ЖАНРЫ

Дарога ў дваццаць крокаў (на белорусском языке)
Шрифт:

Хвiлiн праз пяць, глынуўшы вiна, Нiчыпарук стаў распытваць Мiколу - зь якiх вiроў быў выцягнуты сталiнскi бюст - а дзед Трахiм, якому да млосьцi абрыдлi п'янкi, цiхенька высьлiзнуў з хаты. Стары сеў на ганку i стаў слухаць - як цiўкаюць з капяжу рэдкiя кроплi, як квокча ў хляву, наракаючы на дождж, стары певень i як на кухнi, наракаючы на зладзюгу-рэдактара, бубнiў Аркашка Нiчыпарук:

– Немагчыма стала працаваць - рэжа ўсё пад корань. Пры камунiстах i то лягчэй было...

Пазяхнуўшы, стары налёг сьпiнаю на дзьверы, заплюшчыў вочы i калi - праз поўгадзiны - сваяк выходзiў з хаты, кульнуўся таму пад ногi. Сваяк ад начаканасьцi падскочыў, выпусьцiў з роту папяросiну i, дапамагаючы Трахiму падняцца, прамармытаў:

– Ну, Пятровiч, у цябе i жарцiкi...

Потым карэспандэнт доўга шнарыў рукой па падлозе, шукаючы згубленую папяросiну, нарэшце знайшоў, прыпалiў ад падстаўленай Мiколам запальнiчкi:

– Карацей, даю два матар'ялы - адзiн у сваю газэту, другi ў "Праўду". У Маскве такiя рэчы любяць.

– I аб'яву...
– нясьмела заўважыў Мiкола.

– За аб'яву не хвалюйся. Сёньня ж патэлефаную Хамiцкаму. Надрукуюць у лепшым камэрцыйным выданьнi. Як там напiсаць? "Прадаецца бацька-Сталiн"?

Сваяк зь Мiколам яшчэ трохi гаманiлi - Мiкола ўсё бедаваў, што помнiк надта цяжкi i гэта можа адпудзiць пакупнiкоў, - дзед Трахiм той парой прыбраў на стале, сасмажыў яечню i з палёгкай уздыхнуў, калi пакамечаны капялюш таргатлiва паплыў мiма вокнаў. Ля весьнiц, аднак, капялюш крутнуўся вакол сваёй восi i Аркашка, увабраўшы голаў у плечы, пабег у адваротным накiрунку.

"Цi не ў прыбiральню пабег?" - падумалася Трахiму; у гэты момант да помнiка падкацiла шэрая "волга" i зь яе нутра вылез, цяжка аддзiмаючыся, старшыня райвыканкаму Ганчарук i яшчэ нейкi, вайсковай выпраўкi чалавек, на носе якога вiселi сонечныя акуляры. Агледзеўшы помнiк, Ганчарук пачухаў патылiцу, сказаў штосьцi напарнiку, тыцнуўшы пры гэтым пальцам угору i сьпехам падаўся да машыны.

Наступныя два днi выдалiся спакойнымi: у хату нiхто не завiтваў, да весьнiц нiхто не пад'яжджаў, i ўзрадаваныя дзедавы куры iзноў пачалi поркацца ў зямлi на сваiм ўлюбёным месцы - пад помнiкам правадыру. Але на трэцi дзень да хаты пад'ехаў даўжэзны белы фургон, зь яго выскачылi маладыя хлопцы ў рознакаляровых кепурках; хлопцы тут жа пачалi раскручваць нейкiя шнуры i ўнук Мiкола, зiрнуўшы ў вакно, каротка патлумачыў:

– Тэлебачаньне.

I дзед i ўнук зьлёгку захвалявалiся - а раптам паклiчуць штосьцi сказаць у камэру. Але хваляваньне было дарэмным. У хату нiхто не заходзiў, а неўзабаве да весьнiц падрулiў "казялок", у запыленай шыбе якога мiльгануў азызлы твар Юстына Капiтонавiча Дуба.

– А гэты чаго тут?
– уразiўся дзед Трахiм.

– Эх, дзядуля... На тэлебачаньнi слова даюць толькi надзейным людзям, - з уздыхам прамовiў Мiкола. Унук адсунуў непадатныя просвы, разнасьцежыў вакно. Пазнаеш, дзед, вунь тую стрыжаную сучку? "Панараму" вядзе.

Кабецiна, пра якую казаў Мiкола, падвяла былога ваянкома да помнiка, махнула нейкаму хлопцу i лагодным голасам прасьпявала:

– Вы, Юстын Капiтонавiч, толькi не хвалюйцеся. I глядзiце не на мяне, а ў аб'ектыў тэлекамэры.

Кабета iзноўку махнула рукой, састроiла лагодную ўсьмешку, натхнёна загаварыла ў мiкрафон на чысьцюткай беларускай мове:

– Гiсторыя не бывае добрай цi дрэннай. Гiсторыя такая, якая яна ёсьць - зь яе ўзьлётамi i перамогамi, пякучым болем i трагедыямi. I як бы нi сiлiлiся сёньняшнiя абвяргальнiкi, гiсторыя нашага народу заўсёды з намi, яна вяртаецца да нас i яскравы таму прыклад - вось гэты помнiк, якi стаiць за маёю сьпiнаю. Iмя Iосiфа Вiсарыёнавiча Сталiна i дагэтуль выклiкае шмат спрэчак. Але спытаем - як ставяцца да гэтага iмя тыя, хто пралiваў кроў на франтах Вялiкай Айчыннай вайны, хто з iмем Сталiна на вуснах iшоў у сьмяротны бой...

– У якi бой!?
– вырвалася з Трахiмавай грудзiны, - знайшлi ваяку... у сорак шостым румынаў вартаваў, а потым штаны ў ваенкамаце праседжваў, - Трахiм сказаў яшчэ пару слоў на адрас Дуба, а ўнук, з адчаем зiрнуўшы на сонца, чхнуў, ды так гучна, што кабецiна азiрнулася i ўжо на чыстай расейшчыне гукнула хлопцу з тэлекамэрай:

– Лёша, давай сначала...

Рэшту дня - аж да самага вечару - Трахiм праседзеў у Сяргейчыка аднаногага iнвалiда, якi жыў па суседзтву. Сяргейчык, з-за хваробы, ужо год як не выходзiў з хаты, а таму страшэнна ўзрадваўся, пабачыўшы суседа. З такой нагоды iнвалiд нават дастаў пляшку самаробнай налiўкi i хаця Трахiм быў чалавекам непiтушчым, але гэтым разам прапусьцiў чарку. Балазе, i нагода была адпаведная: у гэты дзень, пяцьдзесят пяць гадоў таму, Сяргейчык застаўся без нагi.

– Ляжалi ў кукурузе, а тут ён як джвагне зь мiнамёту, дык мяне нават з акопу выкiнула, - слухаў Трахiм нетаропкi суседавы аповед i з уздыхам прыгадваў як i яго аднойчы, пад час бамбёжкi, выкiнула з паравозу. I ўваччу на кароткае iмгненьне паўстаў разьвернуты бомбаю тэндэр, ахопленыя полымем цяплушкi санiтарнага цягнiка i перакошаная шыльда з надпiсам "Вязьма" на будынку вакзалу. Трахiм спахмурнеў, кульнуў чарку, закашляўся - налiўка патрапiла ў нос - i Сяргейчык задаволена паляпаў яго па сьпiне.

Калi стары вярнуўся дахаты, тэлевiзiйнiкаў пад вокнамi ўжо не было, але затое ўпоперак вулiцы - адзнака таго, што кiроўца быў не ў гуморы - стаяў гасютавы "беларус".

Зрэшты, не ў гуморы быў i ўнук Мiкола: з адчыненай форткi вырываўся на прасьцяг ягоны гарачлiвы голас:

– Цэлы месяц важдалiся... i атрымалi... пендаля пад зад...

Адчынiўшы дзьверы i пабачыўшы самлелы Мiколавы твар i панылага Гасюту, стары зразумеў: нешта здарылася.

– А можа дадуць якую кампэнсацыю?
– нясьмела перапытаў Гасюта: трактарыст сядзеў за кухонным сталом, утаропiўшы вочы ў нейкую паперчыну.

– Як жа... дадуць! Дручком спамiж вушэй, - азваўся са сьвятлiцы ўнук i брыдка вылаяўся.

Трахiм моўчкi кiўнуў Гасюту i той, у сваю чаргу, кiўнуў на паперчыну, што трымаў у руках.

– Во... прыслалi заказным лiстом... "Бюст I.В.Сталiна работы скульптара Леапольда Кангалевiча зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы i мусiць быць перададзены ў фонд Дзяржаўнага мастацкага музэю..."

– Не, ну якiя казлы... Сорак гадоў у рацэ адваляўся...
– выгукнуў Мiкола, але фразы ня скончыў - выбег на кухню i зацкавана прамармытаў:

– Пiтонавiч...

– Што - Пiтонавiч?
– не зразумеў Гасюта.

– Што-што... Сплавiм вэтэранам за дзьве скрынi гарэлкi, а там хай разьбiраюцца - чыя гэта ўласнасьць.

Яшчэ iмгненьне - i Гасюта зь Мiколам, нiбыта падхопленыя вiхурай, кiнулiся да дзьвярэй i, пiхаючы адно другога, вылецелi на падворак.

V

I вось ён, насьпеў той хвалюючы момант, калi Мiкола ўнёс у хату скрыню гарэлкi, паставiў яе на табурэт i з удумлiвай разважнасьцю аддзьмуўся. Сьледам за iм, цягнучы другую скрыню, увайшоў Гасюта, а праз хвiлю - з трыма пляшкамi мiнэральнай вады пад пахамi - з цёмнага прысенку выплыў Данiк Крываблоцкi.

Поделиться с друзьями: