Дарога ў дваццаць крокаў (на белорусском языке)
Шрифт:
Толькi што сэрца хваравiта замiрала i гатовае было спынiцца, а тут ёкнула i спужанай птушкай забiлася ў грудзiне. Стары ўбачыў СТАЛIНА!
У першае iмгненьне нават здалося, што правадыр жывы - стаiць, бялюсенькi, краем вока зазiраючы ў ягоны, Трахiмавы, агарод. Трахiм i так быў мокры пасьля лазьнi, а тут нават уваччу засьвярбела ад поту. Стары падхапiў дрыжачай рукой прыпол кашулi, хацеў выцерцi твар, ды пачуў раптам ломкi хлапечы голас:
– Дзядуля, а хто гэта такi?
Падшыванцы, як заўсёды, сядзелi на плоце i хрумкалi недасьпелыя яблыкi.
– Гэта, мальцы, Сталiн!
– крэкнуў Трахiм, выцiраючы мокры лоб.
– А хто ён такi?
– падаў голас усё той жа сьветлавалосы малец.
Трахiм уважлiва паглядзеў на падшыванца: цi не пасьмейваецца пракуда над старым чалавекам. Але вочы хлапечыя сьвяцiлiся непадкупнай цiкавасьцю i стары кашлянуў у далонь.
– Ну, гэта...
– сказаўшы так, Трахiм задумаўся, засяроджана пачухаў кадык: - Ну, карацей, яго ўсе баялiся. Пры iм парадак быў - о-го-го! У нас у дэпо адзiн на працу спазьнiўся, дык два гады далi... з правам перапiскi.
– А вы, дзядуля, таксама Сталiна баялiся?
– Анягож... i я баяўся.
– А ён кiм быў? Тэрмiнатарам?
– русявы падшыванец з такой асалодай куснуў яблык, што нават сок пацёк па падбародзьдзi.
– Цябе як завуць?
– запытаўся Трахiм, неадрыўна казелячы вокам то на падшыванца, то на бацьку-Сталiна.
– Пецькам, - адказаў падшыванец i зь невядомай прычыны пакутлiва ўздыхнуў.
"I чым толькi ў iх галовы забiтыя?" - падумаў дзед Трахiм, патупаў да хаты i, пакуль дайшоў да крыльца, тры разы азiрнуўся, каб паглядзець на правадыра.
Увесь вечар ля бюсту тоўпiлiся людзi.
"Як жывы, як жывы..."- наўзахваткi шапталi старыя цёткi i ўнук Мiкола, слухаючы праз адчыненае вакно людзкую гаману, задаволена пацiраў рукi i раз-пораз гукаў:
– Чуеш, дзеду?! Здаю бюст за пяць тысяч баксаў! I нi цэнта меней...
– Эгэ-э... Мiколка... Каму ён патрэбны?
– абзываўся з тапчана стары Трахiм, - у людзей грошаў на хлеб не хапае, а яны табе будуць нейкiя бюсты купляць.
– Гэта ў цябе не хапае, а ў "крутых" грошаў як гразi...
– Мiкола ўкiнуў у рот цыгарэцiну, пстрыкнуў запальнiчкай i нападворку хтосьцi зусiм па-дурному загарлаў:
Сталин наша слава боевая-а...
Сталин нашей юности полё-от...
Трахiм падхапiўся зь ляжанкi, на дзiва борзда падбег да вакна i незадаволена вылаяўся: на падворку, узяўшы пад руку Юстына Капiтонавiча Дуба былога ваенкома - стаяла i гарлала на ўсе застаўкi Аўгiньня Мiканораўна Кароткая - актывiстка раённага савету вэтэранаў вайны.
– Прынес нячысьцiк, - буркнуў Трахiм i, прычакаўшы, калi Аўгiньня прасьпявае апошнi радок: - Наш народ за Сталиным идио-от!
– зачынiў вакно адразу на дзьве просвы.
Аўгiньня Кароткая падчас вайны мыла штаны партызанскаму камандзiру, а цяпер, начапiўшы мэдальку, цягалася па горадзе i, сустрэўшы Трахiма, кожны раз апавядала - як яны адбiвалiся ад карнiкаў, як яе ледзь не забiла асколкам гранаты, а ўздыхнуўшы абавязкова прамаўляла: - Вам хоць добра было, вы ў тыле сядзелi.
– Пасядзела б ты, корга лупатая, у тыле... пад нямецкiмi бомбамi, суцiшна казаў усьлед актывiстцы Трахiм i доўга потым хадзiў не ў гуморы.
... Дзьве галавы - сiвая ваенкамаўская ды чарнявая Аўгiньнiна - праплылi мiма вокнаў i Трахiм, пятым разам згадаўшы нячысьцiка, патупаў да дзьвярэй.
Ён сустрэў гасьцей на ганку. Выставiў чэрава, абапёрся рукой на вушак i тым самым даў зразумець, што ў хату нiкога не запрашае.
– Ну, Трафiм Пятровiч, ня ведаю - як цябе i дзячыць!
– прамовiў былы ваенком, цiснучы Трахiмаву руку.
– Гэта, скажу табе, вялiкi патрыятычны ўчынак.
– Я нават прасьлязiлася, як Iосiфа Вiсарыёнавiча пабачыла, - уставiла слова Аўгiньня Кароткая, плаксiва шморгнула носам i палезла ў кiшэнь па насоўку.
– Сёньня ж патэлефаную ў цэка партыi i пашлю лiста Генадзю Андрэевiчу Зюганаву. Пра такую падзею павiнен ведаць увесь сьвет, - Юстын Капiтонавiч кашлянуў у жменю, крыху суцiшыў голас.
– Вось толькi месца для помнiка няўдалае. Трэба яго ў цэнтар перанесьцi - туды, дзе стаяў...
– Каб дзятва нос адбiла?
– весела крыкнуў з кухнi Мiкола.
Юстына Капiтонавiча такая заўвага прыкметна азадачыла. Ён ускудлацiў сiвыя валасы на патылiцы, з разважнасьцю ў голасе прамармытаў: - У Савеце паставiм. А там пабачым.
– Мы, як яго выцягвалi, дзесяць лiтраў саляркi спалiлi, дзьве бляшанкi нiтрафарбы скарысталi i скульптару за працу трыццаць даляраў заплацiлi. Так што задарма не аддадзiм, - крыкнуў Мiкола, i госьць, выцягнуўшы шыю, запытаўся: - Дык колькi вы хочаце?
– Дзьве скрынi гарэлкi!
– гракнуў Мiкола.
Госьць пасьля такiх слоў нават хiтнуўся - задужа высокай паказалася цана. Цётка Аўгiньня падхапiла яго пад руку, павяла да весьнiц i на разьвiтаньне гукнула праз плячо:
– Мы ў Савеце падумаем.
– Падумайце... добра падумайце...
– прасiпеў усьлед гасьцям Трахiм i з грукатам - аж парахня пасыпалася са столi - зачынiў дзьверы.
– Дык што ж ты... То пяць тысяч хацеў, то на дзьве скрынi пагадзiўся, прамовiў Трахiм, забiраючыся на тапчан.
– Ды пажартаваў я...
– адказаў унук, стамлёна зяхнуўшы ў далонь, - у гэтых сталiнскiх пацукоў грошаў i на скрыню ня знойдзецца.
Мiкола пстрыкнуў выключальнiкам i потым доўга мармытаў у цемры, услых прыкiдваючы - колькi "бабак" застанецца ў яго, колькi ў Гасюты, i колькi давядзецца "кiнуць" дзеду.
IV
Наступнага дня, ад самай ранiцы, пачаў сеяць дакучлiвы дождж. Трахiм, запалiўшы ў печы, салодка пазяхнуў, зь цiхай радасьцю падумаў, што гасьцей такiм часам ня будзе i тут жа ўгледзеў, як у мокрым вакне мiльгануў пакамечаны капялюш. Яшчэ празь iмгненьне ў прысенку грымотна затупалi i на парозе паўстаў карэспандэнт раённай газэты Аркадзь Нiчыпарук. Карэспандэнт зьняў капялюш, страсянуў, зьбiваючы дажджавыя кроплi i мутнаватымi, яшчэ дарэшты не працьверазелымi вачыма агледзеў хату.
Аркашка Нiчыпарук даводзiўся Трахiму сваяком: быў жанаты на дзедавай пляменьнiцы, i хаця пасьля таго зьмянiў яшчэ двух жонак, крэўных сувязяў не перарываў - зрэдзьчасу забягаў у хату, куляў чарку, i раз на год - звычайна, на Вялiкдзень - прывозiў на рэдакцыйным "масквiчы" мех крадзенага камбiкорму.
Кiўнуўшы сваяку, Аркашка зазiрнуў у сьвятлiцу, а ўбачыўшы брудныя Мiколавы пяткi, што тырчэлi з-пад коўдры, грымотна скамандаваў:
– Гвардыя, падйо-ом!
– Iнтэрвiю прыйшоў узяць, - патлумачыў Аркашка, выцягваючы з нутраной кiшэнi плашчу пляшку "чарнiла" i зашмальцаваны блякнот.