ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Шрифт:

Быў познi начны час. Нешпар дамiнiканцаў даўно ўжо закончыўся. Пасля працяглай нарады з iнквiзiтарамi i дарадцамi падрэ дэ ла Куэста правёў вялебнага айца да келлi, у якой той меўся жыць пад час гасцявання ў Вiла-Рэал. Змрок нiзкiх кляштарных калiдораў рассейвалi паходнi ў руках двух рыцараў з Хрыстовай мiлiцыi.

У канцы доўгага калiдора падрэ дэ ла Куэста спынiўся i адчынiў дзверы ў келлю.

– Належыць табе, вялебны ойча, заслужаны адпачынак пасля клопатаў сённяшняга дня. Спадзяюся, Бог спашле табе добры сон. У гэтай вось келлi, як сведчаць старыя запiсы нашага кляштара, акурат сто гадоў назад жыў пэўны час наш святы брат Вiнсэнт Фэр'ер.

Падрэ Тарквемада, схiлiўшы ў дзвярах галаву, увайшоў усярэдзiну. Келля была цесная i голая. У адным куце гарэў каганец. Нiжэй было месца для кленчання. У другiм куце - вузкая пасцель. Над ёю - разьблёны з дрэва распяты Хрыстос. Холад iшоў ад каменнай падлогi i муроў. За акном распасцiралася цёмнае начное неба, усыпанае зоркамi.

Вялебны айцец падышоў да акна.

– Наш брат Вiнсэнта несумненна быў святы. Цi не думаеш, вялебны ойча, што пры ўсiх сваiх хрысцiянскiх цнотах ён быў чалавек, якi вельмi лiчыўся з важнасцю слоў.

Падрэ дэ ла Куэста цiха прычынiў дзверы.

– Святы Вiнсэнт быў вялiкi прапаведнiк нашага закону.

Тарквемада, заклаўшы далонi ў рукавы сутаны, глядзеў на далёкае неба.

– Словы! Што ж словы, мой ойча? Тысячай слоў можна вярнуць тысячу ератыкоў. Кажаш, святы Вiнсэнт быў вялiкi прапаведнiк. Гэта праўда. Далучыў да нашай веры шмат тысяч жыдоў, якiя ў свой час унiклi пагромаў. I што з таго? Яны, учора далучаныя, сёння ў асобах сваiх сыноў i ўнукаў таемна мардуюць абаронцу веры. Чаму так робяць? Бо ненавiдзяць Святую iнквiзiцыю, змянiўшы толькi формы, не мяняючы нi на шэлег сваёй ератыцкай натуры. Аказваецца, словы бываюць не вушкам iгольным, а брамай, шырока адчыненай усiм. I праз яе праходзяць так латва, як з цемры да святла дзённага. Сапраўды, мой ойча, бяда тым, хто змагаецца, калi занадта спадзяецца на ачышчальную сiлу слова!

– Думаеш, слова не мае нiякай дзейснай сiлы?
– пакорна спытаўся падрэ дэ ла Куэста.

– Чаму ж, мае, але толькi тады, калi яно - дзеянне. Уся праўда нашага слова ў вучэннi царквы, i яна непарушная, не залежыць ад глебы, на якой мы будуем наш гмах. Але цi ж не на тым грунтуюцца нашы заклiкi, каб словы праўды пацвярджаць сведчаннем дзеяння? Вер мне, мой ойча, словы толькi тады нешта азначаюць, калi не далей чым за крок ад iх стаiць меч дзеяння.

– Калi я правiльна ўразумеў цябе, вялебны ойча, прызнаннi асоб перад Святым трыбуналам, якiя сведчаць за тое, што шмат хто са свецкiх паноў i ўпраўцаў горада Вiла-Рэал пагарджае асновамi рэлiгii i не баiцца ўзносiцца з пыхаю там, дзе павiнна быць толькi паслушэнства i пакора, - то гэта цi не словы, за якiмi стаiць меч дзеяння?

Падрэ Тарквемада павярнуўся да акна. У позiрку яго цёмных, глыбока пасаджаных вачэй успыхнуў раптоўны бляск.

– Сапраўды, шматвяковы вопыт нашага вучэння прамаўляе тваiмi вуснамi. Здаецца мне, ты зразумеў асаблiва важны прынцып.

– Цi маеш на думцы, вялебны ойча, прынцып, якi сцвярджае, што за кожнай памылкай, якая б яна нi была, схаваныя пахiбнасцi веры?

Тарквемада прыплюшчыў вочы i нiчога не адказаў. Падрэ дэ ла Куэста ўзiраўся ў яго з напружанай увагай.

– Калi б мы хацелi i маглi глыбей i пранiклiвей глядзець на людскiя памылкi, - азваўся праз хвiлiну, - тады нам не цяжка было б заўважыць, што прычыны памылак бываюць зазвычай больш грозныя, чым яны самыя.

Тарквемада ўзвёў павекi.

– Ойча Бласка, - сказаў задумлiва, - я хацеў бы, каб ты сказаў мне як брату, якi шчыра любiць...

– Слухаю цябе, ойча.

– Сапраўдны хрысцiянiн не можа мець нiякiх асабiстых мэт, якiя б пярэчылi мэтам царквы.

– Так, ойча, гэта праўда.

– Усе нашы дзеяннi, думкi i жаданнi належаць царкве. Лiчу таксама, што менавiта таму хрысцiянiн не толькi можа, але i павiнен песцiць у сабе жаданнi, хай вельмi асабiстыя, але каб яны адпавядалi мэтам царквы. Скажы яшчэ, цi маеш асабiстае пажаданне, асаблiва табе дарагое, адно замiлаванне, якое здавалася б табе ўвасабленнем тваiх зямных iмкненняў?

Падрэ дэ ла Куэста хвiлiну маўчаў.

– Калi быць шчырым, ойча, як на споведзi...

– Будзь!

– Прызнаюся, ужо колькi гадоў горача i нязменна прагну аднаго. Хацеў бы, i хай даруецца мне мая пыха, хацеў бы, аднак, калi-небудзь у будучым, вядома, пасля як найдаўжэйшага жыцця Яго Свяцейшасцi кардынала дэ Мендоза, сесцi на трон арцыбiскупаў Таледа.

У цэлi стала цiха. Падрэ дэ ла Куэста, стоячы са схiленай галавой, дарма чакаў адказу Тарквемады. Вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар маўчаў.

Якраз выходзiў месяц, i бляск яго прабiваўся ў келлю iмглiстай яснотаю.

– Ойча вялебны, - цiха азваўся прыёр, - магчыма, маё прызнанне ўразiла цябе. Сапраўды, можа, я занадта высока сягаю са сваiмi марамi. Аднак мне хацелася б...

– Iдзi спаць, ойча, - суха сказаў Тарквемада.
– Думаю, пасля дзённых турбот табе патрэбен сон.

Падрэ дэ ла Куэста збялеў.

– Божа лiтасцiвы, няўжо маё жаданне аж такое заганнае? Калi лiчыш, што я не годны такога вялiкага гонару...

– Маўчы! Няўжо ты сапраўды такi сляпы i глухi, калi не разумееш, што адкiдаеш, выбiраючы славу i бляск? Чаго варта твая мара? Надзець на галаву арцыбiскупскую iнфулу, мець двор, палац, багацце, сядзець у асвянцоных шатах на троне? Ты, дамiнiканец, найбольш гэтага прагнеш? Гэта твая запаветная мара? Што ты зрабiў з сабою, у якiя сеткi ўблытаўся? Хвiлiну назад я думаў, падмануты знешняй прыстойнасцю тваёй разважлiвасцi, што залiчу цябе да найвышэйшай годнасцi змагара царквы, назначыўшы адным з iнквiзiтараў каралеўства. А ты марыш стаць арцыбiскупам Таледа!

– Ойча!

– Цi не разумееш, што годнасць iнквiзiтара, якая ўскладае на плечы не учту, а цвёрдыя абавязкi, азначае стакроць больш, чым усе бiскупскiя троны? Больш, чым кардынальская пурпура? Больш нават, чым тыяра папы! Iдзi спаць, бедны ойча, памылiўся я ў табе.

Падрэ дэ ла Куэста асунуўся на каленi.

– Ойча вялебны, дзякую табе, адкрыў мне вочы, бачу цяпер, што сапраўды пыха засланiла мне свет, што я цяжка саграшыў, але ў iмя памяцi нашага вялiкага патрона, святога Дамiнiка, заклiнаю цябе, не пагарджай мною, даруй гэтую хвiлiну слабасцi i зацьмення.

– Не!
– пiсклiва крыкнуў Тарквемада.
– Не дарую. Ты не дзiця, якое толькi ўчора ўступiла ў веру. Ты прыёр, кiраўнiк некалькiх сотняў душ. Настаўнiк маладых. Валасы сiвеюць. Колькi ж гадоў жывеш у кляштарных сценах?

– Мiнула трыццаць.

– Трыццаць гадоў! I ты толькi па звычаi i ўбраннi застаешся дамiнiканцам.

– Не, ойча!

Падрэ Тарквемада грэблiва паглядзеў на ўкленчанага.

– Устань! Не, не спадзявайся на дараванне. Ты здрадзiў свайму прызванню, здрадзiў духу нашага яднання.

Поделиться с друзьями: