Чорная страла
Шрифт:
Але людзі на пагорку раптоўна падхапіліся, і град стрэл паляцеў у мараплавальнікаў, якія пацярпелі крушэнне.
— Назад! Назад! — крыкнуў лорд. — Богам прашу, будзьце асцярожныя! Не адказвайце ім.
— Мы не можам біцца! — усклікнуў Грыншыў, выцягваючы стралу са сваёй скураной курткі. — Мы прамоклі, мы стаміліся, як сабакі, мы прамерзлі да касцей. Але, дзеля любові да старой Англіі, растлумачце мне, навошта яны з такой лютасцю абстрэльваюць сваіх землякоў, якія трапілі ў бяду?
— Яны прынялі нас за французскіх піратаў, — адказаў лорд Фоксгэм. — У гэтыя неспакойныя і подлыя часы мы не можам зберагчы нават уласныя берагі, берагі нашай Англіі. Нашы спрадвечныя ворагі, якіх яшчэ не так даўно мы перамагалі на моры і на сушы, прыязджаюць сюды, калі ім задумаецца, і рабуюць, забіваюць і паляць. Няшчасная радзіма! Вось да якой ганьбы мы дажылі.
Людзі на пагорку ўважліва сачылі, як яны падымаліся на бераг і як адыходзіліся ў глыб краіны па далінах паміж пясчанымі дзюнамі. Цэлую мілю ішлі пасля ўслед за стомленымі, змучанымі ўцекачамі, гатовыя пры найменшым падазрэнні даць па іх новы залп. Толькі калі Дзіку ўдалося нарэшце вывесці сваіх спадарожнікаў на вялікую дарогу і пастроіць іх у ваенным парадку, пільныя ахоўнікі ангельскіх берагоў зніклі за белым снегападам. Яны збераглі свае ўласныя дамы і фермы, свае ўласныя сем'і і сваю жывёлу — больш ім ні да чаго не было справы, і іх ніколькі не турбавала думка, што французы выражуць і спаляць іншыя вёскі і сёлы ангельскага каралеўства.
Кніга чацвертая
ПЕРААПРАНУТЫЯ
Раздзел I
Логавішча
Дзік выйшаў на вялікую дарогу недалёка ад Халівуда, міляў за дзевяць-дзесяць ад Шорбі-на-Ціле; пераканаўшыся, што іх больш не даганяюць, абодва атрады раздзяліліся. Слугі лорда Фоксгэма панеслі свайго параненага валадара ў вялікае абацтва, дзе было бяспечна і спакойна. Калі яны зніклі за густой заслонай снегападу, у Дзіка застаўся тузін бадзяг — усё, што ацалела ад яго дабравольніцкага атрада.
Многія з іх былі паранены; усе да аднаго былі ўзлаваны няўдачамі і працяглым вандраваннем; згаладалыя і змерзлыя, яны не мелі сілы адкрыта бунтаваць і толькі бурчалі ды панура пазіралі на сваіх правадыроў. Дзік раздаў ім усё, што было ў яго ў кашальку, нічога не пакінуўшы сабе, і падзякаваў за храбрасць, хаця, шчыра кажучы, намнога ахвотней вылаяў бы іх за баязлівасць. Трошкі змякчыўшы гэтым уражанне ад працяглых няўдач, ён загадаў ім папарна і ў адзіночку прабірацца да Шорбі і чакаць яго ў шынку «Казёл і валынка».
Помнячы падзеі, што адбыліся на борце «Добрай Надзеі», ён пакінуў пры сабе аднаго толькі Лоўлеса. Снег падаў бесперастанку і ўсё засцілаў навокал, быццам сляпучае воблака; вецер паступова сціхаў і нарэшце знік зусім; увесь свет здаваўся загорнутым у белую пялёнку і паглыбленым у маўчанне. Сярод снежных сумётаў лёгка было збіцца з дарогі і загрузнуць. І Лоўлес, які крочыў наперадзе, выцягваў шыю, як паляўнічы сабака, што ідзе па следзе, вывучаў кожнае дрэва, уважліва ўзіраўся ў сцяжынку, быццам вёў карабель па бурным моры.
Калі прайшлі лесам добрую мілю, яны наблізіліся да гаю карабатых высокіх дубоў, паблізу якіх скрыжоўваліся некалькі дарог. Гэтае месца няцяжка было пазнаць нават у такую пагоду, і Лоўлес быў, відаць, рады, што знайшоў яго.
— А цяпер, майстар Рычард, — сказаў ён, — калі ваш гонар не перашкодзіць вам пакарыстацца гасціннасцю чалавека, які не нарадзіўся джэнтльменам і якога нават нельга назваць добрым хрысціянінам, я магу прапанаваць вам кубак віна і зыркі агонь, каб разагрэць вашы костачкі.
— Вядзі, Уіл, — адказаў Дзік. — Кубак віна і зыркі агонь! Дзеля гэтага я згодзен ісці куды заўгодна.
Лоўлес рашуча пакрочыў уперад і, калі прайшоў пад аголенымі дрэвамі, хутка выбіўся да пячоры, ледзь не напалову засыпанай снегам. Над уваходам у пячору рос велізарны бук з непрыкрытымі каранямі; стары бадзяга, рассунуўшы кусты, знік пад зямлёй.
Калісьці магутны ўраган выкарчаваў велізарны бук з зямлі разам з вялікім кавалкам дзёрну; пад гэтым букам Лоўлес і выкапаў сабе лясное сховішча. Карані яму служылі латамі, дахам быў дзёран, сценамі і падлогай была сырая зямля. У адным кутку знаходзіўся ачаг, пачарнелы ад агню, у другім стаяла вялікая дубовая скрыня, моцна акаваная жалезам; толькі па гэтых прадметах можна было здагадацца, што тут чалавечае жыллё, а не звярыная нара.
Нягледзячы на тое, што ў пячору намяло снегу, у ёй было намнога цяплей, чым вонкі; а калі Лоўлес высек іскру і ў ачагу ўспыхнулі і затрашчалі сухія галінкі, стала па-хатняму ўтульна.
Задаволены, Лоўлес уздыхнуў, працягнуў свае шырокія рукі да агню і ўцягнуў у сябе пах дыму.
— Вось, — сказаў ён, — трусіная нара старога Лоўлеса. Малю неба, каб сабакі не пранюхалі аб ёй! Багата я блукаў па свеце з таго часу, як мне споўнілася чатырнаццаць гадоў і я ўпершыню ўцёк з абацтва, украўшы залаты ланцуг і малітоўнік, якія прадаў за чатыры маркі. Калі стаў паломнікам, спрабаваў выратаваць сваю душу: пабываў у Англіі, у Францыі, у Бургундыі і ў Гішпаніі; пабываў і на моры, у гэтай чужыне ўсіх народаў. Але сапраўднае маё месца, майстар Шэлтан, толькі тут. Тут мая радзіма — вось гэтая нара ў зямлі! Ці дождж ідзе, ці свеціць сонца, ці ў красавіку, калі спяваюць птушкі і кветкі падаюць на маю пасцель, або зімою, калі я сяджу сам-насам з добрым кумам-агнём і ў лесе шчабеча канаплянка, — гэтая нара замяняе мне ўсё: і царкву, і рынак, і жонку, і наследніка. Дзе б я ні быў, я заўсёды вяртаюся сюды. І я малю святых угоднікаў, каб мне тут было дазволена памерці.
— А што ж, у цябе тут і праўда ўтульны куток, — адказаў Дзік, — і цёпла, і старонняму воку не бачна.
— Але, ён схаваны добра, і гэта самае галоўнае, — падхапіў Лоўлес, — бо сэрца маё разарвалася б, калі б яго знайшлі. Вось тут, — сказаў ён, раскопваючы моцнымі пальцамі пясчаную падлогу, — тут мой вінны пограб, і вы зараз атрымаеце біклагу цудоўнай моцнай брагі.
І сапраўды, пакапаўшы крыху, ён выцягнуў вялікую скураную бутлю, на тры чвэрці напоўненую моцным, духмяным элем. Выпіўшы адзін за аднаго, яны падкінулі паліва ў агонь, і полымя зноў заблішчала. Яны леглі і выцягнулі ногі, упіваючыся асалодай цеплыні.
— Майстар Шэлтан, — заўважыў бадзяга, — за апошні час вы двойчы пацярпелі няўдачу; падобна на тое, што вы страціце і дзяўчыну. Ці правільна я кажу?
— Правільна, — адказаў Дзік, кіўнуўшы галавой.
— А цяпер, — працягваў Лоўлес, — паслухайце старога дурня, які амаль усюды пабываў і амаль усё пабачыў. Занадта многа выконваеце вы чужых даручэнняў, майстар Шэлтан. Вы стараецеся для Эліса; але Эліс марыць толькі аб смерці сэра Дэніэла. Вы стараецеся для лорда Фоксгэма… Зрэшты, хай берагуць яго святыя, у яго, без сумнення, добрыя намеры. Аднак лепш за ўсё старацца для сябе самога, добры Дзік. Ідзіце да сваёй дзяўчыны. Заляцайцеся да яе, а то як бы яна не забыла вас. Будзьце напагатове, і калі надарыцца выпадак, бярыце каня і скачыце разам з ёю.
— Ах, Лоўлес, ды яна ж, пэўна, знаходзіцца ў доме сэра Дэніэла! — адказаў Дзік.
— Ну што ж, мы пойдзем у дом сэра Дэніэла, — адказаў бадзяга.
Дзік здзіўлена паглядзеў на яго.
— Няма чаго здзіўляцца, — сказаў Лоўлес, — калі вы мне не верыце на словах, зірніце сюды.
І бадзяга зняў з шыі ключ, адчыніў дубовы куфэрак; пакапаўшыся, ён выняў з яго спачатку манаскую расу, потым вяровачны пояс і, нарэшце, велізарны ружанец, такі цяжкі, што ім можна было б дзейнічаць, як зброяй.