ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Шрифт:

– Ойча, я губляюся, не могучы паспець за тваiмi думкамi. Ты кажаш пагарда. А што такое пагарда?

– Зямныя рукi любовi. I падумай цяпер, якiя моцныя i дужыя, палкiя i адважныя павiнны быць гэтыя рукi, калi яны пераворваюць людскiя душы i помыслы гэтаксама, як плуг пераворвае зямлю, каб размякчыць, падняць глебу, павырываць зелле i падрыхтаваць грунт пад пасеў i будучы плён.

– Ты ўвесь час гаворыш пра будучае. Царства божае!

– Мы жывём дзеля яго.

– У чалавека толькi адно жыццё.

– Адно зямное i адно вечнае... Цi ж з гэтай непаўтаральнасцi не вынiкае наказ не кiдаць сваiм жыццём, сваiмi думкамi i ўчынкамi ценю на тых, хто прыйдзе пасля нас? Чаму адно хворае iснаванне павiнна атручваць другое, а грахi i злачынствы аднаго чалавека павiнны класцiся цяжарам на плечы iншых?

Дыега маўчаў. Яму здавалася, што недзе вельмi далёка, у глыбiнi нязмерна мёртвага i халоднага святла месячнай ночы б'юць званы. Нейкую хвiлiну Дыега прыслухоўваўся, Было цiха.

Спытаўся напаўголаса:

– Ойча, навошта кажаш мне ўсё гэта? Цi ж я ўжо не асуджаны?

Тарквемада ўстаў з крэсла.

– Так, гэта праўда, - сказаў амаль дзiцячым голасам.
– Твой вырак зроблены.

Дыега схiлiў галаву. "Нельга мне баяцца", - падумаў.

– Ты сам сабе сказаў вырак.

– Я?

– Цi ж ты не адважны i не палкi?

– Я?

– Ты! I таму ты наш. Нiчога не кажы, потым будзеш гаварыць. Мы нiколi не адмаўляемся ад таго, што наша. Думаеш, я не ведаю, як вакол Святых трыбуналаў збiраюцца, а часам i пралазяць у iх малыя i нiкчэмныя, баязлiвыя, людзi з карлiкавай помслiвасцю, ахопленыя прагай нажывы?

– Ведаеш i пагаджаешся?

– На жаль, мы мусiлi пакуль што карыстацца i iх паслугамi, нават больш, мусiлi цярпець iх нiкчэмнасць, пакуль яны служаць нашым мэтам. А можа, ты думаеш, сыне, я не разумею, што не так сапраўднае вызнанне нашай справы i нашых мэт, як чэрпанне матэрыяльных каштоўнасцяў на ўмацаванне свецкай улады прываблiвае да Святой iнквiзiцыi сама высокiх i годных асоб каралеўства? Так, мы сапраўды даём iм вялiкiя маёнткi i грошы, але, як бы нi расла, як нi мацавалася свецкая ўлада - наша ўсё ж вышэйшая за iхнюю, i калi цалкам авалодае чалавечымi думкамi, нiхто, нiякая сiла не здолее супрацьстаяць ёй. Мы павiнны быць канчатковымi i адзiнымi, разумееш, сыне? Але, каб мы сталi такiмi, трон нашай улады павiнны трымаць на сваiх далонях людзi нязломныя, як сталь, палкiя i пiльныя, адважныя i бязмежна адданыя. Ты будзеш адзiн з iх. Ты не станеш аспрэчваць, што я ведаю гэта, а таму i прыйшоў да цябе, як да самога сябе. Ты адзiн з нямногiх людзей, якiя нараджаюцца з iмкненнем да праўды. Патрэба ў ёй жыве ў табе, як кроў, як дыханне, як бiццё сэрца. Ты памыляўся, блукаў, але, носячы ў сабе патрэбу праўды, як ты можаш ад яе ўцячы? Хочаш скочыць у прорву?

– Праўда, пра якую ты гаворыш, ойча, таксама як прорва. Чаму гэта так?

Тарквемада маўчаў.

– Ойча!

– Сыне мой, ты можаш яшчэ не разумець многiх складаных з'яў свету, але адно павiнен ведаць з усёй, на якую толькi здольны, пэўнасцю, што толькi поўнае паслушэнства павiнна запоўнiць усе помыслы i ўчынкi чалавека, якi змагаецца за праўду. Калi хочаш служыць веры, ты павiнен падпарадкоўвацца ўсiм яе абавязковым прынцыпам, без вагання, пытанняў i сумненняў, без ценю пабочных думак, з неабмежаваным даверам да кiраўнiцтва.

– Нават не разумеючы?

– Калi праўда абсалютна запоўнiць твае думкi, твае жаданнi i ўчынкi, калi ты i яна станеце адзiнствам, тады зразумеецца многае.

– Зноў адпасылаеш, ойча, да будучынi.

– А хто ты сёння без будучынi? Ад цябе залежыць, каб наблiзiць яе.

– I тады?..

– Час, якi iдзе, сыне мой, - як гара. Або па ёй узыходзiш на вяршыню, або коцiшся ўнiз.

– А калi дойдзеш да вяршынi?

– Не ведаю, - памаўчаўшы, сказаў Тарквемада.
– Гэтага чалавек не можа ведаць. Гэта ведае толькi Бог.

Дыега зноў закрыў твар далонямi. Шчокi i скронi палалi, а рукi былi халодныя. У сабе ён таксама адчуваў холад.

– Чаго ж ты хочаш ад мяне, ойча? Што я павiнен зрабiць?

– Ведаеш, якая рознiца памiж чалавекам адважным i баязлiўцам?

Дыега адступiў на крок.

– Ведаеш?

– Ведаю, - адказаў цiха.
– Але ведаю не сваiмi думкамi. Гэта ўжо твае думкi, ойча.

– Зноў вяртаешся да вонкавага размежавання: ты i я, а гэта ж думкi, у якiх праўда. Ты ўсё яшчэ баiшся самога сябе? Цi падумаў ты, што адважны чалавек прымае паслушэнства добраахвотна, а баязлiвец слухаецца са страху?

"Нельга мне баяцца", - падумаў Дыега.

– Не павiнна так быць, каб людзi мусiлi баяцца, - сказаў.

– Наадварот, - усклiкнуў Тарквемада, - чалавек у iстоце гаротны, i яго страх не толькi патрэбны, але абавязковы, неабходны. Калi мы хочам панiшчыць зло, мы павiнны ўсюды яго выяўляць i адкрываць, каб яно, паказанае ва ўсёй сваёй брыдоце, абуджала агiду, а найперш страх. Вось гэта праўда ўлады! Калi б у нейкi дзень раптам не хапiла вiнаватых, мы вымушаны былi б стварыць iх, бо яны ж нам патрэбныя, каб бесперастанна, у кожную хвiлiну можна было публiчна асуджаць i караць злачыннасць. Праўда, пакуль яна не пераможа канчаткова, не можа iснаваць без свайго супрацiўнiка - фальшу. Непарушнасць нашай улады, сыне мой, залежыць перш за ўсё ад таго, каб страх - выключаючы жменьку дабравольна паслухмяных, - стаў паўсюдным, запоўнiў усе сферы жыцця, усе сама патаемныя яго шчылiны i куточкi, каб нiхто не мог уявiць сабе жыцця без страху. Жонка няхай не давярае мужу, бацькi хай баяцца сваiх дзяцей, жанiх - абранкi, высокапастаўленыя - падуладных, i ўсе яны разам - усёведнай, усюдыiснай, карнай справядлiвасцi Святой iнквiзiцыi. Мы павiнны мець многа правоў i многа страху, разумееш, мой сыне?

Халодны бляск месяца асвятлiў раптам келлю, i ў гэтым незямным святле чорная постаць вялебнага айца Вялiкага iнквiзiтара як бы расла i раздавалася. Дыега, уражаны мёртвым святлом, заплюшчыў вочы.

– Ойча!
– крыкнуў з роспаччу.
– Царства страху цi не ёсць царства сатаны?

I ў гэты момант, чуючы рэха свайго голасу, пачаў падаць у прорву.

Абудзiўся ўвесь у поце, сэрца пульсавала моцнымi ўдарамi. У келлi быў змрок. У глыбiнi гарэў алiўкавы каганец. Затое непадалёк ад ложка, заклаўшы рукi ў рукавы хабiты, стаяў падрэ дэ ла Куэста.

Брат Дыега паспешна падхапiўся i, хоць ледзь трымаўся на нагах, сiлай прызвычаенасцi схiлiў галаву i скрыжаваў на грудзях рукi.

– Мiр з табою, брат Дыега, - напаўголаса сказаў вялебны айцец.
– Прынёс табе вялiкую навiну.

Удалечынi азвалася сiгнатурка сясцёр кармелiтак. Дыега не смеў выпрастацца.

– Думаю, - трохi ўзвысiў голас падрэ дэ ла Куэста, - ты нават не здагадваешся, якое вялiкае шчасце выпала табе.

– Ойча, - шапнуў Дыега.

Той з хвiлiну маўчаў.

– Як твайму вярхоўнiку дастойны i вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар, сказаў нарэшце, - даручыў мне паведамiць табе, сыне, што ты заклiканы на пасаду асабiстага сакратара Вялiкага iнквiзiтара.

Дыега стаяў нерухомы. Не думаў зусiм. Усё яшчэ адчуваў халодны пот на скронях i камяк у горле.

– Чакае цябе, мой сыне, вялiкая будучыня, - сказаў падрэ дэ ла Куэста.

Брат Дыега толькi цяпер адважыўся паглядзець на яго. Прыёр стаяў за некалькi крокаў ад яго. Усмiхаўся лагодна, а ў вачах у яго гарэла нянавiсць.

Поделиться с друзьями: