Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

7

Калі Нэла прыводзіла да сябе гасцей, яна заўсёды клікала Альберта, каб ён дапамог ёй перанесці спячага хлопчыка з яе пакоя да яго. Спячы, ён здаваўся вельмі цяжкім, нешта мармытаў са сну, і яны заўсёды баяліся, што разбудзяць яго, але звычайна ён адразу ж скручваўся ў клубочак у ложку Альберта і працягваў спакойна спаць. Нэла часта прыводзіла гасцей, і Альберт не менш двух разоў на тыдзень пераносіў хлопчыка да сябе. Тады яму даводзілася прыпыняць работу — ён не хацеў ні курыць, ні працаваць, калі хлопчык у яго, і неяк атрымлівалася само па сабе, што ён ішоў у Нэлін пакой і далучаўся да яе гасцей. Некалькі разоў ён спрабаваў перайсці з работай у вольны пакой наверсе, каля Глума, але і там ён адчуваў сябе не на месцы, яму не хапала тысячы звыклых дробязей, што былі неабходныя для работы, а ў сябе на гэта не патрэбна было ніякіх намаганняў, варта было толькі высунуць скрынку рабочага стала, і ўсё было пад рукой: нажніцы, усялякі клей, алоўкі, пэндзлікі, і ўвогуле яму здавалася, што не варта рабіць майстэрню з гэтага пакоя. Быў вольны пакой і ўнізе, але ён таксама быў непрыгодны для працы: аранжавая кушэтка, аранжавыя крэслы, дыван таго ж колеру, на сценах — карціны мастака, якога апекаваў бацька Нэлы, — бясталентнае выпісванне дробязяў — і да ўсяго панылы і затхлы дух пакоя, у якім гадамі ніхто не жыве, але які тым не менш рэгулярна прыбіраюць. Хлопчык упарта адмаўляўся перасяліцца ў адзін з пустых пакояў, таму Альберту не заставалася нічога іншага, як ісці да Нэлы і далучацца да яе гасцей. Але гэта заўсёды псавала яму настрой, дый нудна яму было з імі. Бывала, ён сыходзіў некуды з дому, каб напіцца, але і ў такіх выпадках яму рабілася шкада Нэлу, калі ён вяртаўся і заставаў яе адну сярод попельніц, поўных недакуркаў, пустых бутэлек і талерак з рэшткамі бутэрбродаў.

Часцей за ўсё прыходзілі нейкія снобы, з якімі Нэла пазнаёмілася ў дарозе, на нейкім зборышчы, або яны былі прадстаўлены ёй у час нейкага даклада. Альберт не выносіў іх заўсёднай балбатні пра мастацтва. Ён ніколі не ўдзельнічаў у гэтых размовах, піў віно і чай, і калі нехта пачынаў чытаць вершы Рая, яму рабілася не па сабе, але, падпарадкоўваючыся ўсмешцы Нэлы, ён супраць волі адказваў пасля на роспыты пра Рая.

Каб не шкадаваць дарма патрачанага часу, ён многа піў; часам сярод гасцей сустракаліся гожанькія дзяўчаты, а на прыгожых дзяўчат ён гатовы быў глядзець заўсёды, нават калі на іх быў лёгкі налёт снабізму. Ён уважліва сачыў за ўсім, што адбывалася, час ад часу ўставаў, каб адкаркаваць бутэльку віна, а калі госці заседжваліся позна, ён ехаў па новае віно, новыя бісквіты і новыя цыгарэты. У доме яго ўтрымліваў толькі хлопчык, што спаў у ягоным ложку, — часам ён прачынаўся сярод ночы і, убачыўшы схіленыя над ім незнаёмыя фізіяноміі, вельмі палохаўся; магло здарыцца, што Нэліна маці сярод ночы выкіне нейкую сцэну. Калі «кроў у мачы» не была ў парадку дня, яна вынаходзіла нешта іншае, не такое для яе звычайнае. Яна магла на працягу тыдняў спакойна сядзець у сябе за бутэлькай чырвонага віна і талеркай, поўнай бутэрбродаў з мясам, курыць цыгарэты «Тамагаўк» з вогненна-чырвоных пачкаў і або перабіраць старыя лісты, або ўдакладняць памеры свайго багацця, або перагортваць старыя падручнікі і хрэстаматыі 1896–1900 гадоў выдання і старую Біблію, якая захавала яшчэ сляды каляровых алоўкаў там, дзе яна, дзесяцігадовая сялянская дзяўчынка, больш за пяцьдзесят гадоў таму скрэмзала запырсканае крывёю адзенне егіпецкага Іосіфа і гарчычнага колеру львоў, што мірна леглі і пазасыналі вакол Данііла.

Цэлымі тыднямі яна была спакойная, але раптам у яе ўзнікала жаданне ўчыніць сцэну. Здаралася, у гадзіну ночы ёй раптам прыстрэнчыць зрабіць салату, і, апрануўшы чорную ў блакітныя кветачкі ранішнюю капоту, яна спускалася да Нэлі і, стоячы ў дзвярах, размахвала пустой бутэлькай з-пад воцату і раўла: «Што гэта за свінства, зноў у доме ні кроплі воцату, а мне неабходна, разумееш, неабходна зрабіць салату». Расстарацца воцату а другой гадзіне ночы не гэтак проста, але Альберт на ўсялякі выпадак заключыў сяброўскае пагадненне з буфетчыцай прывакзальнага рэстарана і зрэшты мог раздабыць там самыя розныя прадукты. Калі Больдзе здаралася спускацца ноччу на кухню, а бабуля яшчэ не спала і ў яе быў настрой учыніць сцэну, яна накідвалася на Больду: «Ах ты, беглая манашка — двойчы ўдава» — і пачынала пералічваць усе грахі бацькі Больды, які, мяркуючы па ўсім, быў кантрабандыстам і браканьерам, але вось ужо больш пяцідзесяці пяці гадоў спачываў на невялічкіх могілках у горнай вёсачцы. А калі ў бабулі не было імпэту рабіць сцэну, яна не перашкаджала Больдзе валэндацца або зачынала з ёй самую мірную гутарку. Гэтак жа яна з’яўлялася раптоўна ў пакоі Нэлы з крыкам: «Зноў швэндаешся? А муж твой, бедалага, спіць у рускай зямлі!»

Супакоіць яе мог тады толькі Альберт або Глум, і было лепш, каб ён заставаўся дома, таму што Нэла баялася сваёй маці.

I вось два дні з сямі тырчаў Альберт сярод Нэліных гасцей, сцярог сон хлопчыка і быў гатовы на манер вогнетушыцеля ў выпадку неабходнасці ўлагодзіць Нэліну маці.

Яго ніколькі не бянтэжыла, што пасля, пры раз’ездзе гасцей, яму навязвалі ролю шафёра таксі: ён падвозіў гасцей Нэлы да трамвайнага прыпынку, адкуль і ноччу кожную гадзіну адыходзіў трамвай, а калі быў у настроі, ён па адным развозіў іх дадому. Альберт стараўся як мага даўжэй не вяртацца, разлічваючы, што Нэла за гэты час ужо ляжа спаць.

Добра раз’язджаць аднаму па начным горадзе. Вуліцы пустыя, сады ляжаць у густой цемры, і ён глядзіць на чары, якія ствараюць фары ягонай машыны: неспакойныя, рэзкія чорныя цені і жаўтавата-зялёнае святло ліхтароў. Ён любіў гэтае халоднае зялёнае святло, ад якога і ўлетку патыхала ледзяным холадам.

Сады і паркі ў гэтым жаўтава-зялёным святле нават у пару цвіцення здаваліся халоднымі, безжыццёва застылымі. Часта ён пакідаў горад ззаду, вёў машыну праз спячыя вёскі і, выбраўшыся на аўтастраду, імчаў колькі кіламетраў на агромністай хуткасці, пасля на бліжэйшым развілку паварочваў і вяртаўся ў горад. Кожны раз ён адчуваў глыбокае хваляванне, калі ў промні пражэктара з цемры ўзнікала чалавечая постаць; часцей за ўсё гэта аказваліся прастытуткі, яны ўладкоўваліся ў месцах, якія асвятляліся фарамі, калі аўтамабілісты на паваротах уключалі дальняе святло: адзінокія, нежывыя, страката ўбраныя лялькі, яны нават не ўсміхаліся, калі машына праязджала міма іх. На цёмным фоне ночы іхнія залітыя яркім святлом белыя ногі заўсёды нагадвалі Альберту драўляныя постаці на рострах, і здавалася, што стаяць яны на караблях, якія затанулі. Калі зноў і зноў на паваротах ён уключаў фары і яркае святло выхоплівала іх з цемры, ён здзіўляўся, як дакладна яны выбіраюць сабе месца, але яшчэ ніводнага разу ён не бачыў, каб машына спынілася і павезла якую-небудзь з дзяўчат.

На краі моста, на яго апорах прыляпіўся маленькі шынок, які не зачыняўся ўсю ноч. Тут ён выпіваў куфаль піва і кілішак гарэлкі, каб адцягнуць вяртанне дадому. Гаспадыня ўжо ведала яго, таму што ў Нэлы часта бывалі госці і ён заўсёды развозіў іх дадому, абы не заставацца сам-насам з Нэлай. Ён доўга заседжваўся ў гэтым шынку і думаў пра справы, якія міжволі ўсплывалі ў думках з-за Нэліных гасцей. За столікамі звычайна сядзелі некалькі матросаў з рэйнскіх параходаў, яны гулялі ў косці, з рэпрадуктара даляталі ціхія далёкія галасы. Каля печкі з вязаннем сядзела маленькая цёмнавалосая гаспадыня. Яна заўсёды расказвала яму, што і для каго вяжа: светла-зялёны світэр для зяця, руда-чырвоныя пальчаткі для дачкі; але часцей за ўсё яна вязала цудоўныя маленькія штонікі для ўнучыкаў. Узор для гэтых штонікаў яна прыдумвала сама, часта яна раілася з ім, і некалькімі штрыхамі ён удакладняў яе малюнкі. Аднойчы ён нават параіў ей вывязаць на светла-жоўтай спаднічцы для чатырнаццацігадовай унучкі цёмна-зялёныя бутэлькі са стракатымі наклейкамі. Ён накідваў узор каляровымі алоўкамі, якія заўсёды насіў пры сабе, на белай абгортачнай паперы, у якую яна загортвала халодныя катлеты або біточкі для матросаў. Часам, калі ён задумваўся над падзеямі, пра якія напаміналі яму Нэліны госці, ён заседжваўся да трох, а то і да чатырох гадзін раніцы.

Перад вайной ён быў лонданскім карэспандэнтам маленькай нямецкай газеты, але газета выгнала яго, і ён вярнуўся пасля смерці Лін, Нэла дамаглася, зноў у Германію, і Нэлін бацька ўладкаваў яго на сваёй мармеладавай фабрыцы, каб яму не быць назідавоку. Да самага пачатку вайны ён разам з Раймундам вёў там невялікі аддзел статыстыкі збыту, і ўсе сродкі яны выдаткоўвалі не столькі на тое, што прынесла б карысць фабрыцы, колькі на ўсялякія дробязі, якія надавалі ім самім добранадзейны выгляд: па першым запатрабаванні яны маглі даказаць, што займаюцца разумнай і ніяк не звязанай з палітыкай дзейнасцю, што яны ўключыліся ў так званы працоўны працэс. У іхнім кабінеце заўсёды было дастаткова беспарадку, каб выклікаць уяўленне пра самую кіпучую дзейнасць. На чарцёжных дошках кнопкамі былі прымацаваны эскізы, вакол валяліся цюбікі і пэндзлі, на паліцах стаялі адчыненыя бутэлькі з тушшу, і кожны тыдзень з аддзела збыту прыходзіў каштарыс, запоўнены лічбамі, якія яны пераносілі на свае табліцы, — акуратныя слупкі лічбаў, распісаныя па ўсіх землях Германіі, ператвараліся ў мініяцюрныя мармеладавыя вядзерцы на стракатых геаграфічных картах.

Пасля яны навучыліся прыдумваць новыя назвы для новых гатункаў мармеладу і гэтак хутка апрацоўваць лічбавыя даныя, што ў любы момант маглі дакладна сказаць, дзе і ў якой колькасці елі і ядуць той або іншы гатунак мармеладу. Вяршыняй іх цынізму з’явілася складанне памяткі, якую яны назвалі «Вытворчасць і збыт араматычных канфіцюраў фабрыкі Гольштэге» і вьшусцілі ў 1938 годзе да дваццаціпяцігадовага юбілею фірмы. Гэта была надрукаваная на паперы ручной выпрацоўкі ярка ілюстраваная брашура, якую яны бясплатна разаслалі ўсім спажыўцам. Альберт маляваў усё новыя і новыя рэкламныя плакаты, Рай прыдумваў да іх вершаваныя подпісы, а вечары яны праводзілі разам з Нэлай і тымі нешматлікімі сябрамі, якіх яны маглі яшчэ захаваць у 1938 годзе. Адчувалі яны сябе на тую пару не вельмі добра, і ўвечары схаванае раздражненне міжволі прарывалася, асабліва калі да іх прыходзіў Віліброрд. Рай ненавідзеў патэра Віліброрда, а як толькі ён сыходзіў, напіваліся і абмяркоўвалі магчымасць эміграцыі. Раніцайяны з’яўляліся на фабрыку са спазненнем, галовы ў іх трашчалі, і, часта ахопленыя раптоўным шаленствам, яны разрывалі на шматкі ўсе малюнкі і дыяграмы.

Але на наступны дзень яны зноў браліся за работу, прыдумвалі новыя малюнкі, новыя фарбы для прыцягнення пакупнікоў, стваралі графічныя характарыстыкі розных гатункаў мармеладу. Апошнім іх тварэннем, да таго як іх абодвух адправілі на фронт, стаў гістарычны агляд, у якім Рай паставіў сабе за мэту даказаць, што, пачынаючы з каменнага веку, усе народы — рымляне, грэкі, фінікійцы, іудзеі, інкі і германцы — радасна паядалі мармелад. У гэтую працу Рай уклаў усю сваю фантазію, а Альберт — свой талент мастака, і ў іх атрымаўся шэдэўр, які здабыў фабрыцы шмат новых пакупнікоў. Але ў гэтым не было ўжо неабходнасці. Прыйшоў новы спажывец, які пачаў паглынаць мармелад без усялякай рэкламы: прыйшла вайна.

У час вайны паўсюль, дзе толькі спыняліся ваенныя абозы, яны натыкаліся на бляшанкі з-пад павідла вытворчасці іхняй фабрыкі, якія валяліся абапал дарогі. Этыкеткі, надрукаваныя па эскізах Альберта, подпісы, складзеныя Раем. Французскія дзеці гулялі ў футбол гэтымі бляшанкамі, для рускіх жанчын яны былі каштоўным набыткам, і нават калі наклейкі ўжо даўно былі садраныя або змытыя, а бляшанкі сплюшчаныя і заржавелыя, усё роўна яны пазнавалі іх па штампаванай манаграме «Э. Г.» — Эдмунд Гольштэге (гэтак звалі Нэлінага бацьку).

Нават калі спыняліся на начлег у нейкай глушы, яны навобмацак у цемры пазнавалі гэтыя бляшанкі, пальцы самі адшуквалі выпуклыя літары «Э. Г.» і стылізаваную вішню, тварэнне Альберта.

Пераможны шлях нямецкай арміі быў усеяны не толькі снарадамі, не толькі развалінамі і падлаю, але і бляшанкамі з-пад павідла і мармеладу. У Польшчы і Францыі, у Даніі і Нарвегіі, на Балканах кожны мог прачытаць выраз, які склаў Рай: «Дурны той, хто сам сабе варыць варэнне: Гольштэге зробіць гэта замест цябе». Словы «Дурны той, хто сам сабе варыць варэнне» былі адштампаваны вялікімі чырвонымі літарамі, астатнія — крыху меншымі. Гэты выраз быў вынікам працяглай нарады з дырэкцыяй, услед за якой пачалася разгорнутая кампанія супраць усіх, хто сам варыць варэнне. Але кампанію давялося прыпыніць з-за ўмяшання органаў прапаганды, якія са свайго боку лічылі варку варэння адной са спаконвечных дабрачыннасцей сапраўдных нямецкіх гаспадынь. Але этыкеткі і плакаты былі ўжо надрукаваны, а тут пачалася вайна, і гэтае пытанне нікога больш не займала, іх так і наклейвалі і прывалаклі нават у глыб Расіі.

Поделиться с друзьями: