Чорная страла
Шрифт:
— Мая рана смяротная, — сказаў лорд. — Падыдзіце да мяне бліжэй, малады Шэлтан. Няхай будзе каля мяне хоць адзін чалавек высакароднага паходжання, бо я ўсё жыццё пражыў у багацці і раскошы, і мне так самотна ўсведамляць, што я паранены ў нікчэмнай бойцы і паміраю на брудным халодным караблі, у моры, сярод усялякіх падонкаў і мужычча.
— Мілорд, — сказаў Дзік, — я малю святых вылечыць вашу рану і дапамагчы вам паспяхова дабрацца да берага.
— Паспяхова дабрацца да берага? — перапытаў лорд. — Хіба вы не ўпэўнены ў тым, што мы дабяромся паспяхова?
— Карабель рухаецца з цяжкасцю, мора лютае і бурнае, — адказаў юнак, — а са слоў нашага рулявога я зразумеў, што мы толькі цудам можам дабрацца да берага жывымі.
— А! — панура ўсклікнуў барон. — Вось пры якіх жахлівых пакутах маёй душы давядзецца расставацца з целам! Сэр, маліце Бога дараваць вам цяжкае жыццё, тады вам лягчэй будзе паміраць. Жыццё песціла мяне, а памерці мне наканавана сярод пакут і няшчасцяў! Аднак перад смерцю мне яшчэ неабходна зрабіць адну важную справу. Ці няма ў вас на караблі свяшчэнніка?
— Няма, — адказаў Дзік.
— Дык зоймемся маімі зямнымі справамі, — сказаў лорд Фоксгэм. — Спадзяюся, пасля маёй смерці вы застанецеся такім жа верным сябрам, якім вы былі пачцівым ворагам пры маім жыцці. Я паміраю ў цяжкі час для мяне, для Англіі і для ўсіх тых, хто ішоў за мною. Маімі воінамі камандуе Хэмлі — той самы, які быў вашым сапернікам. Яны дамовіліся сабрацца ў доўгай зале Халівуда. Вось гэты пярсцёнак з маёй рукі будзе служыць доказам, што вы дзейнічаеце ад майго імя. Акрамя таго, я напішу Хэмлі некалькі слоў і папрашу яго саступіць вам дзяўчыну. Але ці выканаеце вы мой загад? Гэтага я не ведаю.
— А што вы збіраецеся мне загадаць, мілорд? — спытаў Дзік.
— Загадаць?… — паўтарыў барон і нерашуча зірнуў на Дзіка. — Скажыце, вы прыхільнік Ланкастэра або Йорка? — спытаў ён нарэшце.
— Мне сорамна прызнацца, — адказаў Дзік, — але я і сам не ведаю. Зрэшты, я служу ў Эліса Дэкуорта, а Эліс Дэкуорт стаіць за Йоркскі дом. Атрымліваецца, што і я прыхільнік Йоркскага дома.
— Гэта добра, — сказаў лорд, — гэта цудоўна. Калі б вы аказаліся прыхільнікам Ланкастэра, я не ведаў бы, што мне рабіць. Але калі вы стаіце за Йорка, дык слухайце мяне. Я прыбыў у Шорбі, каб назіраць за лордамі, якія сабраліся там, пакуль мой высакародны малады валадар, Рычард Гластэрскі [5] , збірае сілы, рыхтуючыся напасці на гэтых лордаў і рассеяць іх. Я здабыў звесткі аб колькасці варожай арміі, аб расстаноўцы загараджальных атрадаў, аб размяшчэнні непрыяцельскіх войск. Гэтыя звесткі я павінен перадаць майму валадару ў нядзелю, за гадзіну да апоўдня, бліз крыжа Святой Дзевы каля лесу. З'явіцца на гэтае спатканне мне, відавочна, не ўдасца, і я звяртаюся да вас з просьбай: акажыце мне ласку, пайдзіце туды замест мяне. І няхай ні радасць, ні боль, ні бура, ні рана, ні чума не затрымаюць вас! Будзьце каля прызначанага месца ў прызначаны час, бо ад гэтага залежыць шчасце Англіі.
5
У той час, калі адбываліся падзеі, пра якія гаворыцца ў нашай аповесці, Рычард Гарбун яшчэ не быў герцагам Гластэрскім; але, з дазволу чытача, мы будзем яго так называць для большай выразнасці. (Заўвага аўтара.)
— Даю вам урачыстае абяцанне выканаць вашу волю, — сказаў Дзік. — Я зраблю ўсё, што будзе мне па сіле.
— Цудоўна, — сказаў паранены, — мілорд герцаг дасць вам новыя загады, і калі вы іх выканаеце ахвотна і старанна, ваша будучыня забяспечана. Падсуньце да мяне лампаду, я хачу напісаць пісьмо.
Ён напісаў два пісьмы. На адным ён зрабіў надпіс: «Высокашаноўнаму майму родзічу сэру Джону Хэмлі», на другім не напісаў нічога.
— Гэта пісьмо герцагу, — сказаў ён. — Пароль — «Англія і Эдуард»; а водгук — «Англія і Йорк».
— А што будзе з Джаанай, мілорд? — спытаў Дзік.
— Джаану здабывайце самі, як умееце, — адказаў барон. — У абодвух пісьмах я пішу, што хачу выдаць яе за вас, але здабываць яе вам давядзецца самому, мой хлопчык. Я, як бачыце, спрабаваў вам дапамагчы, але заплаціў за гэта жыццём. Большага не мог бы зрабіць ніводзін чалавек.
Паранены хутка слабеў. Дзік, схаваўшы на грудзях каштоўныя пісьмы, пажадаў яму бадзёрасці і выйшаў з каюты.
Пачыналася світанне, халоднае і пахмурнае. Ішоў снег. Непадалёку ад «Добрай Надзеі» цягнуўся скалісты бераг, зрэзаны пясчанымі бухтамі, а ўдалечыні, за лясамі, узнімаліся вяршыні Тэнстолскіх пагоркаў. Вецер крыху прыціх, мора таксама злёгку супакоілася, але карабель сядзеў глыбока ў вадзе і з цяжкасцю ўзбіраўся на хвалі.
Лоўлес па-ранейшаму стаяў каля руля. Усе, хто быў на судне, стоўпіліся на палубе і тупа ўтаропіліся ў не дужа гасцінны бераг.
— Мы збіраемся прыстаць? — спытаў Дзік.
— Але, — сказаў Лоўлес, — калі раней не трапім на дно.
Пры гэтых словах карабель з такой цяжкасцю ўскарабкаўся на хвалю і вада ў труме заклекатала так гучна, што Дзік міжволі схапіў рулявога за руку.
— Клянуся небам, — усклікнуў Дзік, калі нос «Добрай Надзеі» вынырнуў з пены, — я ўжо думаў, мы тонем. Сэрца маё ледзь не лопнула!
На шкафуце [6] Грыншыў і Хокслі разам з лепшымі людзьмі абодвух атрадаў разбіралі палубу і майстравалі з яе дошак плыт. Дзік далучыўся да іх і цалкам захапіўся працай, каб хоць на хвіліну забыць пра небяспеку. Але, нягледзячы на ўсе намаганні, кожная хваля, што абрушвалася на няшчасны карабель, прымушала яго сэрца сціскацца ад жаху, нагадваючы аб блізкасці смерці.
Раптам, адарваўшыся ад работы, ён убачыў, што яны падышлі ўшчыльную да нейкага мыса. Падмытая морам скала, вакол якой клекатала белая пена цяжкіх хваляў, амаль навісла над палубай. За скалой, на вяршыні пясчанай дзюны, як бы ўвенчваючы яе, стаяў дом.
6
Шкафут — сярэдняя частка палубы карабля, паміж кармавой і насавой надбудовай.
Усярэдзіне бухты хвалі ятрыліся яшчэ шалёней. Яны паднялі «Добрую Надзею» на свае пеністыя спіны, панеслі яе, ніколькі не лічачыся з рулявым, выкінулі на пясчаную водмель і, перакочваючыся цераз карабель, пачалі шпурляць яго з боку на бок. Потым адзін з велізарных валоў падняў «Добрую Надзею» і аднёс яе бліжэй да берага, і, нарэшце, трэці вал, перанёсшы яе цераз самыя небяспечныя буруны, апусціў на мель каля самага берага.
— Хлопцы, — крыкнуў Лоўлес, — святыя выратавалі нас! Пачынаецца адліў. Сядзем у кружок і вып'ем па чарцы віна. Праз паўгадзіны мы дабяромся да берага, як па мосце.
Прабілі бочачку. Людзі, што пацярпелі крушэнне, расселіся, стараючыся, наколькі магчыма, затуліцца ад снегу і пырскаў, і пусцілі чарку ўкругавую; віно сагрэла іх і падбадзёрыла.
Дзік тым часам вярнуўся да лорда Фоксгэма, які нічога не ведаў і ляжаў у смяротным жаху. Вада ў яго каюце даходзіла да калень, лампадка разбілася і патухла, пакінуўшы яго ў цемры.
— Мілорд, — сказаў малады Шэлтан, — болей няма чаго баяцца, святыя аберагаюць нас. Хвалі выкінулі нас на водмель, і як толькі прыліў крыху спадзе, мы дабяромся да берага.
Прайшла амаль гадзіна, перш чым мора адступіла ад «Добрай Надзеі» і мараплавальнікам удалося нарэшце паволі пайсці да берага, які невыразна бачыўся праз смугу мітуслівага снегу. На прыбярэжным пагорку ляжаў невялікі атрад узброеных людзей, якія падазрона сачылі за кожным іх рухам.
— Хай бы лепей падышлі да нас і аказалі дапамогу, — заўважыў Дзік.
— Калі яны да нас не ідуць, мы пойдзем да іх самі, — сказаў Хокслі. — Чым хутчэй мы дабяромся да слаўнага агню і сухой пасцелі, тым лепш для майго няшчаснага лорда.