Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Блізкае і далёкае

Мележ Іван

Шрифт:

— Тут большае можа i не ў тым брыгадзірстве. Не ў казцы, a ў прыказцы справа. Я інакш бачыць сябе стала. Адар’я нават раз пасмяялася: задавацца, кажа, я стала… I з маіх убораў пасмейваецца. Я от, — можа, i няёмка казаць, — Васіліна Карпаўна крыху збянтэжана ўсміхнулася, — стала больш глядзець за сабой, прыбірацца нешта пачала. Гады ў мяне не маладыя, дзеці выраслі, а я — што гэта са мной?

Бывала, божа мой, ходзіш задрыпаная, абарваная, у латаным зрэб’і i — быццам так i трэба. Ці не ўсё роўна! А цяпер часам хочацца ў люстэрка паглядзець!

Люблю я прыбрацца ды прайсціся ў святочны дзень пад руку з Надзейкай, з меньшанькай маёй. Яна ў мяне ружовенькая, высокая ды здаровая — проста мак цвіце. Семнаццаты гадок пайшоў. У свята — ведама што: людзі сабіраюцца каля хат, на прызбах, на лавачках, — падыдзем, пагаворым пра тое-сёе ды далей. Я часта так раблю выгляд, нібы ў краму ідзем, a папраўдзе для таго, каб людзям паказацца: «Глядзіде, маўляў, на мяне, шчаслівую, радую, любуйцеся, якую я прыгажуню-дачку выгадавала!»

Яна ў мяне вучыцца ў дзевятым. Ахвоту вялікую да вучобы мае, асабліва батаніку любіць. Летась усё хадзіла ў лес ды на балота, кветкі-траўкі розныя збірала ды на паперу засушвала. Гербарый называецца… I якія толькі ёсць у нас расліны — усё яна ведае, ды не проста, а па-вучонаму… От, скончыць школу, у Мінск пашлю, на вучоную вучыцца. Няхай ідзе ў людзі!..

Васіліна Карпаўна дастала некалькі кніжак з кошыка, перавязаных шпагатам, i сказала:

— Вось вязу Надзейцы i сабе — пра каноплі. Сёлета каноплі на асушаным балоце будзем сеяць… — I, хвіліну разважыўшы, дадала: —Купіла яшчэ крэпдэшыну ў магазіне. Надзейцы на плацце — з кветачкамі сінімі, i сабе шоўку — чырвоны з белым гарошкам…

— У вас — двое, цётка Васіліна?

— Пяцёра выгадавала. Тры сыны i дзве дачкі. Другая донька — Ганна — у Глінішчах за рахункаводам… А сыны — адзін пры мне, працуе за лесініка. Жаніўся той восенню, у Вербавічах-жа, каля лесу, жыве. Хата яго стаіць от так наводдаль сяла. A другі — Пятро — той за агранома вывучыўся, толькі ў гэтым годзе тэхнікум скончыў, робіць аж пад Полацкам. А серадольны — той у арміі, надоечы пісаў — шаферам служыць.

Баліць у мяне — от кажу — сэрца за яго. Пра іншых меншы клопат, а пра гэтага, бывае, цэлыя ночы думаю. I лістоў вельмі чакаю ад яго. Бывае, пройдзе тыдзень, а ад яго — ні слоўца, дык я быццам сама не свая…

I што яны, гэтыя амерыканцы, круцяць там, у Заходняй Нямеччыне! Зноў фашыстаў прыграваюць, кулямёты ды мінамёты даюць. Толькі што адно такое ліхалецце перажылі, дык яны новае рыхтуюць. Мала ім гора людскога ды слёз!.. I пра што там думаюць маткі тых амерыканскіх салдатаў? Ці ім не шкода сваіх дзяцей? Чаго яны маўчаць?..

Эх, не даюць пажыць спакойна! Тут у нас, на Палессі, такія справы ідуць — такія справы… Самы час настаў для людскога жыцця ў нас, а там…

Васіліна Карпаўна сціхла, узрушаная трывогай за шчасце сваёй сям’і, за многіх такіх, як сама. Я з нейкай асаблівай павагай пазіраў на яе, гэтую, на першы позірк, непрыкметную жанчыну.

Насустрач нам шырокімі вільготнымі хвалямі плыў вецер, які абвяваў, халадзіў твар i шыю. Васіліна Карпаўна расшпіліла жакетку.

— Слухаю вас, i даўно карціць спытацца, — скажыце, колькі вам год? — прамовіў я i дадаў, што яна здаецца нейкай маладой душою.

— Я i сама бачу гэта… I хто-б думаў, што можа яно так стацца… Што… гады сыйдуць з плеч! У песні вось спяваюць: «А моладасць не вернецца, не вернецца назад». А яна як-бы вяртаецца!

I жанкі мае не раз дзівіліся з мяне. Аднойчы Адар’я мне сказала: «Адкуль у цябе, Васіліна, столькі руху? Ты такая непаседлівая, такая заўзятая. Ну, праўда, заўзятая!.. Мусіць, каб не ты, то ў нас нічога з балотам i не атрымалася-б. А з табою — легка… Ты, не ўрокам кажучы, як маладая!»

Васіліна Карпаўна засмяялася памаладзелымі вачыма, у якіх i вясёлы жарт, i лёгкая іронія з сябе. Я, пазіраючы на яе, перастаў заўважаць i яе маршчыны на твары, i сівізну ў валасах, пасму якіх варушыў пругкі веснавы вецер. Але ўсмешка хутка растала на яе твары, — жанчына загаварыла сур’ёзна i задуменна:

— Маладая! Каля пяцідзесяці… Хіба-ж гэта ўсё? — голас яе прыціх i задрыжэў. — Я-ж, можа, толькі вось цяпер жыць пачала як мае быць. Па-чалавечаму пачала жыць… Дзетак у людзі вывела. Я, можа, толькі цяпер — пры нашай уладзе, дзякуй ёй! — паспытала, што яно такое, жаночая доля…

Васіліна Карпаўна зноў памаўчала.

— Доля… Запозна трошкі ты, маладосць мая, пачала вяртацца. Эх, каб гадоў на дзесяць раней прыйшла!

Ужо-ж пажыла-б я!.. Ну, ды — годзе! Не ўсё яшчэ мінулася. Не ўсё!

Яна стала глядзець наперад, у шырокую, усхваляваную ветрам простань ракі, куды спакойна, важка ішоў параход.

195З г.

Дом на праспекце

(З гісторыі аднаго дома)

Першыя дні

Некалькі год назад на цэнтральнай вуліцы горада высіўся між руін пануры, суровы кораб дома. Ён глядзеў у свет, як сляпы, пустымі вокнамі, над якімі па сцяне веерам расплываліся чорныя, дымныя сляды.

У ім не было ні пакояў, ні калідораў. Усё ўнутры выпаліла бязлітаснае полымя. Калі ўваходзілі ў пройму дзвярэй, то бачылі вакол высачэнныя сцены, на якіх пяць разоў адзін над адным цягнуліся рады вокан, а над самай галавой угары бачылі сіняе, белае ці шэрае — гледзячы па надвор’ю — неба. Сцены ўнутры там-сям былі яшчэ задымлены, але з большага дажджы ўжо змылі ўедлівую чорную копаць. Там-сям на сценах яшчэ трымаліся іржавыя, падобныя на гармонікавыя мяхі, батарэі.

У праходах свабодна гуляў вецер, заносячы сюды летам пясок, a зімою — снегавую крупку…

У першыя дні пасля вызвалення прыйшоў сюды, да гэтага дома, хударлявы, сутулаваты чалавек у паблеклым армейскім адзенні. Ён, горбячыся, патупаў-патупаў вакол дома i ў сярэдзіне i, не сказаўшы нічога, але з нейкім намерам, што было відаць па выразу яго добрага, крыху хваравітага твару, падаўся прэч.

На наступны дзень ён — Загорскі — з жонкаю расчысціў ад гліны i камення адзін невялікі куток, адгароджаны сценамі з трох бакоў. Пасля гэтага ён прывёз на фурманцы дошак i ўвесь доўгі дзень, перамагаючы боль у параненай назе, рэзаў, цясаў, прыбіваў.

— Ды сядзь ты, папалуднуй. Вунь вечарэе ўжо… Суп зноў астыў. Колькі-ж табе падаграваць! — гаварыла жонка. (Яна падтрымлівала дошку, якую ён прымацоўваў да слупа.)

— Ну вось адразу i папалуднуем i павячэраем, як той цыган.

Ён усміхнуўся: усмешка ў яго была мяккая, добрая i нібы сарамлівая.

— Заняты ты. Як возьмешся за што, дык не адарваць… Глядзі, каб гэта назе не пашкодзіла.

— Адпачне потым… Што-ж гуляць да часу. Кончыў працу, тады i — гуляй.

— Кончыў! Тут колькі яшчэ да канца?..

Поделиться с друзьями: