Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ciвая легенда

Караткевiч Уладзiмiр

Шрифт:

Я ведаў, што гэта так, але параіў вылазак не рабіць.

– А нашто ж тады конніца ў чатырох сценах? – засмяяўся ён. – Ды і хлеб я атрымоўваю не за сядню. Плацяць – скачы і сячы.

– А калі гэта неразумна?

– Пла-ацяць, – працягнуў ён, быццам давёў, і выйшаў.

Я пачакаў крыху і пайшоў за ім. Мне цікава было, якіх людзей ён адпраўляе з крэпасці напярэдадні аблогі.

Я прайшоў пераходамі і выйшаў на галерэю, што выходзіла ва ўнутраны двор. Я думаў, што я адзін, але потым заўважыў, што ў адным канцы галерэі стаіць гаспадар з жонкай. І тады я адышоў у другі канец, дзе было цямней, і там успёрся на парэнчы.

Унізе ярка палалі паходні, асвятляючы дзесятак вазоў. Будучая варта – чалавек трыццаць верхавых дваран, закаваных у латы, і пяць кірасіраў – трымалася трохі правей, ля брамы. З нізкіх дзвярэй, што вялі, відаць, у нейкае сутарэнне, даносілася бразганне молата – разбівалі ланцугі.

А потым з гэтых дзвярэй пачалі выводзіць людзей – абадраных, зарослых. Яны ледзь ішлі.

Вывелі дзесяць чалавек.

Дзесятую я не адразу і заўважыў, такая яна была худзенькая. Выйшла яна сама і сама села ў дзесятыя, апошнія, драбіны. За ёй выйшаў закураны замкавы каваль з зубілам і молатам у руцэ.

Паходня, якую трымаў шляхціц, кідала дрыготкія водсветы на гэтае дзяўчо ў белым. Я зверху бачыў толькі валасы, якія здаваліся мядзянымі, але на самай справе былі, напэўна, попельна-залацістыя. І твар цяпер адліваў бронзай, а ў натуры быў, вядома, бледны, як ва ўсіх пасаджаных пад замок.

Мне стала неяк не па сабе. Мала душы ў людзях, вось што я вам скажу. І дзіўна толькі, як гэта бог яшчэ церпіць нашы грахі і нашу бессардэчнасць. Напэўна, за нямногіх праведнікаў. Ды вось толькі дзе яны?

– Рыхтуйся, – скамандаваў капітан.

Коннікі пачалі збірацца вакол вазоў, бразгаючы зброяй і пераклікаючыся.

А я ўсё глядзў на гэтае хударлявае дзяўчо. Найбольш крыўдна, што і ногі ў яе былі пекныя, і ўсё астатняе, і рухі гожыя, – а гэта самая галоўная прыгажосць, калі не лічыць вачэй. Нельга такіх пад замок.

– Пан, – крыкнуў каваль, – усе ўжо раскутыя. Да вазоў куць не трэба?

– Не, – сказаў Кізгайла.

І тут дзяўчына прыўзняла на яго вочы, і я ўпершыню ўбачыў яе твар. Бровы зламаныя, вочы вялікія, шэрыя, глядзяць, як алень на паляўнічага, безабаронна і стрымана. А рот велікаваты, і нос не зусім роўны.

Няправільнае аблічча, і ўсё адно – такіх не забываюць.

І, як здагадка, мяне кальнула іголкай у сэрца.

– Ірына.

Дык вось каго яны вывозяць! Рызыкаваць не жадаюць. Думаюць, што выручаць паляціць і зніме аблогу. Нядобра, паны.

А ў яе вейкі задрыжалі і рот прыадкрыўся:

– Радуйся, пан, радуйся, пані Любка, загубілі вы жыццё маё. Ды, відаць, ляціць сокал, калі вароны ўзграялі з перапуду.

– Рушай! – махнуў рукой пан.

І загрукаталі па плітах вазы, заскакала полымя паходняў. І стала ўсё гэта падобна на д’ябальскі шабас.

А твар пані Любкі стаў зусім страшны, нават зубы выскаліліся не як у чалавека. І ўжо калі драбіны пачалі ўязджаць у браму – даляцеў адтуль добра чутны голас:

– Запраданец. Юда. Веру прадаў, братоў прадаў. Хай згіне твой род.

Астатнія ўзвылі на калёсах – шмат хто, напэўна, і гаварыць развучыўся. Але начальнік варты стрэліў некалькі разоў, і стала цішыня.

А Кізгайла стаў пры апошніх словах такі страшны, якім я ніколі не бачыў чалавека: скулы абцягнутыя, вочы ўтрапёныя, губу закусіў.

Любка паклала яму руку на плячо – скінуў. І адразу сагнуўся ў хрыбце.

А ад брамы, з-пад самай аркі, той самы голас, усё яшчэ ціхі і на музыку падобны:

– Здохні, Кізгайла.

А потым упала за імі рашотка. Быццам адрэзала.

І пайшоў да сябе ў пакой, не вытрымаў.

Лёг на пасцель у ботах – назнарок – і назнарок стаў глядзець на свечку і думаць на сваёй мове. Я пачаў занадта шкадаваць гэтых чужых людзей і, калі шкадую, думаю па-іхняму. А гэта не на дабро.

А я ж толькі ўраджэнец кантона Швіц. І наёмнік. Я служу за грошы, і не мая справа судзіць таго, хто мне плаціць. Вось калі ён пакіне мне плаціць – я яго самога прадам, каб заплаціць хлопцам, ды яшчэ і праламлю яму чэрап – за бессаромнасць.

І трэба, трэба думаць на сваёй мове не толькі ў баі. Божа, як даўно я адрэзаны ад радзімы, і няма мне звароту туды.

Ужо дзевяць год. Нават пятнаццаць.

Дзевяць год назад я зразумеў, што ў Германіі мне і маім хлопцам няма чаго рабіць, што там стаў прастор для баязлівасці, вераломства і скнарлівасці. А мы халодныя на полі бітвы і ўскіпаем, калі нам не плацяць.

Акрамя таго, гэтыя немцы называлі нас валляватымі чарцямі і белымі неграмі, хаця ні валляватых, ні альбіносаў сярод нас не было, а былі ўсе такія хлопцы, што адзін мог аддубасіць трох ураджэнцаў кілбаснага раю.

Калі нам усё гэта абрыдла, мы падаліся сюды. Калі грошы ў руках – ці не ўсё адно, якое неба над галавою?

І вось я тут і нават крыху стаў разумець гэтых людзей (да канца іх, відаць, і сам пан бог не зразумее).

У іх халодныя зімы, пякучыя леты і ў крыві то мароз, то агон. Яны верныя, як немцы, але больш за іх неразважлівыя і ярасныя ў бойцы.

Але самае надзвычайнае – іхняя смерць.

Калі памірае іспанец – гэта жудасна. Я не бачыў больш вартага жалю відовішча. Ён мужны і жорсткі, але тут ён дрыжыць і цалуе каўчэжац з мошчамі. У іх ды яшчэ ў тых, што на поўдзень ад ракі По, бязлітасны і няўмольны бог, чысцец і полымя. Калі памірае швейцарац, немец або француз-гугенот – ён памірае цярпліва, бо спадзяецца на літасць пасля раскаяння.

А гэтыя паміраюць спакойна – за іх заступаецца божая маць, – так спакойна, быццам у іх шчырыя сяброўскія адносіны і з богам і з чортам. І мне здаецца, што яны не вераць у тое і ў другое. Уголас я гэтага не скажу – надта смярдзіць на зямлі смаленым.

Я не бачыў больш незласлівага, лагоднага і кампанейскага народа. І я не бачыў горшых паноў, чым тыя, што стаяць над ім. Яны ўзялі горшае ў Літвы і шляхты, не паквапіўшыся на іх дабрачыннасці і згубіўшы свае.

Каб я быў тутэйшым каралём, маё царства было б даўжэйшым за евангельскае. Тутэйшым людзям мала трэба: толькі штодзённая луста хлеба з салам, гарэлка на свята. І яшчэ дабрата. Калі з імі добры – яны зробяць усё. Нават калі не будзе сала і гарэлкі, толькі павага.

А тыя, хто пастаўлены над імі, – бедная дзяўчынка, бедныя шэрыя вочы! – тыя, хто пастаўлены над імі воляю Сатанііла, па неразумнасці і карысталюбству свайму даўно пазбавілі іх павагі, а цяпер адбіраюць хлеб і дрыжаць у замках, выдаткуюць у сто разоў больш на нямецкіх, шведскіх і вергерскіх наёмнікаў, бо свае не хочуць іх абараняць.

Я, вядома, не кажу пра швейцарцаў. Паноў на тое і стварылі, каб даць нам хлеб надзённы, калі ўжо яго не могуць на даць нашы ледавікі.

Ах, зямля ты, зямля, чужая і ўсё ж як быццам ужо трошкі і свая! Не да ладу, не да ладу нешта на табе. І, верыцца, хутка тут усё затрашчыць.

Поделиться с друзьями: