ЖАНРЫ

Дамавiкамерон (на белорусском языке)
Шрифт:

XLII. ПАЖАДНIК

Юнак стаяў на тралейбусным прыпынку пад лiхтаром. У шырокаадкрытых вачах плыла смуга алкагольнай асалоды.

З цемры да юнака наблiзiўся Пажаднiк у светлым плашчы.

– Прабачце, малады чалавек, цi не пачастуеце Вы мяне цыгарэтай?

Юнак са шкадаваннем дастаў пачак арабскiх цыгарэт "Клеапатра".

– I запалкi, калi Вам не цяжка...

Шчодры юнак затулiў далонямi агеньчык ад уяўнага ветру. Пажаднiк прыпалiў цыгарэту i пяшчотна правёў рукою па юнаковаму сцягну. Той адхiнуўся i натапырыўся.

– Што Вы так палохаецеся?
– Пажаднiк выпусцiў дым праз ноздры, - у мяне ёсць цiкавая прапанова. Пойдзем да мяне. У кватэры чакае жанчына. Гэта яна паслала мяне па цыгарэты. Ведаеце, так здараецца: ёсць жанчына, жаданне i няма цыгарэт. I даводзiцца iсцi на вулiцу i прасiць. Я ўпэўнены, што яна ўзрадуецца, калi я прыйду з Вамi. I калi Вы дасце згоду, гэтая ноч абяцае быць прыемнай...

Халодны недавер блiснуў у асмужаных алкаголем вачах юнака.

– А можа Вы яшчэ не ведаеце, што такое жанчына?

– Ведаю, - паспешлiва адказаў юнак.

– Тут зусiм побач...

Пажаднiк i юнак зайшлi ў цемнаваты пад'езд старога будынка.

– Другi паверх, - зусiм цiха ўдакладнiў Пажаднiк.

На пляцоўцы памiж паверхамi ён злавiў у цемры юнакову руку. Той паспрабаваў вызвалiцца, але намаганнi былi марныя. Пажаднiк моцна трымаў яго.

– Адну хвiлiначку... Вы, як бачу, зусiм не спрактыкаваны ў жаночым пытаннi. I таму ў мяне ёсць прапанова. Трэба хуценька зняць напружанне, iнакш Вы можаце патрапiць у малапрыемную сiтуацыю, калi развiтаецеся з патэнцыяй перад самым адказным момантам. Дазвольце Вам дапамагчы...

Пажаднiкавы пальцы хутка расшпiлiлi гузiкi на юнаковых нагавiцах.

– О, выдатна! Напятасць, як у струны. Даўно такога не бачыў. Выдатна...

Пажаднiк укленчыў перад юнаком. Таму зрабiлася млосна, i ён заплюшчыў вочы.

– А цяпер можна i да жанчыны пайсцi, - Пажаднiк выцер насоўкаю вусны.

Юнак пачаў было запраўляць кашулю i ў гэты момант атрымаў моцны ўдар кастэтам у падбароддзе.

Пажаднiк зашпiлiў светлы плашч, пераступiў праз непрытомнага юнака i выйшаў з пад'езда ў цёплую ноч.

XLIII. ПАЖАРНIК

Пажарнiк хроп на раскiрэку-тапчане. Поўня асвятляла сыты твар.

Фуражка з неблiскучай кукардай ляжала побач з тэлефонным апаратам. Тэлефон раптоўна ўскiнуўся траскучым звонам.

Пажарнiк ускочыў так, нiбыта яму ўсадзiлi з размаху шыла ў бок.

– Пажарная!
– пракашляўся ён у слухаўку.

– Я вячэру сабрала. Можна прынесцi?
– прапанаваў цёплы голас.

– Нясi! Магла б i не тэлефанаваць...

– А раптам ты на выездзе...

– Кiнь, дурная. Яшчэ накаркаеш... Нясi хутчэй, а то кiшкi марш iграюць.

На далёкiм канцы паклалi слухаўку.

Пажарнiк надзеў фуражку, запалiў настольную лямпу i прамармытаў у пракураныя вусны:

– Футы, нуты, чэрцi гнуты...

Праз нiзенькiя дзверы ў пакой зайшоў Шафёр. На iм, як i на Пажарнiку, спраўна сядзела гiмнасцёрка i галiфэ. Толькi на цалкам лысай галаве не хапала фуражкi з кукардаю.

– Лахудра есцi нясе?
– Шафёр баднуў лысiнаю паветра.

– Вядома, - меланхалiчна адказаў Пажарнiк.

– Кажуць, яна раней да салдатаў поўзала.

– А мне што з гэтага?

– Каб вошы не прынесла, а то потым не адцярэбiмся, - Шафёр завалiўся на тапчан-раскiрэку.

Пажарнiк выняў з галiфэ калоду картаў i шпурнуў у круг святла пад лямпаю:

– Габлюй.

– Каб толькi трасцы не прыцягнула.

– Зубоў баяцца, у рот не даваць. Габлюй.

Шафёр з Пажарнiкам згулялi ў "дурня" разоў з пяць, пакуль да iх не завiтала жанчына ў сiвым парыку. Проста на карты яна паставiла кайстру, з якой тырчала дзюба кiтайскага тэрмаса.

– Казляты-рабяты, ваша мама прыйшла, малака прынясла, - праспявала жанчына з чорнай дзiркаю замест пярэдняга верхняга зуба.

Пажарнiк пасунуў i згроб карты.

Шафёр высветлiў, што ў тэрмасе замест гарбаты быў цукровы самагон.

Пажарнiк кульнуў у сябе паўшклянкi i выхукнуў:

– Гарыць.

– Шэйсят градусаў, канешне, гарыць, - начная госця падаравала прысутным дзiравую ўсмешку.

Пасля другой порцыi самагону Пажарнiк зняў фуражку, а пасля трэцяй расшпiлiў гiмнасцёрку i прапанаваў Шафёру пакiнуць памяшканне.

Той не стаў спрачацца, а хуценька пайшоў за нiзенькiя дзверы.

Пажарнiк з жанчынаю ў сiвым курчавым парыку добра-ткi ўладкавалiся на тапчане, калi пачулi такое:

– Засунь ёй у дупу.

Над голымi каханкамi ўзвышаўся Шафёр у гiмнасцёрцы, сваё галiфэ ён акуратна расклаў на стале.

Пажарнiк з неахвотаю перапынiў распачаты занятак. Ён лёг на спiну i заклаў рукi за галаву. Жанчына села на яго i схiлiлася так, каб Шафёр змог зрабiць тое, што прапаноўваў Пажарнiку.

Нацешыўшыся, Пажарнiк, Шафёр i жанчына селi дапiваць самагон.

Кiтайскi тэрмас хутка апаражнiўся.

Шчарбатая начная госця сышла.

– Нутро гарыць, - паскардзiўся Пажарнiк.

– Вадою патушы!
– параiў Шафёр i бадануў паветра спатнелай лысiнаю.

XLIV. ЦЕНЯВIК

У букiнiстычнай краме я гартаў "Беларуска-нямецкi слоўнiк" i знайшоў спiсаны аркуш паперы.

Вось што я прачытаў:

"Яго заўсёды прынiжалi.

Адразу, як мы сабралiся, каб стварыць клуб аматараў фантастыкi, i прычыкiльдаў ён, па нявымаўленай нiкiм дамоўленасцi з яго зрабiлi апошняга чалавека, яго адсунулi, адпiхнулi, заштурхнулi ў цень. Ён паспрабаваў супрацiўляцца i нават пасварыўся з клубным Старшынёю за свае фантастычныя абразкi, але супраць, на абарону Старшынi, паўсталi ўсе сябры клуба. Так атрымалася, што Ценевiку раз i назаўсёды адмовiлi ў публiкацыях. Нiхто не казаў, што я цябе нiколi не надрукую, усе казалi прасцей: ты - няздара, ты плагiятар, ты - гiдкi... Калi што i даручалася гэтаму нябогу, дык толькi самая няўдзячная праца: схадзiць на пошту, пасварыцца з электрыкам цi прыбiральшчыцаю... I нават малапрыемныя даручэннi давалi яму неахвотна. А калi на рахунку аматараў фантастыкi з'явiлiся сямiзначныя лiчбы, а на прэзентацыю нашага часопiса былi запрошаны мiнiстры культуры i фiнансаў, дык Старшыня напярэдаднi сказаў Ценевiку, што ягонае прозвiшча не значыцца сярод сяброў клуба. Казалi: Ценявiк заплакаў.

Ён кульгаў i хадзiў з кавенькаю. Ценевiка можна было пазнаць здалёк: шырокi, з цяжкай галавою ў цыратавай кепцы, падобны да акiянiчнай пачвары, якую выкiнулi на бераг. I гэтае няўклюднае прыпаданне на карацейшую нагу... Толькi вось спачування Ценявiк не выклiкаў. Нават калi яму даручылi прадаваць састарэлыя газеты, i ён сядзеў каля метро з пачкам пажоўклай макулатуры, ва ўсёй каржакаватай постацi Ценевiка прамалёўваўся нязломны каркас. Ён абапiраўся на самшытавую кавеньку, на рукаяцi ў якой ашчэрвала пашчу львiная галава. Газеты нiхто не браў. У клубе ведалi, што так яно i будзе, але знарок паслалi Ценевiка гандляваць непатрэбшчынаю. Можна сказаць: запланаванае прынiжэнне. Але ён пагадзiўся. Ценявiк, пэўна ж, не прадаў нiводнага асобнiка, але здаў у бухгалтэрыю такую выручку, нiбыта распрадаў усё да апошняга нумара.

Поделиться с друзьями: