Ciвая легенда
Шрифт:
– Сяпега ж абяцаў падмогу, – з адценнем пагарды сказала гаспадыня.
– Кату ён пад хвост вырас, твой Сапега, – ускіпеў пан, – ці можна яму верыць? Сама памятаеш, як ён за народ беларускі распінаўся. А цяпер надта ўжо скора па-польску пачаў балбатаць. Пярэварацень.
– Дый ты ж, – усё з той самай лёгкай і жорсткай усмешкай сказала яна.
Твар Кізгайлы так па-пакутніцку скрывіўся, што я пашкадаваў яго.
– Ён першы перабег, – скрыпнуў пан зубамі, – а за ім іншыя разышліся на ўсе застаўкі. Як пацукі з карабля. А астатнім чыняць уціск.
– Нобілі [4] не бягуць, – сказала яна.
– Таму і галеюць. Ды і гэтых, першых, тры чалавекі засталося. І тых бы для спакою – на плаху.
– Сапега прышле дапамогу. Сапега вораг яму.
– Не веру, – сказаў пан, – я і на сабе не спадзяюся пасля “схілення”. І хто ведае, ці не пакарае мяне за гэта пан бог.
– Што такое, – не зразумеў я, – каму вораг Сапега?
– Галаве мужыкоў, – ваўкавата гледзячы ў падлогу, сказаў Кізгайла.
– А ён хто?
4
Найбольш радавітая частка магнацтва
– Нобіль. Раман Грынка з Ракутовічаў, – адказаў пан.
Прызнаюся, што я даволі непачціва свіснуў.
Справа паварочвалася зусім дрэнна. Нобілі – самыя знатныя і самыя паважаныя народам людзі на гэтай зямлі. Яны не проста маюць дрэва продкаў, яны вядуць яго ад якога-небудзь слаўнага чалавека.
Іхні закон гонару: кожнае пакаленне павінна прымножыць славу гэтага продка сваімі дзеяннямі. Таму большасць з іх вызначаецца справядлівасцю, шчырым норавам і неўтаймаванай адвагай у баі.
Гэтыя тры добрыя якасці – я заўсёды казаў гэта – зусім не садзейнічаюць працвітанню. Таму гэта парода належыць да ліку выміраючах. Зніклі нашчадкі князя Вячка, няма прамых нашчадкаў Андрэя Полацкага, нястомнага ворага Крэўскай уніі. Іх забылі. І па заслузе – няма чаго дарэмна геройстваваць. Чалавек створаны на тое, каб пладзіцца, а не на тое, каб знішчаць сябе. Які толк у тым, што іх імёны занесены ў які-небудзь гарадзельскі прывілей або першы статут, калі носьбітаў гэтых імён не засталося на зямлі.
Але я заўсёды казаў, што ў гэтага народа галава змайстравана не так. Я не ведаю, мякіна ў іхняй галаве ці інакшыя мазгі (калі здарыцца выпадак, трэба будзе паглядзець), але яны абкружаюць гэтую пароду ўвагай і пяшчотай. Мужыкі асабліва любяць іх, бо тыя амаль заўсёды небагатыя і лічаць празмернае багацце за ганьбу.
Аднойчы, пасля разгрому татар пад Крутагор’ем, трэцюю частку здабычы прапанавалі аднаму з Ракутовічаў (не памятаю ўжо, што ён зрабіў, здаецца, закалоў ці ўзяў у палон хана Койдана), і ён аддаў яе мужыкам, якія прыйшлі пад яго сцяг. Тыя потым маліліся на яго, як на бога, і калі іхні бажок паклікаў іх з сабою ў паход на яцвягаў – кінулі ўзбагацелыя гаспадаркі і пайшлі за ім. Вядома, гэта ўсё скончылася дрэнна – з правадыра-завадатая знялі скуру, узяўшы яго ў палон.
І даніну з гэтых яцвягаў можна было ўзяць толькі венікамі для лазні і лыкам. Неразумная рызыка!
Я ведаў усё гэта ад аднаго быхаўскага манаха. Ён пратрубіў нам усе вушы гэтай мінулай славай.
І ўсё ж я ўстрывожыўся. Кіраўнікі яны нядрэнныя, і, калі чуткі спраўдзяцца, значыць, у мужыцкага цела вырасла някепская галава.
Гаспадар з гаспадыняй між тым сварыліся. Ён крычаў на жонку:
– А ўсё ты! Патрэбна мне была тая халопка. Вось зараз і расхлёбвайце кашу, пані Любка.
Тая ласкава гладзіла гарнастая, які ляжаў у яе на плячы, ляніва выгнуўшыся, і лашчыўся галоўкай. Потым сказала холадна:
– Не бойся, ён цябе адсюль не дастане. Ён не мацнейшы за цябе.
І спытала ў капітана:
– Тую дзеўку адправілі ў Магілёў?
Капітан ледзь не ўдавіўся кавалкам і пачырванеў:
– Праз гадзіну адправяць. Разам з астатнімі.
– Загадайце берагчы яе. Калі з ёй што-небудзь здарыцца ў дарозе і той даведаецца – ён не пакіне ад Кісцянёў каменя на камені.
– Слухаю вас, – буркнуў капітан.
Я не пытаў ні аб чам. Занадта многа таямніц на адзін вечар.
Потым мы спехам вырашылі, каму які мур абараняць, а Кізгайла даў загад трымаць напагатове смалу і дровы і змазаць пад’ёмнік другой рашоткі.
Загадзя ведаючы, што гэта бескарысна, вырашылі ўзняць на супраціўленне мужыкоў з замкавых вёсак Кізгайлы.
Потым Кізгайла прачытаў загад збароўскім мяшчанам, на якіх таксама маглі напасці. Ім належала: “Стрэльбу ўсякую, то бок гакаўніцы, ручніцы і сагадайкі, і іншую абарону, то бок шыбні і што іного да той абароны належыць, у дамех сваіх маці; а хто не можа больш, іно хаця адну ручніцу і рацішча няхай маець, а без абароны ў даму няхай не мешкае”.
– Не атрымаецца і гэта, – усміхнуцся Крот.
– Гэта чаму? – узвіўся Кізгайла.
Крот выцер ільсняныя губы:
– Яны ў нас пра падатак прасілі?
– Ну, прасілі.
– А ты не зняў?
– Не зняў...
– Таму і не атрымаецца. Скажуць, як п’юць ды ядуць, дык нас не завуць, а як с... і д... дык нас ішчуць.
– Не лайся, Іван, – скрывіўся гаспадар, – баба за сталом.
– Калі яна баба, – нахабна адказаў той, – няма чаго ёй за нашым сталом сядзець. А калі села, няхай слухае. Воінам без лаянкі нельга. Прыцерпіцца.
І тут пані Любка мяне здзівіла. Глянула на Крата цёмна-блакітнымі вачыма і сказала цвёрда:
– Калі пан хоча лаяцца, няхай пакіне замак і за мурамі лаецца з тым, хто ідзе.
Крот наліўся крывёй:
– А ці не хоча пані, каб дваране і яе адправілі за муры сустракаць гэтага чалавека?
– Добра, – усміхнулася яна, – пагроза за пагрозу.
І раптам устала.
– Пан Цхакен, клікніце сваіх людзей. Я загадваю вам выкінуць гэты зброд за браму. Няхай абараняюцца ў чыстым полі.
– Любка, – уступіўся муж, – гэта ж кожны трэці абаронца.
Спалоханы сваркай гарнастай шмыгнуў пад рантух і хутка ўжо высоўваў сваю трохкутную мордачку з рукава гаспадыні.
– Нам не патрэбен такі трэці, – сказала яна, – здрада крочыць цераз самыя высокія вежы. Пан Цхакен...
Я ўстаў і бразнуў шпорамі. Гарнастай зашыпеў на мяне з рукава, як васіліск.
Але Крот ужо звяў. Ён раптам усміхнуўся гаспадыні:
– Добра, пані. Даруйце мне. Добрыя мы будзем, распачаўшы бойку, калі справа зайшла аб скуры. Паасобку будзе дрэнна і вам і нам.