Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарадзейныя яблыкі

Татаринов Юрий Аркадьевич

Шрифт:

— Айцец!.. — моцна закрычаў ён і здзівіўся, як аслаб яго голас. — Айцец Пахомій, — паўтарыў Ян і пачаў адчайна трэсці ляжачага. — Прачніся, скажы што-небудзь! Айцец, гэта я, Ян!

Відаць, Лагафет страціў прытомнасць. Энергічнае ўстрэсванне і крыкі Яна прывялі ўсе-такі яго ў пачуццё. Ён пашавяліў рукой.

— Пахомій, дружа, не памірай. Не пакідай мяне! Бог дасць, раніцой адчыняць дзверы, і мы выйдзем. Пра нас, відаць, забылі! Не памірай, дружа!

Лагафет не адказваў. Ян лёг, моцна прыціснуўся да яго. Так праляжалі яны нейкі час. Нечакана Ян адчуў, што стары жадае штосьці сказаць. Вусны Пахомія варухнуліся, ён штосьці шапнуў… Схіліўшыся над паміраючым, Ян прыслухаўся…

Было зразумела, што душа бедалагі была гатова расстацца з целам. Ян мацней абняў Пахомія. Яму вельмі захацелася пачуць яго апошняе слова. Ён лічыў, што яно, гэта слова, стане яго выратаваннем. І, сапраўды, неўзабаве ён пачуў з вуснаў паміраючага ціхі шэпт, ледзь выразны выдых. Стары спрабаваў гаварыць:

— Я знікаю… як адыходзячы цень… Дапамажы мне… Госпадзі Божа мой… Уратуй мяне…

Ён гаварыў, як усё роўна трызніў. Стрэлка жыцця яго падышла да апошняга дзялення. Ён нават не бачыў і не разумеў, дзе ён і хто перад ім. Ён проста паўтараў тое, што найбольш учэпіста захоўвала яго памяць.

— Дні чалавека — як трава, — ледзь чутна шаптаў ён, — як палявая краска… так ён цвіце. Пройдзе над ёй вецер, і няма яе…

Сказаўшы тое, што захоўвала яго падсвядомасць, стары змоўк. Пасля гэтага цела няшчаснага затрэслася ў канвульсіях. Ян схіліўся над ім, абняў паміраючага, — у тую ж хвіліну цела Пахомія зрабілася нерухомым. Ян дакрануўся шчакой да яго носа — стары ўжо не дыхаў…

Сабраўшыся з сіламі, Ян узняўся. Як той вар'ят, ён гучна паўтарыў:

— Я знікаю, як адыходзячы цень… знікаю, як адыходзячы цень!..

Адчуваючы боль у нагах, у спіне, ён пачаў хадзіць па каплічцы, трымаючыся за сцены, і мармытаць:

— Я знікаю, як адыходзячы цень!..

Так ён хадзіў да таго часу, пакуль не паваліўся ад знямогі.

XIV

Пра тое, што галоўны садоўнік узяты пад варту, некаторыя жыхары замка даведаліся ў той жа вечар. Паляцелі чуткі. Сталі гаварыць, што ў куфры Яна знайшлі пісталеты, з якіх ён, быццам бы, намерваўся застрэліць князя. Пранеслася чутка і пра тое, што садоўнік нібыта пракраўся: схаваў, маўляў, выдадзеныя яму на завяршэнне будаўніцтва парка грошы, а сам заявіў аб іх крадзяжы. Іншыя фантазёры, тыя, што бачылі ва ўсім толькі свавольствы нячыстага, распаўсюджвалі чутку аб тым, быццам ведзьма адчула канкурэнта і вырашыла з ім расправіцца…

Ісціны ж да нейкага часу ніхто, акрамя бліжэйшых паведамляльнікаў княгіні, не ведаў. І толькі пасля таго як панначка дазналася пра здарэнне і рашуча патрабавала ад гаспадыні замка вызваліць садоўніка, чэлядзь нарэшце аб усім здагадалася. Адразу высветлілася шмат непаразуменняў: і прычына вялікага жывата панначкі, і яе нядаўнія адлучкі на Папову горку, і частыя візіты галоўнага садоўніка ў замак. Усім усё стала зразумела. І ўсе як адзін былі вельмі здзіўлены. З гэтага дня ў калідорах замка, пакоях і пакойчыках толькі і было размоў, што пра сувязь панначкі і маладога садоўніка. Мала хто спачуваў вінаватым здарэння; большасць проста цешыла самалюбства — асуджала, паколькі ставіла ўмоўнасць жыцця значна вышэй чаго б там ні было. Розум нявольніка трактаваў гэтую правіннасць не інакш як незаконнай і не знаходзіў ёй апраўданняў. Выхаваныя па-за воляю, слугі Эрдзівілаў проста не маглі думаць інакш.

З некаторага часу вароты замка былі надзейна зачынены. Не пускалі нават гандляроў. Адзін раз у дзень дазвалялася выйсці дружыннікам, каб змяніць варту на Паповай горцы. Калі панна Марыя даведалася аб тым, што нявольнікам не даюць ні есці, ні піць, яна пажадала выйсці з замка. Але варта не выпусціла яе. Не дазволілі яны ёй выйсці і ў наступныя тры дні.

На чацвёрты дзень, калі дождж нарэшце змяніўся на замаразкі, з Паповай горкі прынеслі сумную вестку: нявольнікі не падаюць ніякіх прыкмет жыцця. Толькі тады варта асмелілася выпусціць няшчасную за вароты.

Панна Марыя панеслася так хутка, што аддадзеная Люцыя ледзь паспявала за ёй…

Дзверы каплічкі былі адчынены. Калі панна Марыя ўвайшла ў будынак, капітан варты і некалькі яго памочнікаў стаялі над целамі нявольнікаў. Лагафет быў мёртвы. Гэта ўгадвалася па яго твары і завостраным носе. У Яна яшчэ цеплілася жыццё. Твар яго быў пабялелы, такі, што панна Марыя ледзь пазнала яго. Яна падышла да яго, схілілася. Яе доўгія валасы ўпалі яму на падбародак. Халодны прамень сонца высвечваў на твары няшчаснага малейшыя яго рысы. Ян ляжаў, захінуўшыся ў плашч. Пастава і выраз твару Яна гаварылі пра тое, якія страшэнныя пакуты зазнаў ён за гэтыя дні. Невыносная барацьба з холадам і голадам прывялі яго да непрытомнасці. Шчокі яго запалі; падбародак зацягнула светлае шчацінне… Не звяртаючы ніякай увагі на дружыннікаў, панна Марыя пачала асыпаць твар Яна пацалункамі.

— Яначка, родненькі, ачніся!.. Гэта я, твая Марыся! Ачніся-я… — Яна паклала сваю галаву яму на грудзі.

Люцыя стаяла за яе спіной і плакала, — яна-то ўжо добра ведала, якія пакуты прынясе яе пані смерць гэтага хлопца… Ян доўга ляжаў без памяці. Нарэшце вочы яго адкрыліся. Але ён не пазнаў панначку. Позірк яго блукаў. Прытомнасць то прыходзіла да яго, то пакідала.

— Я… знікаю… — змог толькі вымавіць ён.

Доўга яшчэ не магла панначка зразумець, што ён — мёртвы. Усведамленне гэтага прывяло яе да дзіўнага здранцвення. Ёй здалося, што памярцвела частка яе самой: яна не магла гаварыць, не магла плакаць. Яна адчувала толькі цяжар у целе і яшчэ — немагчымасць разважаць. Доўга стаяла яна на каленях перад трупам любага ёй чалавека і маўчала. Розум адказваў ёй служыць. Яна азірнулася на Люцыю, паглядзела на дружыннікаў. Яе позірк, здавалася, пытаўся: хто вы і навошта вы тут? Адчуўшы цяжкі стан пані, Люцыя моцна абняла яе. Магчыма, менавіта гэта і выратавала панначку ад сапраўднага вар'яцтва. Затым яна ўзнялася і выйшла на вуліцу, моўчкі стаяла і бессэнсоўна глядзела на дзверы каплічкі. Яна як быццам разважала, што ёй рабіць і куды падзецца. Люцыя клапатліва падтрымлівала яе…

Капітан варты распарадзіўся, каб падрыхтавалі ямы. Каля старых крыжоў адразу ж знайшлі месца. Застукалі лапаты…

Даволі хутка на старых могілках з'явіліся дзве неглыбокія ямы. Нейкі час панначка глядзела на тое, што рабілася вакол яе, спакойна. Але калі дзве труны сталі апускаць у ямы, яна сарвалася з месца і, звесіўшыся над магілаю любага, закрычала:

— І мяне разам з ім! І мяне!..

Ахоўнікі ледзь адцягнулі яе. Пакуль двое трымалі панначку, астатнія паспешліва засыпалі ямы зямлёй. Неўзабаве над магіламі выраслі два ўзгорачкі, над кожным паставілі зробленыя наспех крыжы. Толькі пасля гэтага панна Марыя прыціхла. Схіліўшыся на каленях перад крыжамі, яна пачала чытаць малітву, знаёмую яшчэ з дзяцінства:

— Дапамажы мне, Госпадзі Божа мой. Скіруй мяне на ісціну тваю і навучы мяне, бо ты Бог паратунку майго; на цябе спадзяюся кожны дзень.

Яна чытала малітву і кланялася да зямлі. А скончыўшы яе, паўтарала ўсё ізноў. Так яна малілася да таго часу, пакуль Люцыя і капітан варты не дапамаглі ёй падняцца. Яны павялі яе ў замак.

Блакітнае неба, сонца, зацягнутыя льдом бліскучыя лужыны ў парку, разнаколернае лісце пад нагамі — усё гэта бачылася панне Марыі ненатуральным, неверагодным. Якія адносіны магла мець смерць да такога пагодлівага дня? Яе ўсведамленне, якое адказвала ёй служыць, збівалася на гэтае абстрактнае пытанне. І гэта ў нейкай ступені супакойвала яе. Яна прайшла праз увесь парк — новы і стары — і, працягваючы здзіўляцца акаляючай яе прыгажосці, як быццам забылася пра тое, што бачыла на Паповай горцы.

Вярнуўшыся да сябе, яна адчула недамаганне. Дало сябе знаць нервовае ўзрушэнне і працяглае знаходжанне на холадзе. А ўначы ў яе пачалася гарачка. Пасля гэтага яна зусім страціла здольнасць разумна разважаць. Павінна было прайсці некалькі дзён, каб яна магла ўсвядоміць, што менавіта адбылося на Паповай горцы.

XV

Нервовае ўзрушэнне і хваробы, якія наваліліся на бедную панну Марыю, паскорылі яе роды. Ужо праз некалькі дзён пасля апошніх падзей на Паповай горцы ў яе пачаліся схваткі. У доктара Гюльсгаўзена дабавілася клопатаў.

Поделиться с друзьями: