Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Гасцей прымалі сардэчна. А менестрэляў, блазнаў, гульцоў у шахматы, гандляроў рэліквій, зелляў, духоў і талісманаў, разам з усемагчымымі свяшчэннікамі, манахамі, вандроўнікамі садзілі за стол для слуг і клалі спаць на прасторных гарышчах або на голых дошках у доўгай сталовай.

На наступны дзень пасля крушэння «Добрай Надзеі» кладоўкі, кухні, стайні і нават пуні, што акружалі двор з двух бакоў, былі поўныя святочнага люду. Тут весяліліся і слугі сэра Дэніэла ў сіне-чырвоных ліўрэях і розныя прайдзісветы, завабленыя ў горад сквапнасцю, якіх рыцар прымаў часткова з палітычных меркаванняў, а часткова проста таму, што прымаць падобных людзей у тыя часы было добрым звычаем.

Усе яны пад дах былі загнаны снегам, які падаў бесперастанку, марозам і набліжэннем ночы. Віна, элю і грошай было колькі заўгодна. Адны, расцягнуўшыся на саломе ў свірне, гулялі ў карты, некаторыя яшчэ з абеду былі п'яныя. Нам, бадай, падалося б, што горад толькі што быў падвергнуты разгрому; але ў тыя часы ва ўсіх багатых і высакародных дамах на святы адбывалася тое ж самае.

Два манахі — стары і малады — прыйшлі позна і цяпер грэліся каля агню ў куце пуні. Стракаты натоўп абступіў іх — штукары, скамарохі, салдаты. Неўзабаве старэйшы з манахаў пачаў з імі ажыўленую размову, у якой было столькі жартаў і дасціпнасці, што натоўп вакол хутка павялічыўся.

Малодшы яго спадарожнік, у якім чытач пазнаў ужо Дзіка Шэлтана, сеў ззаду за ўсімі і паступова адсоўваўся ўсё далей. Ён слухаў уважліва, але не адкрываў рота; па панураму выразу яго твару было бачна, што яго мала цікавяць жарты таварыша.

Нарэшце яго позірк, які ўвесь час блукаў па баках і сачыў за ўсімі дзвярыма, спыніўся на маленькай працэсіі, што зайшла ў галоўную браму і наўскос перасякала двор. Дзве дамы, захутаныя ў густыя футры, ішлі ў суправаджэнні дзвюх служанак і чатырох дужых воінаў. Праз імгненне яны зайшлі ў дом і зніклі. Дзік, праслізнуўшы праз натоўп гулякаў, кінуўся ўслед за імі.

«Тая, вышэйшая ростам, — лэдзі Брэклі, — падумаў ён, — а дзе лэдзі Брэклі, там і Джаана».

Ля дзвярэй чатыры воіны спыніліся; дамы падымаліся па лесвіцы з паліраванага дуба, іх ахоўвалі толькі дзве служанкі. Дзік пайшоў за імі па пятах.

Змяркалася, і ў доме было ўжо амаль зусім цёмна. На пляцоўках лесвіцы блішчалі факелы ў жалезных аправах; ля кожных дзвярэй доўгага калідора, абабітага габеленамі, гарэла лямпа. І калі дзверы былі адчынены, Дзік бачыў сцены, завешаныя габеленамі, і падлогу, засланую трыснягом, які пабліскваў пры святле запаленых дроў.

Так прайшлі яны два паверхі, і на кожнай пляцоўцы дама, меншая ростам і маладзейшая, паварочвалася і пільна ўглядвалася ў манаха. А ён ішоў, апусціўшы вочы, са сціпласцю, належнай яго званню; ён толькі аднойчы зірнуў на яе і не ведаў, што прыцягнуў да сябе яе ўвагу. Нарэшце на трэцім паверсе дамы рассталіся, — малодшая адправілася наверх адна, а старэйшая, у суправаджэнні служанак, пайшла па калідоры направа.

Дзік хутка дасягнуў пляцоўкі трэцяга паверха і пачаў з-за вугла глядзець, куды далей накіруюцца гэтыя трое. Не паварочваючыся і не азіраючыся, яны ішлі па калідоры. «Усё добра, — падумаў Дзік. — Толькі б даведацца, дзе пакой лэдзі Брэклі, і тады я без цяжкасці адшукаю пані Хэтч».

Чыясьці рука легла яму на плячо. Ён падскочыў, ціха ўскрыкнуў і павярнуўся, каб схапіцца з ворагам.

Ён быў крыху збянтэжаны, калі заўважыў, што самым бесцырымонным чынам абхапіў рукамі маленькую юную лэдзі ў футры. Спалоханая і абураная, яна дрыжала ўсім сваім тоненькім цельцам у яго руках.

— Васпані, — сказаў Дзік, апускаючы рукі, — малю вас дараваць мне, але ззаду ў мяне няма вачэй, і, клянуся небам, я не ведаў, што вы дзяўчына.

Дзяўчына працягвала глядзець на яго, але пакрысе жах у яе на твары змяніўся здзіўленнем, а здзіўленне — недаверлівасцю. Дзік, які чытаў у яе на твары ўсе гэтыя пачуцці, пачаў трывожыцца за сваю бяспеку тут, у варожым яму доме.

— Цудоўная дзяўчына, — сказаў ён з прытворнай непасрэднасцю, — дазвольце мне пацалаваць вашу руку ў знак таго, што вы забудзеце маю грубасць, і я пайду.

— Вы нейкі дзіўны манах, васпан, — смела і пранікліва гледзячы яму ў твар, адказала дзяўчына. — Цяпер, калі першае маё здзіўленне крыху прайшло, я заўважаю па кожным вашым слове, што вы зусім не манах. Чаго вы тут? Навошта вы так па-блюзнерску пераапрануліся ў свяшчэнную расу? З мірам вы прыйшлі ці з вайною? І чаму вы, быццам злодзей, сочыце за лэдзі Брэклі?

— Васпані, — сказаў Дзік, — у адным прашу я вас паверыць: я не злодзей. І калі нават я прыйшоў сюды не з мірам, — што да нейкай ступені правільна, — я не ваюю з цудоўнымі дзяўчатамі, а таму прашу вас узяць мой прыклад і адпусціць мяне. Бо, цудоўная пані, калі вам уздумаецца падняць голас і паведаміць аб тым, што вам стала вядома, — бедны джэнтльмен, які стаіць перад вамі, прапашчы чалавек. Я не хачу думаць, што вы будзеце такой жорсткай, — працягваў Дзік і, пяшчотна трымаючы руку дзяўчыны абедзвюма рукамі, зазірнуў ёй у твар з пачцівым захапленнем.

— Дык вы шпіён з партыі Йорка? — спытала дзяўчына.

— Васпані, — адказаў ён, — я сапраўды йоркіст і ў нейкім родзе шпіён. Але прычына, якая прывяла мяне ў гэты дом і якая, безумоўна, выкліча спачуванне і дапытлівасць у вашым добрым сэрцы, не мае адносін ні да Йорка, ні да Ланкастэра. Я цалкам аддаю сваё жыццё ў ваша распараджэнне. Я закаханы, і маё імя…

Але тут юная лэдзі раптоўна заціснула сваёй рукою рот Дзіку, паспешліва паглядзела ўверх і ўніз, на захад і на ўсход і, пабачыўшы, што паблізу няма ні душы, з сілай пацягнула маладога чалавека ўгару па лесвіцы.

— Шш! — сказала яна. — Хадземце! Размаўляць будзем пасля!

Разгубіўшыся ад нечаканасці, Дзік дазволіў зацягнуць сябе па лесвіцы. Яны шпарка прабеглі па калідоры, і раптам яго ўпіхнулі ў пакой, асветлены, як і іншыя, распаленым камінам.

— А зараз, — сказала маладая лэдзі, пасадзіўшы яго на крэсла, — сядзіце тут і чакайце маёй найвышэйшай волі. Ваша жыццё і ваша смерць у маіх руках, і я, не вагаючыся, пакарыстаюся сваёй уладай. Беражыцеся, вы ледзь не вывіхнулі мне руку! Ён кажа, быццам не ведаў, што я дзяўчына! Калі б ён ведаў, што я дзяўчына, ён, пэўна, узяўся б за папругу!

З гэтымі словамі яна выслізнула з пакоя, пакінуўшы Дзіка з адкрытым ад здзіўлення ротам; яму здавалася, што ён спіць і што яму сніцца сон.

— «Узяўся б за папругу!» — паўтараў ён. — «Узяўся б за папругу!»

І ўспаміны аб тым вечары ў лесе ўзніклі ў яго свядомасці, і ён зноў убачыў дрыжлівага Мэтчэма, яго ўмольныя вочы.

Але ён тут жа ўспомніў аб небяспеках, якія пагражалі яму сягоння. Яму падалося, што ў суседнім пакоі хтосьці рухаецца; потым дзесьці вельмі блізка нехта ўздыхнуў, пачуўся шоргат адзення і лёгкі шум крокаў. Ён стаяў насцярожыўшыся і ўбачыў, як калыхнуліся габелены, затым недзе рыпнулі дзверы, габелены рассунуліся, і з лямпай у руцэ ў пакой зайшла Джаана Сэдлі.

Поделиться с друзьями: