Дарога ў дваццаць крокаў (на белорусском языке)
Шрифт:
– Карацей, тры днi да яго зь Мiколам хадзiлi - грошаў так i ня выбiлi, прамаўляў, зьвяртаючыся да Крываблоцкага, Гасюта.
– А сёньня, бляха, заходжу з кувалдай у руках. Пiтонавiч тут i ўсхваляваўся. "Прыяжджай па абедзе, - кажа атрымаеш грошы пад распiску".
– А што, бюст ужо ўцягнулi?
– запытаўся Данiк дрыжачым ад захапленьня голасам.
– Мальцы з пiльнi на кругляках укацiлi. Цяпер вось будуць падымаць неяк. Трыма дамкратамi.
– Дарма пупы рвуць, - уключыўся ў размову Мiкола, - у Пiтонавiча грошаў больш няма нi капейкi, - Мiкола задаволена крэкнуў i, нiбыта той цыркач, падкiнуў на далонi пляшку гарэлкi.
Дзед Трахiм выйшаў з хаты, падышоў да весьнiц, i, аблашчыўшы поглядам кола сьвежай зямлi - месца, дзе стаяў правадыр, зморана перавёў дых. Стары мерыўся пайсьцi да Сяргейчыка - трэба ж было недзе пераседзець п'янку, ды яшчэ хацеў пазычыць грошаў, бо не было за што купiць нi хлеба, нi папяросаў - але ногi зусiм ня йшлi i Трахiм прысеў на лаўку.
Ён доўга сядзеў з заплюшчанымi вачыма i слухаў няўцямную гаману, якая лiлася з адчыненых вокнаў хаты. Час ад часу гамонка перарывалася бразгатам шклянак, здаволенай керханiнай, Данiк Крываблоцкi раз за разам спрабаваў зацягнуць нейкую песьню, нарэшце зацягнуў - ды так гучна, што на двары сярдзiта заенчыў певень, але нечакана ацiх i дзесьцi непадалёку абудзiлiся сутаргавыя ўсхлiпы.
Трахiм разьмежыў вочы i ўбачыў русявага Пецьку. Падшыванец iшоў па вулiцы i перарывiста плакаў.
– Гэй, пакрыўдзiў хто?
– крыкнуў дзед Трахiм, але падшыванец не азваўся.
– Пакрыўдзiў хто?
– давялося паўтарыць старому i Пецька скрозь сьлёзы праенчыў:
– Татку... працiснула... у больнiцу адвезьлi.
– Як прыцiснула?! Чым?!
– выдыхнуў Трахiм, паспрабаваў устаць, але тут жа iзноў плюхнуўся на лаўку.
– Бацька твой на пiльнi робiць?
– гукнуў ён усьлед падшыванцу, але той не адказаў - пайшоў, пацепваючы ад плачу худымi плечукамi.
"Божухна, усё з-за мяне", - бязгучна прашаптаў Трахiм i твар ягоны апалiла задушлiвая гарачыня. Полымя вырывалася з паравознай топкi i краналася русявых валасой качагара. Пецька ляжаў дагары тварам i зыркiя вогнiкi замарачна мiтусiлiся ў шырока расплюшчаных вачах.
– Пеця, ты што?!
– гукнуў ён, не пазнаўшы ўласнага галасу.
Ён адцягнуў качагара ад топкi, павiс на парэнчах, зьбiраючыся клiкнуць санiтара, ды ня клiкнуў, бо з вышынi, са страшным гудам, на яго падаў нямецкi самалёт. Ад самалётнага чэрава адарвалася штосьцi падаўгаватае i ў апошняе iмгненьнем перад выбухам ён убачыў за самалётным штурвалам бэтонную галаву бацькi-Сталiна.
Трахiму часьцяком мроiлася тая страшная бамбёжка, мроiлася ахопленая полымем станцыя Вязьма, да вушэй даляталi крыкi раненых i нос казытаў саладжавы пах паленага людзкога мяса, i ў сьвядомасьцi кожнага разу мiльгцеў невыразны твар нямецкага лётчыка, якога ён угледзеў за iмгненьне да выбуху. I вось, нарэшце, ён убачыў - хто кiнуў бомбу.
З вохканьнем Трахiм узьняўся на ватных нагах, пайшоў, хiстаючыся, да гасютавага трактара, зь цяжкасьцю расчынiў непадатныя дзьверцы. Млявая рука пашнарыла пад сядзеньнем, намацала лiпучае дзяржальна кувалды. З апошнiх сiл Трахiм ўзвалiў кувалду на плячук, стоена прашаптаў: - Толькi б дайсьцi!
– i рушыў па дарозе, у канцы якой - у дваццацi кроках ад трактара - яго чакалi боская цiшыня i вечны спакой душы.