Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарадзейныя яблыкі

Татаринов Юрий Аркадьевич

Шрифт:

Калі зусім пацямнела і запалілі свечку, Ян узяў скрыпачку. Ён паднастроіў яе і паспрабаваў сыграць нешта знаёмае. Іграючы то адно, то другое, ён, нарэшце, спыніўся на сваёй мелодыі — той самай, якую сачыніў у роднай Кляцісе і якую не раз маркотнымі сумнымі вечарамі іграў на чужбіне. Маладыя адразу пазналі яе. Сціхла гамонка. Нават печ, здавалася, прыціхла, — прыслухалася. У музыцы Яна гучала штосьці такое, што можна было пачуць у тутэйшых мясцінах з маленства: заліваўся жаўрук, шапацелі лісты асіны, крычала на балоце кнігаўка. У мелодыі ўгадвалася мацярынская песня, песня касцоў, рыпенне калодзежнага жураўля. Гукі магічна дзейнічалі на слухачоў: яскрава, быццам на далоні, тыя ўяўлялі сабе родны дом, сад, знаёмае поле. Ян іграў, а слухачы сядзелі, як зачараваныя, баючыся нават дыхаць. Іх ахапіла салодкая млявасць. Усім хацелася, каб скрыпка іграла і іграла…

Але ў гэты вечар мелодыя Яна недагучала да канца. Спачатку за акном пачуліся паспешныя крокі. Потым адчыніліся дзверы і на парозе з'явілася Люцыя. Ян апусціў скрыпку. Усе азірнуліся на дзяўчыну.

Твар служанкі пабялеў, вочы расшырыліся, як у перапалоханай кошкі. З яе сукенкі сцякала вада.

— Люцыйка! — усклікнуў Ян. Адчуваючы нядобрую вестку, ён тут жа спытаў: — Што-небудзь здарылася?

Дзяўчына цяжка дыхала. Відаць, ёй давялося бегчы ўсю дарогу. Яна перавяла дыханне і трывожна сказала:

— Пан Ян… хутчэй бяжыце! Толькі што княгіня аддала загад схапіць вас!.. Ні пра што не пытайцеся! Бяжыце! Дружыннікі будуць тут з хвіліны на хвіліну!

Ян як быццам не здзівіўся навіне. Ён падышоў бліжэй да Люцыі, узяў яе за плечы і, гледзячы ёй у вочы, спытаў з хваляваннем:

— Што з панначкай? Чаму мяне не пусцілі ў замак? Што здарылася?

Лагафет строга зірнуў на яго са свайго кутка. Паведамленне пра тое, што яго хрэсніка не пусцілі ў замак, насцярожыла старога.

Люцыя, безупынна аглядваючыся на вокны, пачала блытана расказваць:

— Княгіня ўсё ведае. Яна аб'явіла, што панначка страціла розум, і трымае яе пад замком. Мяне ж хацела выгнаць. Ды панначка прыгразіла, што выкінецца з акна…

— Ёй дрэнна, я адчуваю гэта. Я павінен быць з ёй. Павінен!

— Гэта немагчыма, пан Ян, адумайцеся, — амаль не плачучы, адказала яму Люцыя. — Панначка прасіла перадаць, што калі вы хоць крышачку яе кахаеце, вы адразу ж пойдзеце, схаваецеся… Вас не памілуюць, пан Ян. Княгіня пагражала, абяцала расправіцца з вамі. Бяжыце!

Усе, хто знаходзіўся ў гэты вечар на Паповай горцы, азірнуліся на Яна. Кожны чакаў, што той вырашыць. Загад княгіні для любога з іх з'яўляўся законам. Ніхто нават думкі не дапускаў, што можна не паслухацца гаспадыні замка. Але Ян быў іх таварышам, а таму ўсе яны жадалі, каб ён пайшоў. Людзі ведалі жорсткасць княгіні… Але Ян марудзіў. Нечакана ён сказаў, здзівіўшы сяброў:

— Пайду і ўсё растлумачу. Мне няма чаго хавацца. Нават калі княгіня і гневаецца на мяне, — не страшна. Галоўнае, каб панначка была ў міласці і здаровая. Я іду!

Ян накіраваўся да сцяны, дзе вісеў яго плашч. Але Люцыя спыніла яго.

— Паслухай, бязглузды, — раптам звярнулася яна да яго на ты, як і раней. — Ты хочаш дапамагчы панначцы або — забіць яе?.. Панначка не перажыве, калі з табой нешта здарыцца. Няўжо ты не разумееш! Не лезь у пастку д'яблу! Паберажыся!.. У цябе адно выйсце — бегчы. Калі ты схаваешся ў надзейным месцы і будзеш, хоць зрэдку падаваць пра сябе вестку, гэта выратуе маю пані. Яна просіць Бога аб тым, каб з табою ўсё было добра! Паклапаціся ж пра сябе!

Разумныя разважанні Люцыі прымусілі Яна задумацца. Сумненні мучылі яго. Спадзеючыся пачуць падказку, ён азірнуўся туды, дзе стаяў Лагафет.

Твар хроснага ўразіў яго. Ён выказваў адчай. Упершыню Ян убачыў на яго вачах слёзы.

— Айцец Пахомій, — звярнуўся ён да старца, — як мне быць? Дай параду. Ты ж бачыш маё становішча. Што рабіць?

Лагафет, заўсёды такі багаты на парады, на гэты раз неяк стрымліваўся. І сапраўды, што мог сказаць ён юнаку, якога лічыў сваім сынам?

Разумеючы, што ўсе чакаюць ад яго адказу, ён нарэшце ціха прамовіў:

— Паступай, як загадвае сэрца.

Сказаўшы так, стары ўздрыгнуў — спахапіўся, што падпісаў тым самым смяротны прыгавор хрэсніку.

Нейкую долю хвіліны сярод насельнікаў прытулку ўсталявалася цішыня. Затым Ян парушыў яе, ён абвясціў:

— Ну што ж, іду да княгіні. Сэрца не загадвае мне бегчы і хавацца. Якая б ні страшэнная была гаспадыня замка, а я павінен ёй падпарадкоўвацца.

Пануючая цішыня раптам парушылася. Сябры, адчуваючы, якая небяспека навісла над галавой іх таварыша, загаварылі ўсе разам:

— Ян, бяжы!.. У тым, што ты зробіш гэта дзеля захавання жыцця, няма граху!.. Схавайся, пакуль не вернецца князь! Той разважыць усё па справядлівасці!.. Бяжы!..

Думка іх была адзінай. Ян падзякаваў ім. І хто ведае, як бы паступіў ён, будзь у яго ў запасе лішняя хвіліна. Але як раз у момант усеагульнага гвалту раптам пад акном пачуліся шпаркія і частыя нечыя крокі. Дзверы зарыпелі, і ў памяшканне, адзін за другім, увайшлі княжацкія дружыннікі.

— Позна, — глуха сказала Люцыя, — і ўткнулася тварам у далоні.

У аднаго з дружыннікаў на баку вісела доўгая шабля. Гэта быў сам капітан аховы пан Халепа. Ён пазнаў Яна і ў сваёй звычайнай, стрыманай манеры звярнуўся да яго:

— Пан садоўнік, вы пойдзеце з намі.— Ён патлумачыў: — Нам загадана арыштаваць вас і заперці ў каплічцы. Там вы будзеце знаходзіцца да новых распараджэнняў. Загад аддадзены асабіста княгіняй Ізабэлай Эрдзівіл.

Ян, не спяшаючыся, зняў са сцяны плашч, пачаў апранацца. На яго твары чыталася ўпэўненасць. Ён верыў у справядлівасць і спадзяваўся, што княгіня зменіць гнеў на міласць. Апрануўшыся, ён развітаўся позіркам з кожным, з кім жыў пад дахам гэтага дома, і, азірнуўшыся на капітана, сказаў:

— Я гатовы.

— Пойдзем, — загадаў Халепа.

У кутку заварушылася цень Лагафета. Пахомій нязграбна, як мядзведзь, споўз з нараў і прагудзеў:

— Пачакайце…

Ён накінуў на сябе сёе-тое з вопраткі і, як быў, босы прашлёпаў да дружыннікаў.

— Не будзе парушэннем, калі я, духоўная асоба, вазьмуся суправаджаць гэтага маладога пана? — спытаў ён.

Капітан аховы не меў нічога супраць. Ён моўчкі кіўнуў старому і павярнуўся да дзвярэй. Ян, Пахомій і экскорт дружыннікаў неўзабаве пакінулі дом. За імі, не звяртаючы ўвагі на неміласэрны дождж, выйшлі ўсе насельнікі прытулку на Паповай горцы.

Стары нездарма папрасіўся суправаджаць Яна. Як там атрымалася і што менавіта сказаў ён капітану аховы — невядома. Толькі ў каплічцы Яна зачынілі не аднаго, а разам з Лагафетам… Магчыма, стары здагадаўся пра намер княгіні. Ведаючы яе незгаворлівасць і жорсткасць, ён зразумеў, што міласці яму не будзе. Любячы хлопца ўсім сэрцам, ён вырашыў застацца з ім да канца, каб хоць неяк згладзіць яго адчай.

Дружыннікі па двое дзяжурылі каля дзвярэй каплічкі, мяняючыся кожныя тры гадзіны. У гэтую ноч у доме на Паповай горцы ніхто не звёў вачэй.

Поделиться с друзьями: