Дарога ў дваццаць крокаў (на белорусском языке)
Шрифт:
– Сталiна скiнулi.
– Як скiнулi? Куды?
– гукнуў было Трахiм, прыцiшыў крок, а пачуўшы пра бюст, што стаяў у парку, шпарка пайшоў, прыладжваючы крок да мернага рыпеньня салавейчыкавага пратэзу...
– I што... сапраўды з бронзы?
– запытаўся ўнук, не даслухаўшы дзедавага аповеду.
– Ну так... жоўты такi стаяў, - дзед павёў рукамi, малюючы ў паветры вiдарыс сталiнскага бюсту i Мiкола чародным разам пачухаў нiз жывата.
– Гiпс, вiдаць... Пафарбавалi пад бронзу.
– Ды не-э... Гiпс бы ў вадзе развалiўся, а ён цалюткi, - Трахiм вытрымаў паўзу i з разважнасьцю патлумачыў: - У семдзесят другiм годзе, як рака абмялела, макаўка паказалася. Мальцы яшчэ там нырца давалi...
Стары ўздыхнуў, пацёр даланямi санлiвыя вочы, а калi зноў зiрнуў на сьвет, унук ужо бег са двара i на пытаньне: - Куды ты паляцеў?
– коротка азваўся: Да Гасюты!
II
Зялёная ад тванi, спрэс залепленая куклянкамi камлыга не пасьпела як сьлед прасохнуць, як на яе ўзьбiўся гурт мясцовых падшыванцаў. Падшыванцы пры гэтым бязладна гарлалi, сьпiхвалi адно другога з бэтоннай камлыжыны, а неўзабаве й пачалi стукаць па ёй нечым жалезным.
– Во йоп...
– вылаяўся Мiкола, пачуўшы скрозь ранiшнi сон мэталёвае бразганьне. Сёрбнуўшы на хаду збружэлага квасу, ён выйшаў да весьнiц.
– А ну, салагi, прэч адсюль!
– пагрозьлiва гукнуў Мiкола, але голас пасьля купаньня дарэшты асiп i падшыванцы працягвалi валтузiцца на помнiку.
– Каму сказаў...
– Мiкола выдзер з паркану збуцьвелую штыкецiну i гэта дапамагло: дзятва сыпанула ўбокi, але далёка не адбегла.
– А гэта што - помнiк?
– запытаўся адзiн з падшыванцаў - малец грыз нясьпелы яблык i пры гэтым гучна чвякаў.
– Помнiк... помнiк, йоп вашу...
– буркнуў Мiкола, перакрывiўся i сплюнуў пракiслую сьлiну.
Пасьля недасыпу i выпiтай гарэлкi галава Мiколава балела, настрой быў паганы, а таму зь языка зьляталi мацюгi i глытку вярэдзiлi глухiя ўздыхi. Аднак, абышоўшы помнiк, Мiкола пажвавеў i, маракуючы пра штосьцi сваё, павадзiў рукамi ў паветры, нiбыта ён - у думках - укараноўваў сьнежную бабу важкай галавою.
– Ну i што ты будзеш рабiць з гэтай халерай?
– гукнуў, перабiваючы думкi, дзед Трахiм: дзед стаяў ля весьнiц i пыхкаў беламорынай.
– Як што? Адрэстаўруем. Выставiм на продаж, - унук выцяў бэтоннага балвана мыском чаравiка.
– Думаю, пару тысячаў баксаў возьмем.
– Эгэ-э, Мiколка... Каму ён трэба?
– стары папярхнуўся дымам, здушана закашляў.
– Вунь i нос адбiты... i ў дзiрах увесь...
– Кавэрны замажам, нос прылепiм... пафарбуем. Карацей, будзе правадыр як навюткi... Ты вось што, дзеду...
– унук азiрнуўся, увабраў голаў у плечы, трэба хлопцам... з пiльнi... пару пляшак паставiць... Пазыч да вечару... Гасюта прыедзе - аддасьць.
Стары нiчога не сказаў i толькi зварухнуў пальцамi, рахуючы - колькi яшчэ дзён унук прабудзе на пагасьцiнах.
Па абедзе Трахiм прылёг на тапчан, адразу ж заснуў i неўзабаве быў абуджаны лескатаньнем гасютавага трактару. Трактар ехаў па вулiцы i ззаду за iм, уздымаючы пылюку, валачылася на тросе таўшчэзная калода.
– Божухна, i калi гэта ўсё скончыцца?
– прашаптаў стары i з вохканьнем выйшаў на ганак.
Ля Трахiмавай хаты тым часам ужо зьбiраўся народ.
– Чаго вылупiлiся?
– гыркаў Гасюта на цётак, што йшлi ў краму, ды спынiлiся паглядзець - што мальцы будуць рабiць з цурбаном ды бэтоннай камлыгай. Цёткi паправiлi хусткi на галовах, стоена зашапталiся, а Гасюта падхапiў з-пад плоту даўгую жардзiну, загнаў тонкi канец пад цурбан i яны ўдвох зь Мiколам пакацiлi яловы кругляк да весьнiц. Усё было б нiшто, ды надарылася неспадзеўка: жардзiна з трэскам абламiлася, стукнула Мiколу па карку, i кампаньён, пачуўшы сьмех грамады, са злосьцю выдыхнуў:
– Г'анд-доны...
Працаваць у атачэньнi натоўпу не выпадала, а таму, падкацiўшы калоду да весьнiц, Гасюта абабiў перапэцканыя ў яловую жывiцу рукi i голасна, каб чула грамада, абвясьцiў:
– На сёньня ўсё!
"I тузанулi ж мяне за язык, - падумаў Трахiм, правёўшы даланёй па няголеным падбародзьдзi, - ляжаў бы сабе на дне, пакуль не рассыпаўся, дык не... выцягнулi нячысьцiка..." - стары ўздыхнуў, падаўся ў хату i сьледам за iм, заглушыўшы трактар i абмацюкаўшы грамаду, рушылi Мiкола з Гасютам.
– Ну што за людзi! Паўгорада зьбеглася, нiбыта яны калоды ня бачылi... ад парога гукнуў зьнерваваны ўнук, а дзед, пазяхнуўшы ў далонь, лёг на тапчан i змучана аддзьмуўся.
На кухнi рыпнула падлога i Гасюта - з воклiчам "Обана!" - грукнуў аб стол чымсьцi цьвярдым i булькатлiвым.
– Вось гэта лоўка!
– акрыялым голасам азваўся Мiкола.
– Хопiць iм i адной... Летась пiлавiньне грузiў - нiхера не паставiлi... растлумачыў Гасюта, а Мiкола ўдарыў у ладкi i кiнуўся ў прысенак, дзе стаяла газавая плiта.
– Зараз, бляха, яечню згламэздаем.
Пакуль Мiкола завiхаўся з патэльняй, Гасюта, падобна, адкаркоўваў пляшку, потым бразнуў шклянкамi i нягучна прамовiў:
– Увечары яму выкапаеш... Сантымэтраў на семдзесят, глыбей ня трэба. Заўтра ад ранку калоду паставiм, а ў абед Сiвоха кран падгонiць.
У шклянцы - стоена, але разам з тым упэўнена - зацурчэла гарэлка i пад тыя чароўныя гукi Трахiм заплюшчыў павекi.
На наступны дзень, ад самага ранку, ва ўтульнай Трахiмавай хаце грукалi дзьверы, бразгалi шклянкi i лiлася п'яная гамонка. Першымi завiталi два хлопцы з пiларамы i Мiкола бегаў да мясцовых цыганаў па самагонку. Блiжэй да абеду ў хату ўвалiлiся Гасюта з вадзiлам аўтакрану, усе разам дапiлi цыганскi трунак i, трымаючы пад пахi аднаго з пiльшчыкаў, пайшлi ўздымаць правадыра на "п'едэстал".
Дзед Трахiм зроду не хрысьцiўся, а тут, пабачыўшы, як п'яны ўнук убiўся пад бэтонную камлыгу, што завiсла, як той вiсельнiк, у паветры, тыцнуў самлелымi пальцамi ў лоб, жывот i ў левае плячо. Схоплены за шыю сталёвай зашмаргай, правадыр крутнуўся спачатку ў адзiн бок, потым у другi, нарэшце спынiўся, Мiкола абхапiў правадыра цыбатымi рукамi i той паволi асунуўся на калоду.
Хвiлiн празь дзесяць, пабачыўшы ў дзьвярох унука - цэлага i жывога - стары яшчэ раз перахрысьцiўся i, без шкадаваньня, аддаў Мiколу сто тысяч адной паперкай - апошнiя грошы, якiя былi ў хаце.
Вечарам у хату завiтаў яшчэ адзiн госьць - Данiк Крываблоцкi. Данiк той, немалады ўжо, сiвагаловы мужчына, працаваў у цэху шырспажыву. Вырабляў помнiкi з мармуровай крошкi, ляпiў барэльефы памерлых адстаўнiкоў i, вядома ж, убачыўшы бюст з адбiтым носам, тут жа зайшоў у хату, каб прапанаваць свае паслугi.
... За вокнамi ўжо сьвятлела, а на кухнi ўсё яшчэ гаманiлi i здушана мацюкалiся.
– Калян... ты хоць ведаеш... з кiм маеш справу?
– п'яным голасам пытаўся Данiк Крываблоцкi i, пасьля страшэнна працяглай паўзы, адказваў: - Ты маеш справу з прафэсiйным скульптарам.