Дом без гаспадара
Шрифт:
Нэла не пераставала плакаць, дзверы заставаліся расчыненымі, ён выключыў раптам газ, закруціў кран, выцягнуў за нікеліраваны ланцужок корак з ванны і прасачыў, як жаўтавае табачнае воблачка знікла ў водавароце.
Ён патушыў святло і накіраваўся да Нэлы. Яна курыла і плакала. Ён спыніўся ў дзвярах і суровым голасам, які здзівіў яго самога, крыкнуў:
— Чаго ты, уласна, хочаш?
— Зайдзі, прысядзь, — адказала яна. Усмешка ў яе не адразу атрымалася, і гэта кранула яго; не часта такое з ёю здаралася. Ён сеў, узяў цыгарэту з пачка, які яна падала яму, а яна зноў усміхнулася, і цяпер ужо шырока; здавалася, што нехта націснуў патаемную спружынку; як фатограф карыстаецца лямпай-успышкай, так і яна карысталася сваёй усмешкай, — яна славілася ёю, але цяпер гэтая ўсмешка стамляла яго, як стамляў і выгляд яе пяшчотных белых рук, праслаўленых не менш, чым яе ўсмешка: яна не пагрэбавала і самай таннай хітрасцю: паклала нагу на нагу і крыху адкінулася назад, каб лепш бачнымі былі яе прыгожыя грудзі.
У ваннай забулькалі рэшткі вады: кароткі ўсхліп, і ўжо не чутно болей супакойваючага шуму.
— Замуж, — ціха прамовіла яна, — я не хачу больш. На гэта я больш не пайду. Калі хочаш, я зараз жа зраблюся тваёй палюбоўніцай, ты гэта ведаеш, і буду табе больш вернай, чым жонка, але замуж я больш ніколі не пайду. З той пары, як я па-сапраўднаму зразумела, што Рая больш няма, я часта думала, што лепш было б мне ўвогуле не выходзіць замуж: дзеля чаго ўвесь гэты маскарад, гэтае крыўлянне, гэтая жахлівая сур’ёзнасць у шлюбе — і боязь удаўства Грамадзянская рэгістрацыя, вянчанне ў царкве, азатым з’яўляецца нейкая нікчэмнасць і пасылае твайго мужа на верную смерць. Тры мільёны, чатыры мільёны ўрачыстых саюзаў разбураны вайной: удовы, удовы — у мяне няма аніякага жадання быць удавой, і нічыёй жонкай я таксама не хачу быць, і дзяцей я не хачу больш мець — вось мае ўмовы.
— А мае ты ведаеш, — сказаў ён.
— Зразумела, — спакойна сказала яна. — Табе трэба ажаніцца і ўсынавіць хлопчыка, і потым ты, відаць, захочаш уласных дзяцей.
— Дабранач, — сказаў ён і хацеў было ўстаць.
— Не, не пакідай мяне, — сказала яна роўным голасам, — зараз, калі робіцца крыху весялей, ты хочаш збегчы. Дзеля чаго трэба так карэктна, так педантычна, так строга прытрымлівацца агульнапрынятай маралі: я гэтага проста не разумею.
— Дзеля хлопчыка. Усе твае мары нічога не вартыя ў параўнанні з ім. I потым табе ўжо амаль сорак.
— Пры Раі ўсё было б добра, і я была б вернай яму, і ў нас нарадзіліся б яшчэ дзеці, але смерць яго мяне зламала, як ты любіш выказвацца, і мне больш не хочацца быць нічыёй жонкай. Ты ж і так Марціну заместа бацькі. Табе гэтага мала?
— Баюся, — сказаў ён, — што ты выйдзеш за некага іншага, і хлопчык дастанецца яму.
— Значыцца, ты любіш хлопчыка больш, чым мяне?
— Не, — сказаў ён ціха, — яго я люблю, а цябе — не. Тут не можа быць больш альбо менш. Я занадта добра цябе ведаю, каб закахацца ў цябе, але ты даволі прыгожая, і мне было б прыемна жыць з табой, — але зараз я так не магу. Я вельмі часта думаю пра Рая, дый хлопчык увесь час каля мяне. Вось у чым справа.
— А, — сказала яна, — цяпер я ведаю, чаму я за цябе не пайду: проста таму, што ты мяне не кахаеш.
— Затое ты з нейкай пары ўгаварыла сябе, што ты мяне кахаеш. Гэта супадае з тваімі марамі.
— Не, — адказала яна, — я сябе не ўгаворваю і ведаю, што гэта не так. Але ў мяне з табой атрымліваецца, як у цябе са мной. Раней гэта называлася пагаварыць адкрыта, але вось адкрытасці ў нас якраз і не хапае. Гавары адкрыта, калі табе гэта па душы.
Альберт хацеў устаць, прайсціся па пакоі або падысці да акна, але яму часта здаралася бачыць у кіна-фільмах, як мужчыны падчас шчырай гаворкі з жанчынай ходзяць па пакоі. Ён застаўся сядзець у нязручным крэсле і ўзяў цыгарэту, якую прапанавала яму Нэла.
— Госпадзі,— сказаў ён, — гаварыць пра любоў ужо проста смешна. Хіба мы з табой не рассмяяліся б, калі б аднойчы я заявіў: «Я кахаю цябе!»
— Так, відаць.
— I потым гэта розныя рэчы — жыць з удавой свайго сябра або ажаніцца з ёй, — а вось ажаніцца з жанчынай, якая жыве марамі, быццам абпіўшыся морфіем, на гэта я пайшоў бы толькі дзеля Марціна, але якраз цяпер я пачынаю разумець, што ні з адной нельга жаніцца толькі дзеля яе дзіцяці.
Нэла заплакала, і ён усё ж падняўся з крэсла і захадзіў па пакоі, узрушаны і збянтэжаны, хоць ён столькі разоў бачыў усё гэта ў кінафільмах.
— Усё ж аднаго я ад цябе чакаю — я і ўсе мы: каб ты стала хоць крыху абачлівай дзеля хлопчыка.
— Ты памыляешся, і ўсе вы памыляецеся: вы лічыце мяне ледзь не прастытуткай, але пасля смерці Рая я не ведала ніводнага мужчыны.
— Тым горш, — сказаў ён, — ты іх усіх узвінчваеш сваёй усмешкай, як дзеці завадных пеўнікаў. Не, нягледзячы ні на што, нам трэба было б пажаніцца, мы маглі б ціха і спакойна жыць з хлопчыкам і не валтузіцца з усялякімі ідыётамі, якія бессаромна крадуць у нас час, мы маглі б вырвацца з гэтай д’ябальскай мітусні, паехаць у іншую краіну, і, хто ведае, магчыма, аднойчы на нас сышло б, як нечаканы дождж, як навальніца, тое, што да гэтага часу называлася каханнем, — Рай жа мёртвы, — і ён паўтарыў яшчэ больш сурова і жорстка: — Мёртвы.
— Гэта гучыць так, быццам ты гэтаму рады, — сказала яна.
— Ты выдатна ведаеш, што, хоць і па-іншаму, мне было ніколькі не лягчэй страціць яго — чым табе. Мне здаецца, што значна больш жанчын, з якімі можна было б ажаніцца, чым мужчын, з якімі можна сябраваць. А жанчынам, з якімі можна пераспаць, увогуле няма ліку. Так ці іначай, а Рай загінуў. I магчымасцей у цябе не так і шмат: быць удавой або стаць жонкай іншага чалавека; ты ж спрабуеш заняць нейкае трэцяе, прамежкавае становішча, а такога не існуе.
— Але яно можа ўзнікнуць, — перабіла яна, — становішча, якому няма вызначэння, але час дасць яму імя. О, як я вас усіх ненавіджу за тое, што вам здаецца, быццам жыццё ідзе сваёй чарадой. Пасыпаць смерць попелам забыцця, як лёд пасыпаюць попелам. Дзеля дзяцей, ах, дзеля дзяцей: гэта цудоўна гучыць і служыць цудоўным апраўданнем; напоўніць свет новымі ўдовамі, новымі мужамі, якім наканавана загінуць і зрабіць сваіх жонак удовамі. Заключаць новыя шлюбы… Мізэрныя вы нікчэмнасці. Няўжо вы нічога лепшага не прыдумаеце? Так, я ведаю, ведаю. — Яна ўстала, перасела ў другое крэсла і глянула на партрэт Рая над сваім ложкам. — Я ведаю, — са злосцю паўтарыла яна, падрабляючы голас патэра Віліброрда: — «Свята ахоўвайце дзіця і справу вашага мужа. Шлюб ёсць таемнасць. Шлюбы заключаюцца на нябёсах». I яны ўсміхаюцца, як аўгуры, і моляцца ў сваіх цэрквах, каб храбрыя мужчыны, здаровыя і цэлыя, бадзёра, весела крочылі на вайну, каб безупынку працавалі фабрыкі ўдоў. Дастаткова паштальёнаў, каб данесці гэтую вестку, і папоў таксама дастаткова, каб асцярожненька падрыхтаваць вас да гэтай весткі. Ужо калі і ёсць чалавек, які ўсведамляе, што Рая няма сярод жывых, дык гэта я. Гэта я ведаю, што яго няма са мной, што яго няма і ніколі больш не будзе на гэтым свеце, ведаю абсалютна дакладна — і я пачынаю ненавідзець цябе за тое, што ты ўсур’ёз збіраешся паўторна ператварыць мяне ў патэнцыяльную ўдаву. Калі пачаць раней, з шаснаццаці, як я, напрыклад, то да благаснага скону можна выдатна паспець пяць, а то і шэсць разоў пабыць удавой і ўсё ж застацца маладой, як я. Урачыстыя клятвы, урачыстыя саюзы, і з лагоднай усмешачкай табе падносяць тайну: шлюбы заключаюцца на нябёсах. Няхай сабе, але тады пусціце мяне на неба, дзе мой шлюб сапраўды будзе заключаны. Ці не хочаш ты мне сказаць, што я не ў стане знішчыць смерць, мусіць жа, хочаш?
— Гэта я якраз і збіраўся сказаць.
— А я нічога іншага і не чакала. Раскошны выраз, дарагі мой, можаш ганарыцца. Ці не хацеў ты мне яшчэ сказаць, што можна пачаць новае жыццё?
— Можа, і хацеў.
— Ды перастань ты, нельга забыць мінулае… а пачынаць новае жыццё… па-твойму, гэта новы шлюб… з табой…
— Ну і хопіць, узарваўся ён, — не ўяўляй, калі ласка, што я толькі пра тое і думаю, як бы ажаніцца з табой, проста я лічу гэта адзіна разумным.
— Вельмі прыемна пачуць — выдатна сказана, ты мастак рабіць кампліменты.
— Прабач, калі ласка, я зусім не тое хацеў сказаць, — ён усміхнуўся, — я якраз не супраць ажаніцца з табой.
— Час ад часу не лягчэй. Ты хочаш сказаць, што не памёр бы ад гэтага.
— Глупства, — сказаў ён, — ты выдатна ведаеш, што ты падабаешся мне і што ты прыгожая.
— Аднак не зусім табе да густу, так?
— Лухта, — сказаў ён, — і я працягваю сцвярджаць, што пачаць новае жыццё можна і неабходна.
— А зараз ідзі,— сказала яна, — ідзі.
Ужо зусім развіднела. Ён устаў і зашмаргнуў зялёную штору.