ЖАНРЫ

Чорная панна Нясвіжа

Дудараў Аляксей

Шрифт:
Лепш за яе нідзе на белым свеце…

Жыгімонт.

I прыгажэй не будзе і няма, Ды гэтага ніколі я не ўбачу, Бо ў сэрцы вы.

Барбара.

Яе вы цалавалі?

Жыгімонт.

Яна сама мяне пацалавала I пажадала шчасця мне і вам: «Жывіце доўга, смерць сустрэньце разам. Каханне Бог вам даў, дык не згубіце часам».

Барбара.

Я — грэшніца!

Жыгімонт.

Што з вамі, каралева? Я вас пакрыўдзіў, можа, незнарок?

Барбара.

Я — грэшніца, я — грэшніца, о Божа! За самую пачварную хлусню Страшней недагавораная праўда.

Жыгімонт.

Я ўсё вам расказаў! Ды не, яшчэ не ўсё! Яна падаравала вам пярсцёнак. Ён цудадзейны! Гоіць добра раны!

Барбара.

Я — грэшніца… Даруй мне, мой каханы.

Падае на рукі Жыгімонту.

Жыгімонт.

Сюды, сюды! Ёй дрэнна! Памажыце.

Выносіць Барбару на руках. З’яўляецца Мнішак.

Мнішак. Каралева сказала, што бачыла свой сон у ноч перад нядзеляй. Самай занюханай знахарцы вядома, што гэтыя сны спраўджваюцца толькі да апоўдня, у тую ж нядзелю, перад якой быў сон. Калі ён спраўдзіўся, дык беднай дзяўчынцы нічым не дапаможаш — хай яна будзе свае апошнія паўгода шчаслівай. Калі да апоўдня маю бутэлечку ніхто не чапаў, дык сон каралевы быў пустым і нічога нікому не пагражае. I ў тым выпадку, і ў тым няма сэнсу шукаць гэтую бутэлечку. Гары яна гарам! Але ж каралева запатрабавала, каб я яе абавязкова прывёз. Дык што з таго? На гэтай зямлі столькі атруты, столькі гадасці, знайду я што-небудзь і для каралевы. Тады чаго ж я сюды прыязджаў? Нясвіж! Палац Радзівілаў. Файныя мясцівы… Чаму б не прыехаць?

Кракаў. Кафедральны сабор.

Жыгімонт і Барбара у каранацыйных уборах.

Жыгімонт.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа…

Барбара.

Прымі як непадзельнае — Адво…

Жыгімонт.

Прымі як непадзельнае — Адно…

Барбара.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа…

Жыгімонт.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў…

Барбара.

Бог ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў…

Жыгімонт.

Бог ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў…

Барбара.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў… Няхай Твой грозны гнеў нікога не кране, Даруй усім, і ўжо апошняй мне.

Жыгімонт.

Барбара, што з табой?

Барбара.

Бывай, мой любы…

Жыгімонт.

Чаму бывай?

Барбара.

Я — грэшніца…

Жыгімонт.

Ніхто… Няма нікога без граху на свеце, Каханне наша ўсё нам даравала.

Барбара.

Я злу паверыла і грэшнай болей стала, I не зямны, нябёсаў строгі суд Абвесціць справядлівы свой прысуд… Мой любы, ты даруй мне…

Жыгімонт.

Я кахаю… I не аддам!

Барбара.

I мне не трэба раю… Ніколі ад цябе не адыду. Нават тады, калі ў нябыт сыду…

Частка трэцяя

Вечнасць

Нясвіж. Лета 1551 года. Парк перад палацам Радзівілаў.

Ноч. Мнішак і Радзвілы.

Мнішак.

А каралю з Нясвіжа трэба з’ехаць. I тэрмінова.

Радзівіл Чорны.

А чаму?

Мнішак.

Чаму? Мы трошкі загуляліся з чарцямі, I пратапталі сцежку на той свет. Яна па гэтай сцежцы і прыходзіць, I па Нясвіжы ходзіць, ходзіць, ходзіць…

Радзівіл Руды.

Ды хто яна?

Мнішак.

Сястра ваша! Барбара! Я тыдзень па начах ужо не сплю I Бога, хоць не веру, а малю, Каб заступіўся. Чуеце? Ізноў Рыданні, стогны, плач у вашым парку.

Радзівіл Руды.

Ды гэта вецер…

Мнішак.

Гэтак галасіць Не можа вецер! Гэта здань Барбары… Яе кароль так клікаў апантана. Яна і прыляцела… нечакана…

Радзівіл Чорны.

А мо дзіця якое ў парку плача?..

Мнішак.

Квязь, не і не! Я сёння сам убачыў!

Радзівіл Руды.

Каго?

Мнішак.

Каго-каго! Каго ж яшчэ? Барбару… У тым баку… Вунь там. Паміж трох ліп.

Радзівіл Руды.

То, можа, гэта Бжэнка?

Мнішак.

Не, не Бжэнка! Яна была са мной… каля мяне… А тая… калыхалася ў паветры! Ў адзенні чорным і… плыла між дрэў! Калі дзяўчо ад жаху закрычала, Дык тая ўсхліпнула вось так во… і прапала. Па мне й цяпер цячэ халодны пот, I сэрца закацілася ў жывот.

Радзівіл Чорны.

Дзе ўсе было?

Мнішак.

Вунь там вунь.
Поделиться с друзьями: