Дамавiкамерон (на белорусском языке)
Шрифт:
Муж пастукаў па вушаку:
– Рабуня!
Нiхто не адгукнуўся. Тады ён выключыў святло.
– Ой! Хто тут?!
– пачулася праз шум вады.
– Запалiце святло!
Муж засмяяўся, уключыў святло. Дзверы ў лазнiцу адчынiлiся. На кафлянай падлозе стаяла блiскуча-iскрыстая жанчына.
– Ты мяне напалохаў, - сказала яна.
– Я табе гэтага не дарую. Я чакала цябе, а потым ледзь не заснула. Каб зусiм не заснуць, вырашыла ўзяць душ.
– А я чую: вада шумiць, паклiкаў цябе раз-другi, ты не адгукаешся, вось i выключыў святло, - муж стаяў з вялiкiм чамаданам у руцэ.
– Распранайся. Вазьмi душ. Як я сумавала без цябе!...
Ён паставiў валiзу на кафляную падлогу, зняў палiто i капялюш. Кашулю ён паклаў у скрыню для бруднае бялiзны.
– Хутчэй, - паклiкала яна.
– Я так сумавала без цябе, ты сабе не ўяўляеш.
Жанчына абняла i пацалавала яго.
– Няўжо нельга пачакаць?
– здзiвiўся мужчына.
– Нельга. Я i так доўга чакала.
– Стоячы нязручна.
– Зручна.
Iскрыстыя пырскi ляцелi на чамадан, палiто, капялюш...
Мужчына расцёрся шорсткiм ручнiком, накiнуў халат i выйшаў у перадпакой. Ён прычэсваўся, калi пачуў, як паварочваецца ключ у замку ўваходных дзвярэй.
Калi жонка з боханам хлеба ў руках зайшла ў дом i ўбачыла знябожаны мужаў твар, яна здзiвiлася i сказала:
– Няўжо я цябе так моцна напалохала?
– яна скiнула палiто.
– Ведаеш, я тут усё падрыхтавала i раптам спахапiлася, што ў доме хлеба няма. Недарэчна выйшла...
– Чаму недарэчна? Нармальна, - муж вярнуўся ў лазнiцу, паглядзеў, як хутка правальваецца вада ў закрыжаваную адтулiну, закруцiў кран, паглядзеў на сябе ў люстра, пацiснуў плячыма i цiха, каб не бачыла жонка, вынес у перадпакой капялюш, палiто i валiзу.
VII. МАСАВIК
Масавiк агледзеў пустую залю i застаўся незадаволены. Iшла рэпетыцыя, а яму хацелася ў лес цi ў парк, дзе можна пасядзець каля фантана, а не кiраваць бяздарнымi твараробамi.
– Калi ласка, - дазволiў Масавiк.
Актор раскiнуў доўгiя рукi i магнiтафонным голасам сказаў:
– Ты мая далiгойла.
Акторка стала на дыбачкi, выструнiлася i прашаптала гучна, на ўсю залю, як i належыць, каб нават студэнты на балконе пачулi, вядома, калi прыйдуць:
– Ты мой абiзгал.
Абнялiся актор з акторкаю нязмушана, так, што нават Масавiку спадабалася. Актору было прыемна абдымаць акторку, яна падабалася яму. А вось ён, чамусьцi, ёй зусiм не падабаўся.
– Ласкава, - карэкцiраваў Масавiк.
– Твае вусны, як лулы, - пайшла рэплiка акторкi.
– Твае вочы, як жырдагоны, - актор не патрапiў у танальнасць, i замест "ласкава" ў яго атрымалася "сентыментальна i са слязою".
– Мы з табою нiбыта бусайлы, - у адзiн голас вымавiлi акторы i пацалавалiся. Яму было, вядома, салодка, а ёй, пэўна ж, горка.
– Тэмперамент! Дзе ваш тэмперамент?
– абурыўся Масавiк, нiбыта яго хвалявала рэпетыцыя.
У п'есе была рэмарка - яны кусаюцца. Замест таго, каб сыграць укус, актор моцна пацалаваў акторку, а яна па-сапраўднаму ўкусiла актора за шчаку i крыкнула:
– Каб на цябе жырандоля грымнула!
– Каб ты кроўю смяялася, - млява адказаў той i пацёр кулаком пакусаную шчаку.
– Выразнасць!
– Масавiк ударыў даланёю па мяккiм крэсле.
Акторы разбеглiся ў розныя куткi сцэны.
– А каб ты астыў, ты!
– з натуральнай злосцю атрымалася ў акторкi, бо яна кахала Масавiка.
– А каб тваю труну зямля выкiнула!
– з расейскiм акцэнтам крыкнуў актор, бо ён толькi першы год iграў у беларускiм тэатры i калi хваляваўся, дык быў не здатны сачыць за вымаўленнем.
– Жорстка трэба, жорстка i без акцэнту. У нас нацыянальны тэатр, зазлаваў Масавiк.
– Ты, кiж-лун, - саркастычна кiнула акторка.
– А ты гла-ма-зда!
– адсек актор.
Яны склалi фiгуры з пальцаў.
– Нюхай!
– Цалуй!
– Бэ-э-э, - яна свiдравала пальцам скронь.
– Э-э-э, - ён вывалiў язык.
Потым ён ускiнуў кулак i рушыў на яе. Яна зазванiла зубамi.
– Стоп! Стоп! Стоп!
– замахаў рукамi Масавiк.
Акторы павярнулiся да яго i ў адзiн голас сказалi: "Кадук!"
Масавiк знiякавеў.
– Ты мая далiгойла, - магнiтафонным голасам сказаў актор i шырока раскiнуў рукi.
– Ты мой абiзгал, - акторка стала на дыбачкi i выструнiлася.
I ў гэты момант, з-за недагляду рабочых сцэны, апусцiлася заслона.
VIII. МАЛЫ ЧАЛАВЕК
Афармiцель быў у гуморы. Ранiцай ён атрымаў ганарар за афорты да зборнiка паданняў. Удзень вярнуў пазыкi, а ўвечары гуляў па праспекце спадзяваўся сустрэць знаёмага i адзначыць падзею. Ганарар, як-нiяк. Вядома, можна было затэлефанаваць цi зайсцi да сяброў, але тады страчвалася шчаслiвая доўгачаканасць, у якую верыў афармiцель. Ён начытаўся паданняў i быў упэўнены, што лесуны, дамавiкi i русалкi павiнны яму аддзячыць за свае партрэты ў тоўстым зборнiку.
Афармiцель праходзiў каля рэстарана, калi пачуў тонкi голас:
– Iдзi ў рэстаран.
Афармiцель азiрнуўся, але нiкога не заўважыў i пайшоў паўз рэстаранны партал.
– Вярнiся i зайдзi ў рэстаран, - загадаў тонкi голас.
Афармiцель глянуў пад ногi i ўбачыў Малога чалавека, што стаяў на тратуары. Малы чалавек быў велiчынёю з сярэдняга ката, калi таго паставiць на заднiя лапы. На iм быў спартовы строй, а за плячыма - рэчмяшок. Падабенства з катом надавалi вусы i вочы бутэлечнага колеру.
– Я Малы чалавек, - ён падмiргнуў кацiным вокам.
– Мне даручылi арганiзаваць свята ўдзячнасцi. Звычайна я гэткiм часам бегаю, займаюся марафонам дзеля задавальнення, а не дзеля рэкордаў, як людзi. Але, калi трэба дапамагчы зрабiць гэты вечар святочным, дык дапаможам. Iдзi ў рэстаран.
Афармiцель не стаў спрачацца, шчаслiвая доўгачаканасць здарылася, i цяпер можна выпiць за яе.
– Хо-о, каго мы бачым! Няўжо генii ходзяць у рэстарацыi?
– да афармiцеля праз усю залу крычаў былы аднакурснiк.
– Давай да нас! Штрафную яму!