ЖАНРЫ

Дамавiкамерон (на белорусском языке)
Шрифт:

Паўпляшкi самагону ён выпiў з рыльца i са смакам закусiў чырвоным, як кроў, памiдорам.

Захмялелы Грыбнiк зняў чаравiк, сеў пад сасну i нацiснуў на курок вялiкiм пальцам босай нагi. Толькi нiводная шрацiна не трапiла ў сэрца. I праз якiх пятнаццаць хвiлiнаў Грыбнiку давялося ўстаўляць у рот дзве рулi стрэльбы, каб назаўсёды развiтацца з любай лесапалосай, поўнай крамяных баравiкоў.

Стрэлаў нiхто не чуў, бо iх паглынуў грукат цягнiкоў, таварняка i пасажырскага.

У турме скалечаны Грыбнiк вельмi пакутаваў, асаблiва напрыканцы жнiўня i ў вераснi. Ён любiў i мог гадзiнамi расказваць сваiм асуджаным на прымусовае зняволенне таварышам пра запаветныя месцы, пра лiсiчкi i чырвонагаловiкi.

– Каб яны ў якiм iншым месцы любiлiся, далiбог, не страляў бы, - казаў Грыбнiк i плакаў, успамiнаючы пакiнуты каля шлагбаўма кош грыбоў.

LV. ЛIРЫК

Яны зайшлi ў пустую кватэру.

– Зараз прыгатую каву, - сказала жанчына, калi здымала капялюш.

Лiрык моўчкi прайшоў у залю, дзе, цяжка ўздыхнуўшы, апусцiўся ў чорны скураны фатэль.

Жанчына прынесла на срэбным сподзе каву i канапкi.

– Чорную цi з вяршкамi?

– Чорную, - ледзь чутна вымавiў Лiрык.

Ён глядзеў на жанчыну халоднымi вачыма, як звычайна пазiраюць у тэлевiзар. Яна сядзела, адкiнуўшы плечы, каб лепш вылучалiся круглыя грудзi. Пад паўпразрыстай кашуляй чарнеў карункавы станiк.

Лiрык не хацеў блiзкасцi, на ягоным твары ляжала пячатка адчужэння. У жаночых вачах з'явiлася прыкрасць. Ён выпiў каву, запалiў цыгарэту, прапанаваў запалiць жанчыне. Яна палiла i пажадлiва ўсмiхалася. Ён узняўся з фатэля i ўважлiва, нiбы лекар, агледзеў яе з галавы да ног. Жанчына iмгненна зразумела мужчынскае памкненне.

– Мне распрануцца?
– яна паклала цыгарэту на край крышталёвай папяльнiцы.

– Станiк можаш пакiнуць, мне падабаецца ўсё чорнае: чорная кава, чорны станiк, чорны настрой...

– Ты - рамантык?

– Так, як i кожны лiрык.

Жанчына скiнула спаднiцу, пад якой былi адно чорныя карункавыя майткi.

Табе прыемна глядзець, як я распранаюся?

– Мне прыемна думаць, што ты распранаешся.

Жанчына завяла рукi за спiну i расшпiлiла станiк. Яна стаяла перад iм цалкам аголеная.

– Пайшлi, - нарэшце сказаў Лiрык i пагасiў недапаленую цыгарэту.

Яны зайшлi ў цёмную спачывальню.

Лiрык падумаў, што ўчора ў гэтую спачывальню ён прыводзiў iншую жанчыну, зусiм не падобную да гэтай, усмешлiвай.

– Кладзiся, - загадаў Лiрык i распусцiў пас.

– А ты...

Ён павольна распрануўся, лёг побач з ёю i пяшчотна правёў рукою па яе плечуку.

– Колькi ў цябе было мужчын?

– Я iх не лiчыла, гэта мужчыны займаюцца такiмi глупствамi, як падлiк спакушаных дзяўчат...

– А хто быў першы? Толькi не кажы, што ён загiнуў у аўтакатастрофе i ты не можаш яго забыць.

– На жаль, усё было не так. Першы быў мой стрыечны брат, якi прыйшоў з войска ў адпачынак... Мне было пятнаццаць... Хадзiла ў школу.

– А хто быў апошнi?

– Прайшло больш за месяц...

Лiрык прыгарнуў жанчыну i пацалаваў. У лоб, як на развiтанне цалуюць дзяцей.

– Табе сумна са мною?

– Зусiм не.

– У цябе сумныя вочы.

Гэта толькi здаецца.

– Пацалуй мяне... Толькi не так, як цалуюць дзяцей.

У жанчыны была вельмi белая скура. Лiрык нiколi ў жыццi не бачыў такой бялюткай i пяшчотнай скуры. Ён лашчыў яе ўсю кранальнымi дотыкамi вуснаў. Лiрык авалодаў жанчынай асцярожна i запаволена. Яны доўга ляжалi злiтыя ў непадзельнае цэлае.

Лiрык устаў з ложка i адвярнуўся.

– Можна, я пайду ў лазнiцу?

– Вядома, iдзi...

У глыбiнi кватэры зашархацеў душ.

Лiрык сядзеў у чорным скураным фатэлi. Ён апрануў адно белую свежую кашулю з накрухмаленым каўняром.

Калi жанчына вярнулася з лазнiцы i пабачыла Лiрыка, што спаў у пакоi, яна спалохалася, бо ён выглядаў як нежывы.

LVI. ДЭПУТАТ

Дэпутат запхаў гiшпанскi берэт у кiшэню плашча.

– Надвор'е цудоўнае, можна хадзiць i голай галавою.

Дэпутат глянуў праз акуляры на адбiтак Аспiранта, якi з'явiўся ў люстэрку з-за ягонага пляча:

– I ты ўцякаеш з другога аддзялення?

– Трэба набыць лямпачку з маленькiм цокалем. Перагарэла. Увечары працаваць не магу.

– А я хачу пераапрануцца, каб на фуршэт да мiнiстра пайсцi ў строi. Ты ў якi бок?
– у iнтанацыi Дэпутата прамацвалася жаданне пазбавiцца ад Аспiранта.

– Нам па дарозе, - здзеклiва канстатаваў той.

З опернага тэатра яны накiравалiся ў бок скверыка, што не носiць iмя пiянера-героя Марата Казея, хоць помнiк непаўналетняму немцабойцу там i стаiць.

– Ну i як вам у дэпутатах?

– Кепска, братка. У галаве замест паўшар'яў ляжаць кавалкi бетону. Калi пачынаю думаць, яны труцца адзiн аб адзiн, крышацца, крыгочуць. Кыхр-р-р, кыхр-р-р, - Дэпутат закашляўся.

– А "Гульню ў шкляныя перлiны" Германа Гесэ больш не перакладаеце?

– Ты, братка, шмат помнiш...

Яны перамiнулi класiчны будынак генеральнага штаба мiнiстэрства абароны i моўчкi пашыбавалi па ўзбярэжжы Свiслачы.

Аспiрант не стаў казаць Дэпутату, што памятае, як той у п'янай шчырасцi прызнаўся, што толькi аднаго разу ў жыццi пачуваўся чалавекам.

– Аднойчы, братка, я быў чалавекам. Здарылася тое пад Гамбургам. Вечарэла. Турыстычны аўтобус спазняўся ў гатэль, але мужчыны пасля нямецкага чорнага пiва запатрабавалi ў шафёра прыпынку. Я адышоўся ў высокую траву, прысеў i пачуў гудзенне вялiкага горада. Гу-у-у... Трава казыча дупу, з мяне вывальваюцца шлакi, за небакраем гудзе Гамбург, i я адчуў сябе чалавекам.

Дэпутат з Аспiрантам парукалiся каля станцыi метро "Пляц Перамогi", дзе гарэў Вечны агонь у гонар палеглых у барацьбе з фашысцкай Нямеччынай.

Лямпачку з маленькiм цокалем Аспiрант набыць не паспеў, крама зачынiлася. Назаўтра ранiцай давялося iсцi па яе зноў. Па дарозе Аспiрант набыў газету, у якой прачытаў паведамленне, што Дэпутат прызначаны паслом у Федэратыўную Рэспублiку Нямеччыну.

– Цiкава, цi будзе Дэпутат ездзiць пад Гамбург у высокую траву, каб адчуць сябе чалавекам?
– прамармытаў сабе пад нос Аспiрант i выкiнуў газету.

Поделиться с друзьями: