Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Шрифт:
Раптоўны спакой ахапiў Дыега.
Раздзел другi
Аўтар старой кронiкi натуе, што Вялiкi iнквiзiтар, падрэ Томас Тарквемада, пакiнуўшы Вiла-Рэал, падаўся ў Таледа, а адтуль, у атачэннi яшчэ большага почату служак Святога афiцыума, скiраваў у каралеўства Арагон, у Сарагосу. Забавiўся там нейкi тыдзень, кiруючы следствам, што мела на мэце выкрыццё змовы, ахвярай якой стаў вялебны Пэдра д'Арбуэз, i, зрабiўшы ў гэтым больш, чым хто iншы, - паспяшаўся найкарацейшай дарогай у Валадолiд, бо чакалася, што Iх Каралеўскiя Мосцi, кароль Фердынанд i святая каралева Iзабэла, мелiся пад канец верасня пакiнуць ваенны лагер пад Малагай i вярнуцца ў сталiцу.
Брат Дыега, пабраўшы ганаровыя абавязкi сакратара Вялiкага iнквiзiтара, быў з гэтага часу блiзкi да асобы кiраўнiка i ўдзельнiчаў ва ўсiх нарадах, нават сама сакрэтных, якiя падрэ Тарквемада праводзiў у вузкiм коле сваiх правовых дарадцаў, дактарамi донам Хуанам Гуцiэрасам дэ Шабесам i донам Трыстанам дэ Медына. Так, апынуўшыся ў самым сэрцы найважнейшых дзяржаўных i рэлiгiйных падзей, брат Дыега хутка пачаў арыентавацца i разумець, што толькi праз сваё датыхчасовае адасабленне i праз несвядомасць ён бачыў у дзейнасцi Святой iнквiзiцыi трыумф беззаконня. Не спатрэбiлася шмат часу, каб ён зразумеў, што апынуўся не ў гушчы варожага хаосу, а наадварот: не абазнаны ў многiх складанасцях гэтага свету, ён стаяў цяпер перад зрубам новай законнасцi, якую Святая iнквiзiцыя ўводзiла разважна i вельмi дальнабачна, i перш за ўсё абапiраючыся на сама дасканалае веданне сапсутасцi людскiх душ i на клопат пра iх выратаванне.
Застаючыся ў ролi маўклiвага сведкi, якому вялебны айцец даручыў толькi запiсваць сама iстотнае з вядзення судоў i рашэнняў тайных нарад, ён з вялiкай увагай прыслухоўваўся да ўсяго, пра што там гаварылася, i, усё яшчэ шукаючы слядоў жахлiвых гвалтаў, не сутыкнуўся з нiводным рашэннем, якое б супярэчыла закону або вынiкала з бунтарскiх падступных намераў. Але, устаноўлiваючы новы парадак, задумваўся, - адкуль бралiся, як нараджалiся ўсе тыя статуты, што фармавалi гэты лад? Вырашаючы гэтае прынцыповае пытанне, брат Дыега пераканаўся, што кожны прыняты статут, без увагi на тое, цi ён вынiкаў з традыцый, цi духу новых паняццяў, - лагiчны i найперш адпавядаў патрэбам, вынiкаў з падзеяў жыцця; у настойлiвым iмкненнi да ўпарадкавання i пераацэнкi ў iмя найвышэйшага боскага сэнсу законы так хутка i рашуча мянялiся i пераўтваралiся ў формуле кожнай лiтары, што беспамылкова i цалкам патраплялi апярэджваць усё тое, з чаго яны вынiкалi i нараджалiся, робячы ўражанне, што яны, законы, насуперак сваiм крынiцам самi ў сабе рабiлiся абсалютам i ўжо хоць бы з гэтай прычыны былi абсалютам, неабходным для жыцця, хоць адначасова i непарыўна звязаным з асэнсаваннем яго прыроды.
Празрыстасць, а таксама агульны характар гэтых законаў, якiя складалi прынцыпы iснавання ў маналiтную i ўсёвытлумачальную цэласць, абуджалi ў маладым браце подзiў i павагу, хоць вынiкi дзеяння законаў па-ранейшаму, здавалася, супярэчылi рэфлексам яго сумлення. I таму ён адчуваў сябе ў гэты час асаблiва самотным i быў разгублены i ўзрушаны. Ён намагаўся забыцца, не ўспамiнаць мiнулае, але i пра будучыню стараўся не думаць.
Аднак час не стаяў на месцы, i кожная гадзiна, насуперак таму, чаго ён хацеў, была даверху запоўнена мiнулым i тымi рэчамi, якiя ў сваiх разнастайных, але туманных формах насялялi мiнулае. Зрэшты, заняты сваiмi цяперашнiмi абавязкамi, ён хутчэй меў дачыненне да чыстага механiзму законаў, чым да iх дзеяння сярод людзей. Адзiныя ж хвiлiны раўнавагi i ўнутранага спакою ён меў тады, калi, разважаючы над складанай структурай кiруючай улады, адказнай перад богам i народам, заставаўся сам-насам з адназначным сэнсам лiтар права.
Першыя весткi пра падзеi, якiя пасля смерцi вялебнага Пэдра д'Арбуэза разыгралiся ў Сарагосе, дайшлi да каралеўскага двара яшчэ да прыезду Вялiкага iнквiзiтара ў Валадолiд. Стала вядома, што змова, якая спачатку, паводле не вельмi дакладных i нават супярэчлiвых у некаторых падрабязнасцях данясенняў, здавалася выбрыкамi некалькiх залiшне экспансiўных i авантурных асоб, што такiм дзiўным чынам пратэставалi супраць канфiскацыi маёнткаў Святой iнквiзiцыяй, на самай справе аказалася змовай, што пагражала бяспецы каралеўства i царквы. Адзiн з забойцаў вялебнага д'Арбуэза, малады Вiдаль д'Уранса, думаючы, што прызнаннем уратуе жыццё (пазней яго коньмi вазiлi па вулiцах Сарагосы, чвартавалi, а рэшткi цела выкiнулi ў Эбра) - назваў шмат вядомых асоб, якiя былi ў прыязных стасунках з яго сеньёрам донам Хуанам дэ ла Абадыя. А ён, як зноў жа казалi пагудкi, у турме скончыў самагубствам. Некалькiм iншым, абвiнавачаным ва ўдзеле ў змове, i сярод iх слаўнаму рыцару дэ Санта Круз, удалося ўцячы ў Тулузу. Былi гэта, аднак, выпадкi адзiнкавыя.
Рука Святога афiцыума дзейнiчала хутка i спраўна. Пазбаўлялi волi не толькi тых, каго падазравалi ў змове, але i памагатараў уцекачоў. Вязьнiлi ў турму таксама сем'i i родзiчаў вiнаватых, асаблiва тых, чые бацькi або сыны паспелi ўцячы. I толькi цяпер стала шырока вядома, як многа знакамiтых, славутых сеньёраў каралеўства Арагон, што карысталiся агульнай павагай i мелi высокiя званнi, былi сапсуты жыдоўскiм паходжаннем. Сапраўднае аблiчча гэтых людзей адкрылася ва ўсёй iх злачыннай i хiтра замаскаванай аблудзе. У гэтай выключнай сiтуацыi належала ўвесцi новыя законы, i падрэ Тарквемада, дбаючы пра канчатковае выкараненне зла, неадкладна выдаў на патрэбы Святых трыбуналаў дэкрэт, якi дзякуючы некалькiм дзесяткам дакладна сфармуляваных параграфаў дазваляў беспамылкова выкрываць людзей, якiя ўтойвалi свае сапраўдныя перакананнi i пацiхеньку вызнавалi жыдоўскую веру. Зрэшты, цень злачынных iнтрыг i падкусаў упаў i на асоб limрiеsа dе sаngrе, iнакш кажучы, на тых, сведчанне чысцiнi крывi чыёй гаварыла за тое, што яны не мелi нiякiх жыдоўскiх цi маўрытанскiх дамешак. Падступны вораг здолеў глыбей, чым гэта мог хто-небудзь уявiць, улiць атруту ў людскiя помыслы i душы. Як высока здолела сягнуць злачыннасць, сведчыў факт, многiмi прызнаны малаверагодным, але ў святле прыведзеных Святым трыбуналам доказаў - дакладны, што ў арагонскай змове быў замяшаны, мiж iншым, нават адзiн каралеўскi сямейнiк, сястранец караля Фердынанда, малады гiдальга дон Хаiм, сын каралевы Элеаноры.
I ўсё-такi, нягледзячы на такiя трывожныя маральныя спусташэннi, непераможнае свяцiла каталiцкай веры вышэй чым калi-небудзь узнеслася менавiта ў тыя днi над бруднымi адкiдамi ератыцкiх злачынстваў. Браты дамiнiканцы, прамаўляючы да прававерных з амбонаў, пераканаўча павучалi люд, што ў забойстве, учыненым на асобе святога слугi Бога, лёгка распазнаць мудрае дзеянне божай абачлiвасцi, бо, калi б гэтай зброднi не зрабiлi, ворагi веры не былi б выкрытыя i, карыстаючыся свабодай i належнымi прывiлеямi, колькi ж яшчэ агiдных злачынстваў маглi б учынiць беспакарана, колькi лiха маглi б пасеяць у душах людзей!
Словы псалмы, напiсаныя на гербах i на пурпуровых пратэсах i харугвах Святой iнквiзiцыi, "Ехurgе Dоminе еt iudiса саusаm Тuаm" ззялi ў сувязi з апошнiмi падзеямi асаблiвым бляскам. Бо i сапраўды, сам Бог сышоў, каб змагацца за сваю справу.
У некаторых гарадах каралеўства, у Севiллi, у Хаэне i ў Куэнцы, якiя ўжо па некалькi гадоў мелi свае iнквiзiцыйныя трыбуналы, прыспешылi ўрачыстыя аўтадафэ, - i працэсii асуджаных, убраных у ганебныя высокiя каптуры i жоўтыя замары, у санбенiта i карозы, з камянямi i ланцугамi на шыi, з мёртвымi зялёнымi свечкамi ў руках, рушылi пад званы ўсiх цэркваў на пляцы пакарання квамадэра - раней, чым гэта было прадугледжана. Палалi вогнiшчы, жалезныя ланцугi душылi ератыкоў, якiя пакаялiся ў апошнюю хвiлiну, сотнi меншых грэшнiкаў выслалi на галеры, а апусцелыя турмы хутка запоўнiлi новымi вiнаватымi. З жадання дапамагчы зблуджаным у цэрквах абвяшчалi святочныя днi i пасля зачытання з амбонаў актаў веры заклiкалi ўсiх парафiян, каб яны, калi вiнаватыя або ведаюць што-небудзь пра вiну iншых, самi на працягу трыццацi дзён абвiнавацiлi сябе перад адпаведным трыбуналам. Адны рабiлi гэта, другiя падалi ахвярамi першых, i ўжо нiхто не быў пэўны за сваё жыццё, гонар i маёмасць. Нават нябожчыкаў даставала карная правiца святых трыбуналаў, i, калi ў вынiку чыйго-небудзь даносу iмя нябожчыка трапляла ў няславу, яго цела выкопвалi з асвянцонай зямлi i палiлi in effigiе на вогнiшчы, родзiчаў нябожчыка пазбаўлялi маёмасцi, годнасцi i ўсiх прывiлеяў. Так расла ў народзе набожнасць, i шырэў яе верны цень - страх.
Тым часам сталiца каралеўства рыхтавалася да ўрачыстага прыёму Вялiкага iнквiзiтара. Меркавалася, што згодна з даўнiм звычаем спецыяльны ганец загадзя папярэдзiць гарадскiя i духоўныя ўлады пра наблiжэнне поезда вялебнага айца. Аднак на гэты раз усё выйшла iнакш, падрэ Тарквемада прыехаў у Валадолiд зусiм неспадзявана, без папярэджання, прынамсi, на дзень раней, чым яго чакалi ў горадзе.
Уехаў ён у горад са сваёй свiтай позняй ноччу, даручыў брату Дыега, а не капiтану фамiльянтаў, дону Карласу дэ Сiгуру, некалькi заданняў, замкнуўся ў кляштарнай цэлi пры храме Санта Марыя ла Анцiгуа, дзе, бываючы ў сталiцы, прывык спыняцца.
Зацiшны кляштар за некалькi гадзiн ператварыўся ў ваенны лагер. Пасярод дзядзiнца, пад начным небам, разбiлi бiвакi фамiльянты Святога афiцыума. Ля муроў паставiлi ўзброеную варту. Нiкому нельга было пакiдаць кляштар, уваход у яго таксама быў сурова забаронены, i з той часткi старажытнага будынка, дзе пасялiўся падрэ Тарквемада, паспешна выбралiся браты, а iх келлi занялi вышэйшыя рангам фамiльянты. Гарадскiм дастойнiкам i спецыяльным пасланцам Двара, якiя яшчэ начной парой пачалi сцякацца ў Санта Марыя ла Анцiгуа, казалi каля кляштарнай брамы, што Вялiкi iнквiзiтар доўжыць час у модлах, замкнуўшыся ў келлi, i як сёння, так i заўтра нiкога прыняць не зможа. Сапраўды, вялебны айцец некалькi дзён не пакiдаў келлi, i адзiнымi асобамi, якiя мелi да яго доступ, былi брат Дыега i малады дон Радрыга дэ Кастра, якi якраз у той час i пры вельмi драматычных акалiчнасцях быў прызначаны капiтанам ахоўнiкаў Вялiкага iнквiзiтара.
Брат Дыега не клаўся ў гэтую першую ноч. З запалам навiцыя, а таксама з супярэчлiвымi пачуццямi чалавека, якi спасцiгае вышэйшую ступень далучэння да таямнiц, выконваў даручэннi i асабiста сачыў, цi дакладна ўсё зроблена, i, страшна гэтым стомлены - санлiвасць i змора ледзь не валiлi яго з ног, - у працэсе выканання гэтых важных наказаў заўважыў раптам, што ўсе навокал, нават састарэлы кляштарны прыёр, ставяцца да яго з найвялiкшай пашанай i з нейкiм страхам. Дыега адразу зразумеў, што ў гэтую вельмi доўгую, бясконцую ноч ён стаў нечакана для самога сябе жывым увасабленнем волi наймагутнейшага чалавека каралеўства. Гэта было яму новае i такое неадпаведнае. Ён адчуваў сваё цела, чуў свой голас, усведамляў свае рухi, але часам, калi, абыходзячы варту, спыняўся ў цемры пад велiзарным i нерухомым небам, пад халоднымi зоркамi, неяк раптам сцiралася ў iм усведамленне самога сябе, i адразу яго напаўняла балюча ўразлiвае пачуццё, што ён збiрае ў сваiм сэрцы водблiск сiлы, якая проста не ўмяшчаецца ў iм, але вартая бязмежнага замiлавання, захаплення i поўнай адданасцi ёй.