Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Блізкае і далёкае

Мележ Іван

Шрифт:

— Які там ячмень патравілі! — строга прамовіў Марцін i дадаў спакайней: — Што-ж, перадам на праўленне, няхай разбярэ.

Шкробат з асцярогай, ад сцірты да сцірты, адступіўся прэч. Азірнуўся — ніхто не бачыў. Сэрца яго калацілася, ён прагна аблізаў языком засмяглыя раптам губы.

«Ледзь не ўліп… Добра, што я звярнуў тады гэта ў жарт. Беражонага бог беражэ. Яны заўсёды знюхаюцца… — Рукі яго дрыжэлі. — Усе… Усіх сцеражыся».

…Толькі ўвечары, пасля заходу сонца, калі пожня заблішчэла ў блакітным туманным святле маладзіка, зжалі апошнюю жменю аўса, склалі апошнія бабкі. Бабкі гэтыя складвалі ўсе жнеі разам.

Малання з апошняй жмені скруціла перавясла: яна строга шанавала старыя звычаі. Глянулі жнеі на апусцелае поле, на рады цёмных i блакітных бабак i радасна загаманілі.

— Колькі, скажыце, хапілі! За адзін дзень!

Задаволеныя, гарэзныя жнеі, абкружыўшы Алену цесным кругам, насыпаліся на яе.

— Ну, гаспадыня, цяпер расплачвайся, стаўляй вядро гарэлкі! Ды пабольшае!

— Конікі гагочуць — піць хочуць!.. Заслужылі-ж…

— Не выкручвайся!

Алена з удзячнасцю паглядзела на жанчын, — яе i «чужыя», усе перамяшаліся ў радасна-ўзрушаным натоўпе. Крыху разгубленая гэтай гарэзнай шумлівасцю, яна сказала:

— Ды ўжо-ж трэба-б паставіць. Нічога іншага не скажаш. Варта… — Усміхнулася. — Дзякуй вам вялікі, жанкі, за шчырую работу, за ваш клопат… Ад душы… ад усіх маіх людзей дзякуй!

Людзі знарок нездаволена зашумелі ў адказ:

— Э, а мы не ведалі, што ты такая скупая, гаспадыня… Ну, ну, не шкадуй, раскашэлься!

— Не-э, падзякай не адбудзеш!

Алена глянула на Марціна, які гадзіны за тры да вечара прыйшоў паглядзець, як ідзе жніво ў брыгадзе, i бездапаможна развяла рукамі, — выручай, таварыш старшыня. Марцін вельмі непакоіўся, што брыгада не паспее зжаць усяго за дзень. Тое, што ён убачыў, прыйшоўшы на поле, — бадзёрая ўзрушанасць жней, запал, суладная работа абедзвюх брыгад, — узрадавала яго i ўсхвалявала. Ён застаўся з жанчынамі да канца работы — памагаў зносіць снапы i складваць ix у бабкі.

— Гаспадар, відаць-такі, трэба раскашэліцца, — сказала Алена. — Заслужылі!

«Заслужылі… заслужылі, Алена», — падумаў Марцін, але, хаваючы ўсмешку, каб жартам паспрачацца са жнеямі, сказаў абыякава:

— Трэба як-небудзь, казакі мае, падумаць пра гэта…

У гэты момант Малання, непрыкметна падкраўчыся ззаду, перахапіла яго, нібы поясам, перавяслам:

— Цяпер, рыбка, не адгаворышся!

— Прыдзецца-такі капітуліраваць, — Марцін адразу падняў рукі. — Здаюся!

Жанчыны задаволена зашумелі.

— Дажынкі згуляем… на тым тыдні ў нядзелю.

Узрушаным, гаманкім гуртам жанкі рушылі аўсянішчам наўпрасткі на дарогу. Алена адстала, нібы ёй рупіў які-небудзь гаспадарскі клопат. Астаўшыся адна, акінула вачыма ахопленае дзіўным дымчатым прыцемкам поле, прысадзістыя шырокія бабкі, — такі загон зжалі! На апусцелым полі быццам казачны гарадок вырас. У поўзмроку, як здані, цьмянымі плямамі вызначаюцца дзве маўклівыя ігрушы, пасаджаныя некалі на мяжы Вольчыным бацькам.

— Скончылі! — уздыхнуўшы, выказала Алена ўголас пачуццё, што яе хвалявала. Ёй раптам успомніліся трывогі апошніх дзён, калі яна баялася, што спозніцца ca жнівом, i сэрца яе цяпер зайшлося ціхай, глыбокай радасцю: Алена ўсё блізка брала да душы — i боль i радасць. Якое шчасце пасля неспакойных дзён упартай працы, пасля ўсіх трывог, удач i няўдач, адчуць, нарэшце, радасць заслужанай перамогі! Сэрца Алены было ўсё напоўнена гэтай радасцю. Нават стома, што скавала цела, была салодкай i хмельнай, нібы радасць.

— Ну, хопіць любавацца! — неспадзявана пачула Алена Марцінаў голас.

Яна здрыганулася, збянтэжана агледзелася. Ззаду непадалёк стаяў Марцін. Ён з дакорам, усміхаючыся, паківаў галавою. Як яна не заўважыла, што ён стаіць амаль поруч i слухае! Марцін, не перастаючы дакорліва ўсміхацца, падышоў, узяў яе за руку.

— Ну, колькі-ж можна ўздыхаць! Як малая. Хадзем.

— Пачакай! Яшчэ трошкі…

«Чаму так добра, калі ён бярэ сваёй рукой маю руку?» — праплывае мімаволі ў галаве Алены думка. Ад яго поціску радасць Алены шырыцца, мацнее.

Раней таксама хораша было з ім, асабліва тады, калі яна не ведала гэтай непатрэбнай спрэчкі i крыўднага падазрэння. Цяпер сяброўскі поціск Алена прымае як узнагароду.

«У Андрэя таксама былі такія харошыя рукі…»

I раптам, нібы подых вячэрняга ветру, перапоўненае радасцю сэрца Алены крануў ціхі даўкі сум. Не той вядомы сум па Андрэю, a іншы. Яна сама не ведае, што гэта за пачуццё, нібы чагосьці не хапае. Вельмі неабходнага…

— Стамілася я! Здаецца-б, села тут на месцы i нікуды не пайшла-б.

— То давай сядзем, — сказаў Марцін. У голасе яго Алена пачула нейкія нязвыклыя хвалюючыя гукі, i сэрца яе сціснула няяснае шчымлівае прадчуванне. Гэта было такое харошае i такое нечаканае пачуццё, што яна збянтэжылася.

— Не, нельга, — таропка, амаль спалохана сказала яна i хутка пайшла: — Што… людзі скажуць?

Ён падаўся поруч, не выпускаючы яе рукі ca сваей.

— «Стамілася»… Нічога, Алена, хутка лепш стане. Які-небудзь год, i тут зноў пусцім машыны, больш, як да вайны. Электрастанцыю на Тур’і пабудуем… Добрае жыццё, Алена, будзе!

Некалькі хвілін абое ішлі моўчкі, напоўненыя адчуваннем нязнанай раней між імі блізкасці.

— Ноч якая!.. Дзіва, а не ноч! — прашаптала Алена. Яна ўзрушана стала. Следам за ёй спыніўся Марцін. Стоячы поруч, яны дзівіліся хараству навакольнага свету, з’іначанага ў дымчатым блакітным святле. Алена ўспомніла, што такая самая ноч была тады, калі яна думала адзінока ў сваёй няскончанай хаце тыя горкія думы.

«Не, не такая, — запярэчыла сэрца. — Тая ноч была іншая…»

— Алена, — сказаў Марцін, калі яны пайшлі, — а ведаеш, яна сама надумала паслаць табе помач?

— Насця?

— Насця. Прыйшла ўвечар да мяне, кажа: заўтра пашлю брыгаду Алене. I больш нічога не гаворыць — ганарлівая. А я акурат на тое збіраўся зрабіць нараду, паслаць усіх свабодных людзей у тваю брыгаду. — Марцін засмяяўся. — Я ўсё роўна паслаў-бы. Але яна апярэдзіла мяне, — ну я гэтаму i рад, добра, думаю, прыйшла — значыцца, шура-бура сціхла… Толькі яна… не ведаю ці казаць табе? — пасур’ёзнеў зноў Марцін.

— Кажы.

— Яна нібы прачытала, што ў мяне ў галаве, кажа: ты не думай, што я для Алены пайду, я для калгаса раблю, а не для Алены. A ў тым, кажа, што не Аленіны людзі нашкодзілі, я яшчэ сумняваюся…

— Сумняваецца? А ты таксама?

— Не, Алена. Я i тады не верыў у тое.

— Не верыў?! — узрадавана сказала Алена i ўдзячнымі цёплымі вачыма паглядзела на Марціна. — Не верыў… — сказала яна цішэй, апусціўшы вочы. — Гэта добра, што ты ў тую дарэмшчыну не паверыў, а мне… верыў… Хоць i не ведаў дакладна, а верыў… што я не магла зрабіць такую шкоду…

— Мне здаецца, — адказаў старшыня, — у сям’і так i павінна быць, каб усе адзін аднаму верылі. A інакш i сям’і добрай не можа быць. Якая-ж гэта сям’я — дзе адзін аднаму не давяраюць?

Поделиться с друзьями: