Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дамавiкамерон (на белорусском языке)
Шрифт:

Назаўтра яна шампанскае Чаушэску падносiла. Такое жыццё, брат. А Чаушэску - iнтэлiгентны чалавек. Сцiплы. Мне дык вельмi спадабаўся. Эўрапеец. Толькi не трэба параўнанняў! А яго забiлi. Дзiкунства! Ён у Пантэры келiх узяў. Па ўсiм было вiдаць, што спадабалася прыгажуня. Гэта ж яна думала, што праз fuck ёй шампанскае насiць даручылi. А на самай справе з-за твару, ног, ну, i за art, вядома. I было ў мяне з Пантэрай румынскае каханне.

А вярнуўся, i адразу выклiкаюць i пытанне задаюць: "Хто гэта за мяжу больш не паедзе?" I смяюцца. Заклала мяне Пантэра, вось табе i маеш.

Ведаеш, я прыдумаў - будзеш братам маiм. О'kay! А як убачыш кроў на Месяцы, ведай - мяне больш няма.

А цяпер bye-bye.

XVII. ЭМIГРАНТ

У пятнiцу Эмiгрант вярнуўся з Варшавы ў Менск на светлым "Мерседэсе", якi падаравала яму заможная жонка, палячка.

Знаёмыя наляцелi, як восы на цукар. Абдымкi. Пацалункi. Балбатня. Захапленне машынаю i апранахамi. Жарцiкi. Развiтаннi. Нарэшце - пустата i самота.

Эмiгрант затэлефанаваў даўняму сябруку, якi з радасцю пагадзiўся пабыць за рулём "Мерседэса".

Суботу i нядзелю Эмiгрант прасядзеў у сваёй менскай каханкi разам з сябруком i ягонай чарговай "нявестаю".

У панядзелак усе чацвёра наведалi выставу, дзе каханка i "нявеста" дэманстравалi прывабнасць ажно з семнаццацi фотаплакатаў. Эмiгрант засумаваў, развiтаўся i пайшоў пешкi да бацькоў.

У аўторак ён выклiкаў сябрука ўвечары. Той завёз Эмiгранта ў "Глiнтвейню", што ў дварах Траецкага прадмесця. Народу ў "Глiнтвейнi" было шмат, i Эмiгрант з сябруком падселi за стол да чалавека з пераламаным носам. Той весялiў дзвюх маладзiц.

Эмiгрант выпiў сто грамаў пасольскай гарэлкi, i яму захацелася пазнаёмiцца з суседзямi па стале; тым больш, што твар з пашкоджаным носам быў знаёмы, а маладзiцы былi, пэўна ж, з тых, хто не прымушае доўга ўгаворваць.

– Я вось толькi што прыехаў з Варшавы, - пачаў Эмiгрант, - i магу вам сказаць, што тут лепш, чым там.

Маладзiцы натапырылiся, не раўнуючы вераб'i на марозе.

– Ведаю, - сказаў чалавек з перабiтым носам.
– Я нават ведаю, хто ты такi.

– Я таксама цябе недзе бачыў, - Эмiгрант спрабаваў успомнiць, але не здолеў.

– На "Ратушы", у хiповыя часы. Ты на "Ратушы" быў каралём. I нават мянушка твая - Князь.

– Гэта ў мяне ад прозвiшча - Князькоў. Толькi я цябе нiяк не ўспомню.

– Пэўна, з-за носа, - меркаваў чалавек са шнарам на пераноссi.

– А што такое "Ратуша"?
– уставiла адна з маладзiц.

– Сквер насупраць Дома ўрада, - адказаў Эмiгрант.

– А чаму тут лепш, чым там?
– пацiкавiлася другая.

– Тут мама, тата i... каханне, - цiха адказаў Эмiгрант.

– А мы вось выставу фотаплаката адзначаем, - паведамiла тая, што пыталася пра "Ратушу".

– А ш-ш-што г-г-гэта твае плакаты на выставе?
– Эмiгрант пачаў заiкацца, калi звярнуўся да суседа па стале.

– Мае.

– Усе?

– Усе.

Эмiгрант памаўчаў, супакоiўся i спытаўся:

– А ты змог бы зрабiць мой партрэт, толькi каб я на iм быў на дванаццаць гадоў маладзейшы, каб я быў такi, як на "Ратушы" - кароль хiпi. Я далярамi заплачу.

Чалавек з непрыгожым носам паглядзеў на самаўпэўнены твар Эмiгранта, успомнiў, што ў таго былi доўгiя, да плеч, валасы, i сказаў:

Магу.

– Дамовiлiся. А цяпер, дзяўчаты, я вас запрашаю пакатацца на белым "Мерседэсе". Вядома ж, калi фотамайстра не будзе супраць.

– Буду толькi рады, калi ты, князь, пакатаеш дзяўчат. У мяне яшчэ ёсць справы на вечар.

"Мерседэс" плаўна адкацiўся ад ганка "Глiнтвейнi", на якiм прыпальваў цыгарэту чалавек з крывым носам. Раптам шыкоўная машына дала заднi ход. Эмiгрант высунуўся з акна:

– Т-т-толькi не фатаграфуй больш маю каханку без трусоў.

Ён зноў заiкаўся.

У сераду Эмiгрант прагуляў больш за 500 дзеравяных (рублёў) разам са сваiмi новымi сяброўкамi з "Глiнтвейнi".

У чацвер ранiцай ён развiтаўся з бацькамi. Мама плакала. А ўначы Эмiгрант перасек мяжу.

XVIII. БОЖАЯ МАЦI

Рэстаўратар сядзеў на рыштаваннях у хрысцiянскiм саборы. Касцёл асвятлялi жаўтлявыя лямпачкi. Начны вецер напiнаў тоўсты полiэтылен, якiм былi зацягнуты вокны.

Другi дзень рэстаўратар адпрацаваў адзiн у вялiкай баракальнай пабудове. Ён здымаў копii з фрэсак. Вочы балелi. Маляваць рэстаўратар больш не мог, але iсцi ў брудны i сумны гатэль не хацелася. Ён сядзеў на пыльных дошках, звесiўшы ногi, i глядзеў "у нiкуды".

Раптам з-пад рыштаванняў на сярэдзiну касцёла выйшаў атрамантавы кот.

– Кыцы-кыцы-кыцы, - паклiкаў рэстаўратар.

Кот выгнуў шыю. Колка блiснулi вочы.

– Хадзi сюды. Чуеш? Хадзi... пагаворым.

Кот бясшумна наблiзiўся да веснiц i пачаў узбiрацца на другi ярус. Гладкая поўсць цьмяна зiхацела. Калi жывёла падышла зусiм блiзка да рэстаўратара, працягнi руку - схопiш, той сказаў:

– Стой!

Кот скамянеў. Рэстаўратару зрабiлася млосна. Ён захацеў загаварыць i не змог.

– Мга-а-аў, - жывёлiна прагнулася нiбыта каб скокнуць.

– Пай-пайшоў прэ-эч, чорт хвастаты, - рэстаўратар замахнуўся.

Кот падаўся назад, завярнуўся i пайшоў да веснiц. Рэстаўратар неадрыўна сачыў за атрамантавай спiнай, пакуль тая не схавалася за рыштаваннямi.

– Ой, рана на Йвана, - заспяваў рэстаўратар.

Моцны голас запоўнiў саборную прастору.

– На Купалу ночка мала. Ой, рана на Йвана...

Рэстаўратар нечакана абарваў спевы - убачыў, як аблокi, намаляваныя на сцяне, зрушылiся i паплылi скрозь рыштаваннi. Анёл з белаю лiлеяю ў руцэ ўзмахнуў крыламi i плаўна ўзняўся пад купал. Мастак пабачыў ранiшнi краявiд, якi ляжаў за саборам. Тое самае мястэчка, тая самая асмужаная лёгкiм рачным туманам далiна... З неба па белых аблоках iшла жанчына.

"Божая Мацi, - мастак пачуў свой голас.
– Гэта - Божая Мацi".

– Слухай, - загаварыла жанчына.
– Яны прыйдуць i прагоняць цябе. Яны прагоняць, i ты паслухаешся i сыдзеш. Сыдзеш i вернешся, але яны не адчыняць дзверы. Зноў i зноў ты будзеш вяртацца. Цябе чакаюць.

Жаночая постаць растала ў аблоках.

Рэстаўратар прахапiўся. Бляклыя лямпачкi ледзь асвятлялi напаўразбураны iнтэр'ер сабора Ўспення Дзевы Марыi.

Праз колькi тыдняў рэстаўратара звольнiлi, бо ў нерабочы час ён пачаў пiсаць пано "Страшны суд", якое выклiкала пратэст у кiраўнiкоў.

Поделиться с друзьями: