Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ciвая легенда

Караткевiч Уладзiмiр

Шрифт:

Воблака рассеялася. Вячэра цягнулася далей. Вырашылі паспрабаваць заўтра выслаць Дамініка лазутчыкам, каб даведацца, дзе вораг.

Усё астатняе для абароны было падрыхтавана. Мы толькі не ведалі колькасці ворага. Мяцеж, выяўляецца, узгарэўся ў наваколлі Зверына. Адтуль не ўцёк ніводзін дваранін. Было гэта за тры тыдні, а першая чутка аб бунце прыйшла тыдзень назад, калі паўстанцы ўзялі Рагачык. І тады ўжо на чале іх быў гэты Раман.

Дрэнна, вельмі дрэнна. Я ніколі не верыў людзям, якія занадта доўга церпяць. Калі іх нянавісць загарыцца, яна гарыць, пакуль не спапяліць праціўніка або самога сябе.

І толькі цяпер я даведаўся нарэшце, у чым рэч, і сам сабе падзівіўся неразумнасці Кізгайлы.

А расказаў мне гэта попік з цяжкавымоўным імем.

Аказваецца, паўтара года таму назад Раман прапанаваў пану Аляхну пяцьдзесят бітых талераў за тое, каб ён адпусціў на волю сваю халопку Ірыну.

Яны сядзелі і пілі разам, і Аляхно спытаў Рамана, нашто яму гэта. Той адказаў, што паспрабуе пасля гэтага завалодаць яе сэрцам і ажаніцца на ёй.

– Сэрца, як я мяркую, табе без патрэбы, ласкавы пане, – легкадумна адказаў нежанаты тады пан Аляхно.

– Аднак ты ж прынёс сваё да ног панны Любкі.

– Гэта зусім іншая рэч. Яна высокага роду. А нобілю сорамна браць за сябе халопку.

– Ажаніўся ж на дачцэ смерда мурамскі Пётр, – сказаў Ракутовіч.

– Рабы татар могуць рабіць, што ім хочацца.

– Не папікай, сусед. Падобна на тое, што прыйшла чарга нам трапіць у рабства. Варшава задушыць нас, мы згубілі памяць. І невядома, чыё рабства будзе даўжэйшае.

– І ўсё ж гэта ганьба для нобіля – мяшаць сваю кроў з халопскай.

– Ты дазволь мне самому меркаваць пра гэта.

– Слухай, Раман, – усміхнуўся Аляхно, – можна пакінуць сытымі ваўкоў і цэлымі авечак. Бяры яе, на колькі спатрэбіцца. Ты ведаеш, я пряцель твой і сусед і ніколі не запатрабую яе назад. Мне вельмі не хочацца, каб ты ажаніўся з ёю.

– Не, – сказаў Раман.

– Сур’ёзна, вазьмі яе, калі ўжа так захацеў. Зрабі ёй дзіця і супакоішся.

– А калі яна мяне ненавідзіць?

– А хто пытае пра гэта ў быдла?

– Не да ладу кажаш, сусед, – сказаў Раман, – дзяўчат гэтага “быдла” таксама нядобра псаваць, як і ўсякіх другіх. Гэтае быдла адкінула і збіла татарскую конніцу, седзячы на конях, узятых ад сахі. Ды і Ірына паважаная дзеўка.

– Ну і вазьмі яе сабе, – засмяяўся Кізгайла.

– Браць сілком, браць у ланцугах – гэта трэба не паважаць сябе.

– Ды хто ж табе кажа сілком? Ты ўлашчы яе падарункамі.

– І ўсё адно яна зняволеная. Не хачу. Брыдка. Трэба каб па любові, іначай якая ж тут радасць?

– Гм... Дык ты ж яе ў другую няволю цягнеш. Бо калі дазнаюцца, што ты адкупіў, дык зноў звязанай будзе. І сабака хвастом віляе, калі кінеш яму кавалак.

– Вось я і хачу цябе прасіць, каб ты адпусціў і маўчаў. Быццам сам адпусціў.

Кізгайла падумаў крыху.

– Не, не адпушчу, – сказаў ён. – Хочаш – бяры. Не хочаш – не бяры. Нобілю нельга быць жанатым з халопкай.

Ён занатурыўся, і Раман паехаў пакрыўджаны. Яшчэ раз ён паспрабаваў завесці размову аб гэтым і ледзь не маліў Кізгайлу, але той стаяў на сваім.

Пасля гэтага Раман пакінуў ездзіць да Кізгайлы. Той перапалохаўся – суседзі сталі коса глядзець на яго. Яму зусім не хацелася варагаваць з Ракутовічамі, і ён вырашыў адпусціць Ірыну на волю. Але вяселле яго з паннай Любкай, што неяк раптоўна згадзілася пайсці за яго, вось-вось павінна было загрымець на ўсё ваяводства званамі і шамкамі коней. І ён, як варты павагі жаніх, спытаў у нявесты, ці трэба даваць Ірыне вольную.

Любка ж была ўжо амаль гаспадыняй. А тая раптам уся страпянулася і холадна сказала:

– Не.

Ён паглядзеў на яе халодны твар, на прыжмураныя вочы, што глядзелі ўбок.

– Не, – паўтарыла яна. – Нобіль і халопка? Калі ты гэта зробіш, пра мяне можаш не думаць.

І Аляхно не паехаў да Ракутовіча.

А неўзабаве пасля вяселля Кізгайлы з Любкай да яго прымчаў на кані стрыечны брат Рамана, Якуб.

– Аляхно, – маліў ён Кізгайлу, – зрабі гэта, дзеля пакут Хрыстовых, калі хочаш, каб Раман памёр. Ён зусім звар’яцеў, мы вынеслі з яго пакояў усю зброю. Ён раве, як грэшная душа ў пекле, і лае караля, Літву і палякаў. Ён пагражае разнесці ўсё. Ты ведаеш, ён і раней ненавідзеў уціск, на які нас прыракаюць. Цяпер ён ненавідзіць яго стакратна. І гэта твая дзеўка штурхнула яго на гэта. Адпусці яе. Разумееш, я яшчэ не бачыў, каб чалавек так кахаў і шкадаваў.

– Не, – сказаў Аляхно і сказаў гэта не сваімі вуснамі, а вуснамі жонкі.

– Ты ведаеш, – сказаў Якуб, – ён крычыць, што гэта цяперашнія выскачкі зрабілі такімі цяжкімі ланцугі халопства, што хутка стануць халопамі і паны, увесь народ... Аляхно, ён не есць, і не п’е, і не спіць па начах. Адпусці!

– Не, – сказаў Аляхно.

– Добра, – ускіпеў Якуб, – ты будзеш вінен у пагібелі дзвюх душ. Яго і гэтай дзеўкі, таму што яна таксама шкадуе яго, я ведаю. Сорам табе, Аляхно! Дзяды часта жаніліся так, як хоча Раман. І гэтыя новыя парадкі нам не даспадобы.

– Не, – сказаў Аляхно.

– Добра ж, – і Якуб кінуў на стол корд [5] , – тады слухай, Аляхно. Ракутовічы табе абвяшчаюць варожасць. Беражыся.

Кізгайла пагаварыў яшчэ раз з жонкай, але тая ўпарта і тупа стаяла на сваім. А праз месяц Якуб, спасцерагаючы згасанне брата, выклікаў Аляхно на бой і быў забіты.

Смерць брата крыху працверазіла Ракутовіча. Ён стаў на ногі. І ніхто не ведаў, што ён думае. Перапалоханы гэтым нядобрым маўчаннем, Кізгайла вырашыў напасці на адну з вёсак суседа, каб паскорыць вырашальную сустрэчу.

5

Кароткі меч

Па дарозе туды ён быў паранены стралою з сялянскага самастрэла. Страляў адзін хлопец з аховы Якуба. Помсціў за нябожчыка.

Загонавыя дваране адступілі, забраўшы з сабой Кізгайлу. Той не дазволіў ім дакранацца да сябе і адлежваўся ў Кісцянях, нікога не пускаючы ў свой пакой.

І вось цяпер мужыцкія орды ўзначаліў гэты чалавек, смяротны вораг майго гаспадара.

Я плюнуў, выслухаўшы гэтую гісторыю. Калі ў справу ўмешваецца баба – дабра не чакай. І ахвота яму было пытацца парады ў свае жонкі!

Але ўсё адно яна была гожая, а гэтага Ракутовіча я не разумеў.

Толькі вар’ят мог, калі яму дакляруюць такую раскошу, – патрабаваць сабе ланцугоў на шыю.

“Не мая справа. Мая справа біцца”, – вось што вырашыў я.

Між тым мяне выклікаў капітан.

– Слухай, калега, – сказаў ён, – я зараз адлучуся на малы час, а потым мы з табою пагаворым, як падтрымліваць адзін аднаго ў час вылазак, калі прыйдзе хам.

– А ці патрэбныя тыя вылазкі? Нас мала.

– Затое мы ў жалезе. Адзін латнік варты трыццацёх мужыкоў.

Поделиться с друзьями: