ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Шрифт:

Дыега падняў галаву.

– Навошта?

– Я баяўся за цябе. Нашто ты хочаш загубiць сябе? Што гэта азначае, што ты малiўся разам з iм?

– Нiчога, - сказаў Дыега, гледзячы ў змрок пад нiзкiмi скляпеннямi аркад.

– Нiчога?

– Я хацеў забiць яго, а пасля паўтараў за iм пацеры.

Брат Матэа здрыгануўся.

– Дыега, што ты зрабiў з сабою? Нашто па сваёй волi аддаешся ў рукi непрыяцелю?

Дыега пацiснуў плячыма.

– Не ведаю. А пра што ты, уласна, кажаш? I так няма ратунку. Можна звар'яцець або самога сябе знiшчыць. Гэта ўсё.

– Яшчэ ёсць Бог!

Дыега адвёў руку.

– Бывай, Матэа. Я стамiўся, хачу спаць, rеqeiescerе in расе, як ён наказаў мне, вялебны айцец.

– Дыега!

Дыега спынiўся каля ўвахода ў кляштар:

– Чаго?

– Я любiў цябе за чысцiню твайго сумлення, як нiкога на свеце.

– Чаму кажаш - любiў?

– Дыега, калi што якое станецца, малю цябе, зберажы сваё сумленне.

– Што гэта азначае?

– Што?

– Сумленне.

– Будзь самiм сабою.

– Толькi таго?

– Гэта ўсё.

– Усё? Усё заўсёды азначае найменш. Я застаюся самiм сабою, калi раблю адно, i застаюся самiм сабою, калi раблю нешта зусiм другое. Цi ў страху таксама ёсць сумленне?

– Дыега, нават скажоная праўда не перастае быць праўдай.

– Ах, так!
– сказаў Дыега.
– Будзь здаровы.

Дыега заснуў адразу i так моцна, што, калi прачнуўся надвячоркам, не мог разабрацца, цi гэта досвiтак, цi ўжо змяркаецца. Нейкую хвiлiну ляжаў нерухома ў тупой стоме, i, перш чым паспеў абудзiцца ад гэтага памарачэння, заснуў зноў, i амаль адразу, у глыбокiм сне вельмi востра i раптоўна ўсвядомiў, што не спiць i што не адзiн у келлi. Аднак ён не расплюшчыў вачэй. Ведаў, што тое, што павiнна стацца, станецца, але хацеў адсунуць гэтую непазбежную, хоць яшчэ i невядомую, неабходнасць на некалькi хвiлiн, каб сабрацца з думкамi. "Нельга мне баяцца", - падумаў ён, але адначасова адчуваў, што страх нiбы толькi i чакаў позвы, - сэрца забiлася хутчэй, халадок прабег па скронях i шчоках. "Не, не, толькi не гэта!" - сказаў ён уголас i паглядзеў.

Пасярод келлi стаяў падрэ Тарквемада. Было цёмна, але ноч за акном здавалася амаль яснай, нiбы ахопленыя водблiскамi вялiзнага пажару. "Адкуль гэтае святло?" - падумаў ён. Яшчэ нiколi ён не бачыў яснасцi, адначасова халоднай i мёртвай. Устаў.

– Вы прыйшлi, пане?
– сказаў проста.

Сапраўды, калi ён i адчуваў у гэты момант здзiўленне, дык толькi з той прычыны, што зусiм не здзiвiўся.

– Як бачыш, - сказаў Тарквемада.
– Я ж сказаў табе, што кожны чалавек - i пан i слуга свайго лёсу.

– Ты мне гэта казаў, пане?
– здзiвiўся Дыега.
– Калi?

– Ужо не памятаеш?

Дыега пацёр лоб.

– Так, нешта прыгадваю. I таму ты прыйшоў? Не разумею цябе, пане? Ты - не я, i мой лёс - не твой.

– Ты так думаеш, сыне мой? Няўжо ты памылiўся, кажучы, што ведаеш мяне даўно?

– Не, пане, не памылiўся. Сапраўды ведаю цябе так даўно, як толькi хапае памяцi.

– Ну i?..

– Але ты - не я. Калi я ўбачыў цябе першы раз, так, цяпер я ўсё прыпамiнаю, менавiта таму мне здалося, што ведаю цябе даўно, што ты не быў мною. Ты - мая процiлегласць, маё адмаўленне.

– Дапусцiм. Аднак жа цi ты не ведаеш мяне, каго называеш сваёй процiлегласцю i сваiм адмаўленнем, дакладней i лепей, чым сябе самаго? Маўчыш? Значыцца, згаджаешся?

– О не, пане! Маўчанне не заўсёды азначае згоду. Я замоўк, бо не мог адмаўляць, што ведаю цябе добра.

– А сябе? Цi ведаеш сябе лепш, чым мяне? Ведаеш пра сябе ўсё?

– Хто ж ведае пра сябе ўсё?

– Дык, можа, ведаеш усё пра мяне?

Дыега завагаўся.

– Так, пане, - сказаў нарэшце цвёрда.
– Пра цябе - усё.

I адразу зразумеў, што гэтае прызнанне размiнулася з мэтай, прайшло мiма старога.

– Дзе ж тады мяжа памiж табою i мною?
– спытаўся Тарквемада.
– Цi не iлюзiя гэта, якую ты сам у сабе стварыў?

– Значыцца, усё-такi сам!

Тарквемада, здавалася, не заўважыў трыумфальнай iнтанацыi ў голасе Дыега.

– Калi ты ведаеш мяне, а я - не ты, калi ты ведаеш мяне лепш, чым сябе, дык, можа, i ты - не ты ў такiм сэнсе, як табе думаецца. Можа, тваёй натуры ўласцiва перш за ўсё тое, што ты ведаеш дакладна i ўсебакова, а не тое, што сам расцэньваеш як няяснае i цьмянае.

– Што ж, па-твойму, азначае - быць самiм сабою?

– Быць, - адказаў Дыега без вагання.

– А можа, ведаць? Цi можаш ты iснаваць, дзякуючы несвядомасцi, пазбаўляючы iснаванне свядомасцi? Што вырашае тваё прызначэнне: iснаванне цi свядомасць?

– Ведаю, - усклiкнуў Дыега, - ты хочаш забiць маю свядомасць.

Тарквемада ўсмiхнуўся, нiбы нешта разумеючы.

– Наадварот.

– Хочаш, каб яна была тваёй?

– Падсунь мне крэсла, сыне мой, - сказаў Тарквемада.

Дыега зрабiў гэта, пасля стаў перад iм.

– Хочаш забраць у мяне маю свядомасць, - паўтарыў ён.

Тарквемада рухам, быццам яму холадна, падцягнуў пад шыю цёмную сутану. Маўчаў, раздумваючы.

– Бог, сыне мой, - сказаў нарэшце, - асаблiвай любоўю адарае палкiя душы. Не часта людзям даецца палкасць. Калi ж, аднак, ты так багата адораны, тым болей, сыне мой, ты павiнен думаць, якiм мэтам служыць твая палкасць.

– А, дык усё-такi яна мая!

– Цi служыць царству божаму цi царству сатаны.

– Iначай, ойча, чым ты, я ўяўляю сабе царства божае.

Тарквемада падняў галаву, i позiрк яго цёмных глыбока пасаджаных вачэй застыў на Дыега.

– Памыляешся, бо нават сама смелай думкай ты не патрапiш асягнуць царства божае. Ты не бачыш i не разумееш яго. Думаў ты калi: можа, палкасць твая выява волi божай, можа, абяртаецца супраць яе? Цi наблiжае перамогу праўды, цi бунтуе супраць асноў праўды? Цi наша гэта, хрысцiянская палкасць, цi чужая нам духам, ератыцкая, варожая? З палкасцю, сыне мой, бывае так, як з кожнай чалавечай рэччу; не iснуючы сама ў сабе, яна, у адарваннi ад заблытаных спраў свету, можа абярнуць сваю гвалтоўную сiлу як на дабро, так i на зло, адзiн раз служыць праўдзе, а другi раз кiруе сваё дзеянне супраць яе? Ты хрысцiянiн?

– Ойча вялебны, калi б я не быў хрысцiянiнам, не кранала б мяне так вiна маiх братоў.

– Ты сын царквы?

– Ойча, калi б царква магла гучна i свабодна гаварыць вуснамi праведных, дык на ўвесь свет, на ўсе хрысцiянскiя краiны разнёсся б страшлiвы крык роспачы, не! што я кажу? не роспачы... крык гневу скалануў бы зямлю. Божа мой, што зрабiлi з вучэннем Хрыста? Якую праўду можна знайсцi там, дзе яна трымаецца толькi на хлуснi, гвалце i прымусе? Хрыстос казаў, што любоў усё можа, горы здолее перанесцi...

Поделиться с друзьями: