Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

Толькі праз месяц яны наскрэблі грошай, каб купіць другі ложак, і цяпер ён мог ноччу спаць. Толькі зрэдку ён прабуджаўся ад глыбокага сну, гэта калі нешта падала на падлогу з ложка Лін: кніжка, паўпліткі шакаладу або адзін з яе цяжкіх срэбраных бранзалетаў.

Ён стараўся давесці ёй, што ён разумее пад словам «парадак»: акуратна складзеныя ў шафах рэчы і чыстую спіртоўку. Ён нават купіў употай патрыманую шафу, загадаў прывезці яе, калі Лін была ў школе, і навёў усюды парадак; усё барахло Лін, усе яе сукенкі ён развесіў на плечыках з нямецкай акуратнасцю так, як гэта рабіла яго маці: «Каб пахла бялізнай, адпрасаванай бялізнай». Але Лін узненавідзела шафу, і, жадаючы зрабіць ёй прыемнае, ён загадаў адвезці яе і прадаў са стратай. Адзіным родам мэблі, з якім Лін яшчэ мірылася, была маленькая палічка, на якой стаялі спіртоўка, чыгунок, дзве каструлькі, кансервавыя бляшанкі з мясам і гароднінай, усялякія загадкавыя прыправы і пачкі з кансерваванымі супамі. Яна выдатна ўмела гатаваць, і яму вельмі падабалася, як яна заварвае чай: цёмны, з залатым адлівам; і калі Лін вярталася са школы, яны ляжалі на сваіх ложках, курылі і чыталі, чайнік стаяў на табурэце паміж ложкамі. Месяцы два ён пакутаваў ад таго, што называў тады беспарадкам, і шкадаваў, што ў Лін так мала жадання набыць рэчы — купіць, напрыклад, хоць адну яшчэ змену прасцін. Але яна не выносіла рэчаў, як не выносіла шафаў, і пасля ён здагадаўся, што яна не выносіць шафаў менавіта таму, што ў іх захоўваюцца рэчы. Яна любіла надзіманыя шары, любіла кіно і пры ўсёй яе неўраўнаважанасці была вельмі набожнай. Яна фанаты чна захаплялася царкоўнай мішурой, францысканскімі манахамі, у якіх спавядалася; у нядзелю яна звычайна цягала яго да абедні ў жаночы манастыр, дзе яна ўвесь тыдзень выкладала, і ён злаваўся на манашак, якія ўпарта называлі яго «мужам міс Ганігэн» і ў час снедання накладвалі ў ягоную талерку гару ўсялякай ежы, бо нейкім чынам разведалі, што ён заўсёды галодны. Але так было толькі напачатку, пасля манашкі яму спадабаліся, ён з’ядаў на снеданне да васьмі сандвічаў, яго казачны апетыт выклікаў бурную радасць у манашак. У нядзельныя дні Лін праводзіла са сваімі дзяўчынкамі трэніроўкі па травяным хакеі, рыхтуючы іх да чарговага спаборніцтва, а ён пасмейваўся з яе захаплення і захапляўся яе прыгожай, дакладнай і моцнай гульнёй.

Муж міс Ганігэн смешна выглядаў на ўскрайку поля. Калі трэніроўка заканчвалася, яны з Лін рабілі прабежку ў тры кругі па пляцоўцы. Дзяўчынкі з хакейнай каманды і пансіянеркі з манастырскай школы абступалі пляцоўку і падбадзёрвалі яго вокрыкамі, і, калі ён прыбягаў першым, гэта выклікала агульную радасць, а ён амаль заўсёды прыбягаў першым, таму што быў на тыя часы неблагім бегуном.

Потым яны з’ездзілі разам з Лін на поўдзень, у графства Сэрэй, — гадзінамі блукалі па лугах і кустах, паўсюль атрымлівалі асалоду ад таго, чаму безаглядна аддавалася Лін і што жартам называла «радасцямі сямейнага жыцця». Тады было яму дваццаць пяць гадоў, а Лін незадоўга споўнілася дваццаць, яна была самай любімай настаўніцай у школе.

У будзень ён спаў звычайна да паловы адзінаццатай, бо людзі, з якімі яму даводзілася мець справу, раней паловы дванаццатай прыёму не пачыналі, дый неспакойныя ночы добра такі стамлялі яго. Ён вышукваў негаваркіх трэцеразрадных палітыканаў і ў час снедання вывуджваў у іх мізэрную інфармацыю. Асноўныя звесткі ён атрымліваў нават не ад іх, а з чацвёртых, пятых рук, ад гэтакіх жа няўдачлівых журналістаў, як і ён сам. Пасля ён падняўся на новую ступень і пачаў сам прыдумваць усялякія рызыкоўныя рэчы, выдатна разумеючы, што дабром гэта не скончыцца. Звычайна ён сядзеў у маленькіх шынках, піў слабае віскі і чакаў Лін; перад ім заўсёды ляжаў стос паперы для малявання, і ён маляваў усё, што яму прыходзіла ў галаву. Ён сам прыдумваў жарты і ілюстраваў іх або ілюстраваў чужыя жарты, што знаходзіў у газетах. У карабку з-пад мыла «Санлайт» накопліваліся малюнкі, сотні малюнкаў, і пасля смерці Лін ён усе іх адаслаў Раю ў Германію.

Так, там набяруцца сотні малюнкаў, але ён усё яшчэ не раскрываў кардонку і працягваў назіраць за хлопчыкамі,— кожны з іх з неаслабнай упартасцю стараўся трапіць у вароты праціўніка. Магчыма, малюнкі добрыя, і тады ён пазбавіцца ад стамляючага абавязку кожны тыдзень высасваць тэмы з пальца.

Назіраючы за хлопчыкамі, ён паспеў накідаць на абрыўку паперы Больдзін партрэт, але затым зноў адклаў аловак убок.

Звесткі, якія яму ўдавалася тады раздабыць, рабіліся ўсё больш мізэрнымі, а тыя неправераныя матэрыялы, якія ён прыдумваў сам і перасылаў у Германію, усё менш адпавядалі сапраўднасці; зрэшты маленькая нацысцкая газетка, чыім лонданскім карэспандэнтам ён з’яўляўся, пазбавіла яго нават мінімальнага фіксу, а праз месяц і зусім выкрасліла са спіса супрацоўнікаў, і ён жыў на настаўніцкі заробак Лін, радасна сустракаючы кожную нядзелю, калі можна было ўволю наесціся ў манашак. Пакуль Лін праводзіла трэніроўкі з дзяўчынкамі, ён часам заходзіў у школьную капліцу, слухаў малітвы і любаваўся грандыёзнай безгустоўшчынай: нідзе, як яму здавалася, не бачыў ён яшчэ такога гранічна аляпаватага Антонія, нідзе — такой жудаснай Тэрэзы Лізье.

А ў будзень ён хадзіў па гораду і распрадаваў букіністам свае кнігі — паўшылінга за два кіло. Выручаных грошай ледзь хапала на цыгарэты. Спрабаваў ён даваць урокі, але мала хто з англічан хацеў вывучаць нямецкую мову, дый эмігрантаў у Лондане і без яго было дастаткова. Лін суцяшала яго, і ён быў шчаслівы, нягледзячы ні на што. Яна напісала сваім, як ім цяжка прыходзіцца, і яе бацька адказаў, каб яны прыязджалі ў Ірландыю. Альберт зможа дапамагаць па гаспадарцы і, калі захоча, ніколі не вяртацца да гэтых праклятых нацы. Цяпер, праз пятнаццаць гадоў, ён усё яшчэ не мог зразумець, чаму ён тады не прыняў прапанову бацькі Лін. Ім авалодала хвароба Нэлы — мара пра жыццё, якое не было пражытае і ніколі не будзе пражыта, бо час, які для яго прызначаны, беззваротна прайшоў. Але было сваё хараство ў тым, каб на некалькі хвілін перанесціся ў мясцовасць, якую ён ніколі не бачыў, пажыць невядомым яму жыццём сярод людзей, якіх ён не ведаў.

Нават і цяпер, праз пятнаццаць гадоў, ён не мог усвядоміць, што Лін памерла, — такой нечаканай была яе смерць, і якраз тады, калі ён быў поўны надзеямі. Ён пачаў зарабляць, у яго з’явіліся грошы; для фабрыкі, якая выпускала мыла, ён пісаў рэкламныя плакаты і малюнкі на абгортках, і яму ўдалося, нарэшце, прыстасавацца да густаў англічан.

З таго часу як яго заробкі павялічыліся, ён перастаў піць у шынках без Лін, ён сядзеў дома, піў халодны чай і ўвесь дзень працаваў. Раніцай ён уставаў разам з Лін, рыхтаваў снеданне, праводзіў яе да аўтобуса.

Хлопчыкі разгарачыліся і стаміліся. Генрых сядзеў на траве, спінаю да дрэва, і жаваў травінку. Альберт высунуўся з акна і крыкнуў:

— Вазьміце кока-колу з халадзільніка!

Калі хлопчыкі павярнуліся і са здзіўленнем глянулі на яго, ён дадаў:

— Заходзьце і дастаньце бутэлькі, ты ж ведаеш, Генрых, дзе што стаіць.

Ён чуў, як дзеці з радаснымі воклічамі павярнулі за вугал, забеглі ў дом, але тут загаварылі шэптам і на дыбачках прайшлі на кухню. Ён зачыніў акно, набіў люльку, але раскурваць яе не стаў і рашучым рухам адкрыў кардонку «Санлайт»: там аказаўся цэлы стос вельмі тонкай паперы, усе малюнкі былі павернуты другім бокам. Толькі тады ён скеміў, што адкрыў не крышку, а дно карабка. Ён узяў першы малюнак, перавярнуў яго і здзівіўся — да таго ён аказаўся добрым! Гэта быў заашарж, забаўнае выяўленне звяркоў, а гэты жанр зноў уваходзіў у моду.

Пасля вайны ён не маляваў так добра. Мяккі, вельмі тлусты аловак — малюнак зусім яшчэ свежы. Ён адчуў вялікую палёгку: ён ведаў, што Брэзгот ахвотна возьме гэтыя малюнкі. Кожная з танюткіх паперак, размаляваная пятнаццаць гадоў назад у лонданскіх шынках, прынясе яму пяцьдзесят марак. Нейкія трэба лепш абрэзаць, наноў наклеіць на кардон, да нейкіх прыдумаць тэкст. Ён ніколі не паказваў гэтыя малюнкі Лін, бо тады яны здаваліся яму кепскімі, але сёння ён зразумеў, што яны добрыя і ўжо ва ўсякім выпадку лепшыя, чым вельмі многае, што ён зрабіў для «Суботняга вечара». Ён корпаўся ў карабку, выцягваў лісткі з сярэдзіны і з самага дна і здзіўляўся, наколькі яны добрыя. Нехта з хлопчыкаў паклікаў яго:

— Дзядзька Альберт, дзядзька Альберт!

Ён адчыніў дзверы ў пярэднюю і спытаў:

— Што здарылася?

Ён адразу зразумеў, што клікаў яго Брылах, які спытаў:

— Можна нам зрабіць сабе па бутэрброду? Мы хочам пачакаць, пакуль вернецца Марцін.

— Гэта доўгая справа.

— А мы пачакаем.

— Ну, як хочаце, — і бутэрброды вы сабе, зразумела, можаце зрабіць.

— Вялікае-вялікае дзякуй.

Ён зачыніў дзверы, сабраў раскіданыя лісткі і паклаў іх зноў у карабок.

У той дзень, як заўсёды, Лін раніцай наехала ў школу, а ён сядзеў дома і рабіў накід рэкламнага плаката. Ён маляваў ільва, які густа намазваў гарчыцай баранову нагу. Альберт адчуваў, што плакат атрымліваецца добра, а заказчык — далёкая радня Авесалома Біліга — абяцаў добры ганарар. Гэта быў яўрэй-эмігрант, з якім ён пазнаёміўся ў журналісцкім рэстаранчыку. Спачатку той ставіўся да яго з недаверам, таму што прыняў яго за шпіка, але пры пятай сустрэчы ён даў яму заказ: ён супрацоўнічаў у рэкламным аддзеле фабрыкі прыпраў. Альберт працаваў так заўзята, што не прыкмячаў, як ідзе час, і таму вельмі здзівіўся, калі ў пакой увайшла Лін.

— Божа, — сказаў ён, — ужо тры гадзіны?

Але калі ён пацалаваў яе і яна стомлена ўсміхнулася ў адказ, ён зразумеў, што да трох яшчэ вельмі далёка і што Лін вярнулася з-за таго, што ёй нездаровіцца. Рукі ў яе гарэлі, і яна курчылася ад болю ў жываце.

— Гэта ўжо даўно пачалося, — сказала яна, — але я думала, што я цяжарная, а сёння высветлілася, што я зусім не цяжарная, а баліць усё роўна.

Ніколі ён яшчэ не бачыў, каб яна падала духам, але цяпер яна кінулася на ложак і застагнала. Ей цяжка было гаварыць, і, калі ён схіліўся над ёй, яна шапнула:

Поделиться с друзьями: