлюдыямі-гаворкамі па тэлефоне, выпадковымі сустрэчамі. Часам, праўда, па тэлефоне ён згадваў напаўжартам, як той вялікі, з Польшчы: „Збяжым у Тамашуў”. Былі, можа, як у Тувіма, свой Тамашуў i яшчэ якія падарожжы. Але гэта былі ўжо іншыя гісторыі. Больш рэальныя. З канкрэтнымі дзейнымі асобамі. Не са мной. I тут — толькі канстатацыя факта. Не роспач. Не журба. Не шкадаванне. Не „уничижение” — нават тое, што „паче гордости”. Інакш не магло быць. У жыцці кожнага з нас кантрапункты пазначаліся паасобку. Лініі існавання ішлі паралельна. Паводде Еўкліда. Толькі часам выяўляючы логіку казанскага матэматыка — i перакрыжоўваючыся. Каб зноў сысці ў далёкія паралелі. I эпісталярныя нашы стасункі скончыліся выхавана-гжэчным шматкроп'ем. Ніякіх меладраматычных клічнікаў i пытальнікаў. Ніякіх кропак над „i”.

Тым часам здавалася — хаця дыстанцыя нашага зямнога існавання перайшла даўно на другую палавіну, i ўсё ж — да той, канечнай, падзеі далёка.

А пакуль — кожны са сваёй самазасяроджанасцю. Раўнавага быцця. Раўнавага суіснавання. Ідылія духоўнай блізкасці. На адлегласці.

Ажно „провидение” да ідылій i ілюзій не так часта ставіцца паблажліва. Драмы лёсу не было. Але фінал нашых адносін усё ж стаўся трагедыяй. 23 жніўня 1987 года Міхась Стральцоў пайшоў з жыцця. I трагедыя — не таму, што надышоў канец зямнога існавання: гэта натуральна. Трагедыя — таму, што не зжыў пазначанага біблейскага веку. (Хаця ў нас ад нязбытнага сацаптымізму i пра васьмідзесяцігадовых пішуць: заўчасна памёр.)

Перад тым — мы рабілі разам у часопісе „Нёман”. Перад тым — ён святкаваў свой пяцідзесяцігадовы юбілей. Перад тым — была ўсё ж вандроўка.

У Слаўгарад. У Сычын. Рабілі тэлефільм пра Міхася Стральцова. Ці — больш правільна — перадачу пра Міхася, дзе быў дваццаціхвілінны фільм. На тэлебачанні вырашылі выехаць на радзіму Стральцова. I былі тры цудоўныя дні: 20, 21, 22 студзеня 1987 года. Перад тым стаялі страшэнныя маразы — да 30 градусаў. А як нам ад'язджаць — пацяплела, недзе толькі 10. Усё сляпуча-белае, блакітнае. Тэлебачанне едзе на сваім „рафіку”, мы: Міхась Стральцоў з малодшай дачкой (ад другога шлюбу) — светлай, лагоднай Алесяй, Рыгор Барадулін, Алесь Пісьмянкоў i я — аўтобусам. I гаворка, здаецца, ідзе звычаёвая, i п'ем мы звычайную каву з тэрмаса, што прынесла Алена Дзмітрыўна (ра­зам з іншымі ванзэлкамі, прызначанымі сваякам Міхася Лявонцьевіча), i ямо звычайныя піражкі з яблыкамі (майго вырабу), i нічога асаблівага не адбываецца, але прысутнічаюць у аўтобусе нейкія флюіды паразумення i разумення, што не выяўляюцца ў словах i ўчынках, але адчуваюцца неяк інакш (сёмым, дзесятым чуццём?). Настрой гэты — недзе ў паветры, у кіламетрах, метрах дарогі, у сыпучым, ясным снезе, у праменьчыках сонца. Мы ж едзем да тых дрэў, да тых стромаў, дзе гуляюць блакітныя вятры даўняй Стральцоўскай мары. Маладога яго наіву. I юных парыванняў душы. I за вокнамі аўтобуса — стоеныя, таямнічыя лясы, абрусы заснежаных палёў, утульныя вёсачкі, гасцінныя гарады. Ідылія заснежаннай прасторы, ідылія з адлегласці, ідылія нязгаданага i згаданага, ідылія падарожжа — турботы i тодзённы клопат засталіся ца тых кіламетрах, што адлічылі колы нашага „Ікаруса”, а мы недзе ў рэальных, але i прымроеных нашым уяўленнем прасторы i часе. У вэлюме добразычлівасці i нават крыху сентыментальных ілюзій „радаснага саду”, аддзеленага ад астатняга свету не толькі аўтобусам, але i агульнасцю вось гэтых, нядоўгіх, крухкіх, ламлівых сувязей, суадносін — гэтага падарожжа.

І былі сустрэчы з аднавяскоўцамі Міхася Стральцова, з яго маці, што так спакойна, нібыта яна ўсё жыццё давала інтэрв'ю тэлебачанню, гаварыла: „Я заўсёды лічыла, што ён некім будзе. Літаратарам нейкім”, з жанчынай, у якую ў юнацтве быў закаханы ўпершыню Міхась, з тымі дрэвамі, хатамі, — з той зямлёй, што памяталі Міхася Стральцова, якому яшчэ толькі наканавана было стаць творцам, Майстрам.

Там, у Сычыне i Слаўгарадзе, ішло сваё, недатычнае да нас i не залежнае ад нас жыццё. Быў звычайны клопат дня. Але ў дачыненні да героя нашага падарожжа ўсё набывала асаблівы сэнс: жанчына, што мыла бялізну ў палонцы, цікаўныя вясковыя дзеці (ix было няшмат), вольныя, не прывязаныя, але не бадзялыя, хатнія сабакі. Пажоўклыя здымкі ў хаце, дзе гадаваўся Міхась, каляндар прыроды, што вёў яго бацька. Нават зусім пашорхлыя, амаль неарганічныя ўжо, вязкі нейкіх зёлкаў пад столлю хаты, нават старыя табурэты i яшчэ нейкія седалы ў хаце i ў сенцах. I тая круча ў Слаўгарадзе, над якой Міхась чытаў свой верш, i старыя гасцінцы Магілёўшчыны. Там зараз — i надоўга — нячутная i нябачная бяда. Але я не хачу распавядаць пра яе тут — тады пра гэта яшчэ мала хто ведаў (Чарнобыльскія сакрэты захоўваліся пільна), — мы таксама занятыя былі іншым.

Нават i вячэры — у Сычыне, у Слаўгарадзе, у Доўску (на шляху ў Менск) — былі не тое каб рытульна-ўрачыстыя, але ў ix адчувалася магія прысутнасці талентаў — Міхася Стральцова i Рыгора Барадуліна, незаўважны гіпноз падпарадкаванасці ўсіх астатніх ix асобам. Усё другаснае набывала нечаканую галоўнасць існага i важнага, усё ўзбуйнялася, набывала новыя адценні, нюансы, стваралася асобая атмасфера. Хаця не было сур'ёзных гаворак, спрэчак — нейкія аскепкі, бліскаўкі, іскры. Але бліскаўкі — вясёлкі, іскры — месячнага святла, аскепкі — вялікай казкі жыцця.

Гэта было i пазней — калі ў Менску запісвалі сваё слова Васіль Вітка, Віктар Карамазаў, Карлас Шэрман. I потым працягвалі студыйную гаворку ў кавярні. I маўклівая мудрасць Васіля Віткі, нейкія філасофская лагоднасць i ціхамірнасць Карамазава, якая раптам вы­бухала нечаканай весялосцю. Усё гэта жывілася прысутнасцю Міхася Стральцова. Героя, юбіляра. Ён з нейкай добрай радасцю глядзеў на свайго сябра, які ўзяў ды i прайшоўся кругам упрысядку ў кафэ. „Віця”, — неяк заўсёды пяшчотна i злагадна згадваў Карамазава Міхась.

Так, былі перад'юбілейныя дні. I перадача з фільмам выйшлі да юбілею. I я гарэла ад сораму. Усе выдатна гаварылі, усе былі на экране роўныя самі сабе ў жыцці. Але той перадачы i таго фільма, які я сабе ўяўляла, не атрымалася. Не толькі таму, здаецца, што я не мела вопыту ў кіно i на тэлебачанні. Рабіла я сцэнарый (па просьбе Міхася — я ўжо распавядала, гэта была яго ідэя, калі ён даведаўся, што збіраюцца рабіць фільм пра яго) паэтычна-лірычны. Прыехаўшы ў Слаўгарад i пазнаёміўшыся з рэжысёрам, я зразумела, што мы маем на ўвазе розныя рэчы. Добра перамовіліся, я ўсю ноч не спала i вырашыла вяртацца ў Менск. Дзеля чаго я тут? Няўломак, няўдаліца. Міхась Лявонцьевіч i Рыгор Іванавіч неяк усё гэга „стушевали”, але я па сутнасці толькі прысутнічала пры тым дзействе. Уладзімір Таміла рабіў усё, што ён лічыў патрэбным. Рэдактар Саня Шлег ажно квітнеў ад радасці — фільм пра сябра. Аператар лавіў настрой героя i прыроды. Рыгор Іванавіч высакародна ўзяў на сябе ролю вядучага. I абодва яны — Міхась Стральцоў i Рыгор Барадулін — разумеючы мой афронт, зрабілі рабочую няўдачу ўдалай жыццёвай імпрэзай.

Міхась пазней усё суцяшаў мяне: „Не перажывай. Мы паедзем да цябе ў Наваградак, зробім фільм пря Янку Брыля”. Янка Брыль — не толькі любоў удзячнага вучня. Ён быў „дарагі яму літаральна кожным радком”. I ў гэтым абзацы з „Пячаткі майстра” — стаўленне да пісьменніка i чалавека выяўляецца, можа, найбольш выразна: „Брыль наогул пісьменнік, надзелены вялікай здольнасцю пастаяннай апрабацыі вышэйшых маральных каштоўнасцей i ўдакладнення ix для сябе i для сваіх герояў. Гэтая якасць, пры яшчэ надзвычайнай духоўнасці брылёўскага мастацкага свету, выгадна вылучае яго сярод сучасных на­шых празаікаў — гэтым ён прыналежны да непарушных традыцый вялікай літаратуры”.

Вось гэтае — „апрабацыя вышэйшых маральных каштоўнасцей i ўдакладнення ix для сябе i для сваіх герояў”, мастацкі свет Брыля — было для Міхася Стральцова неабходным, патрэбным, меціла яго ўласную філасофію існавання, надавала ёй, мне так здаецца, важкасць i пэўнасць. Часам ён, мабыць, i не пагаджаўся ў душы з Іванам Антонавічам, але ўласныя, яго, Стральцова, разгубленасць i разумовыя пошукі, яго „няшчасная свядомасць” (Гегель), яго „пункцірны” сацыяльны i асабісты побыт — знаходзілі тут i сталую грунтоўнасць усведамлення, i ахоўную свядомасць, i нібыта блізілі яго да нейкіх першасных, анталагічных асаблівасцяў нашага быцця ў свеце. І блізкасць мастац­кага метаду недзе набліжала, а недзе адштурхоўвала Міхася Страль­цова ад Брыля („Смаленне вепрука”, напрыклад). Але Брыль быў заўсёды неабходны Стральцову. I ў апошнія дні Міхася Лявонцьевіча — калі яму на нейкі час стала лепш — яны паўтары гадзіны вялі размову. Гэта было 2 жніўня 1987 года, пазней мы ўсе заходзілі ў палату на хвіліну — аддаць паклон. Рыгор Барадулін з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай (дарэчы, як мне здаецца, менавіта той жонкай, якую шчасціць мець мастаку, прыгожай, разумнай, мудрай), акцёр Дубашынскі, Вераніка Стральцова i я.

Поделиться с друзьями: