Дамавiкамерон (на белорусском языке)
Шрифт:
– Маю ўсё, што захачу, - скончыла гандлярка сваю прыпавесць.
– А што вы хочаце?
– Ты ўсё роўна не ведаеш, таму з табой нецiкава гаварыць. Лепш скажы, што табе трэба. Думаеш, я поўная iдыётка i не прасякла, на што ты мяне прывалок?
– Вы мне спадабалiся, - схлусiў Шрыфтавiк.
– Так i паверыла, з разгону, спадабалася. Кажы, што трэба, а не, дык дапiваю i сыходжу, - гандлярка вылiла рэшткi гарэлкi з пляшкi ў Шрыфтавiкову шклянку.
– Я хацеў намаляваць вас, - не здаваўся ён.
– Ну, тады чао-о, - яна выпiла паўшклянкi адным глытком i ўстала.
– Чакайце! А нашто вы сюды прыйшлi? Пэўна ж, не з-за таго, каб спытаць, чаго мне не хапае?
– Цiкава было паглядзець, як жывуць мастакi ў сапраўднасцi, бо нядаўна бачыла iх у кiно.
– Ну, i як жывуць мастакi?
– Бедна. Як усе звычайныя "саўкi", бедна.
Шрыфтавiк засмяяўся пасля гэтага кароткага вызначэння.
– А што? Можа, няпраўда? Паглядзi ў люстэрка. Цябе нiбыта з памыйнiцы выцягнулi. Нават у камiсухах можна лепей апрануцца. А мэбля? На якiм сметнiку ты яе адшукаў? I такiя ствараюць прыгажосць? Смешна! Гэта я з цябе павiнна смяяцца, а не ты з мяне. Сонейка.
– А вы жывяце багата?
– Ды мой станiк каштуе больш, чым усё, што на табе ёсць разам з тваiм будзiльнiкам фiрмы "Прамень".
– Няўжо ваш станiк з Парыжа?
Гандлярка схапiла за рыльца пляшку з-пад гарэлкi i ўзняла над галавою.
– Маўчаць! Сонейка.
– Спакойна. А цяпер я пералiчу, што мне з-пад вас трэба. Вы ж самi хацелi. Так?
– Давай!
– гандлярка апусцiла пляшку.
– Кiтайская туш, набор галандскiх пэндзляў i венгерскiя фламастэры...
– Усё?
– гандлярка пазяхнула.
– Не, не ўсё, яшчэ эстонскiя лiтрасеты.
– Заўтра прыйдзеш а дзясятай ранiцы, кошт падвойны.
– Няма пытанняў, - Шрыфтавiк налiў сабе "Рыслiнгу" i спытаўся: Будзеш?
– Буду! I нефiг было ламацца, вобраз ён шукаў... Ёханы манэ.
Адказнае даручэнне Шрыфтавiк выканаў у прызначаны тэрмiн.
XIV. ТУМАННIК
Каханкi вярталiся з возера ў горад.
– Туман, - сказала яна.
– Табе халодна?
– спытаўся ён.
– Нiчога не вiдаць...
– Вазьмi маю куртку.
– А мы слушна iдзем?
– Калi праз хвiлiнаў пяць выйдзем на асфальт, - слушна.
– Праваруч павiнен быць завод. Калi мы iшлi на возера, я яго добра разгледзела.
– I што ты ўбачыла?
– Звычайны вайсковы завод, я не бачыла нiводнага чалавека.
– Якая драма?! Нават калi падыдзем да завода, дык нiчога не зможам даведацца. I пiльны вартавы нас можа забiць. У такiм тумане ён нас заўважыць у самы апошнi момант i адразу, без усялякiх папярэджанняў, стрэлiць. Нехта з нас, хай гэта буду я, загiне першы... Заўсёды нехта памiрае першы...
– Можна пайсцi ў другi бок.
– Лепш пачакай.
– Ты хочаш проста на сцежцы?
– Я хачу не проста, а на сцежцы.
– Як толькi мы пачнем, адразу нехта з'явiцца.
– Гэта будзе матэрыялiзацыя страху.
– Я не баюся, толькi лепш сысцi са сцежкi.
Каханкi пайшлi па высокай жнiвеньскай траве.
– Тут балота, - расчараваўся ён.
– Давай пяройдзем на другi бок, - прапанавала яна.
– А чаму ты голiш валасы пад пахамi i на жаночым месцы?
– Каб табе спадабацца.
– Цiха. Нешта жалезнае ўпала на асфальт.
– Нiчога не чую.
– Цiшэй. Слухай. Чуеш? Крокi... Наблiжаюцца...
– каханак перайшоў на шэпт.
– Нехта iдзе па сцежцы.
Крокi наблiжалiся. Каханкi выразна чулi, як нехта прайшоў зусiм побач, здаецца, працягнi руку - i схопiш, але яны нiкога не ўбачылi. Над высокай жнiвеньскай травою стаяў туман.
– У мяне такое адчуванне, што гэта не чалавек i што ён не сышоў, а стаiць i назiрае. I ён нас бачыць, а мы яго не.
– А хочаш ведаць, хто гэта быў?
– Зноў пра пiльнага вартавога?
– З вартавым ясна, а тут... Ёсць паданне, нiбыта ў тутэйшых мясцiнах жыве Туманнiк. Раз на год ён забiрае чалавечыя душы да сябе ў балотнае царства. Робiць злачынствы... Iшоў п'яны, упаў з моста i ўтапiўся. Машына ўрэзалася ў дрэва, i шафёр загiнуў... Але кажуць, што робiць ён гэта толькi раз на год.
– I ты верыш?
– Веру, не веру. Але цiкава.
– Давай забудзем пра гэтага Туманнiка, я ўжо забыла.
– I я забыў. У цябе такiя прывабныя каленi, - каханак пацалаваў калена сваёй каханкi.
– А чым табе падабаюцца мае каленi?
– Яны такiя круглыя i акуратныя. А яшчэ мне падабаюцца твае сцёгны i...
– каханак пацалаваў каханку крыху вышэй калена.
– А чым табе падабаюцца мае сцёгны?
– Яны светлыя. А яшчэ мне падабаецца тваё жаночае месца, якое ты так чыста пагалiла...
Праз туман да каханкаў даляцеў вiск машынных тармазоў i рэзкi ўдар жалеза аб камень.
– А я забыла, што дарога зусiм побач. Давай падыдзем паглядзiм, можа, трэба дапамагчы.
– Каму дапамагчы? Туманнiку?
– Вар'ят.
– Iдзi, дапамагай. Ты што, доктарка? Як ты зможаш дапамагчы?
– Адна не пайду.
– Разумна. Пабудзь тут, я схаджу.
– Чакай. Я не хачу заставацца адна ў гэтым праклятым тумане.
– Глядзi, асфальт, значыць - мы слушна iшлi. Вунь i машына. "Хуткая дапамога". Чакай. Я адзiн. Не падыходзь.
– Што там?
– Мяне зараз выверне.
– Яны мёртвыя? Я пайду пагляджу.
– Лепей не хадзi.
– Давай разам падыдзем.
Каханкi падышлi да скарабачанай машыны.
– Якi жах! А шафёр да цябе падобны. Паглядзi. I профiль, i валасы, i нават рукi...
– Лепш пойдзем адсюль. Ты адчуваеш пах крывi? Цяжка, як на бойнi, праўда?
– Слухай, а чаму гэта дарогу бетонным плотам перагарадзiлi?
– Давай я цябе падыму, i паглядзiш, што за плотам.
– Нiчога не вiдаць. Трава, дарога i туман.
– А цяпер пайшлi адсюль. Гэты пах крывi становiцца нясцерпны. Калi iсцi шпарка, праз паўгадзiны будзем у горадзе.