Блізкае і далёкае
Шрифт:
Напісаўшы ліст, Баклан адчуў прыемную палёгку, быццам радкі ліста забралі ўвесь цяжар, што зваліўся на сэрца пасля сходу. Вымова… Няхай — вымова. Ці варта яму вельмі непакоіцца праз гэта. Тыя, хто даў яму спагнанне, — людзі звычайныя, не выдатныя нічым, не раўня яму…
Назаўтра ўранку ён занёс ліст на пошту.
…Калі Баклан вярнуўся з пошты, то неспадзявана стаў разважаць — ці трэба было пра ўсё пісаць Кавалевічу.
Яго пачало тачыць сумненне: а можа Кавалевіч таксама забыўся. Ён-жа цяпер загадчык прамысловага аддзела абкома. Новая праца, новыя таварышы… Гэта было-б горка — расчаравацца ў камандзіры, бо Баклан вельмі верыў яму.
Праходзілі дзень за днём, а адказу на ліст не было. Ён так чакаў вестку ад камандзіра атрада, што кожны дзень пасля абеду, калі звычайна прывозілі газеты i лісты, хадзіў на пошту.
— Нешта вы зачасцілі да нас, Пятровіч, — заўважыў аднойчы загадчык аддзялення, старэнькі беленькі чалавечак. — Можа, які-небудзь важны цыркуляр чакаеце?
— Цыркуляр, Майсеевіч!.. — іранічна прамовіў старшыня i таямніча на вуха шапнуў старому: —Дзяўчына ў мяне ў горадзе ёсць… Абяцала пісаць i — хоць-бы слова!..
— А, вер ты цяпер дзяўчатам!..
Тым часам у гэтыя дні Баклана ўсё больш апаноўвала няўпэўненасць, невядомая раней гэтаму чалавеку.
Ён пачынаў у глыбіні душы адчуваць, што як ні прыкра, трэба прызнацца, што ён памыліўся, што мае рацыю не ён, a іншыя — якія галасавалі за вымову.
Сумненне пачало змяняцца непакоем. Цяпер Васіль стаў часам пабойвацца прыезду Кавалевіча.
Кавалевіч яшчэ, чаго добрага, дадасць да ўсяго. Партыйнага сходу, — скажа, — не паслухаўся. Распусціўся… Забыў пра абавязак перад комсамолам, перад партыяй…
Цяпер, пасля сходу, бачылі, ён стаў нейкім стрыманым, паглыбленым у сябе. Пачаў больш прыглядацца да жыцця ў калгасе. Праверыў, як трымаюць у свірне насенне, i выявіў, што ў ім многа вільгаці. Ну i дасталося кладаўшчыку ад старшыні: доўга будзе помніць нядбалец. Некалькі дзён пасля гэтага Баклан зноў заходзіў сюды, сачыў, як ідзе прасушка. Выклікаў да сябе ў канцылярыю ўсіх людзей, якія мала хадзілі на працу, пагаварыў з кожным…
Часам, аднак, непакой адыходзіў. Да яго вярталася ранейшая ўпэўненасць i бесклапотнасць. «Не, Кавалевіч не можа забыць таго… — думаў ён. — Кавалевіч ацэніць…»
Аднойчы, так i не дачакаўшыся ліста, Баклан запрог каня i паехаў на Прыпяць да знаёмага рыбака, куды ён любіў часта наязджаць i раней. Васіль вельмі любіў, як сам казаў, «ласавацца рыбкаю», — бывала, цэлымі тыднямі прападаў з рыбакамі на ціхіх прыпяцкіх водах. Прыемна, спакойна на рацэ, асабліва, калі багаты ўлоў, але не менш падабаліся Васілю вечары на беразе — вясёлы агонь, на якім булькоча-кіпіць у катле юшка…
Пад вечар у той самы дзень прыехаў Кавалевіч… Яго сустракаў Гаўрыльчык, Бакланаў намеснік.
II
Як толькі пачало займацца на дзень, Кавалевіч прахапіўся. Першае, што ён пачуў, — недзе непадалёк аб дрэва бразнулі вядром, услед за гэтым працягла зарыпеў журавель. Кавалевіч адкінуў коўдру, пачаў апранацца. Можна было-б яшчэ спаць: ноччу яны з Гаўрыльчыкам доўга гаварылі i разышліся толькі а чацвёртай гадзіне. Да таго-ж спяшацца сёння няма куды — ён прыехаў у госці, Але Кавалевіч ведаў, што ляжаць больш не зможа, гэта быў той час, у які ён заўсёды падымаўся. Кавалевіч у змроку вобмацкам знайшоў боты, хутка абуўся i выйшаў у другі пакой, дзе спаў Гаўрыльчык.
Таго ў хаце ўжо не было. Арына, Гаўірыльчыкава жонка, завіхалася пры печы, у якой лютавала прагнае полымя. Яна якраз, пазіраючы ў печ, ставіла на вілках чыгун, накрыты скавародкаю. Паставіўшы чыгун, яна кісцю рукі выцерла лоб i лагодна прывіталася з госцем. Гэта была невысокая, але статная, маладая жанчына, вельмі спакойная i павольная. На яе пухлых дзіцячых шчочках, каля кірпатага носіка, пунцавелі ад спёкі, якая патыхала з печы, два кругі. Арына сказала, што Рыгор ужо гадзіну, напэўна, як на калгасным дварэ.
— Па сена людзей, бачыце, трэба паслаць. Дык Рыгорка падаўся, непакоіцца, каб якой замінкі часам не было… — яна вілкаю прыгарнула жар да чыгунка, уздыхнула. — Ой, гора мне з ім… Цэлыя дні, бывае, не загляне ў хату…
Арына падала госцю мыла ў мыльніцы з зялёнай пластмасы, стала паліваць з мядзянай конаўкі на вялікія бледныя рукі госця. Пры гэтым, не сціхаючы, увесь час гаманіла.
— …Ну, што-б яму — рабіў-бы за сябе i хопіць. Гэта-ж столькі людзей у калгасе, столькі клопату ў кожнага. Хіба за ўсякім даглядзіш? Дык не-ж, ён да ўсяго мае дачыненне. Усюды сваё слова ўставіць!.. Баклан не глядзіць сам нічога, дык ён i за яго, за старшыню, стараецца… А як-жа, ён, бачыце, намеснік.
Кашлатыя чорныя бровы Кавалевіча насцярожана падняліся — зараз яшчэ што-небудзь скажа пра Баклана. Не, усё пра адно, пра Рыгорку свайго…
— Баклан — што-ж, выходзіць, не глядзіць? — запытаўся, здавалася абыякава, Кавалевіч, далонню сціраючы з шырокага зямлістага твару ваду.
Яна адказала не адразу. Вынесла з пакоя, дзе спаў Кавалевіч, чысты з вышыванымі пеўнікамі ручнік, падала госцю. Потым махнула рукою…
— Кепска, скажу я вам, калі тваім начальнікам заслужаны чалавек. Яму хочацца то на Прыпяць, то ў горад ехаць, — ліха яго ведае, чаго захочацца чалавеку на выгодзе! — a калі што трэба, то ты рабі, Рыгорка… Прыедзе хто з райза ці з эмтээса — усе да Рыгоркі.
Яна накіравалася была да печы, але раптам спынілася і, павярнуўшы да Кавалевіча поўны, круглашчокі твар, бліснуўшы весела вачыма, дадала:
— Тут у нас пра яго, пра Баклана, жартуючы, кажуць: харошы старшыня — трынаццаць нямецкіх эшалонаў спусціў!
Яна засмяялася так шчыра i простадушна, што Кавалевіч таксама ўсміхнуўся. Цяпер яна пачала зноў гаспадарыць пры печы. Рабіла яна, як i гаварыла, павольна, без мітусні.
Кавалевіч вярнуўся ў свой пакой. На дварэ цяпер сінеў не густы ранішні змрок, i ў вулічным акне былі відаць голыя кусты бэзу, што курчыліся ад вільгаці i сцюжы, i чорныя, як-бы сатлелыя, сцябліны кветак. Да Кавалевіча вярнуліся неспакойныя думкі пра Баклана. Словы Арыны не былі для яго нечаканымі. Ён ужо ведаў пра партыйны сход, на якім слухалі справаздачу старшыні, пра адносіны старшыні да парторга, — аб гэтым яму расказаў учора Гаўрыльчык. Праўда, Рыгор гаварыў пра Баклана неахвотна i ўсяляк імкнуўся абысці гэтую прыкрую тэму. Часней за ўсё ён адгаварваўся двума словамі— «сышоў з рэек». Аднак Кавалевіч i з тых вестак ужо добра ўяўляў сабе паводзіны Баклана, i яны выклікалі ў ім трывогу.
Баклан калісьці быў камандзірам падрыўной комсамольскай групы. Партызанскім атрадам «Смерць фашызму», у які ўваходзіла гэтая падрыўная група, камандаваў Кавалевіч. Камандзіру атрада прыйшоўся да спадобы малады начальнік падрыўнікоў за адвагу i рашучасць. Ніхто іншы, a камандзір атрада — Кавалевіч — назначыў Баклана кіраваць групай, Кавалевіч-жа паручыўся за комсамольца-падрыўніка, калі той уступаў у партыю.
Месяцы чатыры назад Баклан стаў старшынёй калгаса. Ён у той час прыехаў з Мінска, з курсаў, на якіх правучыўся амаль год. Кавалевіч аб выбранні Баклана даведаўся на адной з абласных нарад ад сакратара райкома, — ён сказаў, што лепшага старшыні i жадаць не трэба, бо яго падрыўнік быў, акрамя ўсяго, добрым арганізатарам. I вось — на табе…