Блізкае і далёкае
Шрифт:
— Гэта-ж Насціна брыгада!..
— Не-э, Коржыкава брыгада! Вунь-жа Агата…
— Памагаць, мабыць, ідуць…
Тут нечакана ў рознагалосіцу ўзрушаных i радасных воклічаў i меркаванняў уварваўся зычны Маланнін голас:
— Не трэба нам іхняй помачы!
На нейкі час усе сціхлі.
— Чаму гэта не трэба?.. Няхай папрацуюць, хутчэй скончым, — запярэчыла Лізавета. Некалькі галасоў падтрымалі яе.
— А я кажу, не трэба! — настойвала Малання. — Мы i адны справімся!..
Жанкі між тым падыходзілі гамонячы. Хутка ўсе ўбачылі, што ў натоўпе пераважна былі калгасніцы з Насцінай брыгады — яны ішлі разам ca сваім брыгадзірам. Некалькі жней прыслала i брыгада Коржыка. У Коржыка жаць заставалася не шмат, яму даволі было i паловы брыгады, i ён, ведаючы, што Аленіна брыгада адстае, прыслаў сваіх жней сюды.
— Дзень добры, жанкі! — загучэлі наперабой галасы «гасцей».
— Добры дзень…
— Ці будзем на парозе стаяць, ці, можа, за стол папросіце?…. — пажартаваў нехта з гасцей.
Лізавета адказала ў тон:
— Калі з добрай навіной — за стол! Ды яшчэ на кут пасадзім.
— Бачыце, колькі яны зрабілі, пакуль мы збіраліся! — падышоўшы, з захапленнем прамовіла Васіліна, смуглая, з ласкавымі чорнымі вачыма жанчына, у сіняй сацінавай кофце — адна з тых, што ўчора прасіліся дапамагчы. — Мусіць, ні свет ні зара прыйшлі сюды! От як стараюцца!.. Нават брыгадзір з сярпом!.. — сказала яна далей, звяртаючыся да сваіх таварышак.
— Тут жанкі ўвішныя, як мурашкі…
Гэта былі словы таварыскія, спагадлівыя, жнеі з брыгады Алены сталі па-сяброўску вітацца. Нібы вецер лагодны павеяў.
Шчырыя словы суцішылі прыкрую насцярожанасць, якая не пакідала Алену з дня спрэчкі за жняярку. Жанкі пачалі па-таварыску гаманіць між сабою. Гледзячы на ix, нельга было-б i падумаць, што між брыгадамі нядаўна быў нейкі нялад. Хоць гэта быў пакуль пачатак звароту добрай дружбы, але i ён радаваў Алену. Значыць, i ў трэцяй брыгадзе шмат хто, можна было падумаць, не лічыў яе вінаватай. Алена адразу, узрадаваная, гатова была забыць усе свае крыўды — добрая ад прыроды, яна не ўмела злавацца.
— Напрацаваліся, а як-жа! — буркліва адказала жанчыне Малання. — Не тое, што вы, абібокі, у поўдзень збіраецеся…
— Цётка Малання… — Лізавета з дакорам тузанула Маланню за рукаў. Тонкія, з сярдзітым заломам бровы цёткі Маланні падняліся ўгару.
— Што цётка Малання?! Хіба-ж я не праўду, ягадка, кажу?
Жанчына з чорнымі вачыма не пакрыўдзілася:
— Гэта мы абібокі! — звярнула яна Маланніны словы на жарт. — Мы зараз пакажам, якія мы абібокі, праўда, жанкі?
Насця падышла да Алены, спакойная i ўпэўненая, як заўсёды.
— Пакажы, дзе жаць, — сказала яна.
Алена, не гаворачы нічога, павяла яе на правы край загону…
Ігнат доўга не мог дадумацца да чаго-небудзь пэўнага. Пасля таго, як Гардзей, кінуўшы страшныя словы, выйшаў з хаты, Ігнат чым больш думаў, тым больш упэўніваўся ў тым, што заўтрашні дзень яго чорны. Ён імкнуўся выбрацца з заблытаных ходаў панурых думак, але нязменна вяртаўся да таго месца, адкуль пачынаў. Было толькі два шляхі — адзін, які прапанаваў Шкробат, i другі — той, на які вяло Ігната яго сумленне, калі адкідвала намер Гардзея.
Сядзець без справы з такімі думкамі было нялёгка. Ён бадзяўся то па агароду, то па вуліцы, не знаходзячы месца.
Было толькі два шляхі.
Зрабіць тое, чаго дабіваўся Гардзей, Ігнат не хацеў. Але баязнь ганьбы i пакарання пасля Гардзеевых слоў, як цень, усюды валаклася пры думках Ігната. Яна непакоіла Ігната, прымушала яго вяртацца назад, думаць, шукаць якога-небудзь нявызнанага, светлага, беспакутнага шляху.
Шукаючы выйсця i не знаходзячы яго, Ігнат не адзін раз успомніў нечаканы прыход Вольгі i не аднойчы пашкадаваў, што няветліва з ёю абышоўся… Прыйшла сама, запрасіла на работу. Прыйшла да яго, як да паважанага чалавека, бо абы-каго на працу не запрашаюць-жа. Калі-б пайшоў, не было-б гэтай ненавіснай размовы з Гардзеем…
На наступны дзень перад абедам Гардзей прыйшоў зноў. Прывітаўся за руку, зірнуў на Ігната, — не зірнуў, a нібы наскрозь працяў чалавека, хаваючы адначас ад яго сваю ўважлівасць. Шкробат спаткаў нядобразычлівы позірк.
Можа цэлую гадзіну ён знарок, не зважаючы на непрыхільнасць Ігната, плявузгаў пра розныя дробязі. Гаспадар то садзіўся за стол, то падымаўся i неспакойнымі, хоць i павольнымі крокамі тупаў па хаце. Знянацку, нібы прачнуўшыся, Гардзей здзіўленымі спагадлівымі вачыма паглядзеў на Ігната, сумеўся:
— Ты што-ж гэта нахохліўся? — i раптам наўмысна засмяяўся, міргаючы вокам, трасучы буйным, не па росту, тварам. — А-а, думаеш! Хе-хе, думаеш? Аб чым гэта? А-а! А я ўжо даўно забыўся… Пажартаваў я, дурань… Хіба-ж можна такое i падумаць сур’ёзна?! Дурань ты, дурань, дзівак-чалавек! От пасмейся з табою! — Падышоў, важкай далонню пастукаў па плячы. — Ты — малайчына, Ігнатка… От i я такі-ж… Жартаваў я! Ты — сумленны чалавек, Ігнатка, добры… Свой чалавек! Да ўпадобы ты мне, ей-бо’, да ўпадобы, будзем сябрамі… Дурань ты, дурань, дзівак-чалавек. От пасмейся з табою!..
Паціснуў руку, сабраўся нібы ісці, вярнуўся i, нахіліўшыся да вуха Ігната, так што скронь таго калоў заросшы рыжай пасівелай шчацінаю падбародак, прашаптаў:
— Дык пра… злачынства ты не бойся… Не скажу нiкому!..
У Ігната адразу нібы rapa з плеч звалілася. На твары выступілі белыя, халодныя, падобныя на гарошынкі, кроплі поту.
— Жартаваў? — здзіўлена выдыхнуў Ігнат. — А я… дурны чалавек, галаву ламаў!
— От, пажартуй з табою!.. От дзівак-жа ты! Ей-бо’…
— Дзівак. Такі, мусіць, праўда, дзівак…
Але, калі Гардзей выйшаў, непакой зноў вярнуўся да Ігната. «Так ты жартуеш: кепскія жарты твае, Гардзей!» Цяжкі, трывожны ўспамін, што застаўся на душы, не хацеў пакідаць Ігната.
«Лепш далей ад цябе хадзіць…»
У адной сям’і
Загон, на якім жалі Алена ca сваімі жанкамі, падзялілі на дзве часткі — па колькасці людзей у брыгадах, каб на кожную жняю прыпадаў роўны па велічыні шнурок. Жанчыны з Насцінай i Коржыкавай брыгад ішлі разам, з правага боку загона. Каля поўдня дажалі да канца загону, да маладога шапаткога асінніку на ўскрайку лесу. Першай дайшла Аленіна брыгада. Скончыўшы, жанкі вярнуліся да сваіх памочнікаў, прыладзіліся, дзе каму прыйшлося.
Ніхто з жанчын, што вярнуліся дапамагаць, не трымаўся цяпер сваёй брыгады. Жнеі перамяшаліся. Хутка, калі ў каго-небудзь засталася была яшчэ ў пачатку працы недаверлівасць, то яна сама сабой непрыкметна суцішалася пры агульным клопаце. Нават цётка Малання, якую ў сяле ведалі, як вельмі ўпартую i незгаворлівую жанчыну, пакрысе пераставала бурчэць сама сабе: «Не трэба нам іхняй помачы». Недаверліва сочачы за Насцінымі жанчынамі, яна бачыла, што тыя жнуць старанна, не марнуюць час у пустых гаворках, i яе раўнівае сэрца паступова спакайнела.